Нічые  Андрэй Федарэнка

Нічые

Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
91.17 МБ
VIII
Калі ад чыгункі паміж Мозырам і Ельскам правесці роўна на захад, у напрамку Лельчыц, умоўную лінію, прыкладна праз два-тры кіламетры на гэтай лініі-«апендыксе» размяшчаюцца чатыры вёскі: бліжэй да чыгункі Сасноўка, потым Двароўка, тады Бокаўка, і апошняя, пад Махнавіцкія балоты,— Стаў. Самай прэстыжнай можна лічыць Васкевічаву
Сасноўку — блізка горад, мястэчка, чыгунка; праўда, няма сваёй школы, і, пакуль былі ў вёсцы дзеці, вечная праблема была ў непагадзь дабірацца ў местачковую дзесяцігодку. Цяпер самы малады ў Сасноўцы саракагадовы Пульс, ну і Васкевіч, так што пытанне аб школе, само сабою, не стаіць. Сасноўскія мужчыны не кураць, п’юць толькі па святах і ніколі так, каб пад плотам валяцца; амаль ніводзін не працуе ў саўгасе — альбо на чыгунцы, манцёрамі пуці, альбо ў горадзе «на праізвойстве» — пажарнікамі ці вартаўнікамі. На гэтых работах выдаюць «хворму», і сасноўскіх мужчын заўсёды яшчэ здалёк пазнаюць па пінжаках з алюмініевымі гузікамі і нязменных, у любое надвор’е, фуражках ці шапках з кукардамі. Прычым ёсць такія касцюмы выхадныя і буднія. У іншых вёсках сасноўцаў недалюбліваюць: «Ідзе, гузікі тыя блішчаць, а ён рады-рады!»
Двароўка славутая сваім харошым, на два аддзелы, магазінам. Была яшчэ некалі васьмігодка, цяпер асталася толькі пачатковая, для пяці вучняў з розных вёсак (з-за таго, што хадзілі ў розныя школы, Васкевіч амаль не ведаў двароўскай, ды і іншай з тых вёсак, моладзі).
У Бокаўцы няма магазіна, затое ёсць вялікая ферма, з якой у асноўным і кормяцца тутэйшыя людцы; будуецца многа фінскіх домікаў, якія чамусьці засяляюцца не мясцовымі, а прышлымі, перасяленцамі з-пад Чарнобыля. Урэшце, у самым меншым дальнім Ставе няма ні фермы, ні школы, ні магазіна, прыязджае разы два на тыдзень аўталаўка і два разы ў дзень ходзіць аўтобус з горада.
Нягледзячы на той жа лес вакол і тыя ж балацянкі, гэтыя вёскі непадобныя адна на адну. Яны розняцца і ўмовамі жыцця, і прозвішчамі, і вымаўленнем; у Сасноўцы, напрыклад, большасць прозвішчаў канчаецца на «іч» — Асіповіч, Мохавіч, Васкевіч; у Двароўцы — на «а»: Ткачэнка, Кузьменка, Дварэнка; у Ставе — зусім без канчаткаў: Галас, Гаман, Басак, Цык, Лізун... У Сасноўцы скажуць звонка — мы, дзеўкі, хлеў, мёд; у Бокаўцы — му, дзёўкі, хлёў, мюод; у Ставе — яшчэ інакш. Увесь тутэйшы люд цвёрда лічыць сябе беларусамі праваслаўнай веры і гэтак жа цвёрда не лічыць сваю мову беларускаю. Калі папытаць, а якая, з гатоўнай пагардаю да сябе адкажуць: «Абы-якая, ні польская, ні конская!» Прызнаюць свой рэгіён Палессем (ад таго, што вобласць не так даўно звалася Палескаю?) і не прызнаюць сябе палешукамі; пагардліва крывяцца, ківаючы на захад: «Ета там, пад Пінск, западняі» Паважаюць яўрэяў («Адзін аднаго глядзяць, не тое
што му»), у кожнага знойдзецца гісторыя, як спрытна «от була Фаня» зубы без наркозу рвала і «буў Мойша» ставіў — во, паглядзі,— і пакажа белы сталёвы рот, адвярнуўшы пальцам губу. Цыганамі, як і паўсюль на Беларусі, любяць палохаць дзяцей, але і ў дарослых ёсць боязь перад гэтай таямнічай нацыяй — «усе языкі на свеце можна разабраць, а цыганскі ніхто ніколі не разбярэ!». Калі ходзяць па сяле цыганкі, бабы абавязкова вынесуць сала, яек — невядома адкуль і з якіх часоў убілася ў тутэйшыя галовы паданне, што «яўрэі Хрыста распялі, а цыганы знялі з крыжа». 3 рускіх пасмейваюцца, лічаць горшымі за сябе — «пскапской есь пскапской!» — скажуць, перадражніваючы. Пабойваюцца ўкраінцаў — «усіх можна абдурыць, а хахла ніколі!», але песні ўкраінскія любяць больш за беларускія, хоць і спяваюць зусім на свой лад.
