• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пякучая таямніца  Штэфан Цвэйг

    Пякучая таямніца

    Штэфан Цвэйг

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 496с.
    Мінск 1994
    86.71 МБ
    Штэфан Цвэйг
    Штэфан Цвэйг
    ПЯКУЧАЯ ТАЯМНІЦА
    Навелы
    Мінск «Мастацкая літаратура» 1994
    ББК 84 (4А)
    Ц28
    УДК 830(436)-32
    Серыя заснавана ў 1983 г.
    Рэдкалегія:
    Серафім Андраюк, Янка Брыль, Іван Навуменка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка
    Пераклад з нямецкай мовы і прадмова Уладзіміра Чапегі
    Пераклад зроблены з выдання:
    Zweig St. Novellen in zwei Banden.—
    Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.
    Цвэйг Шт.
    Ц 28 Пякучая таямніца: Навелы/Пер. з ням. і прадм. У. П. Чапегі.— Мн.: Маст. літ., 1994.— 496 с.— (Б-ка замеж. прозы).
    ■ ISBN 5-340-00957-2.
    Адзін з самых любімых жанраў аўстрыйскага пісьменніка Шт. Цвэйга (1881 —1942), у якім ён найчасцей і выступаў,— навела. У кнігу «Пякучая таямніца», якая, дарэчы, выходзіць упершыню на беларускай мове. уключаны самыя лепшыя яго яавелы.
    8300000000—077
    ц	125—94
    М 302(03)—94
    ISBN 5-340-00957-2
    ББК 84 (4А)
    (g) Пераклад, прадмова. У. П. Чапега, 1994
    ВЕЛІЧ I ТРАГЕДЫЯ ГУМАНІСТА
    Есць пісьменнікі, якіх пры жыцці проста абагаўляюць, чые творы лічацца непераўзыдзенымі шэдэўрамі, і іх выдаюць вялізнымі тыражамі. Але праходзіць час, людзі цверазеюць,— і ўсё становіцца на сваё месца, пра былога генія мала хто ўепамінае і мала хто яго чытае.
    Аўстрыйскі пісьменнік Штэфан Цвэйг у канцы дваццатых гадоў гэтага стагоддзя быў, мусіць, самы вядомы на свеце нямецкамоўны аўтар. 3 таго часу мінула больш за паўстагоддзя, але ён не забыты, яго творы па-ранейшаму выходзяць на розных мовах, па іх ствараюць кінафільмы і ставяць тэатральныя пастаноўкі.
    У Савецкім Саюзе Ш. Цвэйга вельмі часта перакладалі на рускую мову, але на беларускай мове перакладаў яго твораў амаль няма. У гэтай кнізе робіцца спроба пазнаёміць беларускага чытача з жыццём і з адной з найбольш яркіх старонак творчасці пісьменніка — навеламі, якія ён пісаў амаль праз усё сваё творчае жыццё.
    Штэфан Цвэйг нарадзіўся 28 лістапада 1881 года ў сталіцы многанацыянальнай аўстра-венгерскай імперыі Вене ў сям’і багатага яўрэйскага фабрыканта, якая лічылася прагрэсіўнай і даўно ўжо выйшла з ізаляцыі гета. У канцы дзевятнаццатага стагоддзя Вена была адным з буйнейшых культурных цэнтраў свету, дзе можна было сустрэць прадстаўнікоў не толькі народаў імперыі, але і іншых краін Еўропы. I няма нічога дзіўнага, што такое акружэнне наклала глыбокі адбітак на характар і светапогляд Цвэйга.
    Цяга да творчасці прачнулася ў Цвэйга ў школе, у якую ён хадзіў трынаццаць гадоў. Тады было модна, каб маладыя людзі з заможных сем’яў наведвалі тэатр, вялі бясконцыя гутаркі аб літаратуры і сёе-тое пісалі самі. У снежні 1898 года ў берлінскім часопісе «Нямецкая паэзія» змешчаны першы верш Цвэйга. За ім у нямецкіх і аўстрыйскіх выданнях з’явіліся новыя
    творы слабыя нават на думку самога аўтара, але імі Цвэйг рабіў сабе імя і прабіваў дарогу ў літаратуру.
    3 чатырнаццаці гадоў Цвэйг аддаецца яшчэ аднаму захапленню — збору аўтографаў вядомых людзей. У яго калекцыі, якая на пачатак трыццатых гадоў была адной з буйнейшых у Аўстрыі, аўтографы Гётэ, Бетховена, Віланда і ініпых славутасцей. Шкада толькі, што большасць іх трапіла ў рукі нацыстаў і згубілася.
    Цвэйг быў у сям’і другі сын, і маёмасць фірмы пераходзіла ад бацькоў да яго старэйшага брата, а Штэфану заставалася дарога ва універсітэт, каб атрымаць запаветны доктарскі тытул. 3 1900 па 1904 гады ён наведвае спачатку Венскі, а потым Берлінскі універсітэты. Пачалося яго самастойнае жыццё, з частымі паездкамі за мяжу, са знаёмствам з мноствам вядомых людзей. I такі жыццёвы рытм не перапыняўся ўжо да самай яго смерці.
