Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Забытыя ўжо былі «марсэльеза» з баянам, забыты быў Чайка, якога так славілі нядаўна; калі яны разам з Мірановічам і Лебедзевым выйшлі са штаба, ніхто і не глянуў на іх — ужо і шапка-«будзёнаўка» нікога не цікавіла.
Мірановіч з неахвотаю — дужа гразка было — пакіраваўся да сталоў («Мо й на маю долю перападзе што людскае»,— сказаў, маючы на ўвазе вярбоўку ў сваё ведамства). Чайка з Лебедзевым пратаўкліся праз натоўп, абмінулі царкву і апынуліся на вулічцы. У канцы яе, крокаў за дзвесце ад царквы, была хата, дзе кампалка кватараваў.
I на гэтай вулічцы, і на ўсіх прылеглых да плошчы тоўпілася процьма народу. Людзі выліваліся на іх з цеснага, замалога пляца, што тая вада з перапоўненай пасудзіны. У адным гурце, з якім акурат параўняліся Чайка з Лебедзевым, панавала найбольшая весялосць — чыталі ўголас мабілізацыйную абвестку. Тоўсты, барадаты, з шыкоўнымі, на польскі манер закручанымі вусамі грозавец, які-небудзь запісны жартаўнік-анекдотчык, што паўсюль знаходзяцца, узіраючыся ў паперчыну, чытаў густым басам, знарок сур’ёзна, чым толькі смяшыў слухачоў яшчэ болей...
Змест паперчыны быў такі:
Аб прыняцьці жаўнераў
1. Нацыянальнасыр быць беларускай
2. Гадоў мець ад 18 да 40
(I знізу дробным почыркам прыпіска.)
Увага!
Жаўнеры могуць быць залічаныя да 18 гадоў пры згодзе бацькоў (зацьверджанай ва ўстанове).
Старшыя за сорак гадоў могуць быць прынятыя па іхняму жаданьню.
3. Дакументы мець: мэтрыка або пашпарт, пасьведчаньне аб адукацыі.
— Так што,— прачытаўшы, сур’ёзна і строга казаў, звяртаючыся да нейкага маладзёна ў новенькай польскай канфедэратцы, таўстун-грозавец,— давай чашы ў Капыль, у рэўкам, напішаш заяву, Саветы ляпнуць пячатку, што згодныя, каб ты ваяваў супраць іх, а потым яшчэ і бацька хай падпіша! Бацька — абавязкова!
— Да ну,-— адказваў небарака, чырванеючы пад дружны рогат,— пайду я... Чаго я пайду ў той Капыль?..
Недарэчнасць гэтая — патрабаванне ад улады афіцыйнага дазволу на змаганне з ёй самою — тлумачылася проста. Калі выходзілі са Слуцка, сваіх, «свежых», абвестак аддрукаваць не паспелі (рукі не дайшлі, былі больш пільныя справы: сцяг пашыць, еўрапейскую ноту пратэсту, сто першую па ліку, прыняць...)Вырашылі пакарыстацца састарэлымі, якія паўгода назад выпусціла Беларуская вайсковая камісія і якія прывёз з Гародні маёр Борык. Сама БВК даўно (і беспаспяхова) вяла пры дапамозе агентаў мабілізацыйную кампанію сярод заходнікаў. Польскія ўлады пазіралі на гэта скрозь пальцы, ахвотна «зацьверджваючы» абвесткі ў сваіх установах, ведаючы, як наваююць заможныя апалячаныя Тамашы ды Янкі; так і атрымоўвалася. «Якое ж гэта ў вас войска,— казалі Тамашы з Янкамі,— што трэба ў палякаў дазволу пытацца? Вы аб’явіце афіцыйную, законную мабілізацыю, тады ўсе запішамся...»
Даніла ўжо шчыраваў у двары — адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля
веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку. Хай ведае, што ў нас за «банда»... Утыркнуў у снег лапату, абшморгнуў жупан, страявым, чаканячы па ўледзянелай дарожцы крокі, наблізіўся, талкова далажыў: так і так, пан камандзір, загад ваш выкананы (ніякага загаду Чайка яму не даваў), а што да кабылы, ветэрынар ужо ведае і...
— Добра, добра,— абарваў Чайка, у якога зусім не было ахвоты падтрымліваць гэтую гульню.— Паесці гатова?
— Так точна, усё на стале, пан камандзір!
