Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
XVIII
Дзяніс прачнуўся.
Нейкі час ляжаў нерухома, гледзячы ў столь. Ружовае святло палоскай ткалася праз вузкае акенца прылазніка. На шкле расквечаныя былі ўзоры, такі за ноч узяўся мароз.
Ён успомніў усё. Памацаў каля сябе — пуста. Лізы не было. Ен падхапіўся, падняў з долу шынель, абтрос. 3 кішэні выпала хустка. Ён нагнуўся, але падняць так і не паспеў яе: стукнулі дзверы, і дзяўчынка ўляцела ў прылазнік. Яна не магла слова вымавіць... Ён уважліва паглядзеў на яе. На міг яму стала прыкра. Усё ўчарашняе растала разам з цемраю. Так, засталася толькі прыкрасць. Цяпер, раніцаю пасля ўсяго, ён бачыў, якая яна непрыгожая. А гэты перакошаны страхам рот, які ён учора, перасільваючы сябе, так цалаваў!..
— Там... на полі... Я пабягу!
Ён схапіў яе за плечы. Усё яшчэ не разумеючы, што здарылася нешта куды больш важнае, чым тое, што было сёння ўночы, прашыпеў:
— Што там? На полі?
— Бальшавікі людзей страляюць! Трэба бегчы!..
— Я табе пабягу! — Ён адштурхнуў яе.
Яна адляцела да акна, войкнула, вытнуўшыся аб падаконнік.
He звяртаючы на яе ўвагі, Дзяніс прыпаў да ўзорыстай шыбіны. Нічога не было відаць.
Яна паднялася. Як раздражняла яго гэтая яе пакора, гэты вінаваты страх у яе ў вачах! Навошта яна паказвае, што баіцца і думае ў ім знайсці абарону?! Яму б самому цяпер да каго дужэйшага прытуліцца!..
Ён дастаў маўзер, пачаў азірацца па баках. Яна падскочыла, павісла ў яго на руцэ, знізу ўверх умольна гледзячы:
— Дзяніска, не трэба!
Ён застыў, як акамянеў, пакуль яна сама марудна не адпусціла яго.
— Сядзі тут і не рыпайся! Ясна табе?!
Адчыніў грубку, сунуў маўзер у самы попел. Рука была чорная, ён вылаяўся і пачаў выціраць яе аб другую, чыстую. Скарыстаўшыся замінкай, Ліза схапіла з падлогі хустку і куляю рванулася міма яго, шуснула ў дзверы. Ён не паспеў злавіць яе.
Выбег за ёю на двор. Тут было зусім светла. Яркае сонца і белы снег ударылі па вачах, асляпілі на міг.
Са злосці, з гарачкі прабег трохі за дзяўчынкаю... Калі ж падняў галаву, падбіўшы брыль фуражкі, што спаўзала на вочы,— анямеў. Ногі перасталі яго слухацца. Ён спатыкнуўся і ўпаў на коленцы. Зараз ён убачыў усё: і гэтую масу людзей на пагорыстым полі, і «табар» падводаў пры дарозе, і ваенных, перамешаных цяпер з вяскоўцамі... Убачыў, як усё калышацца там, ходырам ходзіць, пачуў, як гудзе гэтая маса — не гудзе нават, а галосіць, плача, вішчыць, вые і лаецца...
Але і гэта было не ўсё. Самае страшнае, што некалькі чырвонаармейцаў з вінтоўкамі стаялі воддаль ад натоўпу і пазіралі сюды. Сонца свяціла ім у вочы, і яны прыкрывалі іх далонямі. Яны глядзелі на Лізку, якая бегла да іх з непакрытай галавою, махаючы заціснутай у руцэ хусткай, і на яго, Дзяніса. Яны добра бачылі яго. I чакалі. Ды нават калі б і не бачылі, Лізка ўсё расказала б!.. Труслівая малая сучка — навошта ён звязаўся з ёю!..
Ён хуценька ўскочыў на ногі. Ліхаманкава, загнаным зайцам, агледзеўся... Можа, не позна яшчэ? Можа, паспрабаваць як уратавацца? Справа поле, злева хаты — далёка, ды і толку,
выпаруць і з хаты... Азірнуўся —ззаду, за лазняю, па той бок рэчкі цягнуўся клінок рэдкалесся... Туды? Калі пашэнціць, можна дабрацца да лесу... Позна! Ды і страшна — куля здагоніць... Мала яму ўчарашняга ўрока, калі на гэтым вось самым месцы, дзе ён стаіць цяпер, ляжаў ужо адзін такі разумны!
