Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Змрочны баронаў твар імгненна заззяў, маршчыны разгладзіліся, нябачны ток пабег па нервах, мускулы напружыліся, уся яго постаць ажыла, у вачах заблішчалі агеньчыкі. Ен сам быў падобны на тых жанчын, якім патрэбна прысутнасць мужчыны, каб праявіць усю сваю прывабнасць. Энергія яго абуджалася, толькі калі прадчувала якое-небудзь заляцанне. Гэтак было і цяпер — паляўнічы ўчуў здабычу. Ен задзірліва шукаў яе позірку, які часта слізгаў па ягоным твары, але не даваў яснага адказу на яго выклік. Яму здавалася, што губы яе складваюцца ў ледзь прыкметную ўсмешку, але ўсё
гэта было неакрэслена, і гэтая неакрэсленасць яшчэ болей распальвала яго. Адзінае, што падавала надзею,— гэта яе позірк, які ўпарта слізгаў міма яго, ён адчуваў у ім супраціўленне і разам з тым збянтэжанасць,— і яшчэ наўмысны, разлічаны на слухача тон размовы з дзіцём. Ен адчуваў за яе занадта падкрэсленым спакоем лёгкую трывогу. Сам ён таксама быў усхваляваны: гульня пачалася. Ен не спяшаўся кончыць абедаць: паўгадзіны ён амаль не зводзіў вачэй з гэтай жанчыны, пакуль не вывучыў кожную рысу яе твару> не прасачыў позіркам кожную лінію яе пышнай фігуры. За вокнамі гусцеў душны змрок, лес уздыхаў, як ахопленае страхам дзіця, вялізныя дажджавыя хмары працягвалі да яго свае шэрыя рукі, усё гусцей рабіўся цень у пакоі, усё мацней гняла цішыня, якая панавала тут. Размова мацеры з сынам — ён бачыў гэта — гучала пад пагрозаю цішыні ўсё болей штучна, усё болей ненатуральна; было ясна, што яна вось-вось абарвецца. Тады барон вырашыў зрабіць спробу. Ен першы ўстаў з-за стала, гледзячы міма яе ў акно, і нават накіраваўся да дзвярэй. Там ён хуценька павярнуў галаву, як быццам штосьці забыў,— і злавіў на сабе ўважлівы позірк.
Гэта яго акрыліла. Ен застаўся ў вестыбюлі. Неўзабаве яна з’явілася, трымаючыся за хлопчыкаву руку, мімаходам пагартала часопісы, паказала сыну некалькі малюнкаў. Але калі барон падышоў да стала, быццам каб узяць часопіс, а на самай справе, каб зазірнуць глыбей у яе вільготныя бліскучыя вочы, можа, нават распачаць размову,— яна адвярнулася, паляпала хлопчыка па плячы, сказала: «Viens, Edgar! Au lit!»1 i cnaкойна прайшла міма яго. Барон з лёгкаю прыкрасцю паглядзеў ёй услед. Ен, папраўдзе, разлічваў пазнаёміцца ў той жа вечар, і тое, што яна гэтак рашуча пайшла, расчаравала яго. Але, зрэшты, у яе супраціўленні была
Пойдзем, Эдгар! Спаць пара! (Фр.)
свая прывабнасць, і менавіта няўпэўненасць у поспеху падахвочвала яго. Так ці інакш — ён знайшоў партнёра; можна было пачынаць гульню.
РАПТОЎНАЕ СЯБРОЎСТВА
Назаўтра раніцаю, увайшоўшы ў вестыбюль, барон убачыў сына прыгожай незнаёмкі — ён ажыўлена гутарыў з двума хлопчыкамі-ліфцёрамі і паказваў ім малюнкі ў кніжцы Карла Мая. Яго мацеры не было; відаць, яна яшчэ займалася туалетам. Цяпер толькі барон звярнуў увагу на дзіця — сарамлівага, фізічна дрэнна развітага, нервовага хлопчыка гадоў дванаццаці з парывістымі рухамі і цёмнымі неспакойнымі вачамі. Як шмат хто з дзяцей у гэтым узросце, ён, здавалася, быў чымсьці напалоханы, быццам яго толькі што разбудзілі і прывялі на незнаёмае месца. Яго твар нельга было назваць непрыгожым, але рысы яшчэ канчаткова не вызначыліся, барацьба паміж дзяцінствам і сталасцю, мусіць, толькі пачыналася; усё было ледзь акрэслена, ніводная лінія не завершана на хваравіта-бледным, нервовым твары. Да таго ж, як заўсёды ў гэтым няўдзячным узросце, калі дзецям заўсёды не па мерцы іх адзенне, а ганарыстасць яшчэ не прымушае сачыць за вонкавым выглядам, рукавы і штаны ў яго матляліся на занадта худых руках і нагах.
