Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
I тут раптоўна, сутаргава, з сакрушальнаю сілаю, як працяглы, бяссэнсавы, звярыны крык, прарваліся ры-
данні, якія яна стрымлівала, прыглушвала апошнія тыдні. Быццам злосная рука рванула яе знутры і пачала раз’юшана трэсці — яна захісталася, як п’яная, і ўпала б, калі б муж не падхапіў яе.
— Ірэна,— спрабаваў ён супакоіць яе.— Ірэна, Ірэна,— усё цішэй, усё ласкавей шаптаў ён яе імя, быццам думаў пяшчотным гучаннем гэтага слова разгладзіць канвульсіўна зведзеныя нервы, але толькі рыданні, толькі буйныя парывы роспачы, якія калацілі ўсё цела, былі яму адказам. Ен павёў, а потым панёс і асцярожна паклаў яе на канапу. Але рыданні не сунімаліся. Рукі і ногі сутаргава тузаліся, як ад электрычнага току, дрыготкае змучанае цела, здавалася, кідала то ў гарачку, то ў холад. Напружаныя да крайнасці нервы не вытрымалі, і боль, які сабраўся за ўсе гэтыя тыдні, увесь час бушаваў у знясіленым целе.
He помнячы сябе ад хвалявання, ён стараўся стрымаць гэтае дрыжанне, сціскаў ледзяныя жончыны рукі, спачатку асцярожна, а потым усё мацней, са страхам, горача цалаваў яе сукенку, яе шыю, але Ірэна па-ранейшаму ўздрыгвала, курчылася ў камячок, a 3 грудзей усё накочваліся рыданні, якія нарэшце-такі вырваліся наверх. Муж дакрануўся да яе твару, ён быў халодны і вільготны ад слёз, жылкі на скронях набухлі і ўздрыгвалі. Невыказны страх авалодаў ім. Ён упаў на калені і загаварыў каля самага яе твару.
— He плач, Ірэна... Ужо ж усё... усё мінула. He пакутуй гэтак... Табе ўжо няма чаго баяцца... Яна не прыйдзе болей ніколі, чуеш — ніколі...
Ірэна зноў ірванулася ў сутаргавым рыданні, хоць муж моцна трымаў яе абедзвюма рукамі. Ен бачыў роспач, якая калаціла змучаную жанчыну, і адчуў страх, быццам ён быў яе забойцам. Ен увесь час цалаваў яе, няскладнымі словамі прасіў прабачэння.
— He... ніколі болей... яна болей не прыйдзе... Клянуся табе... Я не чакаў, што ты гэтак спалохаешся...
Я хацеў толькі вярнуць цябе... напомніць пра твой абавязак... каб ты назаўжды пайшла ад яго... і вярнулася да нас... Калі я пра гэта даведаўся выпадкова, у мяне не было другога выйсця... не мог жа я проста сказаць табе... Я ўсё спадзяваўся... усё спадзяваўся, што ты вернешся, і таму падаслаў гэтую бедную жанчыну. Думаў, яна падштурхне цябе. Яна — беднае стварэнне, актрыса без ангажэменту... Яна згадзілася пасля доўгіх угавораў, я вельмі настойваў... Цяпер я бачу, гэта было нядобра... Але я хацеў цябе вярнуць... Няўжо ты не бачыла, што я гатовы, што я рады дараваць табе? Але ты мяне не зразумела... Да гэтага... да гэтага я не думаў цябе давесці... Мне самому яшчэ цяжэй было ўсё гэта бачыць... сачыць за кожным тваім крокам... Дзеля дзяцей, зразумей, толькі дзеля дзяцей я павінен быў прымусіць цябе... Але цяпер усё гэта прайшло... Усё будзе добра...
Голас гучаў зусім блізка, але словы даляталі да яе аднекуль здалёк, і яна не разумела іх. Усё заглушаў шум хваляў, якія набягалі знутры, свядомасць была азмрочана блытанінаю пачуццяў. Яна адчувала ласкавы дотык, пацалункі і свае слёзы, якія паволі астывалі, але ўнутры звінела і гула, цякла па венах кроў, а ў Bymax стаяў шалёны гул, быццам званілі званы. Потым усё знікла ў тумане. Апрытомнеўшы, яна няясна адчула, што яе раздзяваюць, як праз густую заслону ўбачыла ласкавы і заклапочаны мужаў твар. I адразу ж упала ў чорнае бяздонне глыбокага дабратворнага сну, у якім ёй нічога не снілася.
* * *
Калі яна назаўтра раніцаю расплюшчыла вочы, у пакоі было ўжо відно. I ў ёй самой таксама прасвятлела, навальнічныя грымоты быццам ачысцілі і асвяжылі кроў. Яна спрабавала ўспомніць, што з ёю здарылася, але ўсё здавалася ёй яшчэ сном. Яна адчувала непраўда-
падобную лёгкасць і свабоду, з якою чалавек лунае ў паветры ў марах, і, каб упэўніцца, што гэтае цьмянае адчуванне — рэчаіснасць, яна дакранулася адною рукою да другой.
