• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    XIX
    Забітых чырвонаармейцаў прывезлі ў Слуцк, каб пахаваць паводле ўсіх канонаў савецкай паніхіды, што і было зроблена ў тры гадзіны дня на гарадскіх могілках — ранейшая вуліца Кладзьбішчанская, а з 1920 года «Імя 14 партызанаў» (з назвамі ўвогуле нямала намудрыла новая ўлада. Было так: год назад на гэтых могілках палякі расстралялі чатырнаццаць камуністаў, якія самі сабе выкапалі магілу і прымалі кулі са словамі: «Мы умнраем, но Красная Армня скоро прогоннт вас!»; прагнаўшы палякаў, Чырвоная Армія перайменавала вуліцу, на якой знаходзіліся могілкі, у імя расстраляных, але партызанскіх астанкаў тут ужо не было, бо іх перазахавалі на вуліцы Саборнай, назваўшы яе вуліца Камсамольская...) — словам, таварышаў закапалі на старадаўніх гарадскіх могілках, сярод векавога праху случчакоў. Скінулі шапкі, адспявалі, студзячы глоткі, «Не плачьте над трупамн павшнх бойцов, неснте нх знамя вперед!», трыма залпамі ўмазалі ў пагоднае не па-лістападаўску неба, сарваўшы з бліжэйшых акацый хмары варання, і адправіліся ў казармы, а адтуль у сталоўку абедаць. На жвірыстым пагорку застаўся толькі фанерны трохкутны слупок, увенчаны пакуль яшчэ бліскучай зоркай,— іх, гэтыя зоркі, спрытна выразаў з кансервавых бляшанак палкавы майстра на ўсе рукі Чувалаў, зямляк без весткі згінуўшага Андрэя Мікіціна.
    Дзяніса Карпавага адвялі ў той самы дом Ваньковіча, ён жа памяшканне Рады Случчыны, дзе адбылося пераломнае выступленне Жаўрыда і дзе цяпер размяшчалася «чэка».
    Адвялі і ўкінулі, даўшы напаследак насцака пад зад, у каменны мяшок: два на два метры, без акна, з дзіркаю пасярод голай, як ток, цэментнай падлогі; холад тут стаяў люты, а з дзіркі несла борняю.
    Таварыша Губмяна на пахаванні не было. За тыя дзве гадзіны, пакуль дабраліся да Слуцка, ён, седзячы без руху ў падводзе, скалеў так, што вусны кепска слухаліся, а на пахаванні трэба ж было б сказаць хоць якую прамову... Пакуль тое ды сёе, ён адводзіў душу гарбаткай і тытунём, адаграваўся сабе ў аднамесным нумары-«люкс» гасцініцы з гучнабанальнай, тыповай для любога захалуснага гарадка назваю — «Брыстоль». Увесь другі паверх гатэля быў адведзены «пад рэўкам». На першым размяшчаліся штаб і контрразведка дыслакаванай цяпер у Слуцку 16-й арміі, а таксама на месцы колішняга рэстарана •— чырвонаармейская сталоўка. Нумар таварыша Губмяна знаходзіўся на другім паверсе. 3 акна камісар мог бачыць чатырохвугольную ў плане Саборную плошчу, засыпаную стаптаным снегам; па другі бок яе, акурат насупраць, лыпіўся на «Брыстоль» сваімі злавеснымі прыплюснутымі фіранкамі зашморгнутымі вачыма-вокнамі дом Ваньковіча, ён жа «чэка».
    «Люкс» таварыша Губмяна некалі ўяўляў сабой утульны, у межах разумнага абстаўлены пакойчык. У ім не грэбавалі спыняцца нават заезджыя мінскія артысты, асабліва рамантычна-томныя, вечна адзінокія актрысы, таму шмат на што (аб чым таварышу Губмяну і не здагадацца ніколі) нагледзеліся гэтыя, у вясёленькія шпалеры абклееныя, сцены, гэтая тахта з пухнатай, ромбамі прашытай пярынаю... Зрэшты, даўно ўжо, канечне, не было ні вясёленькіх шпалераў, па жывому цяпер абадраных, ні тым больш пярыны, ні тахты — ніякага ўвогуле лежака тут не было, і на ноч камісар адпраўляўся спаць у казармы.
