Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Я міжвольна кінуўся ўслед... хацеў папрасіць прабачэння... маліць яе... бо мая сіла была зламана канчаткова... але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала... не, загадала:
— Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною... Пашкадуеце!
У той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.
Зноў паўза. Зноў маўчанне... Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. I нарэшце зноў яго голас:
— Дзверы з трэскам зачыніліся... але я стаяў нерухома на месцы... Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам... Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы... я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе... каб яе... не ведаю што... каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць... але толькі бегчы ўслед за ёю... за ёю... Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне бывдам паралізавала электрычным токам... мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку... Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць... Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў... Прайшло некалькі мінут, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі...
Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы... Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз...
У яе няМа другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі... Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі... і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед... Я павінен... я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль... Я павінен пагаварыць з ёю...
Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні... Але вось... на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя... Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна... Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі... Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу... яе бой... Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю...
Устаю з лаянкаю... міжвольна замахваюся кулаком, каб даць дурню кухталя, але ён адхінаецца... Атрасаю веласіпед, збіраюся зноў ускочыць на яго... Але нягоднік зноў тут, хапаецца за веласіпед і гаворыць на сваёй ламанай англійскай мове: «You remain here»
Вы не жылі ў тропіках... Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б'ю яго па твары... ён хістаецца, але ўсётакі не выпускае веласіпеда... Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху... але ён трымаецца за руль, трымаецца па-д’ябальску моцна... «You remain here»,— мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.
^7 Прэч, шэльма!
Вы застаняцеся тут (англ.).
Ен глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б’ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць... я бачу, што яе ўжо не відаць — можа, яна ўжо паехала... Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласілед зноў мой... Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца... у час барацьбы сагнулася спіца... Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе... нічога не атрымліваецца... Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок... I тады — не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба таій, калі еўрапеец... але я ўжо не разумеў, што раблю... у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе... і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.
Абліваючыся потам, прымчаўся я на станцыю... Маё першае пытанне было:
— Дзе аўтамабіль?..
— Толькі што паехаў...— Здзіўлена глядзелі на мяне людзі — я павінен быў здацца ім вар’ятам, калі прыбег увесь потны і брудны, яшчэ здалёку выкрыкваючы сваё пытанне... На дарозе за станцыяй я бачу клубы белага аўтамабільнага дыму... Ей удалося ўцячы... удалося, як, відаць, удаюцца ўсе яе цвёрдыя, бязлітасна цвёрдыя намеры.
Але ўцёкі ёй не памаглі... У тропіках няма таямніц паміж еўрапейцамі... усе ведаюць адзін аднаго, кожная драбяза вырастае ў падзею... Недарма прастаяў яе шафёр цэлую гадзіну каля ўрадавага бунгало... праз некалькі мінут я ўжо ведаю ўсё... Ведаю, хто яна... што жыве яна ў... ну, у галоўным горадзе правінцыі, за восем гадзін язды адсюль па чыгунцы... што яна... ну, скажам, жонка буйнага камерсанта, страшэнна багатая, з добрай сям’і, англічанка... Ведаю, што яе муж вось ужо пяць
месяцаў як у Амерыцы і ў бліжэйшыя дні вяртаецца сюды, каб забраць яе ў Еўропу...
А яна — і гэтая думка, як атрута, пячэ мяне,— яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў...
— Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам... можа, толькі таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе... сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка... я страціў здольнасць валодаць сабою... хоць і ясна ўсведамляў, як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе... я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад еабою толькі адну мэту... Зрэшты, пачакайце... я ўсё-такі паспрабую растлумачыць вам... Ведаеце вы, што такое амок?
— Амок?.. Штосьці прыпамінаю... Гэта від ап’янення ў малайцаў...
— Гэта больш чым ап’яненне... гэта шаленства, яно падобна на сабачае... гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты... Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў — калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя,— але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы... Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца... Дык вось амок... так, амок — вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво... сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы... як я сядзеў у сваім пакоі... і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу-і бяжыць наперад, толькі наперад... сам не ведаючы куды... Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і вы-
гляд крыві яшчэ болей узбуджае яго... Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер... і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ, па сваім жахлівым шляху... Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок... пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!» «Амок!», і ўсё ўцякае... а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных... пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю...
Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома... гэта было страшэннае відовішча... але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні... Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз’юшана кінуўся я... услед за гэтаю жанчынаю... Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося... Праз дзесяць мінут, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве... пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю... паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка... не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу... Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся... паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад... Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я ўжо паставіў на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае...
Я імчаўся наперад на злом галавы... У шэсць гадзін вечара я прыехаў... у дзесяць мінут сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было... ве-
даеце... самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць... але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць... Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся... сказаў ветліва і холадна... пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.
Я выйшаў хістаючыся на вуліцу... Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар’яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне... толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-атэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі... Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне... я нарэшце заснуў... і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гэтай гонцы паміж жыццём і смерцю.
Прагучаў звон — два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў болып роўным голасам:
— Час, які настаў пасля гэтага, я наўрад ці змагу вам апісаць. Цяпер я думаю, што ў мяне была ліхаманка, ва ўсякім разе, я быў у стане надзвычайнага ўзбуджэння, якое межавала з вар’яцтвам,— як я ўжо казаў, чалавек, падганяны амокам. Але не забудзьце, што я прыехаў у аўторак увечары, а ў суботу, як я тым часам даведаўся, павінен быў прыехаць на параходзе кампаніі Р. СЕ О. з Іакагамы яе муж; значыцца, заставалася толькі тры дні, тры кароткія дні, каб выратаваць яе. Зразумейце: я ведаў, што павінен неадкладна дапамагчы ёй, і не мог гаварыць з ёю. Менавіта гэтая патрэба прасіць прабачэння за мае смешныя паводзіны, за маю
нястрыманасць і распальвала мяне ўсё болей. Я ведаў, якім каштоўным з’яўляецца кожнае імгненне, ведаў, што для яе гэта пытанне жыцця 1 смерці, і ўсё-такі не меў магчымасці шапнуць ёй слоўца, падаць які-небудзь знак, бо менавіта маё недарэчнае і шалёнае праследаванне напалохала яе. Гэта было... так, пастойце... так бывае, калі адзін бяжыць папярэдзіць другога, што яго хочуць забіць, а той лічыць яго самога забойцам і бяжыць наперад, насустрач пагібелі... Яна бачыла ўва мне толькі вар’ята, які праследуе яе, каб унізіць, а я... у гэтым і была ўся жахлівая недарэчнасць... я болей і не думаў пра гэта... я быў цалкам знішчаны, я хацеў толькі дапамагчы ёй, зрабіць паслугу... Я пайшоў бы на злачынства, на забойства, каб толькі дапамагчы ёй. Але яна, яна гэтага не разумела. Раніцаю, як толькі я прачнуўся, я адразу ж пабег зноў да яе дома; каля дзвярэй стаяў бой, той самы бой, якога я ўдарыў па твары; заўважыўшы мяне — безумоўна, ён мяне чакаў,— ён борздзенька шмыгануў у дзверы. Можа, ён гэта зрабіў толькі таму, што хацеў папярэдзіць аб маім прыходзе... ах, гэтая невядомасць, як мучыць яна мяне цяпер... можа, тады ўсё было ўжо падрыхтавана да майго прыёму... але ў той момант, калі я яго ўбачыў і ўспомніў пра сваю ганьбу, мне не хапіла духу зрабіць яшчэ адну спробу... У мяне дрыжалі калені. Перад самым парогам я павярнуўся і пайшоў прэч... пайшоў у той момант, калі яна, можа, чакала мяне і пакутавала не менш за мяне.