Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
дзі ўдыхнуць гарачае, п’янлівае паветра гэтай прыгоды, каб яе апошняя, затухаючая хваля прыхлынула да самага сэрца.
Тут нехта дакрануўся да яе пляча. Яна павярнулася.
— Гэта вы... вы? Што вам зноў трэба? — пралепятала яна, смяротна спалоханая, убачыўшы перад сабою ненавісны твар, і яшчэ мацней спалохалася сваіх неасцярожных слоў. Бо яна ж цвёрда вырашыла не пазнаваць гэтай жанчыны, калі ім давядзецца сустрэцца, усё адмаўляць, даць рэзкі адпор вымагальніцы... Але цяпер ужо было позна.
— Я ўжо цэлых паўгадзіны чакаю вас тут, фраў Вагнер.
Ірэна здрыганулася, пачуўшы сваё прозвішча. Значыцца, гэтая асоба ведае і яе адрас, і яе прозвішча. Цяпер усё прапала, цяпер яна цалкам залежыць ад яе.
— Так, фраў Вагнер, я вас чакаю цэлых паўгадзіны,— дакорліва і пагрозліва паўтарыла жанчына.
— Што... што ж вам трэба ад мяне?
— Самі ведаеце, фраў Вагнер.— Ірэна зноў уздрыгнула, пачуўшы сваё прозвішча.— Выдатна ведаеце, чаму я прыйшла.
— Я болей ні разу з ім не бачылася і ніколі болей не пабачуся... Толькі пакіньце мяне ў спакоі... Ніколі болей...
Жанчына спакойна пачакала, пакуль у Ірэны ад хвалявання не абарваўся голас. А потым рэзка кінула ёй, быццам падначаленай:
— Перастаньце хлусіць! Я за вамі ішла да самай кандытарскай,— і, убачыўшы, што Ірэна адхіснулася, насмешліва дадала: — Рабіць жа мне няма чаго. Са службы мяне звольнілі, кажуць, час настаў цяжкі, работы мала. Ну, чаму ж не выкарыстаць вольны час... I нам ахвота пагуляць — чым мы горшыя за прыстойных дам.
Гэта было сказана з халоднаю злосцю, якая ўкалола Ірэну ў самае сэрца. Яна адчувала сябе безабароннай 20
перад такою яўнаю, вульгарнаю подласцю, а ў галаве мутнела ад страху, што гэтае стварэнне зараз зноў закрычыць на ўвесь голас або міма пройдзе муж, і тады ўсё будзе скончана. Паспешна намацала яна ў муфце сярэбраную сумачку і выграбла адтуль усе грошы, якія ёй папаліся ў рукі.
Але нахабна працягнутая рука не апусцілася пакорна, ледзь намацаўшы грошы, як той раз, а застыла ў паветры, быццам растапыраная кіпцюрастая лапа.
— Давайце заадно і сумачку, a то каб мне грошай не згубіць! — з ціхім вантробным смехам выціснулі пагардліва паднятыя губы.
Ірэна паглядзела жанчыне ў вочы, але адразу адвяла позірк убок. Нахабная насмешка была нясцерпная. Агіда, нібы пякучы боль, пранізала яе. Толькі б хутчэй, хутчэй пайсці, толькі б не бачыць гэтага твару! Яна адвярнулася, паспешна сунула вымагальніцы каштоўную сумачку і, гнаная страхам, узляцела наверх па лесвіцы.
Мужа яшчэ не было дома; Ірэна ўпала на канапу і доўга ляжала нерухома, быццам аглушаная абухом. Толькі калі ў пярэднім пакоі пачуўся мужаў голас, яна з вялікім намаганнем устала і машынальна, з пустою галавою паплялася ў суседні пакой.
* * *
Цяпер у доме ўсталяваўся страх і не адступаў ні на крок. У доўгія, нічым не занятыя гадзіны, калі падрабязнасці жахлівай сустрэчы адна за другою паўставалі ў памяці, яна зусім ясна разумела безвыходнасць свайго становішча. Гэтае стварэнне, невядома якім чынам, даведалася і яе адрас, і прозвішча, і, раз першыя спробы шантажу аказаліся такімі ўдачнымі, яна, бясспрэчна, нічым не пагрэбуе, каб толькі як мага болей выціснуць
са сваёй дасведчанасці. Год за годам будзе яна вісець над яе жыццём, нібы кашмар, які не скінеш нават самым адчайным намаганнем, бо, нягледзячы на свае і на мужавы сродкі, фраў Ірэна не магла б без ведама мужа сабраць дастаткова вялікай сумы, каб раз і назаўжды адкупіцца ад гэтай асобы. Дый, акрамя таго, яна ведала з выпадковых расказаў мужа і са спраў, якія ён вёў, што любыя дагаворы і пагадненні з такімі адпетымі махлярамі нічога не вартыя. У лепшым выпадку ёй удасца на месяц, можа, на два адцягнуць бяду, а там нетрывалы будынак яе сямейнага шчасця немінуча збурыцца, а калі яна пацягне за сабою ў бяздонне і мучыцельку — радасці ёй ад гэтага будзе мала.
