Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы Андрэ Маруа

Падарожжа ў нябыт

і яшчэ 24 навелы
Андрэ Маруа
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 256с.
Мінск 1974
56.44 МБ
— Усё магчыма, дарагі калега, але патрэбны доказы і яшчэ раз доказы... А калі іх няма, злачынца трэба адпусціць.
— Злачынца?.. Вы лічыце яго вінаватым?
— Hi хвіліны не сумняваюся... Няма і не можа быць выпадковага супадзення дзвюх аднолькавых таямнічых смярцей... Ва ўсякім разе матэматычная дапушчальнасць такога супадзення настолькі малая, што яе можна прыраўняць да нуля.
— А хіба вашы вывады не з’яўляюцца дастатковым доказам?
— Для вас і для мяне — так... Магчыма... Але я не ўяўляю, каб суд прысяжных мог абвінаваціць на падставе адных праўдападобных меркаванняў... He, калі следства не дасць нічога больш грунтоўнага, прыйдзецца гэтага Дзюрука апраўдаць...
Так яно і было. Дзюрук вярнуўся ў замак Клеры, але ўсе яго служачыя паразбягаліся. Я думаў, што пасля такой агульнай няславы, ён куды-небудзь выедзе. Нічога падобнага! Ён упёрся ў сваё. Парк здзічэў. Ліпавыя альтанкі без догляду разрасліся так, што засланілі дом.
Мінула некалькі гадоў. I вось аднойчы Пон-дэ-Лёр з абурэннем даведаўся, што Дзюрук у Парыжы ажаніўся трэці раз і ў замку Клеры з’явілася новая гаспадыня. Гэта гісторыя пачала ўжо нагадваць прыгоды Сіняй Барады, і сёй-той з нашага кола прадказваў з цвёрдай упэўненасцю блізкую смерць неасцярожнай жанчыны.
Хто яна? Адкуль? Дзе ён яе падхапіў? Гэтага так і не ўдалося высветліць. Маладзенькая дзяўчына. Звалі яе Далорэс дэ Кеведа, але, нягледзячы на сваё імя, яна была францужанка, ва ўсякім разе па-французску гаварыла без акцэнту. I хоць я пазнаёміўся з ёю значна пазней, у пару яе сталасці, але скажу, што мне рэдка даводзілася бачыць жанчыну зграбнейшую. Чысценькі правільны твар, гладкія чорныя валасы, высо-
кія круглыя бровы, выгляд уладарны і спакойны. Гэты Дзюрук, хоць і вялікі нягоднік, але ўмеў разбірацца ў жаночым харастве.
Пра сумеснае жыццё Дзюрука з жонкай ад трэцяга шлюбу нічога не магу расказаць. Паміж Клеры і Пондэ-Лёрам усякая сувязь парвалася. Ніхто туды не ездзіў і адтуль не прыязджаў. 3 1902 да 1907 года над гэтым глухім кутком вісела заслона маўчання і варожасці. I вось, у кастрычніку 1907 года, разыграўся апошні акт гэтай дзіўнай драмы.
— Памерла Далорэс? — не выцерпела Элен дэ Тыянж.
— He, мадам... Дзюрук быў знойдзены мёртвым у сваёй спальні. Я не абмовіўся: Геркул Дзюрук, а не яго жонка... Дзюрук, прасцёрты на кіліме перад ложкам, ужо не дыхаў, калі мой юны калега Герон быў выкліканы ў Клеры для неадкладнай дапамогі. За выключэннем таго, што гэта быў труп мужчыны, усе іншыя акалічнасці амаль супадалі з папярэднімі двума здарэннямі. Смерць здаровага чалавека. Ніякіх яўных прычын. Магчымы віноўнік двух злачынстваў на гэты раз сам стаў ахвярай.
Пракуратура Эўро для фармальнасці ўчыніла следства, якое, зразумела, нічога новага не дало.
