Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Усё болып святлела. Ружавеў снег і далёка-далёка, дзесь там, куды ўглядалася Карпава нявестка — аж за полем, зліваўся з такой самай ружовай палоскаю неба.
Кецка ўсё даказваў штосьці начальству. Слоў не было чуваць, затое цяпер, у гэтай перадсвітальнай яснасці, добра бачна было, што твар у рэўкамаўца пакрыўджаны, нават сярдзіты. Кожнае слова падмацоўвалася нервовымі рухамі; найчасцей Кецка проста рассякаў зверху ўніз марознае паветра выцягнутай у напрамку лесу рукой (так цяпер галасуюць, спыняючы таксі ці папутку). Маленькі барадач слухаў яго няўважліва, азіраўся, пабліскваючы шкельцамі акуляраў, і ўсё паплёўваў...
Нічога пакуль не адбывалася. Усё выглядала задужа будзённа: ні спешкі, ні камандаў, ні крыкаў, ні стрэлаў... Салдаты з ачаплення паапускалі вінтоўкі прыкладамі ў снег, хто, як той стары Карпа, грэў рукі ў рукавах шынялёў, хто, прытрымліваючы зброю сціснутымі каленямі, прыкурваў... Чырвонаармейцам каля падводаў была яшчэ большая вольніца. Там смяяліся, прытанцоўвалі, ляпалі сябе па плячах і па баках; некаторыя, каб сагрэцца, нават дурэлі, валтузячыся з таварышамі. Нічога не адбывалася — і пакрысе акружаныя, сагнаныя ў натоўп людзі таксама спакайнелі. Мала-памалу і да іх пераходзіў гэты дураслівы настрой, перадавалася гэтае адчуванне будзённасці. Нічога ж няма пакуль страшнага, а раз няма, дык і наўрад ці будзе, бо адкуль, з якой прычыны гэтаму страшнаму ўзяцца? I вось ужо сёй-той таксама пачынаў прытупваць і паляпваць сябе па баках, грэючыся. Ужо смялей, гучней гаварылі; пазіраючы на чырвонаармейцаў, самі не заўважалі, што механічна ўжо і іхнія вусны крывяцца ў тупых ухмылках... He прыцягвала больш, бы магнітам, вачэй падвода з трупамі — абвыкліся: стаіць падвода, ну і стаіць сабе. Да таго ж як знарок, як у пацверджанне гэтай абвыкласці прыбеглі раптам ад «табара» сюды, да падводы з забітымі, два маладыя сабакі, відаць, чырвонаармейскія, у сяле такіх прыгожых не было. Аднолькавыя, кашлатыя, жоўтай масці і з чорнымі вясёлымі мусамі. Прыбеглі, адразу здагадаліся, што не пагоняць іх адсюль, бо гэтыя акружаныя людзі хоць і не на прывязі, але самі ў нейкім такім, на іхняе сабачае падобным, становішчы. Ажывіліся абодва, замахалі веернымі хвастамі, сарваліся з месца і пачалі насіцца перад людзьмі і вакол падводы... I што яны толькі не выраблялі!.. Круціліся клубком, грызучы і ўласны, і чужы хвост, ляскалі прытворна зубамі, хапалі на хаду снег, вілі пад возам вась-
мёркі, грудзьмі адзін аднаго збівалі, a то, разам спыніўшыся, парабіўшы морды сур’ёзнымі, задзіралі ногі адзін на адно кола, другі на другое, пакідалі меціны, дзелавіта абнюхвалі іх і зноў як па камандзе зрываліся гойсаць; пакуль адзін ці выпадкова, ці, можа, знарок, з шалу, не ўшчаміўся паміж спіцаў у коле — ні ўзад ні ўперад... Тут жа падскочыў бліжэйшы з акружэння чырвонаармеец і ўрэзаў яму прыкладам пад зад. Чарнаморды куляю прашыў два колы, вылецеў па той бок падводы і з галашэннем панёсся да «табара». Таварыш яго, падціснуўшы хвост,— следам.
— Ата-ту!
— Лаві яго!
— Во надаў ускарэнне!
Рагаталі вяскоўцы, рагаталі чырвонаармейцы; яшчэ больш прымірыў, неяк аб’яднаў, здалося, гэты эпізод акружаных з тымі, хто акружыў. Усе людзі, усе аднолькавыя, з аднаго й таго ж смяюцца і плачуць...
He адразу, зацікаўленыя гэтым сабачым цыркам, пачалі даваць увагу, што паміж начальствам адбыліся змены, што галоўнае дзеянне нарэшце пачынаецца. Купка камандзіраў перамясцілася бліжэй да падводы, а Кецка дык і зусім блізка стаіць, узняўшы руку і патрабуючы цішыні. Пярэднім відаць былі нават кропелькі ў яго пад носам, на чорным кусціку вусоў.
