• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пякучая таямніца  Штэфан Цвэйг

    Пякучая таямніца

    Штэфан Цвэйг

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 496с.
    Мінск 1994
    86.71 МБ
    Цяпер я ўжо зусім не ведаў, што рабіць у гэтым чужым горадзе, дзе вуліцы, здавалася, пяклі мне падэшвы... Раптам у мяне бліснула думка; у той самы момант я паклікаў каляску, паехаў да таго самага віцэрэзідэнта, якому я калісьці дапамог, і папрасіў далажыць аба мне... У маім выглядзе было, відаць, штосьці дзіўнае, бо ён паглядзеў на мяне неяк спалохана, і праз яго ветлівасць праглядвала трывога... можа, ён тады ўжо ўгадаў ува мне чалавека, якога гоніць амок... Я pa-
    шуча заявіў яму, што прашу перавесці мяне ў горад, бо не магу болей вытрымаць на маім пасту... я павінен пераехаць неадкладна... Ен зірнуў на мяне... не магу вам перадаць, як ён на мяне зірнуў... ну, прыкладна гэтак, як глядзіць урач на хворага...
    — У вас здалі нервы, мілы доктар,— сказаў ён,— я гэта вельмі добра разумею. Ну, гэта можна будзе якнебудзь уладзіць; пачакайце толькі крышку... скажам, тыдні чатыры... мне трэба спачатку знайсці вам замену.
    — He магу чакаць ніводнага дня,— адказаў я.
    Ен зноў кінуў на мяне дзіўны позірк.
    — Трэба пацярпець, доктар,— сур’ёзна сказаў ён,— мы не можам пакінуць пост без урача. Але абяцаю вам, што сёння ж займуся гэтым.
    Я стаяў перад ім, сціснуўшы зубы, і першы раз выразна адчуваў, што я прададзены чалавек, раб. У мяне ўжо закіпала абурэнне, але ён са свецкаю ветлівасцю апярэдзіў мяне:
    — Вы адвыклі ад людзей, доктар, а гэта таксама, зрэшты, хвароба. Мы тут усе здзіўляліся, чаму вы ніколі не прыязджаеце, ніколі не бераце адпачынку. Вам трэба бываць на людзях, забаўляцца. Прыходзьце, скажам, сёння ўвечары — сёння прыём у губернатара, там будзе ўся наша калонія. Многія даўно ўжо хочуць пазнаёміцца з вамі, пытаюцца пра вас і выказваюць пажаданне, каб вы перабраліся сюды.
    Апошнія яго словы ўразілі мяне. Пытаюцца пра мяне? Ці не яна? Я адразу быццам перарадзіўся, падзякаваў віцэ-рэзідэнту самымі ветлівымі словамі за запрашэнне і паабяцаў быць без спазнення. I прыйшоў дакладна ў прызначаны час, нават болей, чым дакладна. Ці трэба казаць, што, гнаны нецярпеннем, я першы з’явіўся ў вялізнай зале ўрадавага будынка; маўклівыя жаўтаскурыя слугі мітусіліся навокал, мякка ступаючы босымі нагамі, і, як здалося майму азмрочанаму розуму, пасміхаліся за маёю спінаю. Чвэрць гадзіны я быў адзін
    сярод гэтага бясшумнага натоўпу і настолькі адзінокі, што чуў ціканне гадзінніка ў кішэні камізэлькі. Нарэшце прыйшлі два-тры чыноўнікі з сем’ямі, а потым з’хьіўся і сам губернатар, які пачаў са мною працяглую размову; я ўважліва слухаў і, як мне здавалася, трапна адказваў, пакуль... пакуль мною не авалодала нейкае незразумелае нервовае хваляванне; я страціў дасціпнасць і пачаў адказваць неўпапад. Я стаяў епінаю да дзвярэй залы, але адразу адчуў, што ўвайшла яна, што яна ўжо тут; я не мог бы растлумачыць вам, чаму ўзнікла гэтае перакананне, якое збянтэжыла мяне, але, размаўляючы з губернатарам і прыслухоўваючыся да яго слоў, я ў той час адчуваў дзесьці за сабою яе прысутнасць. На шчасце, губернатар неўзабаве скончыў размову — мне здаецца, калі б ён не адпусціў мяне, я ўсё роўна, не зважаючы на ветлівасць, павярнуўся б, такая моцная была гэтая дзіўная напружанасць маіх нерваў, такая пакутлівая была гэтая патрэба. I сапраўды, ледзь толькі я павярнуўся, як убачыў яе на тым самым месцы, дзе ў думках уяўляў сабе. На ёй была жоўтая бальная сукенка, матава, як слановая косць, паблісквалі яе цудоўныя вузкія плечы; яна размаўляла, акружаная купкаю гасцей. Яна ўсміхалася, але я ўлавіў на яе твары нейкую напружанасць. Я падышоў бліжэй — яна не бачыла ці не хацела мяне бачыць — і ўгледзеўся ў гэтую ўсмешку, прыязную і халодна-ветлівую, якая гуляла на тонкіх вуснах. I яе ўсмешка зноў ап’яніла мяне, бо яна... бо я ведаў, што яна падман, крывадушнасць, віртуознае ўменне прыкідвацца. Сёння серада, мільганула ў мяне ў галаве, у суботу прыходзіць параход, на якім едзе яе муж... Як можа яна так усміхацца, так... так упэўнена, так бесклапотна ўсміхацца і нядбайна гуляць веерам, замест таго каб камячыць яго ад хвалявання? Я... я, чужы... я ўжо два дні дрыжу, чакаючы тсй гадзіны... я, чужы, пакутліва перажываю за яе страх, яе роспач... а яна прыйшла на баль і ўсміхаецца, усміхаецца, усміхаецца...
