Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Пакаёўка падала вячэру, і вечар прайшоў як звычайна, бадай, толькі больш маўкліва, меней ажыўлена, чым звычайна; вялая, нудная размова раз-пораз перапынялася. Яе думкі ўвесь час вярталіся да падзей гэтага дня, але кожны раз, калі даходзілі да грознай хвіліны сустрэчы з вымагальніцай, спалохана адступалі; тады
яна ўзнімала вочы, каб адчуць сябе ў бяспецы, сярод любых рэчаў, звязаных з дарагімі ўспамінамі, ласкава дакраналася да іх і патроху супакойвалася. А насценны гадзіннік спакойна ішоў у цішыні сваім стальным крокам і непрыкметна надаваў і яе сэрцу раўнамерны, бесклапотна-ўпэўнены рытм.
* * *
На раніцу, калі муж падаўся да сябе ў канцылярыю, а дзеці пайшлі гуляць і яна нарэшце-такі засталася самнасам з сабою, учарашняя сустрэча пры яркім ранішнім святле стала здавацца ёй меней страшнаю. Перш за ўсё фраў Ірэна разважыла, піто вуаль у яе вельмі густы і вымагальніца ніяк не магла разгледзець яе твар, а значыцца, ні ў якім выпадку другі раз не пазнае яе. Спакойна прадумала яна, як засцерагчы сябе ад небяспекі Ў будучым. Яна нізашто болей не пойдзе на кватэру да палюбоўніка — такім чынам магчымасць новага нападу адпадзе сама сабою. Застаецца толькі пагроза выпадковай сустрэчы, таксама наўрад ці магчымая, бо яна ўцякла на таксі, і, значыцца, тая асоба не магла высачыць яе. Hi яе прозвішча, ні яе адрас вымагальніцы не вядомыя, а па агульным невыразным абліччы цяжка ўпэўнена пазнаць чалавека. Але і да такога надзвычайнага выпадку фраў Ірэна была падрыхтаваная. Пазбавіўшыся ад ціскоў страху, няцяжка будзе, вырашыла яна, трымаць сябе спакойна, ад усяго адракацца, непарушна сцвярджаць, што гэта памылка; бо даказаць, што яна была ў палюбоўніка, нельга інакш, як застаць яе на месцы злачынства,— значыцца, у выпадку чаго можна прыцягнуць гэтую асобу да адказнасці за шантаж! Нездарма фраў Ірэна была жонка аднаго з самых вядомых сталічных адвакатаў; з яго размоў, з калегамі яна засвоіла, што шантажу трэба класці канец адразу ж,
захоўваючы поўную вытрымку, бо самае нязначнае хістанне, самы нязначны прызнак трывогі з боку ахвяры даюць у рукі праціўніку лішні козыр.
Першай мерай засцярогі была кароткая запіска, у якой яна паведамляла палюбоўніку, што не можа прыйсці ў дамоўлены час ні заўтра, ні ў наступныя дні. Яе гонар быў абражаны непрыемным адкрыццём, што яна замяніла ў ласках палюбоўніку такую нізкую, подлую папярэдніцу. і цяпер, з непрыязным пачуццём падбіраючы словы, яна адчувала помслівую радасць, што халодны тон запіскі ставіць іх спатканне ў залежнасць ад яе капрызу.
Гэтага маладога чалавека, піяніста з імем, яна сустрэла на вечары ў кагосьці са знаёмых і вельмі хутка, сама таго не жадаючы і добра не разумеючы, стала яго палюбоўніцай. Ен, па сутнасці, амаль не хваляваў яе кроў, у яе не было да яго ні пачуццёвай, ні якой-небудзь духоўнай цягі; яна аддалася яму не таму, што ён быў патрэбны, жаданы ёй, а проста ад недастаткова рашучага супраціўлення яго волі і яшчэ з нейкай неспакойнай цікаўнасці. Нішто — ні задаволеная шлюбным шчасцем кроў, ні такое частае ў жанчын пачуццё духоўнага збяднення — не выклікала ў яе патрэбы ў палюбоўніку; яна была зусім шчаслівая, мела багатага мужа, які разумова перавышаў яе, і двое дзяцей; яна ляніва песцілася ў сваім утульным, забяспечаным, схаваным ад бур існаванні. Але надараецца ў паветры такое зацішша, якое будзіць пачуццёвасць не меней, чым духата і навальніца, такая аднолькавая тэмпература шчасця, якая ўзбуджае мацней, чым усякае няшчасце. Сытасць раздражняе не меней, чым голад, ад надзейнага, саліднага жыцця фраў Ірэну пацягнула на прыгоды.
