Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Роўна ў дзесяць гадзін ударылі ў званы на камяніцы.
— Шапкі, шапкі далоў! — раздалося з розных куткоў плошчы.
Выйшаў з царквы і марудна, бокам спусціўся па прыступках да народа бацюшка, з добрымі, наіўна-сінімі вачыма старэнькі попік, славуты на ўсю акругу тым, што вёў казані толькі па-беларуску, ён і не ведаў ніякай іншай мовы.
Стала ціха. Пастроеныя ў шыхты і шарэнгі вайскоўцы схілілі непакрытыя галовы...
Святар выпрастаўся.
— Дарагія мае сынкі! — пачаў. У марозным паветры голас яго чуваць быў у самым дальнім кутку пляца.— Бацькаўшчына нашая, дарагая наша Беларусь, зруйнаваная войнамі і акупацыямі, стогне й цяпер пад цяжкай пятой ворагаў! Праца над адбудовай Бацькаўшчыны нашай надта трудная, змаганне з магутным ворагам патрабуе вялікіх высілкаў! Але не будзем забывацца, што не ў сіле Бог, а ў праўдзе! А нашая беларуская справа — святая! Пачынаем вялікую акцыю, дык па-а-молімся! — завёў-заспяваў, асяняючы сябе крыжам, і ўсе як адзін на плошчы, на якой былі і католікі, і татары-мусульмане, і яўрэі (апошнія, праўда, не жагнаючыся), таксама ўслед падхапілі:
— Па-а-амолімся!
—...Перад пачаткам святой пр-а-ацы! — і далей рэчытатывам, хутка: — Каб Бог памог беларускаму воінству выгнаць
ворагаў з нашай многапакутнай зямелькі маці-Белару-у-усі!.. Беларускаму слаўнаму воінству і аружжу яго...— не выцягнуў, спыніўся перадыхнуць, але ўжо апярэджвалі яго:
— Многая-я ле-э-эта!..
Дзяк вынес вядзерца з вадою і панікадзіла; святар пачаў абыходзіць шыхты, шчодра кропячы кожную роту, кожнае аддзяленне. He забыў папырскаць і коней, і два брыгадныя кулямёты, якія знарок дзеля такога выпадку знялі са штабнога гарышча. Некаторыя падстаўлялі пад пырскі перш зброю — вінтоўку, стрэльбу ці карабін, а тады толькі галаву...
Камандзір палка Чайка прыпазніўся і стаяў цяпер ззаду, сярод самых нізкарослых, трымаючы ў левай, у локці сагнутай руцэ фуражку, а тры пальцы правай звыкла склаўшы ў шчопаць... Пабудзілі яго сёння чуць свет. Адзін з дазораў перахапіў аўтамабіль, у якім аказаліся два савецкія «паслы» і польскі афіцэр: ехалі ў Польшчу на перамовы. Былі б гэтыя «паслы» адныя, самі па сабе, дык не было б, вядома, з імі і клопату, разабраліся б, што рабіць і з імі, і з трафейным аўтамабілем. Але ж палякі! Наўрад ці спадабаецца «саюзнікам» умешванне ў іхнія справы... «Вось і гэты эпізод,— думаў Чайка, па якога тэрмінова паслалі, едучы марозным, прыцемным яшчэ ранкам да затрыманых,— які паказальны! Вось і цвердзяцца словы ўчарашняга Лебедзева! Дык што ў нас тут і з кім за змаганне такое?! Ёсць у нас нейкая самастойнасць, гаспадары мы тут, чорт нас вазьмі, хоць бы ў гэтай нейтральнай, нічыйнай зоне, ці вечныя парабкі кагосьці?..»
Але самае цікавае было наперадзе. «Паслы», два маладыя кампанейскія хлопцы, аказаліся старымі знаёмымі, ведалі Русака, Пракулевіча, Радзюка, якія пару тыдняў назад, яшчэ ў Слуцку, перадавалі ім ноту — «зварот да дэмакратыі ўсяго сьвету (ні многа ні мала) з пратэстам супраць падзелу незалежнай БНР»; напіыя хваліліся потым, як добра бальшавікі іх прымалі, праўда, сядзець давялося на стале, бо не хапіла крэслаў, але гэта такія дробязі... Калі Чайка пад’ехаў, у ранішнім сутонні адкрыўся перад ім такі малюнак: на капоце стаяла пляшка каньяку, хадзіла па крузе чарка; воддаль, спіною да аўтамабіля, нервова курыў польскі афіцэр — каля ног яго ляжала штук пяць недакуркаў. Чайка спешыўся. «Што за банкет?» — гаркнуў па-камандзірску, на што адзін з паслоў, фарсісты, чубаты, з адкрытым разанска-тамбоўскім тварам, дружалюбна абазваўся: «Кінь, камандзір! Свае людзі! Хочаш, я табе нешта
пакажу?» — як ні ў чым не бывала, палез у аўтамабіль, дастаў планшэт, з планшэта карту, моўчкі разаслаў яе на капоце перад Чайкам. Той упіўся ў яе вачыма — ваенная трохверставая карта, і на ёй было пазначана ўсё — ад высотак, дзе размяшчаліся артылерыйскія разлікі, да адзіночных сакрэтных лясных пастоў. Вось так з намі лічацца, вось так «усур’ёз» успрымаюць!..
