• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пякучая таямніца  Штэфан Цвэйг

    Пякучая таямніца

    Штэфан Цвэйг

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 496с.
    Мінск 1994
    86.71 МБ
    Барон без усякіх намаганняў здабыў яго давер. Усяго паўгадзіны спатрэбілаея на тое, каб авалодаць палкім, неспакойным сэрцам. Як бясконца лёгка можна падманваць дзяцей, прастадушных істот, любві якіх рэдка хто дамагаецца. Яму варта было толькі перанесціся ў мінулае — і ён так натуральна і проста ўвайшоў у тон дзіцячай балбатні, што хлопчыку здавалася, быццам ён размаўляе з роўным, і ўжо праз некалькі мінут ад яго нясмеласці не засталося і следу. Ен быў шчаслівым, што тут, на гэтым пустэльным месцы, нечакана знайшоў сябра — і якога сябра! Забыліся венскія аднагодкі з іх тоненькімі галасамі і наіўнай балбатнёй, выкрэслены
    з памяці пачынаючы з гэтай знамянальнай гадзіны! Уся яго ўзнёслая сімпатыя належала цяпер новаму, даросламу сябру. Сэрца поўнілася гордасцю, калі барон, развітваючыся, прапанаваў яму заўтра раніцаю зноў пагуляць разам і ўжо здалёк яшчэ раз кіўнуў яму, як брату. ’ Гэта была, мусіць, самая лепшая хвіліна ў яго жыцці.
    Нічога няма лягчэй, як падманваць дзяцей.
    Барон, усміхаючыся, глядзеў услед хлопчыку, які імчаўся да ўвахода. Пасрэднік быў знойдзены. Ен ведаў, што хлопчык замучыць цяпер мацеру расказамі, перадасць ёй кожнае слова,— і ён з задавальненнем прыгадаў, як трапна ўставіў у размову некалькі кампліментаў у адрас мацеры, нязменна называючы яе «твая прыгожая мама». Можна не сумнявацца, што гаваркі хлопчык не супакоіцца, пакуль не пазнаёміць яго з маці. Яму самому болей не трэба будзе варушыць і пальцам, каб скараціць адлегласць паміж сабою і прыгожаю незнаёмкаю; ён можа спакойна цешыцца цудоўнымі краявідамі і марыць: ён ведае, што гарачыя дзіцячыя рукі пракладваюць яму мост да яе сэрца.
    ТРЫО
    Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон — наўмысна з некаторым спазненнем — увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ей прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю
    і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і мінуты дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную мацеру з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка — Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця,— і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе,яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая,і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку йара спаць.
    Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.
    Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга выме-
    раць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.
    Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? — пакутліва дапытваўся ён у самога сябе.— Кім я магу быць яму, што я магу яму даць? » Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.
    У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ен баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо у сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка — каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.
    А палове дзесятай барон, нарэшце, паволі, з бесклапотным выглядам спусціўся ў вестыбюль. Ен, вядома, даўно забыўся пра сваё абяцанне, але калі Эдгар імкліва кінуўся да яго, ён усміхнуўся гэтаму палкаму парыву і выказаў гатоўнасць стрымаць сваё слова. Ен узяў хлопчыка пад руку, прагуляўся крыху са сваім юным, ззяючым ад шчасця спадарожнікам, але адмовіўся — мякка, але рашуча — пайсці цяпер куды-небудзь пагуляць далей. Ен як быццам чагосьці чакаў, мяркуючы па нецярплівых позірках, якія ён кідаў на дзверы. Раптам барон насцярожыўся. Эдгарава маці ўвайшла ў вестыбюль і, ветліва адказаўшы на баронава прывітанне, павярнула да іх. Яна ўхвальна ўсміхнулася, пачуўшы пра запланаваную прагулку, пра якую Эдгар не расказваў ёй, раўніва захоўваючы запаветную таямніцу, і адказала згодаю на баронава запрашэнне прыняць у ёй удзел.