    Цяпер абстаноўка «люкса» была самая спартанская. Каля акна з пакрышаным, нібы грызлі яго зубамі, падаконнікам стаяў строгі канцылярскі стол, заляпаны атрамантам і пакрыты белымі кольцамі — сляды ад гарачых шклянак (падобныя на сучасную алімпійскую сімволіку). Чайнік з кіпенем на стале. Табурэтка пад сталом. Шафа з трэснутым люстрам. Дзверы ў ванны пакойчык з пралетарскай сур’ёзнасцю засабачаны былі дзвюма крыж-накрыж дошкамі, прычым цвікі ўбіваліся не па плешку, а да паловы, а потым згіналіся; усё адно гарачай вады не было, і зноў-такі, як і ў выпадку са шпалерамі і з пярынай, не было і самой глыбокай, прадаўгаватай, пяшчотным
    блакітным эмалем усярэдзіне пакрытай ванны — яе, мёртва прышрубаваную, са злосці растаўклі ламамі пасля марных спробаў адарваць ад падлогі. За другімі побач з ваннай дзвярыма знаходзілася прыбіральня — гэтая, праўда, лічылася спраўнаю і зрэдку працавала. Па ржавым унітазе, не перастаючы, бегла карычневая вада. Час ад часу яе набіралася столькі, што яна не паспявала прасочвацца — унітаз забівала і ў «люксе» пачынаўся сапраўдны патоп. Прыходзіў глуханямы «слёсар» Клім, вось ужо сапраўды шчыры прыхільнік новай улады, якая балбатуноў не цярпела (адзін з рэдкіх выпадкаў, калі фізічны недахоп толькі на карысць чалавеку!), і, напаўняючы «люкс» смуродам, прымаўся шураваць у трубе кавалкам дроту з намотанай на канцы анучаю.
    ...Цурчэла тонкім струменем вада, Губмян не звяртаў на гэта ўвагі — нават весялей было, не так адзінока. Сёрбаючы чай без цукру, камісар па надзвычайных справах другой рукой перагортваў паперы. Гэта былі пісьмовыя дакладныя агента Лебедзева і рэўкамаўца Кецкі. На стале ляжалі таксама папкі з асабістымі справамі савецкіх ваеннаслужачых П. Жаўрыда, П. Чайкі, К. Кецкі, А. Сокал-Кутылоўскага.
    Перачытваючы прыгоды Лебедзева, Губмян адчуваў прыемнасць, як ад добрага мастацкага твора, калі думкі і стыль аўтара супадаюць з тваімі ўласнымі. На сямі старонках няспешны, разборлівы почырк... He псавала ўражання і аўтарэдактура — некаторыя словы і нават сказы, што падаліся шпіёну недакладнымі, былі перакрэслены і заменены на іншыя, больш зграбныя. Талкова, па пунктах, нічога не забыта, і даволі ясная з усяго гэтага паўстае карціна.
    «...Давялося праверыць на прадмет манархізму, і гэта дало плён — Чайка разгаварыўся...»
    «..Лой факт (закрэслена, заменена на «ўжо адно тое»), што Чайка мяне адпусціў, нават не дапытваючы, сведчыць пра: а) мяккацеласць яго; б) разгубленасць; в) адчуванне ім варожасці да сябе; г)... ; д)...»
    «...Зыходзячы з вышэйсказанага (закрэслена, напісана проста: высновы)... Высновы:
    1.	Маса перабежчыкаў з нашага боку, і гэта павінна насцярожваць...
    2.	Нягледзячы на разброд і хістанні сярод іх, а таксама на павальную п’янку і адсутнасць дысцыпліны, мае месца і нацыяналістычны фанатызм («начальнік контрразведкі» Мірановіч, «разведчык» Мірончык, «ад’ютант» Чайкі Даніла і інш.)...
    3.	Шпаркая арганізацыя іх не можа не выклікаць трывогу... Вельмі многа кадравых вопытных армейскіх афіцэраў...»
    Hi ў якае параўнанне не йшоў гэты талковы даклад з «адчапной» цыдулкай рэўкамаўца — каракулі на замусоленым аркушыку, няроўна вырваным з сярэдзіны школьнага сшытка. Можа, яшчэ і таму прыемна было камісару перачытваць Лебедзева, што працэс гэты па часе акурат супадаў з выпіваннем шклянкі гарбаты (сумяшчалася фізічнае з духоўным); канчаўся чай — дачытвалася апошняя старонка, і трэба было брацца за Кецку, стараючыся хоць між радкоў штосьці вывудзіць.