Раптам яна ўздрыгнула: на пальцы блішчаў пярсцёнак. I тут жа сну як і не было. Тыя бязладныя словы, якія яна чула і не чула на мяжы прытомнасці, і тыя ранейшыя няясныя здагадкі, якія яна не асмельвалася зрабіць думкамі, і падазрэнне цяпер раптам зліліся ў стройнае цэлае. Усё адразу стала ёй зразумелым — і мужавы пытанні, і здзіўленне палюбоўніка; пятля за пятлёю раскруцілася перад ёю страшная сетка, якая аблытвала яе. Гнеў і сорам авалодалі ёю, нервы зноў задрыжалі, і яна ўжо гатова была пашкадаваць, што прачнулася ад гэтага сну без летуценняў і страху.
Але тут у суседнім пакоі пачуўся смех. Дзеці ўсталі і, нібы птушаняты, якія толькі што прачнуліся, голасна сустракалі новы дзень. Ірэна ясна распазнала сынаў голас і ўпершыню са здзіўленнем адзначыла, як ён падобны на бацькаў. Усмешка непрыкметна кранула яе вусны і затрымалася на іх. Ірэна ляжала з заплюшчанымі вачамі, каб лепей нацешыцца тым, што складала яе жыццё, а з гэтага часу і шчасце. У душы яшчэ ціхенька шчымела нешта, але гэта быў жыватворны боль — так пякуць раны, перш чым зарубцавацца назаўсёды.
ПЯКУЧАЯ ТАЯМНІЦА
ПАРТНЕР
Паравоз хрыпла засвісцеў: цягнік дасягнуў Зэмерынга. Чорныя вагоны на хвіліну спыніліся ў серабрыстым высакагорным святле, выкінулі некалькі страката апранутых пасажыраў і праглынулі другіх, пераклікнуліся сярдзітыя галасы, і ўжо зноў засвісцела наперадзе сіпатая машына, пацягнула ў пячору тунеля чорны грукатлівы ланцуг. Зноў навокал, колькі бачыць вока, чыста падмецены вільготным ветрам ясны, спакойны ландшафт.
Адзін з прыезджых — малады чалавек, які выгадна адрозніваўся ад другіх ахайнасцю адзення і лёгкаю натуральнаю хадою,— апярэдзіў астатніх, першы наняў фіякр і паехаў у гасцініцу. Коні няспешна трухалі па крутой горнай дарозе. У паветры пахла вясной. На небе пырхалі хмаркі, белыя, гарэзлівыя, якімі яны бываюць толькі ў маі і чэрвені, калі бесклапотныя, маладыя, яны гулліва імчацца па блакітнай дарозе і то хаваюцца за высокія горы, то абдымаюцца і ўцякаюць, то сціскаюцца ў хустачку, то раздзіраюцца на стужкі і нарэшце дурасліва насоўваюць белыя шапкі на горныя вяршыні. Поўны неспакою быў і вецер — ён так шалёна раскалыхваў тонкія, яшчэ вільготныя пасля дажджу дрэвы, што яны лёгенька паскрыпвалі суставамі і сыпалі ў бакі тысячы іскрыстых кропляў. Часам з вяршынь даходзіў свежы пах снегу, і тады паветра рабілася і салодкім і даўкім. Усё на небе і на зямлі было поўна руху і нецярплівага браджэння сіл. Коні чмыхалі і весела беглі цяпер з гары, далёка чуваць быў звон іх бомкаў.
У гасцініцы малады чалавек перш за ўсё прагледзеў
спіс прыезджых, але тут жа расчаравана адсунуў яго ўбок. «Навошта, зрэшты, я прыехаў сюды? — з прыкрасцю спытаўся ён у сябе.— Сядзець тут аднаму на гары, без кампаніі — гэта яшчэ горш, чым у канцылярыі. Мусіць, я прыехаў або занадта рана, або занадта позна. Мне ніколі не шанцуе з водпускам. Ніводнага знаёмага прозвішча сярод усіх гэтых людзей. Хоць бы дзве-тры жанчыны, на благі канец — маленькі, нявінны флірт, каб не прасумаваць увесь тыдзень».
