Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Тады, можа, у супрацьлеглы бок? На захад? Праз Варшаву, якую акурат у гэты момант аблажылі войскі Тухачэўскага,— у Германію, Францыю, Англію? Да сваіх жа братоўбеларусцоў-эмігрантаў, бо хто яшчэ, акрамя іх, прыме яго — не Керзан жа з Пуанкарэ ці дэ Голем (які да таго ж сам пакуль яшчэ дужа дробная фігура)... Ды і свае, эмігранты, ці прымуць? Ці паціснуцца, ці вызваляць месца для яшчэ аднаго няшчасніка? Які толькі тое і ўмее, што «каркаць» пра лёс іхні незайздросны, перакаці-полеўскі... Дык яны гэта лепш за яго ведаюць, такіх аракулаў і без яго нямерана.
У Амерыку — з папярэджаннем пра «вялікую дэпрэсію»? А туды як патрапіць? I дзе знайсці там багатага «спонсара», што пагодзіцца арганізоўваць і аплачваць яму выступленні, на якіх ён будзе баяць заакіянскай, ад цвярозасці ашалелай публіцы пра Другую сусветную вайну ды пра «Трэцюю — халодную», пра перападзел Еўропы, сталінска-гітлераўскі пакт, пра капіталістычны ды сацыялістычны лагеры...
А самае галоўнае, калі дапусціць дзіва, і раптам знойдзецца якісь, выбачайце, наіўны дурань, і захоча выслухаць яго, і «памагчы матэрыяльна», гэта значыць укласці грошы ў яго ■— чым ён дакажа свае прароцтвы? Чым пацвердзіць, што ён — пасланец будучыні? Ён хоць што-небудзь можа? Акрамя слоў? Можа разбурыць савецкі лад у зародку? He даць адбыцца калектывізацыі? Папярэдзіць гібель Купалы з Гарэцкім? He дапусціць вайны, голаду, Чарнобыля? Ен можа намаляваць план канструкцыі касмічнай ракеты? Звышгукавога ці любога іншага самалёта? Камп’ютэра, тэлевізара, халадзільніка, магнітафона?..
Ды ў тым і справа, што нічога гэтага ён не можа! Нават простай схемы аўтамата Калашнікава ён не ведае! Нічога ён не можа. Таму не варта пераацэньваць сябе. He трэба быць вялікім мудрацом, каб зразумець, што нічога добрага не прынясуць яму ні вандроўніцтвы па свеце, ні спробы змяніць ход «гістарычнага воза», а тым больш старанні перакуліць яго, падсеўшы, як тая кандрат-крапівінская жабка, пад яго кола...
I тут вось яшчэ што. Такая вымалёўваецца справа — а трэба яму яно? Гэтыя намаганні змяніць нешта, паўплываць на штосьці, умяшацца кудысьці, папярэдзіць кагосьці... Калі ясна, што любое, нават самае нязначнае, умяшанне ў гістарычны працэс элементарна прывядзе да таго, што...
бацькі яго некалі не сустрэнуцца і ён проста не народзіцца! Во парадокс. Зусім адваротны цяперашняму «Хочаш жыць — умей круціцца»; тут, у ягоным выпадку,— «Хочаш жыць — не варушы нават пальцам!».
...А навокал буяў, адцвітаў сваім запозненым, апошнім ужо колерам ціхі верасень, і ніякай справы не было яму да метафізікі.
Раніцамі доўга трымалася на сівой жорсткай траве-ціпцы раса, і акропленыя ёю карункі белага ліпкага павуціння пад раннімі сонечнымі промнямі блішчэлі, пераліваліся, а ў нізінах, дзе павуціння было найбольш, яно здавалася інеем. Неба яшчэ не страціла свайго летне-блакітнага колеру, але вада ў рэчцы, у якой яно адбівалася, была ўжо свінцова-сіняя. На поплаве адрасталі па трэцім разе канюшына і дзятлаўнік — галоўкі іх набіваліся між пальцаў, калі ісці босым, а пяты калола нядаўняя пакоша... Бульба амаль уся была выкапана; цешылі вока, абяцаючы неблагі ўраджай, пустыя шэрыя загоны, толькі з дзе-нідзе чорнымі кругамі на месцах спаленага картапляніку ды паўз разоры — рады буракоў са свежазялёным, а знізу фіялетавым бацвіннем, ды яшчэ гарбузы дабіраюць апошняе цяпло, валяюцца панамі на пляжы — калі перавярнуць такога нагою, дык адкрыецца белая, як сыр, незагарэлая скура, а ў зямлі застанецца ладная ўмяціна. Доўгія вяроўчыны гарбузніку з агарода запаўзалі на поплаў, блыталіся з травою, пускалі карэньчыкі, урасталі ў зямлю — паспрабуй выдзеры! — і цвілі, цвілі сабе як ні ў чым не бывала буйнымі жоўтымі кветкамі, а потым, дзякуючы познім руплівым пчолам, усяго за якіх пару дзён стваралася завязь — маленькія, з яйка, гарбузікі, якім, канечне, так і не наканавана вырасці.