    Цвэйг ведаў некалькі замежных моў і рана пачаў перакладаць творы блізкіх яму па духу аўтараў — Бадлера, Верхарна, Верлена, Ралана і іншых. У 1904 годзе, калі Цвэйг абараніў доктарскую дысертацыю, у свет выйшаў першы зборнік яго навел — «Каханне Эрыкі Эвальд», а за тры гады да гэтага з’явіўся невялічкі томік вершаў «Сярэбраныя струны». I хоць гэтыя творы надуманыя, не прадыктаваныя жыццём, якога Цвэйг тады амаль не ведаў, хоць пазней і сам Цвэйг вельмі крытычна ацэньваў іх, але з іх пачаўся шлях пісьменніка ў вялікую літаратуру. Ен шмат падарожнічае, наведвае Афрыку, Азію, Паўночную і Цэнтральную Амерыку, амаль усе краіны Еўропы, шмат піша — навелы «Страх», «Гувернантка», «Пякучая таямніца», драму «Тэрсіт», трагедыю «Дом каля мора», манаграфіі «Поль Верлен» і «Эміль Верхарн», зборнік вершаў «Раннія вянкі», мноства артыкулаў у газетах і часопісах. Тады ж ён знаёміцца са сваёю першаю жонкаю Фрыдэрыкай.
    Першая сусветная вайна перарвала звыклы парадак ягонага жыцця. На апошнім цягніку ён вяртаецца з Бельгіі ад Верхарна дадому і пад уражаннем патрыятычнага пад’ёму апранае вайсковую форму і пачынае служыць у ваенным архіве. Але ўжо ў 1915 годзе ён вызваляецца ад эйфарыі патрыятызму і паступова робіцца праціўнікам вайны, чаму садзейнічала яго паездка на фронт у толькі што адабраную ў рускіх Галіцыю.
    Сваё выйсце яго антываенныя настроі знайшлі ў драме «Іерамія», якая выйшла ў 1917 годзе.
    3 канца 1917 па сакавік 1919 года Цвэйг знаходзіцца ў Швейцарыі, а потым пераязджае ў Зальцбург, дзе жыве да сваёй эміграцыі з Аўстрыі.
    У дваццатых гадах пачынаецца новы этап у яго жыцці, поўны натхнёнай працы, якая прыводзіць пісьменніка на вяршыню папулярнасці і поспеху. Зноў наладжваюцца перарваныя вайной сувязі. Цвэйг працуе як апантаны. Адзін за адным выходзяць яго творы: эсэ пра Бальзака, Дзікенса, Дастаеўскага, Гёльдэрліна, Клейста, Ніцшэ, Казанову, Стэндаля, Л. Талстога, Фушэ, Марыю Антуанету, Месмера, Мары Бейкер-Эддзі Фрэйда, біяграфія Р. Ралана, збор вершаў, драма «Вальнанэ», навелы «Ліст незнаёмай», «Амок», «Скон аднаго сэрца», «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця жанчыны». I зноў падарожжы ў блізкія і далёкія краіны.
    У 1928 годзе ў сувязі са стагоддзем з дня нараджэння Л. Талстога ён атрымлівае запрашэнне прыехаць у Савецкі Саюз і выступіць на юбілейным вечары. У першай палове дваццатых гадоў дзякуючы намаганням М. Горкага ў Савецкім Саюзе выходзіць некалькі навел Цвэйга, а ў 1927 годзе пачынаецца выданне дзесяцітомніка. Цвэйг адказвае згодаю і дзесяць дзён праводзіць у Расіі, наведвае акрамя Масквы Ясную Паляну і Ленінград, сустракаецца з А. Талстым, К. Федзіным, А. Луначарскім, С. Эйзенштэйнам, У. Лідзіным, П. Этынгерам і іншымі. Ен мае намер яшчэ раз прыехаць у Савецкі Саюз, наведаць Туркестан, поўдзень Расіі і Грузію, але з гэтага намеру нічога не выходзіць. I хоць ён прыемна ўражаны адносінамі простых людзей да літаратуры, але прыроджаны скептыцызм не дазваляе яму хваліць без аглядкі савецкія парадкі. Да таго ж на адной сустрэчы нехта непрыкметна сунуў яму ў кішэню ліст на французскай мове, у якім, між іншым, было напісана наступнае: «Не верце ўсяму, што Вам гавораць. Помніце, што пры ўсім тым, што Вам паказваюць, шмат чаго Вам і не паказваюць. Прыгадайце, што людзі, якія гавораць з Вамі, часцей за ўсё гавораць не тое, што хочуць сказаць, а толькі тое, што ім сказаць дазволена. Мы ўсе пад кантролем, і Вы таксама. Ваша перакладчыца дакладвае пра кожнае Ваша слова. Ваш тэлефон праслухоўваецца, а кожны крок кантралюецца...» Гэты скепсіс не дазволіў Цвэйгу ўзносіць да нябёсаў бачанае ім у Расіі;
    пасля паездкі ён толькі напісаў шэраг артыкулаў у венскую «Новую вольную прэсу», дзе галоўнае месца адвёў апісанню Яснай Паляны і магілы Л. Талстога. У 1936—1937 гадах у лістах да Р. Ралана ён асуджае культ асобы Сталіна, што прыводзіць да холаду ў іх адносінах.	■
    Трыццатыя гады прынеслі Цвэйгу нямала клопатаў, з якімі ён так і не змог справіцца. Нацысты ў Германіі паляць яго кнігі, аўстрыйская паліцыя ў 1934 годзе робіць вобыск у яго зальцбургскім доме. Набліжэнне вайны вымушае Цвэйга эміграваць з Аўстрыі. Ён разводзіцца з першаю жонкаю і ў 1939 годзе жэніцца са значна маладзейшай за яго Лотай Альтман, якая з цяжкасцю вырвалася з Германіі — з нацысцкага пекла.