Хлопчык сланяўся па вестыбюлі без занятку і рабіў даволі ўбогае ўражанне. Па сутнасці, ён усім перашкаджаў. Яго то адхіляў убок парцье, да якога ён прыставаў з усялякімі пытаннямі, то адштурхоўваў хто-небудзь ад дзвярэй; відаць, яму не хапала чалавека,з якім ён мог бы пагаварыць па-сяброўску. Дзіцячая патрэба пабалбатаць вымушала яго шукаць субяседнікаў сярод служачых атэля; тыя адказвалі яму, калі ў іх быў час, і адразу ж абрывалі размову, як толькі паказваўся хтонебудзь з дарослых ці тэрміновая работа патрабавала
кудысьці пайсці. Барон з усмешкаю, спачувальна пазіраў на беднага хлопчыка, які на ўсё глядзеў цікаўна і ад якога ўсе непрыветліва адварочваліся. Аднаго разу ён злавіў накіраваны на сябе цікаўны позірк, але чорныя вочы адразу ж спалохана кінуліся ўбок і схаваліся за апушчанымі павекамі. Гэта здалося барону забаўным. Хлопчык зацікавіў яго, і ён падумаў, ці нельга выкарыстаць дзіця, пужлівасць якога тлумачыцца, мусіць, толькі сарамяжнасцю, як пасрэдніка для хутчэйшага збліжэння. Ва ўсякім разе, трэба паспрабаваць. Непрыкметна ён пайшоў услед за хлопчыкам, які толькі што выскачыў на двор і, ахоплены дзіцячаю прагаю да ласкі, пагладзіў ружовыя ноздры белага каня; але і тут яму не пашанцавала — фурман даволі і’руба прагнаў яго. Пакрыўджаны і маркотны, ён бадзяўся каля дома, і позірк у яго быў пусты і крыху сумны. Вось тут барон і загаварыў з ім.
— Ну, малады чалавек, як табе тут падабаецца? — спытаўся ён, стараючыся вымавіць гэтыя словы самым простым і вясёлым тонам.
Хлопчык пачырванеў да вушэй і баязліва паглядзеў на барона. Ен, здавалася, спалохаўся, прыціснуў руку да грудзей і сарамліва пераступаў з нагі на нагу. Ніколі яшчэ з ім не загаворваў чужы чалавек.
— Дзякуй, вельмі падабаецца,— ледзь выціснуў ён з сябе. Апошняе слова з цяжкасцю выйшла з яго вуснаў.
— Гэта мяне здзіўляе,— сказаў барон, усміхаючыся,— па сутнасці, тут даволі сумна, асабліва такому маладому чалавеку, як ты. Што ж ты робіш цэлы дзень?
Хлопчык быў яшчэ занадта збянтэжаны і не знайшоў, што адказаць. Бо дагэтуль жа яго ніхто ведаць не хацеў,— няўжо гэты шыкоўна адзеты пан папраўдзе хоча з ім пагаварыць! Гэтая думка вызвала ў ім адначасова і нясмеласць і гордасць. Нарэшце ён набраўся духу.
— Я чытаю, і мы шмат гуляем з мамаю. Часам ездзім катацца. Мне трэба тут паправіцца, я быў вельмі
хворы. Доктар сказаў, што мне трэба шмат бываць на сонцы.
Апошнія словы ён сказаў ужо даволі ўпэўнена. Дзеці заўсёды ганарацца перанесенаю хваробаю: яны ведаюць, што страх за іх робіць бацькоў яшчэ больш уважлівымі.
— Так, сонца карысна такім юнакам, як ты; табе трэба загараць. Але навошта ты сядзіш тут цэлы дзень? У тваім узросце трэба больш бегаць, дурэць і нават сваволіць крыху. Мне здаецца, ты вельмі ўжо прыстойна паводзіш сябе, сядзіш поседам у пакоі з гэтаю тоўстаю кніжкаю пад пахай. Помню, які я быў гарэза ў твае гады. Кожны вечар прыходзіў дадому ў падраных штанах. He трэба быць дужа ціхім!
Хлопчык міжволі ўсміхнуўся, і страх яго прапаў. Ен хацеў адказаць, але словы здаліся яму занадта смелымі, занадта дзёрзкімі, каб ён сказаў іх гэтаму слаўнаму незнаёмцу, які так ласкава размаўляў з ім. Ен ніколі не быў бойкі, заўсёды лёгка бянтэжыўся, а цяпер ад радасці і сарамлівасці зусім сумеўся. Яму вельмі хацелася гутарыць яшчэ, але нічога не прыходзіла ў галаву. На шчасце, з’явіўся вялікі жоўты сенбернар з атэля, абнюхаў іх абодвух і даў сябе пагладзіць.