    «Во время проведення реквнзнцнонных обязанностей,— нязграбна пісаў Кецка,— падчас правядзення рэквізацыйных абавязкаў за вёскаю Кажушкі Вызнянскай воласці ў лясным масіве адбыўся ўзброены напад пад покрывам цемнаты. Двое таварышаў былі забіты на месцы, трое патрапілі ў палон разам з падводай, коньмі і рэквізіцыяй. Тав. Кецку (пісаў пра сябе ў трэцяй асобе) удалося здзейсніць уцёкі («совершнть побег»), аб чым тав. Кецка адразу ж далажыў у Вызне савецкім органам, а таксама звязаўся па тэлефоне-апараце з г. Слуцк...»
    He тое што няпраўда — усё так і магло быць, як паведамляў рэўкамавец. Але сам дух гэтай запіскі... Губмян прыплюшчваў блізарукія вочы — паўставала перад ім белае поле, падфарбаванае чырванню марознай раніцы... Сабакі носяцца адзін за адным каля падводы... Паводзіны Кецкі толькі дурню могуць не падацца падазронымі. Зрэшты, чорт з ім: такіх Кецкаў, якія толькі і мараць пусціць нам кулю ў спіну, палова ў савецкіх органах, а ў арміі яшчэ болей. Няма з каго дужа выбіраць. Вось калі скончыцца вайна, перамелецца ўсё, наладзіцца, тады і пачнём закасаўшы рукавы адбіраць, фільтраваць, раз’ясняць, «аць»... «яць»...
    Прачытаўшы ўсё ўважліва, Губмян устаў і пацягнуўся — дрыжыкі прайшлі па спіне, ад холаду, здалося, нават далоні пакрыліся цыпкамі. Цяпер бы заваліцца ў цёплы ложак, пад пярыну... Пад пярыну! Аддыхнеш тут, зараз! Галоўнае, злавала, што вораг несур’ёзны, а на яго трэба траціць сілы, і нервы, і час. Адна справа ваяваць з белымі ці з палякамі і другая — з «беларускім нацыянальным рухам», ды самое гэтае словаспалучэнне абсурднае!.. Прыйшло на розум параўнанне чалавека, які дужаўся з быком, перамог яго, прысеў адпачыць, а тут круціцца пад нагамі шчанюк і не кусаецца, а назаляе...
    Каб выглядаць на выступленні бадзёрым, камісар прымусіў сябе зрабіць зарадку, папрысядаў — рукі ў бакі, рукі ўперад. Дастаў з шафкі сухія халодныя парцянкі, прытанцоўваючы на ледзяной падлозе, пераматаў — сваімі, бруднымі і мокрымі, пачысціў збольшага боты... Крутнуўся на абцасіках на сто восемдзесят градусаў перад пабітым люстэркам, стараючыся ўбачыць сваю спіну,— барада варушылася ад паветранага струменя... Паправіў акуляры, узяў пад паху папкі з паперамі і цвёрдым крокам, не забыўшы прымкнуць на ключ дзверы, выйшаў на калідор. Па лесвіцы, прыступкі якой былі цямнейшыя па краях і светлыя пасярэдзіне — след ад дывановай дарожкі,— спусціўся на першы паверх.
    У былой рэстарацыі, а цяпер проста сталоўцы, яго ўжо чакалі. Усе былі ў зборы, чалавек дваццаць, камісары, камандзіры і яшчэ нейкія людзі ў цывільным, невядомыя камісару. Таварышы, якія прысутнічалі на расстрэле вёскі, трымаліся разам: быў тут сярдзіты хлапчук у сваім галіфэ, былі Кецка з Лебедзевым.
    Калі ляпнулі дзверы без пнеўматычнай спружыны і паказаўся таварыш Губмян, загрымелі, застукалі крэслы і табурэткі, заскрыпелі скураныя тужуркі і хромавыя боты. Усе падняліся. Губмян прабег да стала, знарок для яго падрыхтаванага, нават графін з вадою і шклянку не забылі і завостраны на іголку аловак з чыстым аркушыкам паперы — прыемная клапатлівасць!
    У вялікім гулкім «рэстаране» халадрыга была яшчэ горшая, чым ў «люксе»; зрэшты, як слова «люкс» у дачыненні да камісаравага цяперашняга нумара гучала іранічна, так і слова «рэстаран» у дачыненні да гэтай пустой і гулкай, абрабаванай залі. Толькі на вокнах тут нейкім цудам захаваліся рэшткі былое раскошы — цяжкія шторы з цёмна-ліловага, як высахлы атрамант, бархату, ды яшчэ пад самай столлю вісела мёртвая, без свечак і электрычных лямпачак, люстражырандоля, якая ацалела, па ўсім відаць, таму толькі, што не знайшлося такой высокай лесвіцы. Іншая справа — як дасюль нікому не прыйшло ў галаву проста расстраляць яе?..