У гэты момант выйшла з сянец на ганак рослая скуластая цемнавокая красуня семежаўка, на выгляд гадоў пад трыццаць (аб такой Чайка марыў некалі, закопваючы кіцель), у белым паўрасшпіленым кажушку, з-пад якога пунсавела атласная шнуроўка, у цыганскай квятастай хустцы; цёмныя вочы ўважліва, прыязна зірнулі на Чайку — на яго аднаго. Яна схіліла галаву, як бы пакланілася яму. У адказ Чайка, пачырванеўшы чамусьці, буркнуў «дзяньдобры». Яна пайшла расчышчанай сцежкай на вуліцу.
Лебедзеў азірнуўся ёй услед.
Увайшлі ў прасторную, чыстую, з вымытай падлогаю хату. Пасярод хаты стаяў стары белагаловы дзед, апрануты ў зрэб’е, абуты ў лапці. Ён абапіраўся на палку і, выставіўшы ўперад бараду, глядзеў не на прышлых, а прама ў столь. Вусны яго пасміхаліся.
— Павал? — дрогкім, як чамусьці гавораць усе сляпыя, голасам спытаў ён.
— Угу,— азваўся Чайка і да Лебедзева: — Выцірайце ногі і стойце тут. (Лебедзеў паслухмяна зашоргаў чаравікамі аб палавічок.) Даніла, будзь пры ім, я пазаву.
— Ёсць!
— А гэта яшчэ з табою? — бляяў цікаўны дзед.
— Камісар вось бальшавіцкі ў госці...
Лебедзеў сцягнуў з галавы будзёнаўку і сказаў з годнасцю:
— Драссе.— Гэта было першае слова за ўвесь нядоўгі яго палон.
— А, дык ты рускага прывёў? — узрадаваўся невядома чаму дзед.
Чайка, не адказаўшы, знік за дзвярыма, што вялі ў светлыя палавіны вялікай хаты. Лебедзеў так і стаяў у парозе. Адно прысланіўся плячом да вушака. Пастукваючы палкаю
ў падлогу, дзед пратэпаў у закутак паміж печчу і прысценкам, дзе быў тапчанчык, засланы латуннем. Перш абмацаў, тады апусціўся на яго.
— Мо і яго пасадзі, Даніло? — прапанаваў нясмела; ён жа гаспадар як-ніяк, а тут чужы чалавек.
— Гэтага? Пастаіць... Ён табе сам яшчэ каго хочаш пасадзіць, падажджы-но... I не на табурэтку, а на ножку табурэткі,— выдаў Даніла. Наколькі абыходліва-ветлівы быў ён са сваім камандзірам, настолькі цяпер стараўся паказаць камандзіру чужому, як пагарджае ім.
Ён прысеў на тапчан побач з дзедам. Паклаў побач шаблю, выдаўжыў ногі. Ладна абхоплівалі лыткі боты, блішчэлі доўгія наваксаваныя халявы. Яшчэ да прыходу Чайкі паспеў ён перакусіць, перакурыць, тыя ж боты ў парадак прывесці; цяпер быў у гуморы і вольны — самы быў час пагаварыць з дзядком, гэта яны абодва любілі.
Дзед расказваў пра Семежава. Гісторыі гэтыя былі да таго неверагодныя, што Даніла, сам мясцовы, не ведаў, верыць ім ці не. Яму здавалася — здзяцінеў стары і выдумляе розныя дзівосы, як выдумляюць дзецям казкі на сон.
Напрыклад, распавядаў сляпы дзядок, пасміхаючыся і гледзячы ў столь, яшчэ не так даўно Семежава было сталіцаю вакольных жабракоў. Тут яны збіраліся на свае сходкі: штогадовыя і экстранныя. Хаўрус іхні называўся цэхам. Было выбарнае начальства — цэхмайстар, як правіла са сляпых, і ключнік, астатнія старцы зваліся таварышамі. Каб уступіць у таварышы, трэба было мець, па-першае, фізічны недахоп або калецтва, па-другое, шэсць (!) гадоў пабыць вучнем, а тады яшчэ вытрымаць іспыт на таварыша, «па прадметах»: жабрацкія законы, жабрацкая мова і малітвы. Пасля чаго шчаслівец-абітурыент павінен пакланіцца таварышам, пацалаваць кожнаму руку і затым наладзіць банкет — пачаставаць за свой кошт экзаменатараў; тады толькі ён мае права сесці побач з імі (папярэднія шэсць гадоў адно аціраўся, мабыць, у парозе, як чырвонаармейскі камандзір Лебедзеў цяпер)... Правінных каралі штрафамі — напрыклад, купіць воску на свечкі; каралі «агуркамі» — арыгінальным такім бізунчыкам, у якім пуга прывязвалася да жабрацкай палкі. I самая страшная кара — абрэзванне торбы, што значыць забарона на час ці назаўсёды старцаваць, гэта і Данілу было зразумела.