Ён ужо і гаварыў нешта ціхім голасам. Твар сярдзіты, адна шчака торгаецца, а ў вачах, чырвоных, нявыспаных,— як бы трывога ці нават так — трывожная просьба (падалося тым, хто стаяў бліжэй).
Натоўп закалыхаўся, заднія загукалі:
— Гучней!
— Што там такое?
— He чуваць нічога!
—...абітыя таварыш-шы! — узвысіў голас рэўкамавец.— Банда, якая атабарылася ў Семежаве пад палякамі... Калі да гэтага дня глядзелі праз пальцы, дык учарашні інцыдэнт...
—...I не так сабе нападзенне адбылося каля вашай вёскі! (Ізноў падалося пярэднім, што ён просіць аб чымсьці вачыма, як нейкія знакі падае.)
—...Усе вы тут, хто стаіць, не маўчыце! Калі хто ведае, як гэта было, ці чуў што-небудзь, ці здагадваецца, як напалі на нашых дарагіх таварыш-шаў, зараз жа выходзьце і расказвайце! Можа, хто ведае, у каго бацькі, сыны ці радня ў семежаўскай бандзе, таксама выходзьце і гаварыце
і нікога і нічога не бойцеся! Тут, на чырвонай Случчыне, не бываць больш ні паляку, ні германцу, ні чорту лысаму — акрамя нашай савецкай улады, якая ўмее мілаваць, але ўмее і караць! Таму...
Дзядок у белых валёнках, прыставіўшы далонь да вуха, слухаў і пасміхаўся бяззуба, нічога не разумеючы. Затое да іншых, у каго былі лепшыя слых і розум, дайшло. Падняў галаву Карпа, пераглянуліся з Ладусем. Па натоўпе прашалясцела... Што такое?.. Гэта ж атрымліваецца... Гэта ж выходзіць, што Кецка не сказаў чырвоным нічога?.. Атрымліваецца, ён знарок адводзіць ад вёскі... і аб гэтым (здагадайцеся, дурні!) — просяць увесь час яго вочы!.. Вось табе і Косцік бяспалы, вось табе і камуняка-рэўкамавец!..
Аднак, былі, канечне, кемлівыя і ў тым лагеры. Таварыш Губмян, заклаўшы, як Ленін за камізэльку, за рамяні партупеі вялікія пальцы, стаяў і патрошку ківаўся з пят на насы; паблісквалі шкельцы акуляраў. Насмешлівы выраз яго дробненькага, бародкаю апраўленага тварыка выдаваў: мялі, Ямеля! — усе вы тут адным мазаныя, нават балбочаце па-свойму, не зразумець анічога... Калі Кецка ў трэці ці ў чацвёрты раз прапанаваў выйсці і пакаяцца тым, у каго сваякі ў бандзе, таварыш Губмян паманіў пальцам і спытаўся штось (хутчэй за ўсё цікавіўся, аб чым так доўга можа бубнець Кецка) у хлопца гадоў дзевятнаццаці. Хлопец, як і ўсе ў гэтым начальніцкім кодле, быў перацягнуты паверх кажуха партупеямі, у шырачэзных — пухірамі на каленях — галіфэ, з аграмаднай кабурою браўнінга на паясніцы; нагнуўшыся, ён выслухаў Губмяна і пахітаў адмоўна галавою —таксама, відаць, не разумеў тутэйшай гаворкі.
Урэшце камісару надакучыла. Перастаўшы ківацца, ён выцягнуў з задняй кішэні галіфэ пляскаты сярэбраны гадзіннік, паднёс перш да вуха, а затым пстрыкнуў крышачкай і даволі доўга,— прынамсі, даўжэй, чым калі хочуць даведацца, каторы час, углядаўся ў іх — бы не адно дванаццаць лічбаў і дзве стрэлкі бачыліся яму ў гэты момант на матавым цыферблаце, як на экране, а цэлы малюнак: вузенькая і брудная, крывымі гарбатымі домікамі пад чырвоным гонтам сціснутая бакінская вулачка, аблезлая сціплая шыльда над нізенькім — бесталковыя «азеры» ніяк не маглі прывыкнуць і вечна разбівалі галовы — уваходам: «Часовых Дел Мастера Губмян н Сын», усё з вялікіх літараў...
Але вось гадзіннік апусціўся беражлівым рухам назад у кішэню.