Дзяніс пабрыў да людзей. Калацілася сэрца, яно то падала ў жывот, то падскоквала да глоткі. Двое чырвонаармейцаў, з тых, што стаялі і глядзелі на Дзяніса, як толькі ён зрабіў першыя крокі, ускінулі вінтоўкі, але тут жа і апусцілі: мабыць, хтось распарадзіўся не страляць. Гэта крыху падбадзёрыла, падбавіла яму сілы. Падалося раптам, што ўсё гэта не так сабе, нездарма яго чакаюць, што ён звязаны з тым, што адбываецца на полі, і з’яўленне яго можа на нешта паўплываць, нешта важнае зможа вырашыць.
Вайскоўцы — толькі цяпер сярод іх ён убачыў Кецку — пачалі спускацца з пагорка яму насустрач. Ліза параўнялася ўжо з імі, яны нават не зірнулі на яе. Яна растварылася ў натоўпе. Дзянісу пачулася, ці толькі падалося яму, што і яе голас уплёўся ў гэты раздзіраючы душу канцэрт,— нібы галасілі, і вылі, і крычалі ўсе там на адной цягучай, доўгай ноце...
-— Бягом! — крыкнулі яму.— Бягом, каму сказана!
Ён пабег. Ружавеў пад нагамі снег, стракацеў перад вачыма роўны ланцужок Лізіных слядоў, і Дзянісу прыкра было, што ў яе такія маленькія, частыя крокі: кепска падладжвацца пад іх, бяжыш, нібы па шпалах.
Дапаўшы да чырвонаармейцаў, ён перавёў дых. Тыя моўчкі расступіліся, прапускаючы яго, потым зноў сышліся за ім. На іхніх тварах Дзяніс убачыў адно цікавасць. Вінтоўкі былі апушчаныя. Ён падняў галаву — перад ім стаяў Кецка, гнеўны, са сціснутымі кулакамі. Ззаду за Кецкам Дзяніс паспеў яшчэ заўважыць шчупленькага барадатага камісарыка, нейкага хлапчука ў пухірыстых на каленях галіфэ, яшчэ нейкіх — у скуранках, галіфэ і без вінтовак, і ўсю гэтую шоблу, акружыўшы яе, група чырвонаармейцаў штыкамі абараняла ад насядаўшага натоўпу.
— Ты што ж гэта, шчанюк...
Моцны ўдар у вуха збіў з Дзяніса фуражку. Сыпанулі з вачэй іскры, зазвінела ў галаве... Кецка паціраў бяспалую руку.
— Бацьку роднага забіваюць, а ты хаваешся?!
I яшчэ ўдар, у другое вуха. Дзяніс пахіснуўся, але на нагах устаяў.
— He трэба...
Ён шморгнуў носам, прыклаў да яго далонь. Адняў — на ёй была кроў.
— He трэба болып, дзядзька Косцік!
Як ні дзіўна, але Кецкавыя плюхі памаглі яму. Нібы павыляталі з вушэй ватныя затычкі, а з вачэй спала ружовая, як гэты снег, плёнка. Разам з фізічным болем вярнулася адчуванне рэальнасці. Ён неяк інакш, чым да гэтага, вастрэй пачаў бачыць усё і чуць. I калі нагнуўся, падняўшы фуражку і збіваючы аб калена з яе снег, і выпрастаўся — у галаве праяснела.
Ён убачыў, як смела варушыцца і насядае на чырвонаармейцаў натоўп, пачуў, як выюць бабы: «Біце, каліце іх!» — і піхалі змярцвелых ад перапуду дзяцей на штыкі.
— За што вы страляеце нас?!
— Вы ж горшыя за палякаў, за немцаў!
Іншыя бабы самі снапамі валіліся ў ногі; чырвонаармейцы лупілі іх насцакамі, не шкадуючы, і прыкладамі адштурхоўвалі падалей ад начальства, назад, у натоўп... Яшчэ Дзяніс убачыў, што ўбаку, ля падводы (знаёмай нейкай падводы!), стаяць пад нацэленымі на іх чатырма вінтоўкамі яго бацька і другі дзедаў сын; убачыў таксама, як трошкі воддаль, па другі бок той жа падводы, варушыцца якісь клубок людзей: жывых уперамешку з мёртвымі. Цётка Ёўга, укленчыўшы, падняўшы ўгару рукі, галасіла — з-пад хусткі павылазілі касмачы, сівая і страшная, была яна падобная на ведзьму; побач, у такой самай позе — рукі ўверх — сядзела на снезе і тонка падвывала Лізка... Яшчэ пазнавалася ў тым людскім клубку дзедава нявестка, якая рытмічна, са стараннасцю дбайнай манашкі на малебне, білася галавой аб снег. Другая нявестка, з малым на руках, насядала на чырвонаармейцаў, упарта старалася насадзіць дзіця на штыкі; з нагі ў малога зляцеў белы валёначак, дзед падабраў яго і круціў у руках, тупа пасміхаючыся...