    Цвэйг, у адрозненне ад болыпасці пісьменнікаў-антыфашыстаў, зусім не баявая натура, і яго нейтралізм і асцярожнасць не вельмі падабаюцца сябрам. Але ён па-свойму змагаецца з фашызмам: ён выказвае пратэст у творах — манаграфіях «Трыумф і трагедыя Эразма Ратэрдамскага», «Сумленне супраць насілля — Кастэліё супраць Кальвіна», рамане «Нецярпенне сэрца», біяграфіях Магелана і Марыі Сцюарт, навеле «Шахматная навела», аўтабіяграфічным рамане «Учарашні свет» (апошнія дзве рэчы выйшлі пасля смерці пісьменніка).
    Развязаная фашыстамі вайна вымушае Цвэйга канчаткова пакінуць Еўропу і падацца спачатку ў ЗША, а адтуль перабрацца ў Бразілію.
    Ен адарваны ад бацькаўшчыны, ад роднай мовы, ад акружэння, у якім прайшло яго жыццё. А з Еўропы прыходзяць усё болей сумныя весткі: амаль увесь кантынент захоплены фашыстамі, Германія нападае на Савецкі Саюз, а яе саюзніца Японія ў снежні 1941 года — на ЗША. Цвэйг не бачыць ніякага выхаду, яго гуманістычныя ідэалы гінуць у агні сусветнай вайны. Душэўная дэпрэсія, прыпадкі якой і раней калі-нікалі авалодвалі пісьменнікам, пры вестцы аб захопе Японіяй Сінгапура зноў нагадала пра сябе, і 23 лютага 1942 года ў прыгарадзе Рыо-дэ-Жанейра Петраполісе ён разам з жонкаю скончыў жыццё самагубствам.
    Цвэйг пакінуў вялізную творчую спадчыну. Яго творы перакладзены на больш як сорак моў свету і выходзяць у розных краінах і цяпер. Так, да стагоддзя з дня нараджэння пісьменні-
    ка ў ФРГ, напрыклад, выйшаў збор яго твораў у дваццаці TaMax, а ў серыі кніжак кішэннага фармату — у дваццаці сямі тамах. На жаль, дагэтуль пакуль што не падрыхтаваны поўны збор твораў.
    У чым жа сакрэт поспеху Штэфана Цвэйга?
    Перш за ўсё яго трэба шукаць у стаўленні пісьменніка да прызначэння літаратуры. На яго думку, пісьменнік павінен імкнуцца зразумець жыццё і быць яго пасрэднікам, чалавекам меры і сярэдзіны, бо ён мусіць суперажываць з усім, што ўласціва людзям. Невыпадкова сярод яго сяброў быў вядомы аўстрыйскі псіхіятр і неўролаг, заснавальнік псіхааналізу 3. Фрэйд, які зрабіў на Цвэйга вялікі ўплыў і быў адным з першых крытычных чытачоў яго твораў.
    Цвэйг любіў паказваць людзей з моцнымі пачуццямі ў незвычайных псіхалагічных абставінах, спрабаваў пранікнуць у прычыны тых ці іншых паводзін і адлюстраваць іх у якойнебудзь незвычайнай форме. Ен разглядаў свае творы, у прыватнасці, навелы, як ланцуг, першым звяном якога былі цьмяныя імкненні дзіцячай або юначай душы, а апошнім — сталыя экзатычныя страсці дарослых людзей. Увагу чытача перш за ўсё прыцягваюць страсці чалавечыя, якія вырываюцца на паверхню з драбязы жыцця, і майстэрскае іх апісанне. Аўтар часта адмаўляецца ад рэалістычных дэталей — імя героя, апісання яго акружэння,— а апавядае ад першай асобы або выкарыстоўвае ў якасці апавядальніка якую-небудзь трэцюю асобу.