    Дзесьці ззаду зайграла музыка. Пачаліся танцы. Пажылы афіцэр запрасіў яе; яна папрасіла прабачэння ў сваіх субяседнікаў і прайшла поплеч з ім міма мяне ў другую залу. Калі яна заўважыла мяне, раптоўная сутарга прабегла па яе твары — але толькі на хвілінку, потым яна ветліва кіўнула мне, як выпадковаму знаёмаму, сказала «добры вечар, доктар!» —і знікла, перш чым я паспеў вырашыць, павітацца з ёю ці не. Ніхто не мог бы разгадаць, што хавалася ў позірку гэтых шэразялёных вачэй, і я, я сам гэтага не ведаў. Чаму яна прывіталася... чаму раптам пазнала мяне?.. Было гэта самаабаронай, ці крокам да прымірэння, ці проста збянтэжанасцю? He магу вам выказаць, як я быў узрушаны, ува мне ўсё ўскалыхнулася і гатова было вырвацца наверх. Я глядзеў на яе, як яна спакойна вальсавала ў абдымках афіцэра, з бесклапотным і халодным выразам на твары, а я ж ведаў, што яна... што яна гэтак жа, як і я, думае толькі аб адным... толькі аб адным... што толькі нам дваім у гэтым натоўпе вядома жахлівая таямніца... а яна танцавала... У гэтыя хвіліны мае пакуты, маё імкненне памагчы ёй і захапленне дасягнулі апагею. He ведаю, ці сачыў хто-небудзь за мною, але, бясспрэчна, я сваімі паводзінамі мог выдаць тое, што гэтак умела ўтойвала яна,— я не мог прымусіць сябе глядзець у другі бок, я павінен быў... так, павінен быў глядзець на яе, я еў яе вачамі, здалёку ўтаропліваўся ў яе замкнёны твар — можа, маска спадзе хоць на момант. Яна, мусіць, адчувала на сабе гэты ўпарты позірк, і ён прыгнятаў яе. Вяртаючыся поплеч са сваім кавалерам, яна бліснула на мяне вачамі ўладна, быццам загадвала знікнуць; ужо знаёмая мне маршчына высакамернага гневу зноў прарэзала яе лоб.
    Але... але... я ўжо гаварыў вам... мяне гнаў амок, я не глядзеў ні направа, ні налева. Я імгненна зразумеў яе — гэты позірк гаварыў: «Не прыцягвай увагі! Вазьмі сябе ў рукі!» Я ведаў, што яна... як бы гэта сказаць?.. што яна
    патрабуе ад мяне стрыманасці тут, у гэтай зале... я разумеў, што пайдзі я цяпер дадому, я мог бы заўтра з упэўненасцю разлічваць на тое, што яна прыме мяне... Яна хацела толькі пазбавіцца ад маёй дакучлівасці тут... я ведаў, што яна — а для гэтага я даваў ёй поўную падставу — баіцца якой-небудзь маёй дзіўнай выхадкі... Вы бачыце... я ведаў усё, я зразумеў гэты катэгарычны шэры позірк, але... але гэта было звыш маіх сіл, я мусіў гаварыць з ёю. Дык вось я паплёўся да купкі гасцей, сярод якіх яна стаяла і размаўляла, далучыўся да іх, хоць ведаў толькі нямногіх. Я падышоў зусім блізка, бо хацеў чуць, як яна гаворыць, але кожны раз сціскаўся, нібы пабіты сабака, пад яе позіркам, які зрэдку холадна слізгаў па мне, быццам я быў палатнянай парцьерай, да якой прыхінуўся, ці паветрам, якое лёгенька гэтую парцьеру калыхала. Але я стаяў і чакаў слова ад яе, якога-небудзь знака прымірэння, стаяў як слуп і не зводзіў з яе вачэй у агульнай размове. Безумоўна, на гэта ўжо звярнулі ўвагу, безумоўна, бо ніхто не сказаў мне ні слова; і яна, мусіць, пакутавала ад маіх недарэчных паводзін.