Сын гадзіннікавых спраў майстра загаварыў:
— А дабы не павадно было!..— I многія ў натоўпе ўздрыгнулі і пачалі азірацца, не разумеючы, што гэта? Адкуль гэтыя рэзкія, дзеравяныя, непамысныя гукі? Хто іх утварае?
— Каб яшчэ лепш дайшло да вас...— Губмян высунуўся наперад — маленькі барадаты карла, а Кецка, абарваны на паўслове, збянтэжаны, зараз жа адступіў назад, растварыўся ў начальніцкай кучы.
— За смерць кожнага дарагога таварыша... суровая плата па законах ваеннага камунізму! Нашая рабоча-сялянская ўлада самая гуманная... Але грош ёй цана!.. Нічога не вартая тая ўлада, якая не здольна пастаяць за сябе і жалезнай рукою...
Вось іменна — «жалезнай». Здавалася, не з чалавечых вуснаў злятаюць гэтыя словы, сэнс якіх быў для сялянскіх вушэй поўнай незразумеласцю, ахінеяй, а дзесь у камісарскім нутры, глыбока ў жываце, знаходзіцца механізм, які і ўтварае гукі, а маленькаму карлу застаецца толькі адкрываць рот, выпускаючы іх на волю. Так дзіўна гэта ўсё выглядала — гэтае «чэравам вяшчанне», такой несур’ёзнай, карыкатурнай падавалася важнасць барадатага чалавечка ў хромавых боціках з падбітымі абцасамі, што на тварах яго слухачоў ізноў з’явіліся дурныя ўсмешкі,— як нядаўна, калі назіралі сабачую гульню. Выступленне чалавечка і было працягам той гульні, другой часткай яе — гульні, канечне, не дужа вясёлай, але якая ніяк не можа скончыцца чымсьці непрыемным, трагічным.
— I караць нашая справядлівая ўлада будзе жорстка!..
Закалыхвала, прытупляла ўсё гэта — нават самых разумных, не кажучы ўжо пра глухаватага дзядка ў белых валёнках; той слухаў, прыставіўшы да вуха рупарам далонь, і ўсё пасміхаўся. He насцярожыла нават хуткая перамена дэкарацый. Пад шумок падабраліся сюды ад «табара» чатыры чырвонаармейцы, пастроіліся ў рад, плячо да пляча, напагатовілі вінтоўкі. He насцярожыла, калі камісарык скончыў гаварыць і, сарваўшыся з месца, пабег уздоўж першай шарэнгі, узіраючыся ў твары сваімі ненатуральнымі, лінзамі акуляраў павялічанымі, вачыма... У канцы шарэнгі крутнуўся на абцасіках, пабег назад. Тыцнуў пальцам у грудзі (так факір-цыркач выбірае асістэнта для сваіх штукарстваў) дзядзьку Ладусю, такому ж, як сам, невялічкаму... Другім выбраў рослага сына глухога дзядка, кіруючыся, відаць, нейкім антанімічным прынцыпам: малы — вялікі; сам адскочыў убок. Зараз жа падбеглі салдаты, аддзялілі выбранцаў ад натоўпу, паставілі насупраць чатырох падрыхтаваных,— спінамі да поля, з-за якога акурат у гэты момант вырваўся і асляпіў людзей зыркай крывавай чырванню акраец сонца...
I гэта ўсё адбылося так будзённа, так хутка — таму яшчэ не было страшным. Якое страшным? — хутчэй смешна было: стаяць, прытуліўшыся адзін да аднаго, высокі і нізкі, а твары ў абодвух чамусьці робяцца аднолькавымі, як у братоў-блізнюкоў... I незразумела, чаму гэта дзядзька Ладусь сцягвае з галавы заечую шапку і прыціскае яе да грудзей, чаму вусны яго ўвесь час жаласна варушацца?.. Чаму з твару здаравяка дзедавага сына не сыходзіць гэтая дурнаватаняўцямная, у бацькі пазычаная ўсмешка?..
Губмян стаяў з паднятай рукою.
— Последннй вам шае-эц!..
Потым апусціў руку. Піскнула з нутра завадная машынка. — Плі!!
Адначасова выкрыкнуў штосьці Кецка, кідаючыся да яго, схапіў яго за апушчаную ўжо руку, паказваючы кудысьці наўскасяк праз поле, дзе рэчка і агароды... Губмян адмахнуўся. Бохнулі разам чатыры стрэлы і яшчэ чатыры — разам і запаздалыя: ба-бах! та-тах! — малатком, які, кляпаючы касу, падскоквае на палатне рэхам... Двое сялян, дзядзька Ладусь і дзедаў сын, у адначас зламаліся разам, пасярэдзіне, і ўпалі тварамі ў снег, нанізаныя на кулі, як на пікі.