Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Так ішло два тыдні. Я жыў па-за часам, па-за жыццём. Пачніся тады вайна, я ніколі не даведаўся: мой свет абмяжоўваўся толькі сталом, дзвярамі, ложкам, умывальнікам, крэслам, акном, сценамі. Кожны раз, калі я глядзеў на шпалеры, мне здавалася, што хтосьці паўтарае іх зігзагападобны малюнак стальным разцом у мяне ў мозгу. Потым нарэшце пачаліся допыты. Выклікалі раптоўна — я не ведаў, удзень гэта было ці ўночы. Па выкліку прыходзілася ісці невядома куды, некалькімі калідорамі, потым чакаць невядома дзе. Нарэшце вы заўважалі, што стаіце перад сталом, за ім сядзіць некалькі чалавек у форме. На стале ляжалі стосы папер — дакументы, зместу якіх вы не ведалі; потым пачыналіся пытанні: патрэбныя і непатрэбныя, прамыя і каварныя, пытанні-шырмы і пытанні-пасткі. Пакуль вы адказвалі
на іх, чужыя нядобрыя пальцы перагортвалі паперы, і вы не ведалі, што ў іх напісана, і чужая нядобрая рука запісвала вашы паказанні, 1 вы не ведалі, што, уласна, яна запісвала. Але самым страшным на допытах было тое, што я не ведаў і не мог даведацца, што сапраўды ўжо вядома гестапа пра аперацыі, якія рабіліся ў маёй канторы, і што яны яшчэ толькі спрабуюць выпытаць у мяне. Я ўжо казаў вам, што ў апошні момант аддаў аканомцы для перадачы дзядзьку самыя важныя паперы. Ці дайшлі да яго гэтыя дакументы? I што мог выдаць той канцылярыст? Колькі лістоў яны перахапілі? Што маглі яны ўжо выпытаць у якога-небудзь праставатага святара ў адным з германскіх манастыроў, чые інтарэсы мы прадстаўлялі? А яны ўсё пыталіся і пыталіся. Якія каштоўныя паперы купляў я такому-та манастыру? 3 якімі банкамі вёў дзелавую перапіску? Ці ведаў я вось такого пана? Ці атрымліваў я лісты са Швейцарыі ці з бог ведае яшчэ якога месца? Я не мог прадбачыць, да чаго яны ўжо дакапаліся, і кожны мой адказ тоіў вялізную небяспеку.
Але допыты былі яшчэ не самае страшнае. Горш за ўсё было вяртацца пасля допыту ў пустату — у той самы пакой, з тым самым сталом, з тым самым ложкам, з тым самым умывальнікам, тымі самымі шпалерамі. Калі я заставаўся адзін, я адразу пачынаў узнаўляць у памяці ўсё, што было на допыце, думаць, як я больш разумна мог бы адказаць на пытанні, перабіраць, што мне сказаць наступны раз, каб развеяць падазрэнне, выкліканае маёю неабдуманаю заўвагаю. Я ўсё гзта перабіраў у галаве, абдумваў з усіх бакоў, правяраў, узважваў кожнае слова, якое гаварыў следчаму, узнаўляў у памяці яго пытанні і мае адказы; я спрабаваў разабрацца, што з маіх паказанняў заносіцца ў пратакол, хоць добра ўсведамляў, што разлічыць і ўстанавіць усё гэта проста немагчыма. Але варта было мне застацца аднаму ў пустаце, думкі пачыналі шалёна круціцца ў галаве, яны