— Зрэшты,— сказаў мне з прыкрасцю пракурор,— калі яна яго забіла, то так яму і трэба. Тут была, мабыць, законная самаабарона... Я яе доўга дапытваў... Яна магла б успомніць шмат жудасных фактаў, але тайны так і не выдала.
* * *
Трэцяя мадам Дзюрук атрымала ў спадчыну ўсю маёмасць свайго мужа, усе яго мільёны. Пражыўшы гадоў колькі адна, яна потым выйшла замуж за маркіза дэ Буаньі і пераехала ў Буаньі, што ў дэпартаменце
Кроз... Замак, у якім жылі тры жонкі мулата, ахутаны ліхою славай, пуставаў, яго ніхто не хацеў купляць. Летась я пабываў там. Плюшч і дзікі вінаград аплялі яго сцены і вокны. Галіны ліп разбілі каляровыя вітражы капліцы. Дарожкі зараслі травой і зліліся з навакольным лугам. Гэта быў, можна сказаць, замак Спячай Прыгажуні ў зачараваным лесе...
— Але вы, мадам, нарадзіліся ў Пон-дэ-Лёры,— звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж,— і, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Ітон?
— Ды так, бачыла ў дзяцінстве ў гушчары дрэў,— прамовіла з усмешкай Элен.— Праклятая мясціна! Мы, дзеці, баяліся туды хадзіць... сама не ведаю чаму.
— Дазвольце вас запытаць, доктар,— пацікавіўся раманіст Бертран Шміт,— у чым тут сакрэт? Як вы самі тлумачыце гэтыя дзіўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?
— Вядома, не веру... Упэўнены, што тут былі тры забойствы... Але цікава, якім спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкі туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкі, падобны на смяротны ўкол тарэадора, які канцом сваёй шпагі дасягае сэрца праз нервовы цэнтр... Вы, можа, чыталі ў Фабра апісанне такіх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, і паралізуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы і пункты, што кіруюць дыханнем... Як да іх дабрацца? Мабыць, іголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатоміі. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне інстынктыўнае, як і ў насякомых... Паспрабуй разбярыся!..
— Але ж іголка пакідае сляды?
— He адразу іх пазнаеш, калі іголка вельмі тонкая. I хто іх тады асабліва шукаў?.. Вас не ўразіла тая акалічнасць, што абедзве жонкі Дзюрука прычэсваліся перад смерцю? Тут міжвольна напрошваецца вывад, што
ён сам узяўся прычасаць іх нанач і выкарыстаў момант, калі яны, седзячы да яго спіной, прыгнулі галаву.
— Магчыма, але ж і ён памёр.
— Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца і адкрыць ёй свой сакрзт. Ведаючы спосаб і баючыся, што ён калі-небудзь яе заб’е, альбо узненавідзеўшы мужа фізічна, яна яго нарэшце прыкончыла.
— Гісторыя выключная, але паверыць можна,— сказаў Бертран Шміт.
Памаўчаўшы, ён запытаў:
— Ну, а як сябе адчувае маркіз дэ Буаньі?
— Жыве і сёння ў добрым здароўі,— паведаміў доктар.
ВЯРТАННЕ
3 ПАЛОНУ
эта — праўдзівая гісторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскім сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакінем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягніку, які вёз з Германіі палонных французаў. Іх было дванаццаць у купэ, разлічаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелі ў цеснаце, але ўсхваляваныя і шчаслівыя, бо ведалі, што нарэшце, пасля пяці гадоў разлукі, ізноў пабачаць сваю радзіму, свой дом, сваю сям’ю.
Усю дарогу перад вачамі амаль кожнага з іх стаяў адзіны вобраз, які ніяк не выходзіў з галавы,— вобраз жонкі. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Ці такая яна, як была? Ці захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабіла ў гэтыя цяжкія гады чакання і адзіноты? Ці можна будзе жыць з ёю разам, як і раней? Тыя, хто меў дзяцей, былі спакайнейшыя. Іхнім жонкам трэба было выхоўваць малых, і прысутнасць дзяцей, якія з цікавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя дні.
