Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
I на гэты раз, пачуўшы званок, яна кінулася з пакоя да дзвярэй, адчыніла і ў першы момант здзівілася, калі
ўбачыла перад сабою багата ўбраную даму, але тут жа спалохана шарахнулася, бо пазнала пад модным капелюшом фізіяномію шантажысткі.
— А, вы самі тут, фраў Вагнер. Цудоўна. У мяне да вас важная справа.— He чакаючы адказу разгубленай Ірэны, якая дрыготкаю рукою ўчапілася за дзверы, вымагальніца ўвайшла ў калідор і перш за ўеё паклала парасон, крыкліва чырвоны парасон, відаць, першы плён яе грабежніцкіх набегаў. Перамяшчалася яна з незвычайнаю ўпэўненасцю, нібы ва ўласнай кватэры; акінуўшы элегантнае ўбранне адабральным і яўна задаволеным позіркам, яна без запрашэння накіравалася да прычыненых дзвярэй у гасціную.—Сюды, пэўна? — спытала яна з затоенаю насмешкаю, і, калі знямелая ад узрушэння Ірэна жэстам паспрабавала спыніць яе, супакойліва дадала: — Калі вам непрыемна, я доўга не затрымаюся, у мяне справа на адну хвіліну.
Ірэна паслухмяна пайшла следам. З’яўленне шантажысткі ў доме сваім нахабствам перасягнула ўсе самыя страшныя спадзяванні і зусім ашаламіла яе. Ей здавалася, што яна сніць сон.
— Так, так, багата жывяце, нічога не скажаш,— з непрыхаваным задавальненнем зазначыла шантажыстка і села ў крэсла.— Ах, як хораша тут сядзець. А карцін колькі! Тут толькі і пачынаеш разумець наша ўбоства. Багата вы жывяце, фраў Вагнер, вельмі багата.
Гледзячы на злачынку, якая расселася ў яе пакоі, пакутніца не вытрымала і дала волю абурэнню.
— Што вам ад мяне трэба, подлая вы шантажыстка! Як вы асмеліліся прыйсці да мяне дадому! Ведайце, я не дазволю гэтак здзекавацца з мяне. Я вас...
— Гаварыце цішэй,— перабіла тая са зняважліваю фамільярнасцю.— Дзверы ж адчыненыя, чэлядзь пачуе. Мне што? Я ж не хаваюся. А божачка! Ці не ўсё мне адно — у турме сядзець ці гаварыць на волі. А вам трэба быць асцярожней, фраў Вагнер. Давайце я перш зачыню
дзверы, на выпадак, калі вы ўздумаеце зноў пагарачыцца. Толькі скажу вам загадзя: лаянкаю мяне не проймеш.
На кароткі момант гнеў прыдаў Ірэне сілы, але цяпер яна зноў адчула сябе бездапаможнаю перад непарушным нахабствам гэтай асобы. Яна стаяла, быццам дзіця, якое чакае, што яму зададуць на ўрок, спалоханая і амаль на ўсё згодная.
— Ну вось што, фраў Вагнер, няма чаго нам тут валаводзіцца. Жывецца мне не соладка, я ўжо казала вам. Я даўно завінавацілася за кватэру. Дый, акрамя таго, мне сёе-тое патрэбна. Хочацца калі-небудзь уздыхнуць вольна. Вось я да вас і прыйшла з дапамогаю. Дайце мне... ну, скажам, чатырыста крон.
— Я не магу,— пралепятала Ірэна, спалоханая велічынёю сумы, якой у яе і сапраўды не было ў наяўнасці,— у мяне няма такіх грошай. У гэтым месяцы я ўжо дала вам трыста крон. Дзе мне столькі ўзяць?
— Ну, як-небудзь наскрабіце, падумайце толькі добра. У такой багацейкі, як у вас, знойдзецца заўсёды столькі грошай, колькі трэба. Варта толькі захацець. Падумайце добра, фраў Вагнер, і ўсё будзе ў парадку.
— Ды няма ў мяне такіх грошай. Я б ахвотна дала вам, але столькі грошай у мяне няма. Вось сто крон, скажам... я б магла...
— Я вам сказала — мне трэба чатырыета крон,— адрэзала тая, як быццам нават абражаная гэтаю прапановаю.
— Ды зразумейце — няма іх у мяне,— роспачна выгукнула Ірэна. «А раптам цяпер прыйдзе муж,— думала яна,— ён кожную хвіліну можа прыйсці».— Даю вам слова, няма...
— Ну, дык дастаньце іх дзе-небудзь...
— He магу.