Дзіўны гэты, ні на што не падобны эпізод скончыўся хутка. Была нават вытрымана фармальнасць — у падарожным лісце чыркнулі, што так і так, праезд дазваляем, і, развітаўшыся ледзь не з пацалункамі, «паслы» пачхалі на сваім аўто на Баранавічы, упэўненыя, што інакш і быць не магло,-— паехалі, пакінуўшы ў разгубленай і без таго душы камандзіра палка прадчуванні самыя нядобрыя...
I толькі цяпер, каля царквы, яго пакрысе стала адпускаць. Ён і не чакаў, што ўбачыць такое мора святочных людзей, што будзе ўсё так урачыста, сур’ёзна... Гэты святы ў сваёй наіўнасці попік не прыкідваўся, не крывадушнічаў, ён папраўдзе, як у самога Бога, верыў у тое, што пасля асвячэння беларуская зброя прывядзе да перамогі; і гэтая вера, як і любое сапраўднае, не магла не перадавацца іншым. I калі зацягнулі «многая лета», у Чайкі зашчыпала ў горле — такімі нікчэмнымі, гадкімі падаліся сумненні свае апошняга часу, усё гэтае самакапанне — як прыкмета, па вялікім рахунку, звычайнай трусасці!..
Нехта пацягнуў яго за абшлаг шыняля. Дакончыўшы жагнацца, Чайка павярнуўся. Перад ім стаяў Даніла.
— У штаб, тэрмінова, пан камандзір! — ад хвалявання ардынарац звярнуўся афіцыйна.
Чайка, нічога не пытаючы, пайшоў за ім. Параўнаўшыся з цвінтаром, ён убачыў паперадзе строю Чуба — у адной руцэ той трымаў таўсценны дзяржак сцяга, другой клаў на грудзі размашыстыя крыжы; твар яго быў заміраны, спакойнаціхамірны...
Даніла перахапіў камандзіраў пагляд, таксама азірнуўся на Чуба.
— Перацягнуць бы чорта гэтым дзержаком! — выціснуў разгневана.— Галоўнае, яшчэ і торбу з гасцінцамі прынёс!..
— Якую торбу? Што здарылася?
— Бяда здарылася, Павал Пятровіч! 3-за яго вунь бальшавікі ўночы акружылі вёску, людзей пастралялі — Васілько малы прыбег толькі што... Дзяніса майго арыштавалі! I ўсё з-за дурня гэтага!..
Перад тым як падняцца на ганак, Чайка прыпыніўся. Прамовіў, кратаючы на няголенай барадзе выпуклы, на белую вусеніцу падобны шнар:
— Якая ж гэта бяда? Гэта не бяда, гэта тое, што й павінна было быць. Дапацыкаліся... Гэта толькі пачатак!
XVI
А ў сяле адбывалася вось што.
He паспелі Чуб са старым Карпам выйсці на вуліцу, як ад Дзянісавай хваробы не засталося і следу; ён вызірнуў у акно, сарваў з калочка-вешалкі шынялёк, сунуў у кішэню маўзер, выскачыў на двор і, прыгінаючыся, хуценька папраставаў агародамі да суседняе хаты — той самай, з якой быў малы Васілько, што папярэдзіў іх пра чырвоных, і, галоўнае, той самай, дзе жыла яго сястра — крэпенькая круглашчокая «безадказная» (даходзілі да Дзяніса чуткі) Лізка.
— Ай, малайцы! — не хаваў радасці ад з’яўлення госця Лізін бацька, дзядзька Ладусь, мітусячыся каля стала.
— Трэба ж — так спрытна ўхайдокалі! А вось я дарма што стары, а не змог бы!.. Так я што хочаш: і цяля зарэжу, і кабана, а вось чалавека — не дай Бог! — казаў, нібы хвалячыся сваёй гэтай няздатнасцю. Невялічкі, з хітраватымі вочкамі, хуткі на язык і на рухі, падобны нечым на брыгаднага «апостала ў лапцях» Мяшочка (на якога часта, калі ён выступаў, Дзяніс з сябрам Валодзькам Піліпчуком глядзець не маглі без смеху).— Я ж і ў варміі не быў ніколі, не ведаю, якім бокам тую стрэльбу наводзіць...