Маленькі Губмян хутка падышоў да Дзяніса. Баючыся, што зноў пачнуць яго біць, Дзяніс закрыўся рукамі.
— Гэты? — недаверліва спытаў Губмян у Кецкі.
-— Так точна, адзін з учарашніх, таварыш камісар. Распарадзіцеся, каб адпусцілі людзей, ён усё раскажа! Я з ім сам пагавару!
— Толькі не біце, дзядзька Косцік! — заспяшаўся Дзяніс.— Я ўсё скажу!.. У мяне і зброя ёсць, там, у лазні! — матлянуў галавою.— Прынясу зараз...— і ўжо нават кінуўся
быў, але бліжні чырвонаармеец, як шлагбаумам, вінтоўкаю перакрыў яму дарогу.
— Куды? Стаяць!
— Разам пойдзем. Шуруй, паказвай! — Кецка піхнуў Дзяніса ў плечы.
Камісар зрабіў знак чырвонаармейцу, і той, ускінуўшы на плячо рэмень вінтоўкі, таксама выправіўся за імі. Так і пайшлі след у след: першы Дзяніс, тады Кецка і апошні чырвонаармеец, які ціхенька пасвістваў.
У натоўпе зразумелі, што расстрэльваць больш не будуць, але, як заўсёды бывае, людзі не сціхлі, не супакоіліся; наадварот, усчаўся гвалт яшчэ большы, чым калі была рэальная небяспека.
Салдат-свістун крыху адстаў. У лазню зайшлі толькі Дзяніс з Кецкам. Хлопец кінуўся да грубкі, выцягнуў маўзер, аберуч падаў яго гаспадару.
— Вось!.. Ваш, дзядзька Кастусь!..
Яны былі ўдвух, чырвонаармеец сюды нават не заглядваў.
Кецка, азірнуўшыся, узяў Дзяніса за каўнер, прыцягнуў да сябе блізка — так, што з рота патыхнула нячышчанымі зубамі,— і зашаптаў:
— Слухай і запамінай... На атрад напалі ў лесе, за вёскаю! Будзеш казаць, што ў лесе была засада, чырвоных пабілі, а ты спалохаўся і ўцёк. Дамоў. Усё зразумела?
Дзянісу, сціснутаму, цяжка было нават кіўнуць, і ён толькі згодліва заморгаў вачыма...
Калі яны ў тым жа парадку прытупалі ад лазні, чырвонаармейцы ўжо скончвалі свае хуткія зборы. Кулямёты былі пагружаны на падводы. Салдаты, пастроеныя ў калону, чакалі каманды. А бабы ўсё не ўнімаліся!..
Кецка, перакінуўшыся з Губмянам парай слоў, падштурхнуў Дзяніса да падводы, на якой ляжалі забітыя, загадаў:
— Лезь!
Дзяніс у апошні раз азірнуўся. Хацелася ўбачыць бацьку, і ён убачыў яго. Убачыў, як ён стаіць, гарбаты і няшчасны, а раскалмачаная, сівая і страшная цётка Ёўга, захлёбваючыся слінай і ярасцю, крычыць яму ў твар:
— Каб вы ўсе перадохлі, уся радня вашая... з-за вас усё, гэта ж у вас на дварэ пабілі... дык вы цэлыя ўсе, а мо-о-ой... хто ж мне яго падыме-е-э!..
Лізка, седзячы на карачках, ціхенька галасіла каля мёртвага бацькі.
«Хоць зірні, глянь!» — узмаліўся да яе Дзяніс, у якога сэрца зайшлося і ад гэтых «цешчыных» праклёнаў, і ад таго,
што ён арыштаваны, што забіраюць яго некуды, што трэба лезці яму зараз да гэтых акачанелых мерцвякоў і ўмошчвацца неяк разам з імі, паміж імі ці на іх, на ледзяной акамянелай назе, руцэ...
Дзяўчынка мальбы не пачула.
— Атрад... Ойсь... Агам... Арш!
Караван з чатырох падводаў і атрад пяхоты рушылі на Вызну. Калона была акуратная, па чатыры, ісці стараліся плячо да пляча, роўна, нават у нагу — не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі. За апошняй падводай, на якой ехаў разам з забітымі жывы пакуль Дзяніс, беглі два жоўтыя сабакі з падціснутымі кашлатымі хвастамі і з вінавата апушчанымі чорнымі мордамі.