выклікалі ўсё новыя меркаванні, не давалі мне спакою нават у сне; кожны раз услед за допытам у гестапа за работу бязлітасна браліся мае ўласныя думкі. Тут толькі я цалкам усвядоміў, з якою д’ябальскаю вытанчанасцю, з якім жахлівым веданнем чалавечай псіхалогіі была прыдумана сістэма турэмнай адзіноты ў гасцініцы. У канцэнтрацыйным лагеры, мабыць, прыйшлося б вазіць на тачцы камяні, пакуль не натрэш на руках крывавых мазалёў і пакуль не адубеюць ногі, жыць у смярдзючай і халоднай каморцы разам з двума дзесяткамі няшчасных людзей. Але ж там вакол сябе можна было б бачыць чалавечыя твары, якое-небудзь поле, тачку, дрэва, зорку, там можна было б на чымсьці запыніць свой позірк; а тут навокал усё было нязменнае, увесь час адно і тое, жахліва нязменнае. Тут не было нічога, што адцягнула б мяне ад думак, ад назойлівых ідэй, ад хваравітых разлікаў. Гэтага яны і дабіваліся: яны хацелі, каб думкі душылі мяне, душылі да таго часу, пакуль я не пачну задыхацца, пакуль у мяне не будзе іншага выйсця, як здацца і нарэшце прызнаць, прызнаць усё, што ім патрэбна, выдаць людзей і дакументы. Паступова я пачаў адчуваць, што пад страпіэнным ціскам пустаты нервы мае пачынаюць здаваць. Я разумеў, як гэта небяспечна, і з усіх сіл напружваў волю; каб канчаткова не страціць улады над сабою, я спрабаваў хоць чым-небудзь заняцца. Я спрабаваў дэкламаваць вершы, узнавіць у памяці ўсё, што калінебудзь ведаў на памяць,— народныя песні, дзіцячыя вершыкі, Гамера, якога калісьці вывучалі ў гімназіі, параграфы грамадзянскага кодэксу. Потым я пачаў рашаць арыфметычныя задачкі, складаў і дзяліў у памяці разнастайныя лічбы, але ў пустаце свядомасці не было за што ўчапіцца. Я не мог ужо ні на чым сканцэнтравацца. У галаву лезла адна і тая ж думка, ліхаманкава пыталася: што яны ведаюць? Што я сказаў учора, што мне трэба сказаць заўтра?
Гэты стан перадаць немагчыма, і быў я ў ім чатыры месяцы. Чатыры месяцы — гэта лёгка напісаць, усяго некалькі літар! Лёгка і сказаць — усяго шэсць складоў. Губы скажуць за чвэрць секунды гэтыя гукі: чатыры месяцы! Але хто можа расказаць і вымераць, хто можа наглядна паказаць, як бясконца доўга цягнуўся гэты час за межамі часу і прасторы? Нікому не растлумачыш, ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, як губіць і разбурае чалавека адзінота, калі навокал адна пустата, пустата і той самы стол і ложак, і ўмывальнік, і шпалеры, і ўвесь час цішыня, і ўсё той самы служка, які, не падымаючы вачэй, прасоўзае ў дзверы яду, усё тыя ж думкі, якія ўночы не даюць табе спакою да таго часу, пакуль не пачнеш траціць розум. Па некаторых нязначных прыкметах я з жахам зразумеў, што мозг мой перастае дзейнічаць нармальна. Спачатку я прыходзіў на допыты з зусім яснаю галавою; я даваў паказанні спакойна і асцярожна і выразна адчуваў, што я павінен гаварыць і чаго не павінен. Цяпер жа я мог толькі адно — запінаючыся, гаварыць самыя простыя фразы, бо вочы мае неадступна сачылі за пяром, як загіпнатызаваныя, а пяро бегала па паперы, запісваючы паказанні, і мне самому хацелася імчацца ўслед за сваімі словамі. Я адчуваў, што сіла ў мяне канчаецца, адчуваў, што набліжаецца момант, калі дзеля выратавання я раскажу ўсё, што ведаю, а можа, нават і болей. Каб вырвацца з гэтай задушлівай пустаты, я выдам дваццаць чалавек і іх таямніцы, выдам без ніякай выгады сабе, атрымаю, мабыць, толькі кароткую перадышку. Аднаго разу ўвечары дайшло да таго, што, калі турэмны наглядчык прынёс мне ежу, я раптам закрычаў яму ўслед:
— Вядзіце мяне на допыт! Я хачу ва ўсім прызнацца! Я ўсё скажу! Я скажу, дзе паперы і грошы!
Але, на пічасце, ён не чуў мяне. А мо не хацеў чуць.
