Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
А мо ён проста многага патрабуе ад савецкіх дактароў? Ды не, элементарнага — чалавечнасці. Бо сваёй залішняй
строгасцю, грубасцю, сваім нагнятаннем варыянта толькі негатыўнага, падрыхтоўкай толькі да горшага — аж да таго, што «пакінь надзею!», яны перабіралі ўжо занадта. Здавалася б, ім прасцей, лягчэй, выгадней, урэшце, больш гуманна было б падмануць хворага, наабяцаць яму залатыя горы здароўя... А не!
А раз яны робяць наадварот, сумна разважаў Трухан, дык шукай прычыну ў практычным: даць трэба «ў лапу». Інакш,— заплаціць.
Ён уяўляў сябе тады на месцы доктара, і жахліва яму рабілася. Няўжо можна да аднаго хворага ставіцца інакш — дабрэй, прыязней, а да другога — як да паддоследнага сабакі — толькі таму, што заплацілі ці папрасілі? Толькі па прычыне хабару, пратэкцыі, блату? У любой іншай сферы, дзе хочаш такое дапускалася, толькі не ў медыцыне.
Былі б гэтыя развагі зусім моташныя, каб не контраргумент, каб не выдатны доказ, што гэта — няпраўда. Вось акурат медыцына і ёсць тая штука, дзе малы толк і ад хабару, і ад пратэкцыі, бо хварэюць і паміраюць як любыя багатыры, так і самі, як гэта ні парадаксальна, медработнікі.
На дактароў, як на жонку Цэзара, не павінна было падаць падазрэнне. Затое як раздражняў, злаваў, з сябе выводзіў гэтак званы малодшы і сярэдні персанал — санітаркі і сёстры. Гэтыя ну ніяк не хацелі разумець, якія глабальныя пытанні стаяць перад хворым чалавекам, і пастаянна лезлі са сваім дробным, надакучлівым глупствам. Як бы адзінай іхняй задачай было — пазбавіць яго адзіноты, не даць яму пабыць аднаму. Яны пастаянна адрывалі Трухана ад думак пра галоўнае і атручвалі яму — цалкам магчыма — і гэтыя некалькі лішніх, падараваных лёсам дзён, якія ён хацеў патраціць на падвядзенне вынікаў і на развітанне...
Дзе там! Увесь час ён камусь трэба быў, яго шморгалі, клікалі, шукалі, пыталі — прычым адна пытае слова ў слова тое самае, што некалькі хвілін назад — другая. Ён цярпліва адказваў.
Сястра-гаспадыня насварылася, чаму не ўзяў «з дому» свой ручнік, бо казённых мала, а хворыя, якім выдаюць, выпісваюцца і забіраюць на памяць.
«Я, далібог, не краў, я ўпершыню ў вашай бальніцы»,— паспрабаваў аджартавацца Трухан.
Гэтыя словы чамусьці так расстроілі жанчыну, што яе «на пасту» адпойвалі кроплямі. Усё ж прынесла — як ад душы адарвала: мытую-перамытую, зжаўцелую ад старасці вафельную анучку, і пад распіску выдала.
Потым: «забор (у сэнсе забіранне) крыві». Брыдкая працэдура! Прыцмокванне «грушы», шум у вушах... To руку не так паклаў, то вену не знайсці, то палец паганы... Ды ўсё з уздыхамі, нервамі, з паказваннем, што ў тым, што ў яе такая нелюбімая, абрыдлая праца, вінаватая не яна, а вы — падсобны матэрыял, такія вось бесталковыя хворыя...
I ў сталоўцы без крыку не абышлося: чаму не ўзяў зноўтакі «з дому» лыжку з кубкам?! I таксама, павойкаўшы, на «службовае злачынства» пайшлі, выдаўшы яму — пад клятву аддаць — шклянку з чайнай лыжачкай.
Дзе б ён ні паяўляўся, усюды выклікаў незадаволенасць, вохканні, айканні, усё рабіў не так і не тое. Працэдурная сястра бурчэла: дзе аднаразовыя шпрыцы? — я на вас не назапашуся... Санітарка насварылася, бо з-за ягонай тумбачкі выграбла кучу бруду, скарынкі і крошкі, шалупінне, хаця выдатна ведала, што ён гадзіну назад як паступіў і яшчэ нават тумбачкі адкрыць не паспеў. У рэнтгенкабінеце сустрэлі лаянкай — чаму пантофлі не зняў каля ўвахода?!
I паступова на яго новая хваля раздражнення накатвала. Ды чаго вы так перажываеце? Адкуль я ведаў? Хто мяне папярэджваў? Няўжо я знарок, за мэту сабе паставіў непрыемнасці вам чыніць?