Вось у такі момант поўнага задавальнення, якому сама яна не ўмела надаць новых фарбаў, малады піяніст увайшоў у яе спакойны маленькі свет, дзе звычайна мужчыны толькі прэснымі жартамі і нявіннымі камплі-
ментамі пачціва аддавалі даніну яе прыгажосці, але пасапраўднаму не адчувалі ў ёй жанчыны, і тут упершыню з дзявоцкіх часоў штосьці скалыхнулася ў яе душы. У ім самім яе прывабіў бадай толькі налёт смутку, які падкрэсліваў і без таго наўмысную млявасць яго твару. Ірэне, якая прывыкла бачыць вакол сябе толькі задаволеных жыццём людзей, гэты смутак гаварыў аб другім, вышэйшым свеце, і яе міжволі пацягнула за межы штодзённых пачуццяў, каб зазірнуць у гэты свет. Пахвала, выкліканая хвіліннаю расчуленасцю ад яго ігры, можа, занадта гарачая з пункту гледжання прыстойнасці, прымусіла музыканта, які сядзеў за раялем, зірнуць на маладую жанчыну, і ўжо ў гэтым першым позірку было нешта, што вабіла. Яна спалохалася і тут жа адчула асалоду, уласцівую любому страху, а далейшая размова, уся быццам пранізаная і абпаленая скрытым полымем, распаліла і без таго насцярожаную цікаўнасць, і таму яна не ўхілілася ад новай размовы, калі сустрэлася з ім на публічным канцэрце. Потым яны пачалі бачыцца, і ўжо невыпадкова. Яе самалюбства цешыла тое, што яму, сапраўднаму артысту, яна так многа значыць як знаўца і дарадчыца, у чым ён не раз запэўніваў яе; і вось усяго праз некалькі тыдняў іх знаёмства яна неабдумана згадзілася з яго прапановаю — ёй, адной ёй хацеў ён сыграць сваю новую рэч у сябе дома; магчыма, у яго часткова і быў такі добры намер, але ён патануў у пацалунках і гарачых абдымках. Першае, што адчула Ірэна, пасля таго як яна, нечакана для сябе, аддалася яму, быў спалох перад гэтым паваротам у іх адносінах; таямнічая чароўнасць развеялася ўмомант, і пачуццё віны за здраду мужу толькі часткова змяншалася ганарлівым усведамленнем, што яна, як ёй здавалася, добраахвотна, упершыню выраклася свайго рэспектабельнага бюргерскага свету. У першыя дні яна палохалася ўласнай сапсаванасці, але паступова падпарадкавалася голасу пыхлівасці і пачала
нават ганарыцца ёю. Аднак усе гэтыя складаныя пачуцці хвалявалі яе вельмі нядоўга. Штосьці інстынктыўна адштурхоўвала яе ў гэтым чалавеку, галоўным чынам тое новае, непрывычнае, што, уласна, і прывабіла яе. Палкасць, якая захапляла ў яго музыцы, непакоіла ў хвіліны блізкасці, яго парывістыя ўладныя абдымкі былі ёй нават непрыемныя, яна міжволі параўноўвала гэтую сябелюбную нястрымнасць з нясмелым, пасля столькіх гадоў шлюбу, поўным глыбокай пашаны палам мужа. Але, зграшыўшы адзін раз, яна зноў і зноў вярталася да палюбоўніка, без вялікай радасці і без расчаравання, са своеасаблівага пачуцця абавязку і яшчэ таму, што яна ленавалася расстацца з новаю прывычкаю. Прайшло ўсяго два-тры тыдні, і яна ўжо адвяла палюбоўніку пэўнае месцейка ў жыцці, вызначыла яму, як цесцю з цешчаю, пэўны дзень у тыдні; але гэтая сувязь зусім не змяніла звычайнага цячэння яе жыцця і толькі штосьці дадала да яго. Неўзабаве палюбоўнік увайшоў у добраўпарадкаваны механізм яе існавання, як нейкая даважка раўнамернага шчасця, як трэцяе дзіця ці аўтамабіль, і гэтая любоўная прыгода ўжо нічым не адрознівалася ад дазволеных радасцей.
I вось упершыню, калі ёй трэба было плаціць за гэтую прыгоду сапраўдную цану — плаціць небяспекаю, яна стала дробязна вылічваць яе сапраўдную вартасць. Яна была так распешчана лёсам і залашчана блізкімі, так прывыкла дзякуючы багаццю амаль не мець жаданняў, што першая ж цяжкасць аказалася ёй не па сіле. Ей не хацелася пазбаўляцца хоць крыху душэўнай ціхамірнасці; яна нядоўга раздумвала і тут жа вырашыла ахвяраваць палюбоўнікам дзеля свайго спакою.