— Дык ты, дзедку, мабыць, быў там самым галоўным военачальнікам? — пытаў Даніла, паварочваючы боты і так, і сяк і любуючыся бляскам халяваў.— Ты ж сляпы, як крот!
— Цэхмайстрам не быў, але ключнікам быў,— адказваў сляпы.
— А як ты лічыў грошы?
— А так і лічыў. Вось дай мне любыя, хоць паперкамі, хоць звонкімі — любыя: царскія, польскія, савецкія... Сам пабачыш.
Асабліва цікавіла Данілу жабрацкая мова. «Папруць бальшавікі з торбаю па свеце, дык мо згадзіцца»,— казаў ён. Зрэшты, навука давалася яму туга. За колькі размоваў з дзедам запомніў ён усяго пяць слоў — два асацыятыўныя: сіверка (зіма) і сівер (мароз), і тры, якія будаваліся па прынцыпе «дзіцячай» мовы, праз прыстаўныя склады — у жабрацкай мове гэта было «ку»: заўтра — кузаўтра, часта — кучаста і рана — курана1.
— Пастой, пачакай — ты мне па-свойму кажы, а не панашаму! — прасіў Даніла, абдымаючы сляпога за худыя плечы.
— А ты разбярэш?
— Я?! Я табе любую казань разбяру!
— Такі-то ты ўжо разумны... Ну, слухай. Манько епіць скір’я дзеканы хрушч царызьнік хабні ў рэпсанкі, а конто клёвот?
— Так, так... Дай падумаць... Зараз усё табе перакладзецца! — гарачыўся Даніла.— Пра хрушча штосьці? He?
— Ты ж казаў, разбярэш.
— He спяшайся, не спяшайся.— Даніла стукаў сябе ў лоб.— Можа, ты сказаў: «Даніла, гарэлкі хочаш?» He?
— Гарэлкі... У мяне ёсць трыццаць царскіх грошай асігнацыямі, а што я за іх куплю? — вось што сказаў!
— Праўда? Малайчына, дзедку!..— пахваліў Даніла.— Чэшаш, як па-жыдоўску,— ні хрэна не запомніць!..
У гэты момант Чайкаў голас пазваў ардынарца, той падхапіўся, падчапіў шаблю і, не звяртаючы аніякай увагі на палоннага, пабег у большую хату. Лебедзеў ціхамірна стаяў каля вушака. Праз момант ардынарац паявіўся зноў. У адной руцэ ў яго была пустая патэльня, у другой — міса. Нават ад парожніх, пахла ад іх шкваркамі і капустаю. Лебедзеў зглынуў сліну.
1 Сучаснаму чытачу могуць яшчэ падацца цікавымі наступныя тэрміны з семежаўскага жабрацкага слоўніка: тавар — клевата, разумны — клёвы, сквапны — няклёвы, спаць — кімаць («ры» выпала?), піць — кераць, чалавек — лог (!).
— Напшуд да камандзіра,— распарадзіўся Даніла, і калі Лебедзеў уваходзіў ужо ў расчыненыя дзверы, дадаў услед (як на жарабца свайго): — Ды не ўздумай мне балвацца!
XIII
Увайшоўшы, Лебедзеў хутка і не без цікавасці пачаў абзіркваць баковачку. Пабеленыя столь і чатыры голыя сцяны, калі не лічыць на адной з іх ходзікаў з гірамі ў выглядзе шышак і фрагментам малюнка «Мядзведзі ў сасновым бары» на цыферблаце, стваралі ілюзію, што баковачка большая, чым ёсць. Была яна даволі светлая, хоць на дварэ ўжо сутонела, чысценькая і ўнутраным убранствам сваім нагадвала хутчэй жытло якойсьці набожнай, ахайнай, у перастарках засядзелай дзеўкі, чым прыстанак ваеннага чалавека; да таго ж Чайка не курыў, таму нават пахла тут чымсьці прытарна-посным, як пахне засунуты пад бэльку ці за абразы пучок зверабою або перакладзеная багуном ад молі пажоўклая бялізна ў старой шафе. Высокае шырокае акно зноў-такі з нейкай дзявочай ахайнасцю завешана было празрыстым цюлем, які нават у шырыню, каб не моршчыўся, расцягнуты быў на цвічках па перыметры рамы...