За свае дваццаць тры гады Васкевіч трохі пабачыў свету, служыў у арміі, але да вучобы ў Мінску яму нават у галаву не прыходзіла, што іхні рэгіён нейкі адметны, нейкая іншая Беларусь, чым тая ж Міншчына або Гродзеншчына. Сорамна прызнацца, але ён і пасля войска слаба арыентаваўся ў геаграфічным становішчы сваёй вёскі, раёна — поўдзень гэта ці поўнач? з кім мяжуецца?.. Беларусь, Гомельская вобласць, Палессе — гэтым усё сказана. I толькі ў Мінску, на падрыхтоўчых курсах, калі пайшла чутка пра Чарнобыль, ён проста дзеля цікавасці — чаго яны ўсе бегаюць, гэта ж недзе пад Кіевам, у іншай рэспубліцы? — палез у карту, глянуў і абамлеў. На карце даволі вялікага маштабу адлегласць ад Чарнобыля да іхняга раённага горада была меншая за два запалкавыя карабкі. 3 гарачкі схапіўся пісаць дамоў ліст, каб маці кідала ўсё і... А што «і»? Кідаць — і дзе дзецца? Так нічога і не напісаў. Гады праз два ён яшчэ раз сутыкнуўся з праблемай «адметнасці свайго рэгіёна» — калі неяк адносіў у дэканат бальнічную даведку, у пустой прыёмнай паклаў на стол і сабраўся выйсці, як раптам з прачыненых дзвярэй пачуўся голас дэканшы: яна гаварыла з кімсьці «жывым» ці па тэлефоне. Васкевіч пачуў сваё прозвішча, Антоненкі, Рамановіча... Ён застыў, прыслухоўваючыся. «Да нет, так нормально... Просто кучка этнх гомельскйх хохлов мутнт...» — гаварыла дэканша. Зайшла сакратарка і не дала даслухаць на самым цікавым месцы. Тады ён не столькі насцярожыўся, колькі здзівіўся. Дастаў зноў карту, пачаў вывучаць ужо як след. Так і ёсць: вось Чарнігаўшчына, Кіеўшчына, Жытоміршчына, абступілі, ціснуць з усіх бакоў... Успомніў, як колісь
дзед Пятро хваліўся, паплёўваючы: «Я ў Кіеў за суткі канём заязджаў!» He ў Мінск, а ў Кіеў... Сапраўды, мінскаму чалавеку, гледзячы на карту, смела можна называць іх «гомельскімі хахламі». Але іншае цікава — раней ён неяк не задумваўся, не звяртаў увагі, што з дзесяці беларускамоўных чалавек у інстытуце адзін з Магілёўшчыны і восем з Гомельшчыны! 3 Мінска Лена, але і ў яе бацькі са Светлагорскага раёна. 3 Рэчыцы Рамановіч, з-пад Лоева Антоненка, з Жыткавіч Брусавец, недзе адсюль, з-пад Нароўлі, блізкі яго, Васкевіча, зямляк, быў паэт Вяргейчык, які загінуў у канцы першага курса...
Увечары расказаў пра ўсё чутае ў дэканаце Рамановічу. Той задаволена пасмяяўся і растлумачыў, што ўсё правільна, так і павінна быць і вельмі добра, што такія чуткі ідуць пра іх, бо гэтая, найболып здаровая, хваля «адраджэння» заканамерна ідзе з усходу, з Гомельшчыны і Магілёўшчыны — як з рэгіёнаў, якія ў іншыя часы не змаглі «нацыянальна рэалізавацца».
