Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 277с.
Мінск 2006
Вельмі цікавае размнажэнне казуль. Спарванне ў іх адбываецца ў ліпеніжніўні, але аплодненая яйцаклетка не ўкараняецца ў слізістую абалонку маткі і не развіваецца. 1 тое і другое адбываецца ў другой палове снежня, а патомства з’яўляецца на свет ў маі, калі навакол вялікая колькасць зялёнага корму. Част
ка тых казуль, якія ў разгар шлюбнага перыяду засталіся без партнёра, спарваюцца ў снежні, і развіццё яйцаклеткі ў іх пачынаецца адразу пасля апладнення. Перыяд цяжарнасці такіх казуль скарачаецца на 3 месяцы. Такое апладненне яйцаклеткі назіраецца таксама ў цюленяў, мядзведзяў, барсука і некаторых сумчатых.
Такім чынам, здольнасць успрымаць даўжыню дня і рэагаваць на яе шырока распаўсюджана ў свеце жывых істот. Гэта азначае, што арганізмы здольны арыентавацца ў часе, г. зн. яны валодаюць біялагічным гадзіннікам, які дае ім магчымасць адчуваць сутачныя, сезонныя, прыліўныя, месячныя і гадавыя цыклы і загадзя рыхтавацца да будучых змяненняў асяроддзя.
Правільна падабраўшы рэжымы асветленасці, якія найбольш адпавядаюць біярытмам, можна заўважна павысіць прадукцыйнасць разводзімых раслін і жывёл. Напрыклад, у цяпліцах, аранжарэях і парніках дзякуючы павелічэнню светлавога дня да 12—15 гадзін, зімой вырошчваюць агароднінныя культуры і дэкаратыўныя расліны. Працягнуўшы за кошт штучнага асвятлення светлавы перыяд зімой, можна павялічыць яйцаноскасць курэй, качак, гусей, рэгуляваць размнажэнне пушных звяроў на зверафермах.
01. Што такое біялагічныя рытмы? біялагічны гадзіннік? Назавіце віды біярытмаў. 2. Якія магчымыя прычыны змянення цыркадных рытмаў у чалавека, які знаходзіцца ў пячоры, герметычнай камеры, падводным плаванні? Адказ абгрунтуйце. 3. Прывядзіце прыклады сезоннай перыядычнасці ў раслін і жывёл. 4. Чаму многія расліны трапічнага пояса адчувальныя нават да вельмі нязначных змяненняў даўжыні дня?*
ЧАЛАВЕК У НАВАКОЛЬНЫМ АСЯРОДДЗІ
Чалавек залежыць ад прыроды, але ачалавечаная прырода залежыць ад чалавека.
Ю. А. Шкаленка
• Якія дадатковыя фактары асяроддзя стварыў чалавек у ходзе сваёй дзейнасці? Як яны ўплываюць на яго здароўе?
• Чаму адбываецца няўхільнае павелічэнне долі гарадскога насельніцтва на планеце? Чым прываблівае чалавека жыццё ў горадзе?
• Ці ў стане Зямля пракарміць насельніцтва, якое пастаянна павялічваецца, без шкоды для планеты?
ЧАЛАВЕК У НАВАКОЛЬНЫМ АСЯРОДДЗІ
154
35. Здароўе чалавека як паказчык яго адаптацыі да навакольнага асяроддзя
Здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Нягледзячы на тое, што чалавеку ў адрозненне ад жывёл уласцівы многія спецыфічныя рысы (розум, членараздзельная мова, усвядомленая працоўная дзейнасць і інш.), ён не страціў сваёй біялагічнай сутнасці. Для яго, як і для ўсіх іншых жывых арганізмаў, справядлівыя ўсе законы экалогіі.
Людзі шырока рассяліліся па ўсіх кантынентах планеты. Як біялагічны від чалавек узнік на тэрыторыі Цэнтральнай Афрыкі, дзе для яго склаліся камфортныя ўмовы існавання. Аднак тэрыторыя, дзе ўздзеянне экалагічных фактараў не выходзіць за межы атрыманай у спадчыну ад продкаў талерантнасці (вынослівасці), даволі абмежаваная.
м
Як і дзесяткі тысяч гадоў таму назад, аптымальнымі для чалавека застаюцца: тэмпература паветра +18—35 °C,
атмасферны ціск 80—150 кПа, pH пітной вады 5,5—8,0, колькасць у ёй нітратаў 2—15 мг/л.
