Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Голас у змроку змоўк. I люлька болей не тлела. Стала так ціха, што я зноў пачуў плёскат вады, што пенілася пад носам парахода, і далёкі глухі стук машыны. Мне хацелася курыць, але я баяўся запаліць запалку, баяўся рэзкай успышкі агню і водсвету на яго твары. Ен усё маўчаў. Я не ведаў, ці скончыў ён, ці ён дрэмле, ці ён спіць,— такім мёртвым здалося мне яго маўчанне.
Раптам прагучаў адрывісты моцны ўдар звона: адна гадзіна. Ен страпянуўся, і я зноў пачуў звон чаркі. Відаць, яго рука вобмацкам шукала віскі. Стала чуваць, як ён глытае, потым раптам яго голас пачуўся зноў, на гэты раз ён гаварыў больш напружана, гарачэй.
— Так, дык вось... пачакайце... дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін еўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Еўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба — лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны — прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.
Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?
Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люс-
тэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.
У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.
— Добры дзень, доктар,— гаворыць яна плаўна паанглійску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) — Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там.— «Чаму яна не пад’ехала да дома?» — маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве.— I вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог...
I гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар’яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.
Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.
— Як у вас хораша,— кажа яна, аглядваючы мой пакой.— О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць! — Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае на-
звы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.
— Дазвольце прапанаваць вам чаю? — пытаюся я.
Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.
— He, дзякуй, доктар... нам трэба зараз жа ехаць далей... у мяне мала часу... гэта ж была проста прагулка... Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца... ЦУДОўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale»'... Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы... іх усяму вучаць у школе... Сапраўды, цудоўна — ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож... Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж... Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі... а мы якраз праязджалі міма, і я падумала... Ну, вы сёння, мусіць, заняты... я лепей прыеду другім разам.
«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» — адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.
— У мяне нічога сур’ёзнага,— сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы,— нічога сур’ёзнага, драбяза... жаноцкія справы... галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte ... бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады... Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў... як вы думаеце, доктар?
— Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?
1 «Выхаванне пачуццяў» (фр.)
— He... хоць, зрэшты, часта... апошнім часам.якраз самым апошнім часам... так... непрытомнасць і млосць.
Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае... так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:
— Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур’ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная... трапічная хвароба?
— Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс...
Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.
— He, не, у мяне няма гарачкі... безумоўна, безумоўна няма... я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу... з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. I страўнік у парадку.
Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.
— Прабачце,— гавару я потым проста,— дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў?
— Канечне, доктар! Вы ж урач,-— адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.
— У вас ёсць дзеці?
— Так, сын.
— А ці было ў вас... ці было ў вас раней... я хачу сказаць... тады... ці былі ў вас падобныя адчуванні?
— Так.
Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.
— А магчыма, каб вы... прабачце пытанне... магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?
— Так.
Коратка, быодам вострым нажом, адрэзала яна. Нічога не здрыганулася на яе твары, які быў мне відаць у профіль.
— Лепей за ўсё, васпані, каб я агледзеў вас... дазвольце папрасіць вас... перайсці ў другі пакой?
Тут яна раптам паварочваецца. Праз вуаль я адчуваю яе халодны, рашучы позірк, скіраваны на мяне.
— He... гэта непатрэбна... я зусім дакладна ведаю прычыну майго недамагання.
Голас на момант змоўк. У цемры зноў бліснула напоўненая чарка.
— Дык вось слухайце... але спачатку паспрабуйце ўдумацца ва ўсё гэта: да чалавека, які гіне ў адзіноце, урываецца жанчына, упершыню за шмат гадоў белая жанчына пераступае парог яго пакоя... I раптам я адчуваю прысутнасць у пакоі чагосьці злавеснага, нейкай небяспекі. Я ўвесь пахаладзеў: мною авалодаў страх перад жалезнаю рашучасцю гэтай жанчыны, якая прышла з лёгкаю балбатнёю, а потым раптам агаліла сваё патрабаванне, як клінок. Я ж ведаў, чаго яна ад мяне хацела, адгадаў гэта адразу — не ў першы раз жанчыны звярталіся да мяне з такою просьбаю, але яны прыходзілі інакш, прыходзілі прысаромленыя, умольвалі, плакалі і закліналі выратаваць іх. Але тут была... тут была жалезная, нібы мужчынская рашучасць... з першай хвіліны адчуў я, што гэтая жанчына мацней за мяне... што яна можа падпарадкаваць мяне сваёй волі... Аднак... аднак... ва мне расла нейкая злосць... мужчынская гордасць, крыўда, бо... я сказаў ужо, што з першай хвіліны, нават раней, як я пабачыў гэтую жанчыну, я адчуў у ёй ворага.
Спачатку я маўчаў. Маўчаў упарта і злосна. Я адчуваў, што яна глядзіць на мяне з-пад вуаля, глядзіць прама, патрабавальна і хоча прымусіць мяне гаварыць. Але я гэтак лёгка не паддамся. Я загаварыў, але... унікліва... міжвольна пераняў яе балбатлівы, абыякавы тон. Я прыкінуўся, што не разумею яе, бо — не ведаю, ці можаце вы зразумець гэта,— я хацеў прымусіць яе выказацца выразней, я не хацеў сам прапаноўваць, наадварот... хацеў, каб яна папрасіла... менавіта яна, якая з’явілася тут з такім уладным выглядам... I акрамя таго, я ведаю, якую ўладу нада мною маюць ганарыстыя, халодныя жанчыны.
Я гаварыў кругом ды навокала, што ёй няма чаго баяцца, што такая непрытомнасць — звычайная з’ява, больш таго, гэта нават зарука нармальнага развіцця дзіцяці. Я прыводзіў прыклады з медыцынскіх газет... Я гаварыў, гаварыў спакойна і лёгка, разглядаў увесь час яе недамаганне як нешта зусім звычайнае і... усё чакаў, што яна мяне спыніць. Я ведаў, што яна не вытрымае.
I сапраўды, яна рэзкім жэстам рукі перапыніла мяне, быццам адмятала ўсе гэтыя супакойлівыя словы.
— Мяне, доктар, не гэта трывожыць. У той раз, калі я хадзіла з першым хлопчыкам, маё здароўе было куды лепшае... але цяпер я ўжо не тая... у мяне не ў парадку з сэрцам...
— Вось яно што, з сэрцам не ў парадку,— паўтарыў я, паказваючы ўсім сваім выглядам неспакой.— Зараз паслухаем.— Я зрабіў рух, быццам устаю, каб дастаць стэтаскоп. Але яна спыніла мяне. Голас яе гучаў цяпер вельмі рэзка і катэгарычна, як каманда.
— У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні — вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.
Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. I я прыняў яго.
— Давер патрабуе шчырасці, поўнай шчырасці. Гаварыце ясна, я ж урач. I перш за ўсё зніміце вуаль, сядайце сюды, пакіньце ў спакоі кнігі і ўсе гэтыя хітрыкі. Да ўрача не прыходзяць пад вуалем.