• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская літаратура  Адам Глобус, Міраслаў Адамчык

    Беларуская літаратура

    Адам Глобус, Міраслаў Адамчык

    Выдавец: Сучасны літаратар
    Памер: 1008с.
    Мінск 2004
    816.86 МБ
     цёмныя патрэсканыя рукі яе ляжалі на прыполе,— A то за калодзеж — адрабляй, за каня — адрабляй...
    У нашай вёсцы ўжо гаварылі пра калгасы, і кожнае суботы ціхім чэрствым вечарам, спатыкаючыся ўпоцемку на вуліцы, узбіваючыся на платы, па вёсцы хадзіў старшыня сельсавета і разам з ім, расслабіўшы цёплыя хусткі, настаўніцы з нашае школы.
    Аднойчы ў нашую хату старшыня прыйшоў з дырэктарам школы і Чаславай Карлаўнай.
    —	Аа, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Я сядзеў за сталом — якраз адрабляў урокі.
    Я засаромеўся і схаваў пад лаўку босыя ногі. Мама засаромелася таксама — пачырванела і пачала спешна прыбіраць у хаце.
    —	Нічога, нічога, хадзяйка... — Старшыня агледзеў нашу хату, і вочы яго спыніліся недзе на сцяне, на мамінай яшчэ дзявочай павялічанай фатаграфіі. — Ну, дык як нашчот калгаса, хадзяйка?..
    —	Як усе добрыя людзі, так і я. — Мама змахнула фартухом з услона. — Во садзіцеся... А я вам скажу, якая з мяне калгасніца... Няхай во багацейшыя — у іх коні ёсцека.
    Настаўніца і дырэктар школы таксама разглядалі маміну фатаграфію — мама там яшчэ была прыгожая.
    Часлава Карлаўна падышла да стала — лёгкім ветрам дыхнуў на мяне светлы пах яе духоў, і ў мяне, здаецца, закружылася галава.
    —	Ты рашыў задачу? Помні — яна з двума невядомымі. — Вочы ў яе былі цёмныя і ціха мільгалі.
    — Ага...
    Яна абняла мяне адною рукою, і на тонкім пярсцёнку ў яе бэзавым святлом мільгануў каменьчык. Я стаіўся ад нечаканага шчасця, з памяці зноў выплылі тыя дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё...»
    —	А як з пастаўкаю? Нябось, слаба, га? — старшыня гаварыў ужо недзе з сенцаў. — Дык думай пра калгас, хадзяйка.
    —	Што ж... Я ўжо ні першая ні апошняя, — сказала мама, стоячы каля дзвярэй.
    За старшынёю выйшла настаўніца. Дырэктар школы працягнуў з сенцаў руку. Часлава Карлаўна ўзялася за яе і асцярожна ступіла за парог. У сенцах, мусіць^ на нешта спатыкнулася — залілася смехам. Зарагатаў дырэктар школы, і яны доўга чамусьці шукалі клямку.
    У той вечар маме не спалася: яна гаварыла пра вайну, пра калгасы, а я драмаў пад гэтую гаворку, успамінаючы цёмныя вочы Чаславы Карлаўны, яе прыгожы твар і тонкі пярсцёнак з бэзавым каменьчыкам. I ноччу яе сніў. Мы хадзілі з ёю за рэчку ў карычневасіняваты голы алешнік, што пах ветрам і сырым холадам шэрае восені, зграбаць лісце. Набіралі яго поўныя дзяружкі і неслі дадому на подсціл карове, як неслі з мамай, па гнуткай кладцы, праз чужыя падворкі, — і з дзяружкі ў Чаславы Карлаўны ўсё падала мне пад ногі зрудзелае альховае лісце. Я ішоў па гэтым лісці — яно чуйна і мякка шапацела пад нагамі. Назаўтра мне ўспамінаўся гэты сон. А Часлава Карлаўна ўвайшла ў клас пановаму прыгожая, іншая, чым у той вечар, — у шэрай куртачцы з пазалочаным замочкам, у просценькай спадніцы, у гумовых бліскучых ботах, завязаўшы пад бараду выцвілую празрыстую касынку, — і выдавала зусім маладою, жваваю, як дзесяцікласніца.
    —	Дзеці, мы паедзем у лес, — сказала яна, і на шчоках у яе задрыжалі ямачкі.
    Клас зашумеў, затупаў ад радасці нагамі.
    —	Мы будзем загатаўляць дровы.