3 жахліваю выразнасцю бачыла яна, што бяда немінучая, што выйсця няма. Але як... як менавіта гэта адбудзецца? 3 раніцы да вечара вырашала яна фатальнае пытанне. Надыдзе дзень, калі мужу прынясуць ліст; яна ясна ўяўляла сабе, як ён увойдзе ў пакой, бледны, нахмураны, схопіць яе за руку, пачне распытваць... Але потым... што адбудзецца потым? Што ён зробіць? На гэтым яе фантазія вычэрпвалася — усё танула ў змрочнай блытаніне жахлівага страху. Яна не магла дадумаць сваіх думак да канца, ад самых неверагодных здагадак у яе кружылася галава. За гэтыя бясконцыя гадзіны пакутлівага роздуму яна з жахліваю выразнасцю зразумела толькі адно: што вельмі дрэнна ведае свайго мужа і таму не можа ўгадаць наперад, што ён зробіць, што ён вырашыць. Яна выйшла за яго замуж па жаданні бацькоў, але не супраціўлялася, бо адчувала да яго сімпатыю і не расчаравалася ў ім за гэтыя гады; яна пражыла з мужам побач восем шчаслівых, мірна мерных гадоў, нарадзіла яму дзяцей, у іх быў агульны дом, незлічоная колькасць гадзін фізічнай блізкасці; і толькі цяпер, калі яна спрабавала ўявіць сабе, што ён зробіць, яна зразумела, якім чужым і незнаёмым застаўся ён для яе. Толькі цяпер яна стала перабіраць усё
іх жыццё, намагалася па асобных учынках разгадаць ягоны характар. У сваім страху яна нясмела чаплялася за кожны нязначны ўспамін, спадзявалася знайсці ключ да запаветных тайнікоў яго сэрца.
Але словамі ён не выдаваў сваіх затоеных думак; і цяпер, калі ён з кніжкаю сядзеў у крэсле, у яркім святле электрычнай лямпы, яна дапытліва ўглядалася ў яго. Як у чужы, імкнулася яна пранікнуць позіркам у мужаў твар і па гэтых знаёмых рысах, якія раптам сталі чужымі, даведацца пра яго характар, які не раскрыўся перад яе абыякавасцю за восем гадоў сумеснага жыцця. Лоб яго быў ясны і высакародны, быццам вылеплены магутным і дзейным розумам, затое рот сведчыў аб строгай непахіснасці. Усё ў яго мужных рысах дыхала энергіяй і сілай. Нечакана для сябе самой ёй раптам адкрылася прыгажосць гэтага валявога твару; здзіўленая, яна сузірала яго ўдумлівую засяроджанасць і выразна акрэсленую цвёрдасць. Але вочы, у якіх таілася галоўная разгадка, былі апушчаны ў кнігу і недаступныя назіранню. Ей заставалася толькі дапытліва глядзець на мужаў профіль, быццам у яго смелых рысах увасаблялася слова памілавання або праклёну, на гэты незнаёмы профіль, які палохаў яе сваёю суровасцю і вабіў своеасабліваю прыгажосцю, упершыню ўбачанаю ёю ў яго энергічнай фігуры. Раптам яна зразумела, што глядзіць на мужа з задавальненнем і гордасцю. Тут ён падняў вочы, і яна паспешна адхіснулася ў цемру, каб не выклікаць падазрэння сваім гарачым, запытальным позіркам.
* * *
Тры дні яна не выходзіла на вуліцу і ўжо стала з трывогаю заўважаць, што другім у доме кідаецца ў вочы яе пастаянная прысутнасць,— звычайна яна рэд-
кі дзень доўга або неадлучна праседжвала ў сваіх пакоях.