Але нават не гэта крыўдна было. Што яму прывыкаць — савецкаму хвораму ў савецкай бальніцы? Горш было тое, што з усіх гэтых прыдзірак і прэтэнзій вынікала — калі б ён, дапусцім, захапіў уласны ручнік і кубачак з лыжкаю для сталовай і зняў пантофлі пры ўваходзе, дык для яго не паўставала б пытання Смерці; інакш ад гэтага магло б залежаць, будзе ён жыць ці памрэ.
Альбо такая накладка. У палату ўкаціла сястра кропельніцу:
«Лягай».
Ен лёг пакорліва, у белую столь гледзячы. Тут праз пару хвілін другая сястра прыляцела, іголку вышмаргнула, толькі кроў на прасціну пырснула...
«Чаго ты маўчыш ляжыш?!»
А ў яго ніхто і не пытаў. Аказалася, у суседняй палаце ёсць хворы па прозвішчы Труман, таксама нядаўна паступіў, і іх паблыталі. I далей, канечне, пастаянна пачалі блытаць. To ўкол, то кропельніца, то таблеткі, прызначаныя Труману, патраплялі ў палату да Трухана. Але і Трухан ужо зрабіўся вучоны.
«Каму?» — пытаў ён.
«Табе, каму ж яшчэ!»
«Паглядзіце добра».
«Ну, паглядзела — табе, Труману!»
«Але я — Трухан».
Сусед па палаце жартаваў:
«Глядзі, каб Трумана замест цябе на аперацыю не забралі! Бо ў нас што хочаш бывае. Такі ўкольчык упякуць, што і аперацыі не спатрэбіцца...»
Гэты сусед быў копіяй Антонава з таго жыцця (а можа, і прамым яго нашчадкам); з такімі ж дурнымі жартамі, хамскімі зваротамі, і так многа ён гаварыў, што Трухан, часам забываючы, дзе знаходзіцца, лез у тумбачку па сухар, каб даць яму і каб ён заткнуўся.
«...А то неяк бальнічны далі на халяву,— вяла, манатонна распавядаў гэты «ўнук Антонава».— Тры дні гуляў на вяселлі. На работу ісці, а як ісці? Прыходзіць знаёмы. Кажа, давай у магазін, купі пляшку гарэлкі і бутэльку шампанскага. Я збегаў. Цяпер — бінт і цёплая вада. Мочыць бінт, туга бінтуе мне да калена нагу... Цяпер — стаў нагу на табурэтачку. Я паставіў, ён нечакана — як урэжа па назе бутэлькаю! Боль люты. Выпілі гарэлку, я разбінтаваў — нага чорная, распухлая, у вядро не ўлазіць. I пералому няма — і месяц бальнічнага!»
Слухаючы яго,— а не слухаць не можна было,— Трухан пачынаў разумець, чаму так палохала яго заўсёды «звычайнае, простае чалавечае шчасце», чаму яно здавалася яму горай нават за тое, што ён на гэты момант мае.
Іншыя аднапалатнікі, чацвёра іх было, даймалі Трухана больш тонкім спосабам — параўноўвалі яго з нейкім Квяткевічам, які раней тут ляжаў. Як толькі звярталі ўвагу на Трухана, так аўтаматычна згадваўся Квяткевіч.
Пачалося з дыягназу, з таго, што Трухану аперацыю будуць рабіць.
«А вось Квяткевічу — тутачкі ён ляжаў, на тваім ложку, ніякай аперацыі не рабілі!»
Пры Квяткевічу ў палаце быў тэлевізар, «відак», магнітафон.
«А ў цябе ёсць?»
«Няма».
А як умеў Квяткевіч травіць анекдоцікі! А ў карты як гуляў!
«А ты гуляеш?»
«Не».
Пры Квяткевічу з палаты не вылазілі наведнікі, госці, дзеўкі... Спіртное прыносілі, прысмакі розныя.
«А да цябе чаму ніхто не прыходзіць?»
I гэтак далей, і да таго падобнае, і ў кожным выпадку параўнанні былі не на карысць Трухана — нібы ён стаў нейкім іншым полюсам, адваротным бокам, негатыўным двайніком таго невядомага Квяткевіча.
3
...Калі ў першым акце на сцяне вісіць стрэльба, дык у апошнім яна павінна... даць асечку.
I раптам — у суботу пад вечар гэта здарылася, нечакана для сябе і для аднапалатнікаў Трухан пачаў набіраць балы ў завочным паядынку з Квяткевічам.
