Нічые  Андрэй Федарэнка

Нічые

Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
91.17 МБ
Антон усё не мог прыйсці ў сябе. Вось так так! Адно пісьмо невядома кім і навошта прачытанае, другое ўвогуле не дайшло...
Брат паклаў яму на плячо цяжкую руку, сказаў ціха:
— Пры матцы не хацеў гаварыць... У мяне таксама гісторыя. Перад Новым годам вызывае мяне з бытоўкі брыгадзір — зэк, нахабны, тупое рыла — і расказвае, што ў дырэктара была нарада, дзе адзін «весь в коже» — у скураной куртцы — ціхенька сядзеў у кутку, а потым падышоў да яго, брыгадзіра, і сказаў: «Перадай Васкевічу, што калі ён не хоча згніць у сваёй маласямейцы, калі хоча атрымаць нармальную кватэру, хай менш торкаецца са сваімі газеткамі і менш ляпае языком. А з тым мінскім братцам мы яшчэ разбярэмся!»
Антон не верыў сваім вушам. Ён забыўся на цыгарэту, і яна сама дагарэла, прыкурыў другую ад фільтра.
— Галоўнае, не мне сказалі, а гэтаму недапечанаму зэку, які двух слоў звязаць не можа, тупы, як гэты стол! — Сцяпан пастукаў па стале тоўстым пальцам.— Гэта праз яго я павінен даведацца, чаму мне не даюць кватэру і што з братцам будуць нейкія разборкі! Ён для іх важнейшы, больш свой, чым мы з табою!..
— Я думаў, хоць я адзін, выходзіць, і цябе падставіў,— прамовіў Антон.
Сцяпан прамаўчаў. Антон разумеў яго, ведаў, як брат марыў пра гэтую кватэру, чакаў яе, у пісьмах да Антона ўжо хваліўся, дзе што збіраецца ставіць, як будзе перарабляць кухню, як у пярэдняй зробіць антрэсолі па ўсім перыметры... Вось і атрымаў... А галоўнае — пра гэта Антон здагадваўся,— што кватэра надала б зусім іншы сэнс братаваму жыццю, рукі не прападалі б, і ўвогуле, што значыць пасля работы ехаць да сябе дамоў\.. Вось і дачакаўся.
— Аж неяк брыдка,— сказаў Антон.— Мы і цяпер нічога не ведаем. У чым віна? За што? Ніхто не кажа. А лісты адкрываюцца, чытаюцца, не даходзяць, а ты жывеш, ходзіш, задраўшы галаву, прыродай любуешся, кватэраў чакаеш... I раптам як снег на галаву, як малатком у лоб — бац! — высланы з Менска, бух! — «пралятае» кватэра...
Брат Сцяпан умеў слухаць, не перабіваў, падтакваў.
Антон пачаў вярэдзіць сабе душу:
— Ну, мітынгаваў! Дык тады на кожнай плошчы Менска мітынгавалі тысячы людзей!.. Значок насіў бел-чырвона-белы, дык палавіна інстытута насіла, якраз мода такая пайшла! Адказваў па-беларуску, але калі бачыў, што гэта не падабаецца ці выкладчык прасіў гаварыць па-руску, не скандаліў, пераходзіў на рускую... Вось забі мяне, не ведаю, куды я ўлез, куды «ўступіў», як той мужык, што вечна ўступаў ці
ў партыю, ці ў г...о. Цягаючыся па гэтых мітынгах, заўсёды падпішаш што-небудзь, не дужа чытаючы... Ды не проста кручком, а добра падпішаш, поўным прозвішчам, ды па бацьку, ды з адрасам і з месцам вучобы... Чэсна кажу: не ведаю і не помню, дзе і што я мог падпісаць. Але пачалося адразу ж; завальвае неяк увечары ў пакой цэлая світа: прарэктар, дэкан, камендант — чэрці, слова ж якое! — стараста паверха... Я адзін быў. Лезуць у тумбачку, у шафу, пад ложак, на балкон, на балконе з-пад старой макулатуры выцягваюць дзве парожнія пляшкі з-пад піва. Ды я год на гэты балкон не выходзіў, братцы, туды і выйсці немагчыма, усё макулатурай завалена! Пляшкі брудныя, любы скажа, што ім па сто гадоў, лета ж нядаўна было, а летам тут абітурыенты жылі... Але складаецца акт, усё як трэба. Праўда, і я не змоўчаў, сказаў прарэктару з’едліва: «Я ж не прыходжу да вас на кватэру і не лезу ў халадзільнік!» I пакацілася ўсё, як ком з гары... На «акцябрскія» ўсёй групай выбраліся ў лес пад Менск, на шашлыкі; я не піў. У горад вярнуліся позна, я яшчэ правёў дзяўчыну, Лену,— я табе пісаў пра яе, і да інтэрната падыходзіў без пяці дванаццаць. Інтэрнат у дванаццаць зачыняецца. Ужо зачынена! А холадна, снег мокры з ветрам... Я свістаць, барабаніць у дзверы — глуха... Вахцёрка Волкава, руская (гэта важна), бабулька гадоў пад семдзесят, якую дражнілі «гестапа», спіць недзе мёртвым сном. I толькі мо