У кутку купэ сядзеў высокі худы чалавек. Яго бледны гарачы твар і бліскучыя вочы хутчэй нагадвалі іспанца, чым француза. Прозвішча яго — Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правінцыі Перыгор. Цягнік імчаўся ўночы. Глуха груката-
лі колы, і толькі свісток паравоза час ад часу парушаў іх аднастайны, імклівы рытм. Леймары размаўляў са сваім суседам:
— Скажы мне, Сатурнін, ты жанаты?
— A то як жа. Вядома, жанаты... Гады два да вайны, і хлопчыкаў двое... Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?
Сатурнін, вясёлы нізенькі чалавек са шрамамі на твары, выцягнуў з унутранай кішэні стары зашмальцаваны бумажнік і з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.
— Ого, якая ў цябе красуня! — пахваліў Леймары.— I табе не боязна вяртацца дадому?
— Боязна?.. Ды я ад радасці скакаць гатоў. Чаму боязна?
— А таму, што яна прыгожая і адна, а навокал столькі ўсякіх розных...
— Глупства гародзіш! Для Марты існую толькі я... Мы жылі разам так шчасліва... I калі я табе пакажу яе лісты за гэтыя пяць гадоў...
— Ат! Лісты! Гэта нічога не даказвае... Я таксама атрымліваў добрыя лісты... I ўсё ж мне боязна.
— Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?
— Наадварот... Ва ўсякім разе раней... Верыў ёй, можа, нават болып, чым хто іншы. Мы ўжо піэсць гадоў, як пажаніліся, і хоць бы хмурыначка.
— Ну то чаго ж ты?
— Гэта залежыць ад характару, братка... Я з тых людзей, якія не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, і разумнейшая, і прыгажэйшая... Яна жанчьіна адукаваная і ўмее ўсё рабіць... За матэрыю возьмецца і такое плацце выштукуе — любата... Або хату абставіць, звычайную, сялянскую,— заходзіш, як у рай... Вось я і думаю, у часе вайны колькі ўсякіх бежанцаў у нас перабывала і сярод іх, мабыць, пападаліся хлопцы больш
відныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма... саюзнікі... Першая красуня на сяле, напэўна, трапілася ім на вока.
— Ну і што з таго? Калі яна цябе любіць...
— Так то яно так, братка, але ты ўяві сабе, што значыць быць адной пяць гадоў... Шардэйль жа не яе радзіма, а мая. У яе там ні сваякоў, ні блізкіх. Спакуса была вялікая.
— Глупства гародзіш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкі кручаны... Дапусцім, і было нешта такое... Дык што ж тады на сцяну лезці, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваім мужам лічыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: «Маўчы і не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мір і ўсё трэба пачынаць спачатку».
— Гэта не ў маёй натуры,— рашуча сказаў Леймары.— Калі я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць капельку...
— Ну і што ты ёй зробіш? Заб’еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкі мазгоў у галаве?
— He, я ёй нічога не зраблю. Нават ліхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знікну. Знайду сабе якую-небудзь мясціну і буду жыць пад чужым прозвішчам. Пакіну ёй грошы, хату, маёмасць... Мне нічога не трэба, у мяне ёсць прафесія... He прападу, наладжу жыццё... Можа, гэта і неразумна, але я такі: усё або нічога.
Засвістаў паравоз, заскрыгаталі стрэлкі, цягнік набліжаўся да станцыі. Двое падарожных спынілі размову.
* * *
Мэр Шардэйля быў сельскім настаўнікам. Яго паважалі за душэўнасць і бацькоўскі клопат. Раніцай, як толькі прыйшло паведамленне з міністэрства, што двац-
цатага жніўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень — Захад разам з іншымі вяртаецца і Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзіць да яго жонкі з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамі духмяных чырвоных руж паабапал брамкі.
— Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якіх трэба папярэджваць аб вяртанні мужа, каб абараніць ад небяспечнага сюрпрызу... He, і, з sa­mara дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзіны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельніцтва... Нават пляткаркі, якім чужая жанчына, як парушына ў воку, і тыя не могуць прычапіцца да вас.