За межамі зыходнага (біялагічнага) арэала чалавек можа выжываць, пераадольваючы неспрыяльныя фактары навакольнага асяроддзя (вельмі нізкую ці высокую тэмпературу, адсутнасць ежы ў зімовы перыяд) з дапамогай спецыяльна створаных абаронных сродкаў, прылад і прыстасаванняў. Гэта жыллё, якое ацяпляецца, цёплае
адзенне, кансерваваныя прадукты харчавання і г. д.
3 другога боку, ва ўмовах прамысловых прадпрыемстваў многія фактары (шум, вібрацыя, тэмпература, вільготнасць, электрамагнітныя палі, дамешкі шкодных рэчываў у паветры і г. д.) перыядычна ці пастаянна знаходзяцца за межамі вынослівасці чалавечага арганізма. Гэта адмоўна сказваецца на здароўі людзей у выглядзе прафесійных захворванняў, стрэсаў, псіхічных расстройстваў і г. д. Таму існуе спецыяльная сістэма тэхнічных і арганізацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі працоўнай дзейнасці чалавека. Бяспека дасягаецца шляхам зніжэння ўзроўню ўздзеяння на арганізм небяспечных і шкодных вытворчых фактараў.
Але атрымліваецца гэта далёка не заўсёды. Таму для працаўнікоў шэрага вытворчасцей абмяжоўваецца агульны працоўны стаж, скарачаецца працягласць рабочага дня (напрыклад, пры рабоце з атрутнымі ці радыеактыўнымі рэчывамі — да 4 гадзін). Акрамя гэтага, ствараюцца спецыяльныя прыстасаванні для зніжэння ўзроўню вібрацыі і шуму, электрамагнітнага і цеплавога выпраменьванняў, засцярогі ад радыяцыі і г. д.
Вытворчагаспадарчая дзейнасць чалавека, выкарыстанне (перапрацоў
Здароўе чалавека як паказчык яго адаптацыі да навакольнага асяроддзя
155
ка) прыродных рэсурсаў непазбежна прыводзяць да ўтварэння пабочных прадуктаў (адходаў), якія рассейваюцца ў навакольным асяроддзі. Хімічныя злучэнні, што паступаюць у ваду, глебу, паветра, а таксама трапляюць у ежу, таксама з’яўляюцца экалагічнымі фактарамі. У дачыненні да іх (асабліва да верхняй мяжы іх назапашвання) устойлівасць чалавечага арганізма вельмі малая.
На чалавека, як і на любую жывую істоту, канкрэтны экалагічны фактар уздзейнічае не паасобку, а ва ўзаема
дзеянні з іншымі фактарамі. У залежнасці ад гэтага дыяпазон талерантнасці (вынослівасці) да кожнага з іх таксама можа мяняцца. Напрыклад, пры адноснай вільготнасці паветра 30 % аптымальнай для чалавека з’яўляецца тэмпература паветра +28 °C. Але пры вільготнасці 70 % тая ж самая тэмпература выходзіць за межы оптымуму і трапляе ў зону песімуму (прыгнятання). У гэтых умовах праяўляецца недамаганне: пачашчаецца дыханне, з’яўляецца пачуццё гарачыні і духаты, чалавек нават можа страціць прытомнасць.
Адным з асноўных паказчыкаў ступені прыстасаванасці чалавека да фактараў навакольнага асяроддзя з’яўляецца здароўе. Звычайна мы не ведаем, які з фактараў асяроддзя ў дадзены момант дзейнічае мацней. Але калі здароўе папуляцыі, нацыі ці чалавецтва ў цэлым пагаршаецца, значыць, штосьці дзейнічае неспрыяльна. Па маштабах змянення здароўя можна ацаніць і маштаб дзеяння пашкоджвальнага фактару: альбо
ён уздзейнічае толькі на пэўную папуляцыю, ці дзейнічае ў пэўным раёне, альбо з’яўляецца агульнапланетарным.
Паняцце аб індывідуальным здароўі. 3 часоў Гіпакрата здароўе вызначалася як адсутнасць хвароб, як стан арганізма, пры якім ён здольны паўнавартасна выконваць свае функцыі. Здароўе ў такім разуменні — аб’ект медыцыны. Урачпрактык заўсёды мае справу з канкрэтным пацыентам. Ацэньваючы здароўе пацыента, урач вызначае, ці ёсць у яго хранічныя захворванні, аналізуе функцыянальны стан яго органаў і сістэм органаў, індывідуальныя асаблівасці, псіхічнае і фізічнае развіццё. Па выніках абследавання пацыента ўрач прымае канкрэтнае рашэнне пра лячэнне хворага, прызначае лекі, лячэбныя працэдуры і рэжым.