праз паўгадзіны, калі я ўжо збіраўся ісці начаваць на вакзал і, без ніякай спадзеўкі, грукнуў апошні раз, урэшце пачула, расчухалася, выплыла ў калідорчык... Я, хоць і злы, і змерзлы, так і прайшоў бы маўчком, каб яна не прабурчэла ўслед, замыкаючы дзверы: «В следуюіцнй раз напншу докладную ректору!..» Я паварочваюся і спакойна, хоць у душы ўсё кіпіць ад злосці, па-беларуску (таксама важна) гавару: «А можа, мне на вас напісаць дакладную? Дзе вы былі без пяці дванаццаць? Чаму вы спалі? Я павінен быў мерзці пад дзвярыма?» У яе, прывыклай, што яе баяцца як чорт ладану, адвісла сківіца і мову адняло. Я падняўся на свой трэці паверх, у калідорчыку, не заходзячы ў пакой, каб не будзіць хлопцаў, распрануўся да пояса і стаў мыцца і чысціць зубы. Раптам страшны грукат у дзверы і ўлятае раз’яраная Волкава з нейкай паперкаю ў руцэ. «Как фамялня?! Я добьюсь, чтобы тебя вышвырнулн отсюда!» — крычыць у дзверы пакоя, а не бачыць, што я стаю збоку, каля ўмывальніка. Я ступіў да яе моўчкі, голы да пояса, з зубной шчоткаю ў руцэ... вось так (Антон паказаў як). Яна збялела раптам, анямела, вылецела
на калідор, і адтуль данёсся дзікі крык, ад якога, потым расказвалі, прачнулася палавіна паверха... А назаўтра мяне выклікаюць да знаёмага прарэктара, дзе мне зачытваецца дакладная, ці «закладная», як мы звалі: «Пьяный до того, что не мог связать двух слов... в час ночн, голый, гонялся за мной по корндору с ножом в руке...» Але гэтую Волкаву не любілі нават тыя, каму яна навушнічала, і дэканша, якая чамусьці таксама сядзела ў прарэктара, захіхікала. Тут і я не вытрымаў: «Вашая Волкава, пражыўшы тут семдзесят гадоў, магла б навучыцца калі не гаварыць, дык хоць бы разумець чалавечую мову; не «мог связать двух слов» — гэта не што іншае, як беларускія словы, якія для яе гучаць як тарабарская грамата!..» Тут ужо і сам прарэктар засмяяўся, але паперка пайшла ў справу, і чарговае строгае папярэджанне павісла ў фае на дошцы аб’яў... Ну а потым так супала, што настаў мой дзень нараджэння. Тут ужо сапраўды грэх было не выпіць... Набраў я віна, нясу ў сумцы, а на вахце ўжо чакае знаёмая кампанія: Волкава, якая і на дзяжурстве сёння быць не павінна, камендант інтэрната, стараста паверха, прарэктар, якому іменна не было чаго рабіць тут, на інтэрнатаўскай вахце, у тры гадзіны дня... He памог і пашпарт, які я прадбачліва захапіў, ідучы ў магазін, пашпарт, у якім чорным па белым было напісана, што нарадзіўся я акурат сёння. «Шыльду бачыш? «Пронос сішртных наіштков, а равно н распнтне оных строго запреіцено»? Нічога тут пра дні нараджэння не сказана...» Складаецца чарговы акт, назаўтра мяне проста з лекцыі забіраюць і на гэты раз не да знаёмага прарэктара, які паспеў ужо стаць мне як бы трошкі раднёю, а заводзяць у пустую аўдыторыю. Там сядзіць адзін малады чалавек. Адзеты не «в кожу», як знаёмы твайго брыгадзіра, а ў харошы касцюм, са стракатым французскім гальштукам. Малады чалавек назваўся Нйколаем, расказаў, што сам ён з Тульскай вобласці (?), любіць рыбалку і часта перачытвае не помню якога пісьменніка. Відаць, мая рэакцыя была нейкая не такая, як яму хацелася,— я проста глядзеў на яго і лыпаў вачыма, бо малады чалавек раптам дастаў і паказаў мне чырвоную кніжачку, дзе было напісана, што ён — старшы лейтэнант. Я хацеў дакрануцца да яе пальцам, Коля не даў, схаваў яе і ўрэшце прама заявіў, што я ўліп, як швед пад Палтаваю. Я ўздыхнуў і апусціў галаву. Ён сказаў, што яшчэ нічога страшнага, «всё поправнмо», толькі мне трэба будзе раз у месяц у пэўныя часы прыходзіць у гэтую аўдыторыю
і расказваць, як здароўе маіх беларускамоўных сяброў. Гэта значыць Лены, Антоненкі, Брусаўца, Алеся Рамановіча... Я адмовіўся. Тады малады чалавек раптам спытаў, ці ёсць у нашай вёсцы рэчка, а ў рэчцы рыба. Пачуўшы маё «угу», ён — я пабажыцца гатовы! — засаромеўся, трошкі пачырванеў і папрасіў мяне не здзіўляцца, калі ён як-небудзь завітае да мяне ў госці, на рыбалку.