Шантажыстка агледзела Ірэну з галавы да ног, быц-
цам прыкідвала яе магчымасці.
— Ну, вось, скажам, пярсцёнак... Калі аддаць яго ў заклад, то тады на ўсё хопіць. Праўда, я не вельмі разбіраюся ў каштоўнасцях... у мяне іх зроду не было... але чатырыста крон, па-мойму, за яго дадуць...
— Што? Пярсцёнак? — ускрыкнула Ірэна. Гэты пярсцёнак, мужаў падарунак у дзень заручын, яна ніколі не знімала: пярсцёнак быў вельмі каштоўны і прыгожы, з вялікім дарагім каменем.
— Гм, а чаму б і не? Я прышлю вам ламбардны квіток, можаце пярсцёнак выкупіць, калі захочаце. Я ж не зусім яго бяру, навошта беднай жанчыне такі багаты пярсцёнак.
— За што вы мяне праследуеце і мучыце? Я не Mary... Зразумейце ж, не магу... Вы бачыце, я зрабіла ўсё, што магла. Зразумейце ж гэта! Пашкадуйце мяне!
— А мяне хто пашкадуе? Хай сабе здыхае з голаду. Чаму ж гэта я павінна шкадаваць такую багацейку?
Ірэна хацела адказаць рэзкасцю, але тут яна пачула, як грукнулі ўваходныя дзверы, і кроў застыла ў жылах. Мусіць, гэта муж вярнуўся з канторы. He думаючы больш ні аб чым, яна сарвала з пальца пярсцёнак і сунула вымагальніцы, а тая адразу ж схавала яго.
— He бойцеся, я зараз жа пайду,— супакоіла яе госця, убачыўшы, які бязмежны страх напісаны на Ірэніным твары і як напружана яна прыслухоўваецца да мужчынскіх крокаў, якія выразна былі чуваць у пярэднім пакоі. Адчыніўшы дзверы, шантажыстка прывіталася з Ірэніным мужам, які кінуў на яе рассеяны позірк, і выйшла.
— Гэтая дама прыходзіла за даведкаю,— сабраўшы апошнія сілы, растлумачыла Ірэна, як толькі за наведніцаю зачыніліся дзверы. Самае страшнае мінула. Муж нічога не адказаў і спакойна падаўся ў сталовую, дзе ўжо было накрыта на абед.
Ірэне здавалася, што ў яе гарыць месца на пальцы, якое звычайна халадзіў залаты абруч пярсцёнка, і што
кожны абавязкова зверне ўвагу на гэтае месца, як на ганебную пляму. За абедам яна ўвесь час старалася хаваць руку, але пры гэтым нейкае небывалае абвостранае чуццё нашэптвала ёй, што муж не зводзіць вачэй з яе рукі, сочыць за кожным яе рухам. Яна спрабавала адцягнуць яго ўвагу і ўсё новымі пытаннямі падтрымлівала размову. Яна звярталася да мужа, да дзяцей, да гувернанткі, з усіх сіл ажыўляла слабае цячэнне размовы, але сілы ёй здраджвалі, і размова ўвесь час перапынялася. Яна намагалася здавацца вясёлаю і развесяліць другіх, дражніла дзяцей, падбухторвала іх адно на адно, але яны не сварыліся і не смяяліся: яна і сама ўсведамляла, што ў весялосці яе адчуваецца прытворства і гэта кідаецца ўсім у вочы. Чым болей яна прытваралася, тым меней ёй гэта ўдавалася. Нарэшце яна стамілася і змоўкла.
Маўчалі ўсе; яна чула толькі, як бразгае посуд ды як у яе нутры расце голас страху.
— А куды ты дзела пярсцёнак? — спытаўся раптам муж.
Яна ўздрыгнула. Унутраны голас выразна сказаў: усё, канец! Але штосьці інстынктыўна не хацела яшчэ здавацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі, знайсці сілы на адну толькі фразу, адно слова. Прыдумаць яшчэ адну, апошнюю хлусню.
— Я... я аддала яго ў чыстку.— I, падбадзёраная сваёю выдумкаю, яна рашуча дадала: — Паслязаўтра я забяру яго назад.
Паслязаўтра. Цяпер яна звязала сябе. Калі ёй нічога не ўдасца зрабіць, хлусня выйдзе наверх, і тады ўсяму канец. Яна сама прызначыла сабе тэрмін, і праз хаос страху раптам прабілася новае пачуццё, пачуццё радасці, што развязка гэтак блізка. Паслязаўтра: тэрмін вызначаны, і гэтая пэўнасць выклікала дзіўны спакой, які заглушыў страх. Знутры падымалася штосьці новае, новая сіла, сіла жыць і сіла памерці.