    Як доўга я прастаяў бы, не ведаю... можа, цэлую вечнасць... я не мог вызваліцца ад чараў, якія скавалі маю волю. Мяне быццам паралізавала шалёная ўпартасць... Але яна не вытрымала... 3 уласціваю ёй чароўнаю прастатою яна раптам сказала, звяртаючыся да мужчын, якія стаялі навокал:
    — Я крыху стамілася... хачу сёння раней легчы спаць... Добрай ночы!
    I вось яна ўжо прайшла міма мяне, па-свецку холадна кіўнуўшы галавою... Я яшчэ паспеў заўважыць маршчыну на яе лбе, а потым бачыў ужо толькі спіну, белую, халодную, голую спіну. Прайшла нейкая хвіліна, перш чым я зразумеў, што яна пайшла... што я болей не ўбачу яе, не змагу гаварыць з ёю ў гэты вечар, у гэты апошні вечар, калі магчыма выратаванне... і гэтак я
    стаяў нейкі момант, знерухомеўшы на месцы, пакуль не ўсвядоміў гэтага... а потым... потым...
    Але пачакайце... пачакайце... Гэтак вы не зразумееце ўсёй недарэчнасці, усяго глупства майго ўчынку... спачатку я павінен апісаць вам месца дзеяння... Гэта было ў вялікай зале ўрадавага будынка, у вялізнай зале, залітай святлом і амаль пустой... пары пайшлі танцаваць, мужчыны — гуляць у карты... толькі па кутках размаўлялі невялічкія купкі гасцей... Дык вось, зала была пустая, самы нязначны рух кідаўся ў вочы ў яркім святле... і яна павольнаю лёгкаю хадою ішла па прасторнай зале, узняўшы плечы, зрэдку адказваючы на паклоны... ішла з тым цудоўным высакамерным непарушным спакоем, які так захапляў мяне ў ёй... Я... я заставаўся на месцы, як я вам ужо казаў; я быў быццам паралізаваны, пакуль не зразумеў, што яна пайшла... а калі я гэта зразумеў, яна была ўжо ў другім канцы залы каля самага выхаду... Тут... о, дагэтуль мне сорамна ўспамінаць пра гэта... тут нешта раптам штурханула мяне, і я пабег... я не пайшоў, а пабег услед за ёю, і грук маіх абцасаў гучна адбіваўся ад сценаў залы... Я чуў свае крокі, бачыў здзіўленыя позіркі, звернутыя на мяне... я згараў ад сораму... я ўжо ў час бегу разумеў, што я вар’ят... але не мог... не мог спыніцца... Я дагнаў яе каля дзвярэй... Яна павярнулася... яе вочы шэраю сталлю ўпіліся ў мяне, ноздры задрыжалі ад гневу... Я толькі быў разявіў рот... як яна... раптам гучна засмяялася... звонкім, бесклапотным, шчырым смехам і сказала... гучна, каб усе чулі:
    — Ах, доктар, толькі цяпер вы ўспомнілі пра рэцэпт для майго хлопчыка... ах, ужо мне гэтыя вучоныя...
    Госці, якія стаялі паблізу, дабрадушна засмяяліся... я зразумеў, я быў моцна ўражаны, як па-майстэрску выратавала яна сітуацыю... Я хуценька вырваў з блакнота чысты лісток... яна спакойна ўзяла яго і... пайшла... падзякаваўшы халоднаю ўсмешкаю... У першы момант
    я абрадаваўся... я бачыў, што яна ўмела загладзіла мой недарэчны ўчынак, выратавала становішча... але я тут жа зразумеў, што для мяне ўсё страчана, што гэтая жанчына ненавідзіць мяне за маю шалёную гарачнасць... ненавідзіць мацней за смерць.. зразумеў, што магу сотні разоў падыходзіць да яе дзвярэй, і яна будзе сотні разоў праганяць мяне, як сабаку.