Малады чалавек быў баронам і належаў да не вельмі радавітай сям’і аўстрыйскай чыноўнай знаці. Ен служыў ва ўрадавай установе; адпачынак яму быў непатрэбны, але ён узяў водпуск на тыдзень таму, што ўсе калегі выклапаталі сабе веснавыя канікулы, і ён таксама захацеў скарыстаць сваё права. Яго нельга было назваць пустым чалавекам, але без кампаніі ён жыць не мог; агульны ўлюбёнец, якога ўсюды прымалі сардэчна, ён не пераносіў адзіноты і выдатна ведаў гэта. У яго не было ніякай схільнасці заставацца сам-насам з сабою, ён па магчымасці пазбягаў такіх сустрэч, бо зусім не імкнуўся да болып блізкага знаёмства з уласнаю персонаю. Ен ведаў, што яму трэба сутыкацца з людзьмі, каб маглі праявіцца ўсе яго таленты — яго ласкавасць, яго тэмперамент. У адзіноце ён быў халодны і бескарысны, як запалка ў пачку.
У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс,— але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.
Там было занята ўсяго некалькі сталоў; ён хуценька акінуў іх позіркам. Марна! Ніводнага знаёмага. Толькі вунь там — ён няўважліва адказаў на паклон — трэнер з іпадрома ды яшчэ адзін знаёмы твар з Рынгштрасэ,
і болей нікога. Ніводнай жанчыны, нічога, што абяцала б хоць мімалётную прыгоду. Гэта яшчэ мацней узлавала яго. Ен належаў да тых маладых людзей, якія дзякуючы свайму прыгожаму твару карыстаюцца поспехам і заўсёды гатовы да новых сустрэч, заўсёды шукаюць новых прыгод і спатканняў; іх нічога не бянтэжыць, бо ўсё загадзя разлічана, ніводная здабыча не вырвецца з іх рук; ужо першы позірк, які яны кідаюць на жанчыну, ацэньвае яе з гэтага боку — ці гэта сябрава жонка, ці гэта яе пакаёўка. Пра такіх людзей часта гавораць з пагардліваю ўсмешкаю, што яны паляўнічыя на жанчын, не ўсведамляючы, які трапны гэта выраз, бо яны з не меншым жаданнем і жорсткасцю, чым паляўнічыя на дзічыну, высочваюць і гоняць сваю ахвяру. Яны заўсёды напагатове, у любы час могуць кінуцца на след, куды б ён іх ні завёў. У іх заўсёды тлее агонь, але гэта не полымя закаханага сэрца, а запал гульца, халодны, разважлівы і небяспечны. Сярод такіх людзей ёсць упартыя, для іх не толькі юнацтва, але і ўсё жыццё да старасці — суцэльны ланцуг любоўных прыгод, іхні дзень распадаецца на сотні дробных пажадлівых уражанняў — мімалётны позірк, выпадковая ўсмешка, дотык да суседчынага калена, а год — зноў-такі на сотні такіх дзён; пагоня за жанчынамі — вось іх адзіны і пастаянны стымул у жыцці.
Тут не было партнёра на гульню, барон адразу ўбачыў гэта. Няма большай прыкрасці гульцу, што сядзіць і чакае выйгрышу за зялёным сталом з картамі ў руках, як марнае чаканне партнёра. Барон запатрабаваў газету. Яго хмурны позірк прабягаў па радках, але думкі драмалі і, як п’яныя, спатыкаліся на словах.
Раптам ён пачуў за сабою шалясценне сукенкі і голас, які дакорліва і манерна сказаў:
— Mais tais-toi done, Edgar!1
1 Памаўчы, Эдгар! (Фр.)
Побач зашамацела шаўковая сукенка, і міма стала праплыла высокая пышная постаць; за ёю ішоў маленькі бледны хлопчык у чорным аксамітным гарнітурчыку, які кінуў на барона цікаўны позірк. Яны селі насупраць яго за зарэзерваваны для іх стол. Хлопчык яўна імкнуўся паводзіць сябе прыстойна, але неспакойны бляск яго чорных вачэй сведчыў, што гэта давалася яму нялёгка. Дама — барон глядзеў толькі на яе — была апранута добра, з густам і належала да таго тыпу жанчын, які асабліва падабаўся барону: крыху паўнаватая яўрэйка, у росквіце сталай прыгажосці, відаць, палкая ў каханні, хоць яна ўмела хавала гэта пад маскаю ўзнёслай меланхоліі. Яму яшчэ не ўдалося зазірнуць у яе вочы, і ён захапляўся пакуль што толькі прыгожым выгінам броваў, вытанчаным носам, які, праўда, выдаваў яе паходжанне, але сваёю высакароднаю формаю надаваў профілю зграбнасць і пікантнасць. Валасы, як і ўсё ў яе поўнай фігуры, вылучаліся надзвычайнаю пышнасцю. Бясспрэчна, гэта была жанчына, сытая пакланеннем, упэўненая ў сабе і ў сваіх чарах. Ціхім голасам яна заказвала абед і рабіла заўвагі хлопчыку, які брынкаў відэльцам,— усё гэта з паказною абыякавасцю, быццам не заўважаючы асцярожнага, шукальнага баронавага позірку, хоць менавіта гэтая неадступная цікаўнасць была прычынаю яе вытанчаных паводзін за абедам.