* * *
Цвёрдая ўпэўненасць у блізкай развязцы нечакана праясніла ўсё ў яе душы. Нервовасць чарадзейна змянілася ясным роздумам, страх саступіў месца непрывычнаму празрыстаму спакою, праз прызму якога яна раптам ясна ўбачыла сапраўдную цану таго, што было яе існаваннем. Яна зразумела, што жыццё яшчэ не зусім страчана, і калі ёй суджана зберагчы гэтае жыццё і зрабіць яго яшчэ больш каштоўным у тым новым высокім сэнсе, які адкрыўся ёй за гэтыя дні пакутлівага страху, і калі можна будзе пачаць жыццё зноў без бруду, без боязі, без хлусні,— яна да гэтага гатовая. Але жыць разведзенаю жанчынаю, зняслаўленаю пралюбадзейкаю — на гэта ў яе няма сілы, як няма сілы працягваць небяспечную гульню, купляць сабе спакой на нейкі час. Супраціўляцца дарэмна — яна гэта разумела, развязка набліжаецца, пагібель пагражае ёй ад мужа, і ад дзяцей, і ад яе самой — ад усяго, што акружае яе. Уцячы немагчыма, калі вораг усюдыісны. А самае надзейнае выйсце — прызнацца — ёй недаступнае, у гэтым яна пераканалася. Значыцца, застаецца толькі адзін-аднюткі шлях, шлях, адкуль няма звароту.
* * *
Раніцаю яна спаліла сваю перапіску, прывяла ў парадак розныя нязначныя справы, але пры гэтым пазбягала глядзець на дзяцей і наогул на ўсё тое, што было ёй дарагое. Яна баялася, што жыццё павабіць яе зноў радасцямі і спакусамі і што бязмэтныя хістанні перашкодзяць здзейсніць прынятае ёю рашэнне. Потым яна яшчэ раз выйшла на вуліцу, каб апошні раз выпрабаваць лёс і сустрэцца з вымагальніцай. Нястомна ішла яна па вуліцах, але без ранейшай ліхаманкавай насцярожанасці. У душы яна ўжо стамілася ад барацьбы
і адчувала, што далей змагацца не можа. Яна прахадзіла так цэлых дзве гадзіны, быццам гэта быў яе абавязак, але шантажысткі нідзе не сустрэла і нават не засмуцілася ад гэтага. Яна ўглядвалася ў твары прахожых, і яны здаваліся ёй чужымі, непатрэбнымі і нежывымі. Усё гэта ўжо адышло кудысьці, было незваротна страчана.
Толькі адзін раз яна зноў спалохалася. Ей здалося, што з натоўпу на другім баку вуліцы на яе скіраваны мужаў позірк, той дзіўны, суровы, калючы позірк, які з’явіўся ў яго з нядаўняга. Яна стала спалохана ўглядвацца, але знаёмая постаць адразу ж знікла за праезджым экіпажам, і Ірэна супакоіла сябе тым, што ў гэты час муж заўсёды ў судзе. Ад нервовага напружання яна страціла адчуванне часу і спазнілася на абед. Але і мужа не было яшчэ — супраць яго звычкі — дома; ён прыйшоў праз дзве хвіліны, і ёй здалося, што ён чымсьці ўсхваляваны.
Яна пачала лічыць гадзіны, якія засталіся да вечара, і ёй зрабілася страшна, што іх так многа, а на развітанне трэба так мала часу, і грош усяму цана, калі табе вядома, што з сабою нічога нельга ўзяць. Ею авалодала нейкая санлівасць. Машынальна спусцілася зноў на вуліцу і пайшла наўгад, не аглядваючыся, ні аб чым не думаючы. На скрыжаванні фурман ледзь паспеў стрымаць коней, інакш дышаль абавязкова збіў бы яе з ног. Фурман груба вылаяўся, а Ірэна нават не павярнулася — гэта магло быць выратаваннем або адтэрміноўкай. Выпадак пазбавіў бы яе ад здзяйснення рашэння. Паволі паплялася яна далей — добра было ісці без думак, з адным толькі цьмяным адчуваннем канца, які, быццам лёгкі туман, непрыкметна апускаўся і засцілаў усё.
Выпадкова падняўшы вочы, каб прачытаць назву вуліцы, яна ўся задрыжала: у бязмэтным блуканні яна непрыкметна дабрыла амаль да самага дома свайго былога палюбоўніка. А што, калі гэта палец лёсу? Раптам ён чым-небудзь можа дапамагчы ёй, бо ён, трэба