I вось у гэты момант крайняй безнадзейнасці адбылося нештА непрадбачанае, што давала мне шанц на выра-
таванне, хай часовае, але ўсё-такі выратаванне. Быў канец ліпеня, цёмны, хмурны, дажджлівы дзень. Перад допытам заўсёды прымушалі доўга чакаць, гэта ўваходзіла ў іхнюю сістэму. Спачатку ўзбуджалі нервы раптоўным выклікам з камеры сярод ночы, потым, калі вы бралі сябе ў рукі і падрыхтоўваліся да допыту, калі ваша воля і розум былі напружаны і гатовы да супраціўлення, вас прымушалі чакаць, стаяць перад зачыненымі дзвярыма адну, дзве, тры гадзіны. Гэтая бяссэнсавая паўза была разлічана на тое, каб стаміць вас фізічна і зламаць маральна. У той чацвер, 27 ліпеня, яны трымалі мяне асабліва доўга, дзве гадзіны я стаяў і чакаў у прыёмнай. Зразумела, мне ніколі не дазвалялі садзіцца, і за гэтыя дзве гадзіны ногі мае зусім здранцвелі. Есць асаблівая прычына, чаму я добра запомніў дату — у пакоі, дзе я чакаў, вісеў каляндар; мне, паверце, цяжка растлумачыць вам, як прагнуў я ўбачыць што-небудзь надрукаванае, што-небудзь напісанае, і таму я, як зачараваны, утаропіўся ў гэтыя лічбы і літары: «27 ліпеня»; я проста ўпіваўся ў іх вачамі. Потым я зноў чакаў, усё чакаў, глядзеў на дзверы, пытаўся ў сябе: калі ж яны нарэшце адчыняцца? Я прыкідваў у галаве, якія пытанні паставяць мне гэты раз мае інквізітары, але добра разумеў, што спытаюцца яны пра нешта зусім іншае, а не пра тое, да чаго я падрыхтаваўся. I ўсё-такі, нягледзячы ні на што, я бласлаўляў гэтую пакутлівую невядомасць, неабходнасць стаяць: бо я быў ў другім, не ў сваім пакоі. Гэты пакой быў крыху большы за мой, з двума вокнамі замест аднаго, без ложка, без умывальніка і без мільён разоў бачанай трэшчыны на падаконніку. Дзверы былі афарбаваны ў другі колер, каля сцяны стаяла другое крэсла, а злева — шафа пад паперы і вешалка, на якой віселі тры ці чатыры мокрыя шынялі, шынялі маіх катаў. Перада мною было нешта новае, нешта іншае, свежае відовішча згаладалым вачам, і яны прагна ўбіралі ўсе падрабязнасці. Я разглядваў кожную
складку на шынялях; я заўважыў, напрыклад, што на адным мокрым каўняры павісла кропля, і — вам гэта, пэўна, будзе смешна — я з бяссэнсавым хваляваннем чакаў, ці адарвецца нарэшце гэтая кропля і скоціцца з каўняра, ці яна здолее пераадолець зямное прыцягненне і ўтрымаецца на месцы. Гэта праўда, на некалькі мінут я затоіў дыханне і сачыў за кропляю, быццам ад яе залежала маё жыццё. Калі кропля нарэшце скацілася, я ўзяўся пералічваць гузікі на шынялях,— на адным было восем, на другім таксама восем, на трэцім — дзесяць; потым я параўноўваў знакі адрознення. I ўбачыў такое, на чым зачаравана замёр мой позірк. Я заўважыў, што бакавая кішэня аднаго шыняля крыху адтапырваецца. Я падсунуўся бліжэй і па прамавугольных абрысах таго, што ляжала ў кішэні, здагадаўся, што гэта была кніжка. Калені мае задрыжалі. Кніжка! Чатыры месяцы я не трымаў у руках кніжкі, і ўжо сама думка пра кніжку, што словы ў ёй могуць складвацца ў радкі, а тыя ў старонкі, аркушы і нарэшце ўсё гэта ў кніжку, у якой можна знайсці і запомніць новыя, невядомыя мне дагэтуль, цікавыя думкі,— усё гэта адначасова і ўзбуджала, і адурманьвала мяне. Я, як загіпнатызаваны, глядзеў на адтапыраную кішэню, у якой ляжала кніжка, глядзеў з такою моцнаю прагаю, быццам хацеў прапаліць сваім позіркам дзірку ў шынялі. Нарэшце я не мог болей стрымліваць нецярпення; міжволі я ўсё бліжэй падсоўваўся да шыняля. Рукі мае моцна дрыжалі пры адной думцы, што я магу дакрануцца да кніжкі,— хоць бы толькі праз тканіну. Ужо хутчэй несвядома, не ведаючы, што я раблю, я ўсё бліжэй падсоўваўся да вешалкі. На шчасце, наглядчык не звяртаў увагі на мае не зусім звычайныя паводзіны; мусіць, ён не бачыў нічога асаблівага ў тым, што чалавек, які прастаяў на нагах дзве гадзіны, хоча абаперціся аб сцяну. Нарэшце я стаяў ужо зусім блізка ад шыняля. Каб атрымаць магчымасць непрыкметна дакрануцца да