Першыя заўважылі гэтую перамену дзеці, асабліва старэйшы хлопчык, які неўзабаве прастадушна выказаў здзіўленне, што мама цяпер многа бывае дома, а чэлядзь толькі шушукалася і дзялілася сваімі здагадкамі з гувернанткаю. Дарэмна спрабавала яна даводзіць, што яе прысутнасць неабходна па самых розных, болыпаю часткаю трапна прыдуманых прычынах, але куды б яна ні ўмешвалася, яна толькі парушала заведзены парадак, кожная яе спроба дапамагчы выклікала здзіўленне. Пры гэтым ёй не хапала такту не трымацца на пярэднім плане, а адасобіцца, засесці дзе-небудзь у пакоях за кніжку або работу; увесь час унутраная трывога, якая выяўлялася ў яе, як усякае моцнае перажыванне, у нервовым узбуджэнні, гнала яе з пакоя ў пакой. Пры кожным званку па тэлефоне ці ў дзверы яна ўздрыгвала, адчуваючы, што яе ціхамірнае існаванне можа раптам абарвацца і ператварыцца ў нішто; яна адразу падала духам, і ёй ужо здавалася, што жыццё яе незваротна загублена. Гэтыя тры дні, якія яна прасядзела ў сваіх пакоях, як у турме, здаліся ёй даўжэйшымі за восем гадоў замужжа.
Але на трэці дзень яна мусіла ўвечары выйсці з дома: яе і мужа даўно ўжо запрасілі ў госці, і адмовіць без даетаткова важкіх прычын было немагчыма. Дый трэба ж, нарэшце, каб не звар’яцець, зламаць гэты частакол страху, якім цяпер было абнесена яе жыццё. Ей хацелася бачыць людзей, некалькі гадзін адпачыць ад сябе, перарваць самагубную адзіноту страху. I акрамя таго, дзе можа яна адчуваць сябе ў большай бяспецы ад нябачнага неадступнага праследавання, як не ў чужым доме сярод сяброў? Толькі на адно імгненне, тое кароткае імгненне, калі яна ўпершыню пасля непрыемнай сустрэчы ступіла на вуліцу, ёй стала страшна, што шантажыстка падпільноўвае яе дзесьці тут, паблізу.
Яна міжволі ўчапілася ў мужаву руку, зажмурылася і прабегла некалькі крокаў па тратуары да аўтамабіля, які чакаў іх; але, калі яна сядзела ў машыне пад аховаю мужа і імчалася па бязлюдных у гэтую познюю гадзіну вуліцах, цяжар мала-памалу зваліўся з яе сэрца, і, падымаючыся па лесвіцы чужога дома, яна ўжо адчувала сябе ў бяспецы. На некалькі гадзін яна магла зноў стаць такой самай бесклапотнай і вясёлай, якой была шмат гадоў дагэтуль, і нават радавацца больш глыбокай, свядомай радасцю вязня, які вырваўся з турэмных муроў на сонечнае святло. Тут ёй не пагражала праследаванне, нянавісць не магла пранікнуць сюды, навокал былі людзі, якія любілі і паважалі яе, захапляліся ёю, багата адзетыя бесклапотныя людзі, акружаныя іскрыстым ружовым німбам легкадумнасці, і гэты карагод асалоды нарэшце-такі зноў самкнуўся вакол яе. Бо адразу пасля яе з’яўлення ў зале позіркі прысутных сказалі ёй, што яна прыгожая, і яна яшчэ болей пахарашэла ад даўно не зведанага пачуцця ўпэўненасці ў сабе.
3 суседняй залы чуліся вабныя гукі музыкі і пранікалі ў яе разгарачаную кроў. Пачаліся танцы, і не паспела яна агледзецца, як апынулася ў гушчы натоўпу. Гэтак яна не танцавала ні разу ў жыцці. Бурны віхор зрабіў яе бязважкаю, рытм пранікаў у кожную частачку цела, акрыляў яго вогненным рухам. Як толькі музыка спынялася, Ірэна балюча адчувала цішыню, трывожны агеньчык прабягаў па яе напружаных мышцах, і, як у ванну, у ваду, якая халадзіла, супакойвала, калыхала, акунулася яна зноў у гэты кругаварот. Звычайна яна танцавала даволі пасрэдна, разважная стрыманасць рабіла яе рухі нязграбнымі, занадта асцярожнымі, але дурман радасці, якая вырвалася наверх, вызваліў яе ад унутранай скаванасці. Парваўся сталёвы абруч, у якім розум і сорам трымалі самыя буйныя пачуцці, і цяпер Ірэне здавалася, што яна ўпіваецца бяздумнаю асалодаю і растае ў ёй. Яна адчувала вакол сябе чыесьці рукі і плечы, якія