Згадаўшы Калубовіча і яго «хвойніцкіх альтруістых», Рамановіч захапіўся, і яго, як заўсёды, панесла:
— Толькі мы, усходнікі, якія за столькі вякоў змаглі захаваць сваю непадобнасць на рускіх, украінцаў, палякаў, захавалі сваю мову — мы, хітрыя, абачлівыя, якія ўсіх асцерагаліся і нікому ніколі не верылі, капілі, шанавалі да пэўнага часу свой патэнцыял,— мы зможам зрабіць нармальную незалежную праваслаўную дзяржаву! I не збіраюся я лічыць сваю Рэчыцу горшаю за Вільню ці Наваградак, хоць «разумныя» кніжкі і стараюцца мне гэта ўнушыць; тое, што ў нас не было палячкоў, якія на тэрыторыі Беларусі бунтавалі за «ойчызну мілу», ні пра што не гаворыць. Гэта яшчэ невядома — плюс ці мінус. Так што правільна яна (дэканша) сказала. Далей — што раз’ядноўвае Беларусь? Літаратурная мова, якую беларусы не ведаюць і ведаць не хочуць, бо яна «сделана» на аснове дыялектаў трох мінскіх вёсачак, і правільна Гарэцкі называў яе «мінская ламаніна». Гэта ж здурэць можна — у моўных адносінах адрэзаны такі кавалак, як Усходняе Палессе! Зусім не ўлічаны нашы дыялекты, асабліва такі феномен, як «саканне», якое трэба ўвесці абавязковым для ўсёй літаратурнай мовы, бо гэта адразу розніла б канчаткі нашых дзеясловаў ад рускіх, польскіх і ўкраінскіх. Нідзе, ні ў адной мове не кажуць «наеўса, напіўса», а ў нас было б. Хоць што дэканша! Вазьмі нашу Лену, раз ледзь не пасварыўся з ёю — і яна не верыць, што ў нас водзяцца і яйкі адкладаюць
чарапахі, што ў вашым Мозыры спакойна растуць і спеюць садовыя абрыкосы...
Усё гэта цяпер успаміналася Васкевічу, калі вось такая гаспадарка — чытачы чатырох вёсак «адметнага рэгіёна» — яму дасталася.
IX
Бібліятэка знахоДзілася ў старой будыніне васьмігадовай школы, у самым цэнтры Двароўкі, каля магазіна, да якога сыходзіліся некалькі вулічак. Квадратны, абнесены пачарнелым штыкетнікам двор, зарослы акацыямі, завалены снегам, у двары воддаль — хлеў, дрывотня. Адразу з вуліцы, як увайсці ў веснічкі,— ганак бібліятэкі, прайсці за вугал — такі ж ганак пошты, яшчэ за адзін вугал — ганак пачатковай школкі. Да бібліятэчнага ганка не вяло ні следу, ляжаў некрануты снег.
Калі Васкевіч у першы дзень, следам за маладой нахмуранай дзяўчынай, што прыехала ранішнім аўтобусам з горада і прывезла ключы, увайшоў перш у маленькія, нядаўна прыбудаваныя сенечкі, потым з цёмнага калідора ў настылы, гулкі, таксама цёмны пакой, калі вочы трохі абвыкліся і ён убачыў доўгія рады стэлажоў, забітых з верху да нізу кнігамі, ён проста ахнуў:
— Гэта... столькі?!
— Здесь трн фнлнала,— суха адказала дзяўчына, бразнула на стол каля грубкі ключы і ўзялася адшморгваць шторы на вокнах.
Васкевіч нават не ведаў, што такое філіялы. А гэта значыла, што сюды звезены кнігі з трох бібліятэк. Вырашылі: нашто плаціць тры аклады, калі можна адзін?
Дзяўчына пачала прыязджаць у Двароўку кожны дзень.
3 раніцы Антон на двары мыўся снегам, тады грэў ваду, галіўся; часта праз сілу стараўся добра наесціся, каб потым цярпець да чатырох гадзін, калі са Става вяртацьмецца дзённы аўтобус і дзяўчына паедзе, доўга тырчэў перад люстэркам, замест лаку для валасоў разводзіў у цёплай вадзе зубную пасту і сяк-так прыладжваў валасы ў прычоску, бег на аўтобус і ў аўтобусе адразу шукаў вачыма знаёмую чорную хустку ў чырвоныя кветкі — зноў была пайшла мода на такія хусткі,— і калі дзяўчына сядзела адна, масціўся побач. У халоднай, не паленай ні разу за зіму бібліятэцы дзяўчына, як была, у паліце, не здымаючы тонкіх пальчатак, падсаджва-
лася да сталоў, на якіх стаялі слупкі кніг, падсоўвала бліжэй «калоду» бібліятэчных картак і хутка, так, што карткі з-пад рукі выляталі і проста на вачах меншалі слупкі, пачынала пісаць. У гэтым была іхняя работа: пераносіць на карткі назвы кніг, аўтараў, нумары і раздзелы — мастацкая гэта кніга, ці медыцынская, ці грамадска-палітычная. Васкевіч, да сораму свайго, мёрз. Ён таксама паспрабаваў пісаць у сваёй тоўстай скураной пальчатцы, але нічога не выйшла. ІІІтораз хукаў на пальцы, а калі трэба было браць з паліцы чарговую партыю кніг, заходзіў за стэлажы і рабіў некалькі прысяданняў. Выходзіў на ганак пакурыць і заадно пагрэцца — на двары было цяплей. Снегу наваліла процьму, а мароз вялікі так і не стаў.