Hi з таго ні з сяго пераводзяць яго ў другую палату. He проста лепшую, а «люксавую», на два чалавекі разлічаную, а другога няма пакуль, толькі ложак, так што лічы — аднамесную. Тэлевізар, халадзільнік... Хоць і навошта яны Трухану? А самае цікавае і падазронае, што адносіны дактароў і медперсаналу рэзка змяняюцца — у бок паляпшэння і ветлівасці.
Значыць, зусім дрэнь справы, думаў Трухан, раз так насіцца пачалі са мною. I зусім быў упаў духам, каб не візіцёры да яго. Церашкоў з Ведрычам.
Ад іх пахла марозам і здароўем.
«Але ж і скрытны ты! — з парога пачаў Ведрыч.— Hi слова, ні пісьма, ні запіскі! Я ўвесь універмаг (так Ведрыч называў універсітэт) на вушы паставіў, пакуль даведаўся, дзе ты».
«Навошта?!»
«Яшчэ ганарыцца! Адной нагою ў магіле, а ўсё адно гонар паказуе. Саромеецца яшчэ. Сорам — гэта падохнуць раней часу. Нэлі была ўжо?»
Вось толькі калі дапяў Трухан. Як ён адразу не здагадаўся? Ну, канечне. Ад каго, як не ад цыніка, хама Ведрыча, можна чакаць дабра ў гэтым свеце? Ну, вядома: усё разведаў, успомніў, хто ў Нэлі бацька... Дамовіўся. I вось вынік — гэтая палата, ветлівасць, павага... Першы раз у жыцці Трухан пажынаў плады блату.
Ведрычу было сорамна за зробленае дабро. Цяпер ён хаваў яго пад панцырам грубасці і развязнасці.
«...Доктар-нацыяналіст войстрыць бруском скальпель,— расказваў, разваліўшыся на незанятым ложку, ён (Церашкоў прымасціўся ў нагах).— Хворы ляжыць на аперацыйным стале і калоціцца. «Доктор, доктор, я умру?» — “А я-ак жа!”»
Трухан засмяяўся, але не сказаць, каб весела.
«Умееце вы настрой падняць...»
«А то яшчэ,— сказаў Церашкоў.— Заходзіць адзін у белым халаце ў палату, з метрам, пачынае хворых абмерваць. «А навошта гэта, доктар?» — “Я не доктар, я сталяр...”»
«Дзякую! Вас толькі ў адведкі пасылаць. I напалі ж на тэму!»
«Ці такі яшчэ анекдот...» — разышоўся Церашкоў.
«Ну, хопіць,— спыніў яго Ведрыч.— Бо сапраўды...— I адразу ж сам: — Сапёр падарваўся на міне, трэба камусьці тактоўна паведаміць жонцы. Прыходзіць камандзір узвода, пачынае: “У кожнага ў жыцці здараюцца памылкі...”»
Трухан слухаў, пасміхаўся, і, як ні дзіўна, лягчэй яму рабілася, меншаў страх ад гэтага чорнага, недарэчнага гумару.
Церашкоў з Ведрычам былі з раніцы, а пасля абеду, на «ціхай гадзіне», калі сцямнела, снег за акном стаў сіні ад ліхтароў і Трухан прылёг адпачнуць, з’явіўся яшчэ госць — Іван Паўлавіч.
«Ну, як мы тут? — весела пачаў, па сваёй звычцы паціраючы рукі перад тым, як павітацца.— Пагаворым? Толькі можна не ў палаце»,— чамусьці адразу прапанаваў ён.
Выйшлі на калідор. Размясціліся ў «светлавой кішэні» — там, дзе агульны тэлевізар, вазоны, фікусы, крэслы і часопісны столік. Каб захацеў, дык лепшага месца не знойдзеш. Ніхто не перашкаджае. Ціха. На «пасту» за асветленым сталом сястра штось піша. Прыцемкі, утульнасць...
Нешта падобнае аднойчы Трухан сабе ўяўляў ужо — на лекцыі, калі ў думках нібыта размаўляў з Ведрычам. I вось усё на самай справе. Хай з іншым субяседнікам, хай у іншых умовах... Але тут што цікава: ну, нічога ж немагчыма выдумаць, каб не спраўдзілася! Міжволі падумаеш — ды ці не плануе чалавек сам свой лёс? Ці не мосціць ён уласную сваю будучыню, раз за разам накіроўваючы святло ліхтарыка ў далёкую цемру? Вось і атрымоўваецца — кожнаму па жаданнях яго, як спланаваў, так і атрымай.