У хаце было холадна. Хоць і прапальвалі, але дзьмула з усіх шчылінаў, асабліва ад акна. Дзяніс у шыняльку, толькі фуражку скінуў, сядзеў на покуці і, панурыўшыся, не слухаючы дзядзьку Ладуся, круціў у пальцах шклянку з жаўтаватай смярдзючай самагонкаю. Даўно сцямнела. Самаробная газнічка куродыміла ў вочы і паўкругам асвятляла стол з бутлем на ім і з беднай закуссю: міска квашанай капусты, вараная бульба на ручнічку, соль ды цыбуля. У другім кутку, каля печы, гарэла, патрэскваючы, смольная лучыніна, ціха татахкала прасніца — Ладусева жонка, цётка Ёўга, ссучвала на верацяно кудзелю. Побач на поліку прыткнулася чырванашчокая Лізка, яна змотвала ў клубок гатовыя ніткі і мяняла час ад часу лучыніны (чорныя абгарышы ляцелі ў чыгун з вадою і з шыпеннем тухлі). Ногі яе, абутыя ў лапцікі, не даста-
валі падлогі, яна хістала імі і не зводзіла з Дзяніса бліскучых вачэй. Малы Васілько, натомлены і намерзлы, спаў на печы.
«Ды не цягні ты, расказвай! — будзе ўмаляць Валодзька Піліпчук.— Ну, пабілі вы чырвоных — і што далей?» — «Што-што, пайшоў вады папіў... Тады думаю, навошта мне тое Семежава здалося, гульну, думаю, хоць які дзянёк, раз ужо так падшэнціла. Да дзеўкі, думаю, адскочу»,— «Да дзеўкі?! — абамлее ад зайздрасці, не паверыць Піліпчук.— У цябе хіба дзеўка ёсць?» — «Ну ты смешны — і не адна. А гэтая, Лізка, ты не ведаеш яе. Кажу Чубу — так і так, захварэў, кажу, нешта горла баліць. Чуб хітры, здагадаўся, вядома. Маўзер Кецкаў пакінуў. Закурыць маеш?» — «На!» — і пакуль ён марудна пачне скручваць цыгарку, Валодзька будзе прытупваць ад нецярпячкі. «Ну, далей!» — «Што далей — не паспела ад’ехаць падвода, як я маўзер у кішэню, ногі ў рукі — і да дзеўкі. Вось... (будзе расказваць, расцягваючы словы, у доўгія паўзы пыхкаючы самакруткаю), ну, з бацькам яе пасядзелі, выпілі, значыць...» — «Выпілі?!» — «Ну ты смешны — як жа без гэтага? Гляджу — яна, ну, Лізка, ножкамі так і стрыжэ, вочкамі так і свеціць...»
— Дзяніс! О Дзяніс, чуеш?
Ён страпянуўся. Дзядзька Ладусь са шклянкаю ў руцэ сядзеў з краечку лавы, быццам не гаспадар, а госць быў тут.
— Я, Дзяніс, гэта... Кажу, не змог бы чалавека забіць...
— А ён, можна падумаць, змог,— насмешліва абазвалася з поліка Лізка.— Нябось напалохаўся, уцякаў, як заяц!
— Так і было,— пацвердзіў Дзяніс.
Дастаў з кішэні маўзер, агледзеў яго ўважліва, дзелавіта. Паклаў назад у кішэню.
— Ага, такі спалохаецца! — Дзядзька Ладусь з павагаю, з любоўю і з гонарам за яго сачыў за гэтымі рухамі.— Ты, Дзяніско, сынок, на мяне не глядзі, пі сабе і закусвай!
Выпілі; дзядзька Ладусь далікатна, у шчопаць, захапіў капусты з місы — ніякіх ні відэльцаў, ні лыжак на стале не было. Дзяніс макнуў у соль цыбуліну, падумаў — ну і галота, трэба было здагадацца прынесці хоць сала які кавалачак... Ці толькі Лізку прысароміў бы гэтым?.. Які ён усё ж малайчына, што прыйшоў сюды.
Прыемна, добра, утульна было, нягледзячы на холад... Ад самагонкі, ад лісліва-хвалебных слоў дзядзькі Ладуся, які, вядома ж, як і кожны бацька, прымае яго за зяця, ад ціхага татахкання пралкі, ад паглядаў Лізчыных, ад таго, што Васілько спіць на печы (малы — не тое што ён, дарослы хлопец