    На школьным двары, выстраіўшыся, ужо стаялі старшакласнікі — падпяразаныя піламі, з сякерамі ў руках. Сякеры блішчалі халодным і вострым лязом. Наш клас прыст
    ВЯЧАСЛАУ АДАМЧЫК
    813
    роіўся самы апошні. Мы пайшлі на вакзал. Дзесяцікласнікі не ў лад, збіваючыся, зацягнулі песню.
    Да нас падбегла Часлава Карлаўна і ўзмахнула белымі рукамі:
    — Ну, памагайце і вы!
    Але песня ў нас не выходзіла. Мы заспявалі толькі ў вагоне. Часлава Карлаўна адчыніла акно — у вагон хлынуў тугі вецер і закруціўся разам з салодкім паравозным дымам. Часлава Карлаўна нямоцна зажмурылася, мусіць, радасна прыслухоўваючыся, як па твары чутна плыў і плыў вецер, як лёгка трапяталася над брывом, над вокам празрыстая пасма валасоў. Я ўсё глядзеў і глядзеў на яе.
    3	лесу варочаліся толькі мы — пяцікласнікі, старшыя класы засталіся начаваць. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Каля мяне ў вагоне сядзела Часлава Карлаўна і таксама прыемна пахла сырым дымам, так, як пахла мая мама, калі паліла ў печы зялёным сасновым галлём.
    Асалавелыя, маўклівыя, мы яшчэ цягнуліся з вакзала ў школу— па свае сумкі.
    —	А заўтра пойдзем яшчэ? — хітра пытала ўжо ў класе Часлава Карлаўна, і на шчоках у яе зноў выступілі непрыгожыя ямкі.
    —	Пойдзем, — як заўсёды, за ўсіх нас крыкнуў з апошняй парты Капейка.
    —	Толькі не забывайцеся пра арыфметыку. Ці ж усе рашылі задачу?
    — Усееэ.	.
    —	А можа, хто хоча рашыць яшчэ адну? Я дам свой задачнік.
    Усе маўчалі, бо ва ўсіх былі свае задачнікі, толькі я перапісваў умовы задач у Кіры Фахрушавай. Часлава Карлаўна глядзела на мяне і падышла да мае парты.
    — На табе, Мечык.
    Яна паклала задачнік на маю парту — я пачуў, як ён лёгка запах светлымі духамі.
    Потым ён гэтаксама пах у нашай хаце — і, мне здавалася, у хаце зрабілася хораша, як бывае хораша перад вялікаднем, калі ў нас пахлі свежыя яловыя лапкі, пазатыканыя пад бэльку, і сыры жоўты пясок, якім мама пасыпала гліняны ток. Цэлы вечар я рашаў задачы, а мама ўпраўлялася з вячэраю — у печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы.
    — Будзе госць, — гаварыла мама і не баючыся брала пальцамі яшчэ не астылы, што пераліваўся чырвонасіняватым адлівам, вугельчык і кідала назад у печ.
    I мне думалася, што гэтым госцем у нашай хаце будзе зноў Часлава Карлаўна, думалася пра тое, як мы заўтра зноў будзем ехаць у лес, будзе калыхацца жоўты вагон і будзе насупраць мяне сядзець Часлава Карлаўна, а я буду глядзець на яе белы прыгожы твар, на завушніцы, што будуць лавіць сонца, што будзе коса свяціць у наш вагон, на плячо Чаславы Карлаўны.
    Але назаўтра раніцаю рэдка і буйна пасыпаўся дождж, і ў школу ўсе прыйшлі мокрыя, невясёлыя, што ніхто нікуды не паедзе, і пасля званка чакалі Чаславу Карлаўну — меўся быць яе першы ўрок, — прыслухоўваючыся, як у вадасцёкавай трубе холадна, аж шэрхне скура, шуміць дажджавая вада і нудна крычыць на школьным двары мокрая варона.