Здароўе як папуляцыйная катэгорыя. Здароўе людзей залежыць ад спадчыннасці і ўздзеяння розных фактараў навакольнага асяроддзя. Гэтыя абставіны ўлічваюцца пры разглядзе здароўя на папуляцыйным узроўні. У гэтым выпадку аб’ектам даследавання выступае не асобны чалавек, а папуляцыя ці сукупнасць папуляцый — этнічная група, нацыя, чалавецтва ў цэлым. Праблемамі здароўя людзей на папуляцыйным узроўні займаецца адна з новых галін экалогіі — медыцынская экалогія.
ЧАЛАВЕК У НАВАКОЛЬНЫМ АСЯРОДДЗІ
Здароўе на папуляцыйным узроўні — гэта больш агульная катэгорыя, паколькі тое, што датычыцца папуляцыі, абавязкова праяўляецца ў шмат якіх канкрэтных індывідуумаў. Напрыклад, у некаторых раёнах Еўропы (у тым ліку і ў Беларусі) распаўсюджана захворванне эндэмічны валляк. Ад яго пакутуе некалькі мільёнаў чалавек. Прычынай гэтага захворвання з’яўляецца нястача ёду ў пітной вадзе. У кожным канкрэтным выпадку ўрач прызначае хвораму лекавыя прэпараты, якія змяшчаюць ёд, а пры неабходнасці накіроўвае пацыента на аперацыю. Наадварот, на папуляцыйным узроўні ёсць дзейсны сродак барацьбы з захворваннем — карэкцыя мінеральнага складу пітной вады ці ежы дадаваннем неабходнай колькасці ёду
Мал. 91. Ёдаваныя прадукты
ў выглядзе ёдаванай солі (мал. 91). Гэты спосаб распаўсюджваецца на ўсю папуляцыю і мае не толькі прафілактычны, але і лячэбны характар.
Асноўнымі экалагічнымі паказчыкамі стану здароўя папуляцыі чалавека з’яўляюцца: нараджальнасць і смяротнасць, працягласць жыцця, захворванне і яго структура. Важную ролю іграюць і такія паказчыкі здароўя людзей, як працаздольнасць, псіхалагічныя паказчыкі, напрыклад задаволенасць жыццём.
Вывучэнне працягласці жыцця, суадносін нараджальнасці і смяротнасці (дэмаграфічныя паказчыкі) дае магчымасць ацаніць агульны стан папуляцыі чалавека.
Працягласць жыцця чалавека — паказчык, які вызначаецца не толькі біялагічнымі і спадчыннымі асаблівасцямі, але і сацыяльнымі ўмовамі. Чалавек жыве даўжэй, чым большасць вышэйшых пазваночных. Вядома, што асобныя індывідуумы дажываюць да 110 і больш гадоў, хаця гэта і не заўсёды пацверджана дакументальна.
Да 2002 г. старэйшай жыхаркай Беларусі была 122гадовая М. В. Шарая, якая жыла ў вёсцы Жары Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 2002 г. у Кнігу рэкордаў Гінеса была занесена П. А. Закурдаева з алтайскага горада Заранска (Расія) як старэйшая жыхарка Зямлі. Яна нарадзілася ў 1866 г. і памерла ў канцы 2003 г. У маі 2004 г. споўнілася 116 гадоў A. А. Барысевіч, жыхарцы Беларусі, якая на той момант была прызнана самай старой жыхаркай Еўропы.
Здароўе чалавека як паказчык яго адаптацыі да навакольнага асяроддзя
157
Такія рэкорды сустракаюцца ў розных частках свету і характарызуюць відавую (біялагічную) мяжу жыцця. Індывідуумы, якія дасягаюць найбольшай працягласці жыцця, складаюць нязначную частку папуляцыі. Сярэдняя працягласць жыцця ў Расіі, напрыклад, у 1896—■ 1897 гг. складала 32 гады, у СССР у 1926— 1927 гг. — 44 гады, у 1958—1959 гг. — 69 гадоў, у 1970—1971 гг. — каля 70 гадоў. У цяперашні момант адзначаецца пагаршэнне гэтага і іншых дэмаграфічных паказчыкаў.
Дынаміка сярэдняй працягласці жыцця ў большасці краін сучаснага свету характарызуецца больш спрыяльнымі тэндэнцыямі ў жанчын параўнальна з мужчынамі (гл. мал. 58).