У той жа дзень пад вечар пасыльны прынёс адказ ад палюбоўніка — спалоханы, бязладны ліст. Гэты ліст, поўны збянтэжаных просьбаў, скаргаў і папрокаў, злёгку пахіснуў яе рашучасць пакончыць з прыгодаю — палкасць палюбоўніка і яго горкая роспач вельмі ўжо
цешылі яе пыхлівасць. Ен настойліва прасіў у яе хоць кароткай сустрэчы, каб апраўдацца, калі ён чым-небудзь незнарок пакрыўдзіў яе, і цяпер яе ўжо вабіла новая гульня — даўжэй сердаваць на яго, адмаўляцца без бачнай прычыны, каб стаць яму яшчэ болып жаданаю. Таму яна наказала яму прыйсці ў тую кандытарскую, дзе, як ёй раптам успомнілася, у яе ў дзявочыя гады было спатканне з адным акторам, спатканне такое пачцівае і нявіннае, што цяпер яно здавалася ёй дзіцячаю забаваю. Дзіўна, з усмешкаю падумала яна, што рамантыка, якая зусім заглухла ў час сямейнага жыцця, зноў распускаецца пышнаю кветкаю. I яна ўжо гатова была радавацца ўчарашняй сутычцы з грубай жанчынаю, якая гэтак моцна і жыватворна падзейнічала на яе, што нервы яе, якія звычайна лёгка прыходзілі ў раўнавагу, тут усё яшчэ вібравалі.
* * *
Гэтым разам яна надзела цёмную, непрыкметную сукенку і другі капялюш, каб, у выпадку новай сустрэчы, збіць з панталыку шантажыстку. Яна збіралася ўжо закрыць твар вуалем, але з-за нейкага раптоўна ахапіўшага яе задзёрыстага пачуцця адклала яго ўбок. Няўжо ёй, прыстойнай, паважанай жанчыне, нельга спакойна з’явіцца на вуліцы з-за таго, што яна баіцца нейкага там стварэння, якога яна нават не ведае?
Толькі ў першую хвіліну, калі яна выйшла з дому, яе пранізала мімалётнае пачуццё страху, прабеглі нервовыя дрыжыкі, якія бываюць, калі спрабуеш ваду кончыкамі пальцаў, перш чым акунуцца ў хвалі. Але гэтыя халодныя дрыжыкі праз момант змяніліся ўпэўненасцю ў сабе, непрывычным для яе самалюбаваннем; ёй падабалася, што яна такая лёгкая, гнуткая, моцная, а такой пругкай, імклівай хады ў яе не было ніколі. Ей нават
стала шкада, што кандытарская так блізка — штосьці нястрымна вабіла, цягнула яе насустрач нязведаным прыгодам. Але да моманту, прызначанага ёю для пачатку спаткання, часу заставалася зусім мала, і ў яе чамусьці было прыемнае адчуванне, што палюбоўнік ужо чакае. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў у кутку і, убачыўшы яе, ускочыў з непадробленым хваляваннем, якое і цешыла яе,і было ёй непрыемнае. Ей прыйшлося папрасіць, каб ён гаварыў цішэй — такім віхрам пытанняў і папрокаў прарвалася яго душэўная трывога. Яна ні слова не сказала, чаму на самай справе адмяніла дамоўленае спатканне, і рабіла намёкі, загадкавасць якіх толькі мацней распальвала яго. Яна не паддалася ягоным просьбам, нават не спяшалася абяцаць што-небудзь, бо адчувала, як узбуджае яго гэтая невытлумачальная, раптоўная непрыступнасць... I калі пасля бурнай паўгадзіннай размовы яна пайшла і не дазволіла яму аніякай ласкі, нават нічога не паабяцала на будучае, яна ўся трымцела ад таго асаблівага ўзбуджання, якое адчувала толькі ў дзявоцтве. Ей здавалася, што дзесьці там, у глыбіні, гарыць пякельны агеньчык і толькі чакае, каб вецер разадзьмуў яго ў полымя, якое ахопіць яе ўсю. Ідучы па вуліцы, яна прагна лавіла кожны кінуты на яе позірк, гэтае дружнае і адкрытае мужчынскае захапленне было для яе нязвычным, і ёй раптам так захацелася паглядзець на сябе, што яна спынілася перад люстрам у вітрыне кветкавага магазіна, каб убачыць ' сваю прыгажосць у рамцы з чырвоных ружаў і запырсканых расою фіялак. 3 дзявочых часоў не адчувала яна сябе такою лёгкаю, акрыленаю; ні ў першыя шлюбныя дні, ні ад абдымкаў палюбоўніка па яе целе не прабягалі такія, як цяпер, электрычныя іскры, і ёй стала нясцерпна прыкра, што ўся гэтая здзіўляючая лёгкасць, усё салодкае ап’яненне будзе дарма растрачана на аднастайную штодзённасць. Вяла павалаклася яна дадому; каля пад’езда запаволіла, каб яшчэ раз на поўныя гру-