    У клас, прыпазніўшыся, увайшоў фізрук, паныла сказаў, што будзе фізкультура. Толькі перад апошнім урокам перапалоханая, здзічэлая Кіра Фахрушава прынесла ў клас нечаканую навіну: сёння ноччу ў лесе параніўся і, можа, памрэ сын Чаславы Карлаўны — ён укінуў у агонь снарад. Кіра сціснула каля грудзей худыя кулачкі і заплакала першая, за ёю мокра зашморгалі насамі ўсе дзяўчаткі. Хлопцы панура маўчалі. Мне чамусьці было шкада не сына Чаславы Карлаўны, а яе самую. У мяне ў нейкай дзіўнай асалодзе закружыліся, замільгалі нечаканыя думкі: некалі Часлава Карлаўна забудзецца, што ў яе быў сын, а я прыйду і скажу, што хачу быць у яе за сына. I яна спярша заплача, а потым засмяецца, абдыме, пацалуе мяне, павядзе дадому. I я стану жыць у хаце з белымі фіранкамі, з цёплай пафарбаванай падлогай, з мяккімі ходнікамі — у такой самай хаце, у якую я заходзіў аднойчы з мамаю, яшчэ пры немцах, калі мы насілі прадаваць у мястэчка малако. I мяне будзе наведваць мама. А Часлава Карлаўна будзе нячутна хадзіць па ходніках у блакітным доўгім халаце з бліскучымі кветкамі, і зпад халата будуць відны чырвоныя пантофлі з пушыстым белым кутасікам, як у той пані, якой мы прадавалі малако. Толькі ж куды дзенецца немалады, хмуры муж Чаславы Карлаўны?
    На другі дзень у нашым класе замест арыфметыкі была зноў фізкультура. Была яна і на трэці... Міналі дні — ужо ў нашай школе ўставілі падвойныя рамы, ужо мы з мамаю на агародзе высеклі капусту, заклалі кастрыцаю падаконне, ужо раніцаю скрозь на стрэхах
    814 ВЯЧАСЛАЎ АДАМЧЫК
    шарэў марозік, шэрхла і цвярдзела зямля на дарогах — усе чакалі зімы, і да нас прыйшла ■выкладаць арыфметыку хімічка з сёмага класа — Чаславы Карлаўны не было.
    Ужо аднойчы за акном марудна сыпаўся густы снег — у класе стала цёмна. Мы ўсё прыўставалі і глядзелі ў акно і не маглі дачакацца перапынку. I беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег і крохка хрумсцеў пад нагамі, дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаты ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. А Часлава Карлаўна ўсё не прыходзіла ў школу.
    Я стаў адчуваць адзіноту, сумную шэрасць апошніх дзён восені і нейкую невыразную тугу, што Часлава Карлаўна не прыйдзе ніколі, хоць хімічка казала, што Часлава Карлаўна хутка выздаравее, што з бальніцы ўжо выйшаў яе сын, — але мне невядома чаму не верылася, і я думаў, што Часлава Карлаўна ніколі не будзе ведаць, што я яе любіў і што яна для мяне была самаю прыгожаю на свеце. А можа, і добра, што яна не дазнаецца пра гэта і ёй не будзе сорамна, як бывае мне, калі я думаю пра яе і ад сораму аж заплюшчваю вочы. Але мне хораша ад гэтых думак, асабліва раніцай, калі я адкрываю вочы і раптам успамінаю яе — і гляджу ў яснае акно, уяўляючы новы дзень, блізкасць зімы, празрыстага марозу, зыркага, пякучага снегу, сініх ценеў на снезе і зноў яе — Чаславу Карлаўну.
    У школу Часлава Карлаўна прыйшла на трэцім тыдні: ужо была зіма, за акном сцішна і роўна калыхаліся сосны, ахапкамі з галля сыпаўся пухкі снег, церушыўся на ветры, калюча мігцелі на сонцы драбнюткія сняжынкі, бязважка плылі ў нашыя вокны і прыставалі да шкла. А Часлава Карлаўна глядзела недзе туды за вокны на сіняватаясны дзень, на косае, разарванае на лапікі сонца, што калыхалася на сцяне ля дошкі, і раптам сціхала і пачынала зноў гаварыць нямоцным, ціхім голасам, і ёй, мусіць, было цяжка.
    На трэцім тыдні прыйшоў у школу яе сын. 3 забінтаванаю, падвязанаю леваю рукою ён хадзіў па калідоры, вочы ў яго раз’ятрана блішчалі, за ім цугам цягнуліся дзеці, а поруч з ім хадзіў Капейка, лісліва яму ўсміхаўся і адпіхаў дзяцей. А я патаемна ўсё цікаваў за ім, за сынам Чаславы Карлаўны, і невядома чаму стараніўся яго.
    А раз я стаяў на ганку. Была раніца, было адлежна: са страхі мякка капала ў рыхлы снег празрыстая вада, на страсе недзе на коміне валтузіліся і крычалі галкі, біліся дзеці ў мокрыя снежкі, знарок прытворна, як дарослыя, пішчалі дзяўчаткі і, засланяючы твар локцямі, уцякалі ў школу. Іх гнаў сын Чаславы Карлаўны. Расчырванелы, задыханы, ён