    Эдгар адразу насупіўся, закусіў губы. Як прыкра, што яна ўвайшла якраз у гэтую хвіліну! Прагулка ж цалкам належала яму; калі ён і пазнаёміў свайго сябра з мамаю, то гэта была толькі яго добрая ласка, але дзяліць сябра з ёю ён не мае намеру. Заўважыўшы галантнае абыходжанне барона з мамаю, ён ужо адчуваў нешта накшталт рэўнасці.
    Яны пайшлі на прагулку ўсе, і надта яўная ўвага, якую абое дарослыя спадарожнікі звярталі на дзіця, узмацняла ў ім небяспечнае ўсведамленне сваёй значнасці. Эдгар быў амаль адзіным прадметам іхняй размовы: маці з крыху перабольшанай трывогаю гаварыла, які ён бледны і нервовы, а барон з усмешкаю пярэчыў ёй і рассыпаўся ў пахвалах свайму «сябру», як ён яго зваў. Ніколі Эдгар не быў такі шчаслівы. Упершыню ён атрымаў правы, якіх увесь час быў пазбаўлены. Ен удзельнічаў у размове, і ніхто не спыняў яго; ён нават выказваў дзёрзкія просьбы, і яму даравалі гэта. I нядзіўна, што ў ім з кожнаю хвілінаю расло падманлівае пачуццё, што ён ужо дарослы. Ен цешыў сябе думкаю, што дзяцінства засталося за ім, як застаецца скінутае адзенне, з якога ты ўжо вырас.
    У абед, па запрашэнні Эдгаравай маці, якая рабілася ўсё болып ласкавай, барон сядзеў за іх сталом. Візаві ператварыўся ў суседа, знаёмы — у сябра. Трыо наладзілася, і тры галасы — жаночы, мужчынскі і дзіцячы — гучалі ва унісон.
    ATAKA
    Нецярплівы паляўнічы вырашыў, што настаў час падкрасціся да здабычы. Сямейны ансамбль з трох чалавек надакучыў яму. Вельмі хораша быць разам усім і балбатаць, але, зрэшты, не балбатня ж была ягоная мэта. А ён ведаў, што еалонны тон, які патрабаваў маскіроўкі жаданняў, заўсёды ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю ставіць на задні план эратычнае, пазбаўляе словы пачуцця, а націск — палу. Трэба зрабіць так, каб за свецкаю гутаркаю яна не забывалася пра яго сапраўдныя намеры, якія — у гэтым ён не сумняваўся — яна ўжо разгадала.
    Было нямала шанцаў, што яго заляцанні да гэтай жанчыны ўвянчаюцца поспехам. Яна дасягнула таго
    крытычнага ўзросту, калі жанчына пачынае раскайвацца, што ўсё жыццё захоўвала вернасць мужу, якога, зрэшты, ніколі не кахала, і калі закат знікаючай прыгажосці яшчэ дазваляе зрабіць выбар: быць толькі мацераю або яшчэ раз, апошні, пабыць жанчынаю. Жыццё, здавалася, даўно ўжо адказала на ўсе пытанні, але тут яно яшчэ раз ставіць новае пытанне, апошні раз магнітная стрэлка волі вагаецца паміж надзеяй на эратычнае пачуццё і канчатковым самаадрачэннем. Жанчына тады стаіць перад рашаючым выбарам — або жыць уласным жыццём, або жыццём сваіх дзяцей, быць мацераю або быць жанчынаю. I барон, дасведчаны ў такога роду справах, заўважыў у Эдгаравай маці адзнакі гэтага небяспечнага вагання. Яна ніколі не ўспамінала ў размове пра мужа і амаль не ведала ўнутранага жыцця дзіцяці. Цень нуды, завуаляваны меланхоліяй, ляжаў на яе міндалепадобных вачах і толькі крыху прыглушаў захаванае ў іх палкае пачуццё. Барон вырашыў ісці да мэты імкліва і разам з тым не выказваць ніякай паспешнасці. Наадварот, як рыбак, што прынаджвае здабычу і адпускае лёску, ён разыгрываў абыякавасць, каб прымусіць яе імкнуцца да збліжэння, хоць сапраўды імкнуўся да яго сам. Ен вырашыў паводзіць сябе крыху высакамерна, падкрэсліваць адрозненне ў грамадскім становішчы; яго спакушала думка авалодаць гэтай пышнай спелай прыгажуняй, разлічваючы толькі на свой выгляд, гучнае арыстакратычнае імя і халоднае абыходжанне.