— Вось такі атрымліваецца «мітынг пратэсту»... Якую мне было аб’яўляць галадоўку? Павесіць на шыю шыльду: «Пацярпеў за тое, што распіваў напіткі «оные» і п’яны хацеў згвалтаваць бабку Волкаву»?
Браты пасмяяліся, але неяк нявесела.
— Тым больш сам бачыш, што табе ў горад няма чаго торкацца, трэба тут сядзець,— сказаў Сцяпан, устаючы з лаўкі.
I болып на гэтую тэму гаварыць не сталі; пайшлі ў дрывотню — там было праведзена святло і стаяў наждак. Антон круціў ручку, а брат правіў сякеры і нажы і, нібы між іншым, без усялякай, здавалася, сувязі з тым, што пачуў зараз ад Антона, расказаў, як нядаўна адзін хлопец з іхняй работы разам з жонкай і дачкою разбіліся на матацыкле.
— Куды яго паперла зімою? — здзіўляўся Сцяпан.
Ляглі спаць рана і тэлевізара не глядзелі. Ціха, цёмна, чуваць, як вецер пасвіствае за акном, толькі гардзіны на вокнах бялеюць, а так не відаць ні падлогі, ні сцен, ні столі. Маўчыць, відаць, адразу ж задрамаўшы, змораная маці, маўчыць, хоць не спіць, варочаецца на сваёй канапе брат...
I Антон, у якога даўно прайшоў лёгкі хмель і тое ўзбуджэнне, з якім расказваў пра свае мінскія прыгоды, зразумеў раптам, чаму брату не спіцца, чаму ён згадаў небаракуматацыкліста,— ды брату проста страшна! Таму ён і згадвае тых, каму яшчэ горш, чым яму можа быць! Інакш чаму ён так змяніўся пасля Антонавай гісторыі? He смяяўся, слухаючы, хоць былі ў гэтай гісторыі і смешныя моманты, ва ўсялякім разе, Антон стараўся расказваць гумарыстычна, не стаў суцяшаць, хоць мог бы, павінен быў бы... Старэйшы, разумны, дужы дарослы брат, якога Антон заўсёды лічыў такім жа, як сам, толькі лепшым, баіцца!
«А я? — спытаў у сябе Антон, пазіраючы на светлыя плямы гардзін, прыслухоўваючыся да свісту і кропляў зімовага дажджу.— Мы ўсе тут — і Сцяпан, і матка, і я — думаем і адчуваем цяпер аднолькавае... Разбярыся ў сабе — і ўведаеш, што ў іх на душы».
А на душы ў Антона быў страх. Той самы, ранейшы мінскі страх, які пасяліўся ў ім яшчэ тады, калі ён ясна зразумеў, што не проста так да яго чапляюцца, не «чорная паласа пайшла», як сказаў Сцяпан, а яго знарок «пасвяць», каб выкінуць урэшце з Мінска. Быў час, калі страх гэты прытупіўся, але гутарка з братам зноў развярэдзіла яго — нібы зуб быў вырваны, і звыкся да дзіркі ў роце, і раптам зноў боль, і аказваецца, не ўвесь вырвалі, а недзе глыбока астаўся сядзець цалюткі корань...