Недалёкі лес уяўляў сабою жоўта-барвова-зялёнае пано. Клыпаючы туды з лазовым, лёгкім пакуль кошыкам, дзе толькі сцізорык, два яблыкі, рэпа і загорнуты ў анучку кавалачак сала, Трухановіч прамінаў скапаныя загоны, у канцы іх прадзіраўся праз сцяну сланечнікаў уперамешку з кукурузаю, затым праз поплаў, пакідаючы на мокрай pace розныя сляды — адзін, як і трэба, пункцірам, другі — суцэльнай паласою, дабіраўся да вузкай, у карчоўі схаванай кладкі праз рэчку.
Ён крочыў гэтай адвечнай сваёй дарогай, звыкла рабіў простыя рухі — такія, як адхінуць галінку, каб не сцёбнула, спружыніўшы, па твары, услухоўваўся ў ранішнія гукі і адчуваў, як кружыцца ў яго галава — ад ціхай радасці жыцця, ад
магчымасці існавання, ад таго, што вушы могуць чуць свіст крылаў нейкай птушкі над галавою, нос — удыхаць ядранае вераснёвае паветра, вочы — бачыць барвовае золата бярэзніку і асінніку ўперадзе, скура — адчуваць праз гімнасцёрку здаровую ранішнюю прахалоду... I яму здавалася, не толькі галава, а і сам ён марудна кружыцца ў гэтым коле быцця, як тая вунь сухая хваёвая шыпулька ў вертыкальна павешанай сетцы павуціння.
А калі пачынаўся лес, і жоўта-залатая лістота ўзнікала не толькі перад вачыма, а і пад нагамі, і трэба яшчэ час быў, каб прывыклі, пераключыліся з агульнага, «панарамнага», на дэталі вочы, каб маглі пазіраць на гэтае лісце, мох, верас — і не заўважаць іх, бо мэта ж не яны, а запаветная, чырвоная ці карычневая, часта з прыліплым лісцікам, з праедзеным слімаковым следам грыбная шапка, гэты цуд зямны, вяршыня дасканаласці, гэты яшчэ адзін доказ існавання Творцы Найвышняга!..
Тут у лірычнае сузіранне ўмешваўся яго вялікасць практычны рэалізм: вось каб многа, вельмі многа баравікоў назбіраць, насушыць — і ў той, будучы час? Якомусь оптаваму скупшчыку... Абагаціцца можна было б... А з гэтага часу ў той — што?.. А зубец наступны ўжо чапляў чарговы выступ, прыводзячы ў рух больш складанае, хоць і больш знаёмае кола — самааналізу. Добра — хай не можа ён, ды і не павінен, умешвацца ў ход гісторыі. Тады якая ўсё ж мэта маёй засылкі сюды? Якая, высокім штылем мовячы, мая тут місія?!
Глушэча гэтая... Убаку ад ліхіх дарог, прыхаваная ад рэвалюцый і войнаў вёсачка — зацішнае, бяспечнае месца... Мора вольнага часу, лес, рэчка, уласнае жытло, заўсёдны кавалак хлеба на стале... А паперы стос? А алоўкаў аж два? Потым: рука скалечаная якая? Левая... Ці не таму, што правай пішуць? Кульгае зноў-такі... Ці не таму, каб не лётаў на злом галавы, а меў магчымасць спакойна пасядзець, агледзецца, падумаць? I тое, што да цяжкай сялянскай працы, якая б увесь вольны час забірала, непрыдатны... I што пабойваюцца яго і не чапаюць... I што ні да чога і ні да кога ён тут асабліва не прывязаны, а значыць, мае свабоду, найперш духоўную...