— Ты любіш сабак? — спытаўся барон.
— Вельмі! У маёй бабулі ў Бадэне на віле ёсць сабака. Калі мы жывём там, сабака цэлы дзень са мною. Але гэта толькі ўлетку, калі мы там гасцюем.
— У нас, у маёнтку, іх, напэўна, дзесяткі два. Калі тут у цябе ўсё будзе добра, я падару табе аднаго. Карычневага шчанюка з белымі вушамі. Хочаш?
Хлопчык пачырванеў ад радасці.
— Хачу.
Гэтыя словы вырваліся ў яго горача і прагна. Але ён адразу дадаў з баязлівым сумненнем:
— Але мама не дазволіць. Яна кажа, што не дазволіць трымаць сабаку ў доме, з ім занадта многа клопату.
Барон усміхнуўся. Нарэшце-такі размова пайшла пра маму.
— Няўжо твая мама такая строгая?
Хлопчык падумаў, паглядзеў на барона, быццам пытаўся, ці можна даверыцца гэтаму чужому чалавеку. Адказ прагучаў асцярожна:
— He, мама не вельмі строгая. Цяпер, пасля хваробы, яна ўсё мне дазваляе. Можа, яна нават дазволіць узяць сабаку.
— Хочаш, я папрашу яе?
— Ага, калі ласка, папрасіце,— узрадаваўся хлопчык.— Тады мама, напэўна, дазволіць. А які ў вас сабака? У яго белыя вушы, праўда? Умее ён насіць?
— Так, ён усё ўмее.— Барон усміхнуўся, заўважыўшы, як ад ягоных слоў у хлопчыка разгарэліся вочы. Адразу знікла сарамлівасць, і гарачнасць, якую дагэтуль стрымліваў страх, вырвалася наверх. Баязлівае, запалоханае дзіця з маланкаваю хуткасцю ператварылася ў гарэзу. «Каб у яго мацеры за стрыманасцю хавалася такая ж гарачнасць!» — міжволі падумаў барон. Але хлопчык ужо засыпаў яго пытаннямі:
— Як завуць вашага сабаку?
— Каро.
— Каро! — захапляўся хлопчык. Ен смяяўся і радаваўся кожнаму слову, ап’янёны тым, што нехта нечакана паставіўся да яго гэтак прыязна. Барон сам здзіўляўся хуткаму поспеху і вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае. Ен прапанаваў хлопчыку пайсці пагуляць, і беднае дзіця, згаладалае за доўгія тыдні па чалавеку, які хацеў яго выслухаць, было ў вялікім захапленні. Яно бесклапотна выбалботвала тое, на што яго наводзіў новы сябар пры дапамозе бяскрыўдных, як бы выпадковых пытанняў. Неўзабаве барон трапнымі пытаннямі ўжо даведаўся ўсё пра яго сям’ю: што Эдгар — адзіны сын венскага адваката, які належаў, відаць, да заможнай яўрэйскай буржуазіі, што мама не ў захапленні ад
Зэмерынга і скардзіцца на адсутнасць прыемнай кампаніі. 3 ухілістага Эдгаравага адказу на пытанне, ці вельмі мама кахае тату, ён улавіў, што тут не ўсё добра. Яму было амаль сорамна за тую лёгкасць, з якою ён выпытаў у даверлівага хлопчыка ўсе гэтыя маленькія сямейныя таямніцы. Эдгар вельмі ганарыўся, што хтосьці ўважліва слухае яго, і ледзь не навязваў новаму сябру сваю шчырасць. Яго дзіцячае сэрца перапаўняла гордасць — барон гуляў з ім, абнімаў за плечы, і Эдгар ад думкі, што ўсе могуць бачыць яго ў сяброўскай гутарцы з дарослым, паступова забыўся аб розніцы ў гадах і балбатаў лёгка і вольна, як са сваім равеснікам. Эдгар быў, мяркуючы па гаворцы, вельмі разумны, не на ўзрост развіты, як амаль усе хваравітыя дзеці, якія праводзяць больш часу з дарослымі, чым з таварышамі ў школе, і вызначаўся незвычайна абвостраным пачуццём любові і нянавісці. Hi да чаго ён не ставіўся спакойна; пра кожнага чалавека, пра кожную рэч ён гаварыў або з захапленнем, або з такою агідаю, што твар яго крывіўся і рабіўся злым і непрыгожым. У гарачнасці, з якою ён гаварыў, было нешта дзікае, парывістае; можа, у гэтым выяўляліся вынікі нядаўна перанесенай хваробы; здавалася, яго нехлямяжасць не што іншае, як з цяжкасцю заглушаны страх перад сваёю гарачнасцю.