Абставіны, фізічны стан, адзінота, чужацкасць усяму і ўсім, незанятасць па гаспадарцы — ці не дужа падазроныя ўсе супадзенні? Як падгадана кімсьці, як знарок створаны для яго гэтыя ідэальныя ўмовы, што не пакідаюць яму ніякіх іншых варыянтаў, а настойліва, адназначна падводзяць да аднаго-адзінага і, што важна, даступнага яму занятку.
4
...Няважна, што робіцца навокал, важна, што робіцца ў душы.
Даўно, яшчэ ў тым будучым сваім жыцці колькі разоў усё збіраўся Трухан-Трухановіч зрабіць такую справу: апісаць вёску сваю, літаральна кожную хату; мала таго — нават узяўся быў аднойчы за гэта, нават прыдумалася, як — ды проста: намаляваць план вёскі, квадрацікамі абазначыўшы хаты, пранумараваць іх... I пішы сабе: «№ 1, хатка-халупа на ўзлеску, жыла Лукер’я, уся ў бародаўках, з іх раслі валасы. Мела дзвюх дачок, Веру і Любу, сама недаядала і іх голадам марыла — усё карове (прымаўка «Лукер’іна карова гладка, як аладка»), Слова-імя Лукер’я зробіцца потым агульным, абазначацьме неахайную, запушчаную, сквапную кабету. Лёс Веры з Любаю, калі Лукер’я памерла. Паверыўшы вярбоўцы (асабліва, здаецца, таму, што даюць кожнаму бясплатна тэлевізар), абедзве паехалі на БАМ, Вера так недзе і згінула, Люба неўзабаве вярнулася з чалавекам, Алікам,— і гэтае імя стане агульным, мянушкаю: «алік» — алкашык, недапечаны, незразумелы... Помніцца, дзівіў ён вёску, акрамя імені свайго, яшчэ тым, што суп сам сабе варыў прама на двары, расклаўшы агонь паміж цаглінак... Ды ці адно гэта! Бог мой, колькі гісторый звязана толькі з гэтай сям’ёю!..
№ 5, пад слівамі, насупраць могілак,— глухі Аўрам жыў, адзін-адзіны раз за ўсё жыццё выбраўся ў раённы цэнтр і адразу ж, ледзь не на вакзале, трапіў пад машыну — «машына зарэзала», як пасля казалі...
№ 8 — хата «Сярбейца», інакш — серба. Адкуль тут узяўся серб, што ён тут рабіў, куды затым падзеўся? А мо гэта і не серб ніякі, а проста служыў недзе на Балканах чалавек, вось табе і бірка налеплена, вусны пашпарт, гэткая праз усё астатняе жыццё суправаджальная «рэкамендацыйная характарыстыка», і яму, і нашчадкам яго...
Кожная хата — клубок лёсаў, процьма гісторый, цэлыя сагі — з нараджэннямі, смерцямі, радасцямі і бедамі, геаграфічнымі перамяшчэннямі і вяртаннямі... Дык гэта ж усяго толькі макаўка, вяршок, тое, што ён ведае павярхоўна. А каб хоць трохі капнуць глыбей, каб распытаць старэйшых каго?..
Ці ўзяць нежывое, ваколіцы — тут увогуле скарб пад нагамі!
Выкраслі план-схему, сінім фламастэрам пакажы на ёй рэчачкі-рачулкі, якія на ніводнай, нават буйнога маштабу, тапаграфічнай карце не пазначаны (а між тым існуюць жа яны, гэтыя рачулкі, і назвы маюць!), зялёным — лясы, жоўтым — палі і палянкі, чорным — тарфянікі і гэтак далей. Пападпісвай: Майстры, Печкі — іх мо штук пяць і ўсе ў розных месцах, Фальварак, Лапленіца, Вудзелкі, Сухі Лясок, Доўгі Лес, Падляскі, Гарэлае, Асіннікі (тыя самыя, дзе і знаходзіўся ў гэтую хвіліну Трухановіч, дзе акурат пад асінаю ў верасе і ўбачыў шапку першага грыба і цяпер прысеў перад ім і, прымінаючы пальцамі верас, вызваляў крэпкую ножку, каб як мага ніжэй, пры самай зямлі зрэзаць яе, потым слімака скалупнуць з пяшчотна-белага нізу, счысціць сцізорыкам жоўтую кроплю следу яго і асцярожна — не злупіць бы заадно і скурку! — адарваць сухі бярозавы лісток з шапкі, і тады — з гэтым белым знакам — грыб робіцца копіяй тых, штучных, шакаладна-пернікавых грыбкоў, што прадаюцца ў каробцы наборам па пяць штук у кожным мінскім універсаме)...