• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дайсці да Каложы Малітвы, медытацыі, вершасказы Данута Бічэль

    Дайсці да Каложы

    Малітвы, медытацыі, вершасказы
    Данута Бічэль

    Выдавец: Про Хрысто
    Памер: 96с.
    Мінск 2017
    10.39 МБ
    He згубіліся мы ў папараць-квеце, зоркі нас загартавалі ў крыніцы. Мы на Яна пачаліся на дасвецці — Мы няўзнак не знікнем у нябыце...
    Пётр і Павел
    Стаяць пад крыжам на гасцінцы старым — а ўсе гасцінцы вядуць у Рым, — адпаведна, з ключамі і з мечам, — з прыладамі, што адчыняюць нябёсы, — Пётр не павешаны ўніз галавой, у Паўла галава на плячах, сонейка над імі з полем сумовіцца ў вянках з каласкоў і валошкаў...
    Павел у сандалях, Пётр босы!
    Святыя кароўкі вянкі на рожках нясуць, і промнейка ў рожках іскрыцца, і я за кароўкамі збітымі ножкамі басанож бягу па старым гасцінцы... Сабраўшы статак, цягнуся дахаты, да мамы, да таты...
    Чаму ж баюся, што не дацягнуся, за корч зачаплюся, не прыгарнуся... Хто знойдзе? Няма ў мяне брата... Згублюся — буду сама вінавата...
    А Пётр i Павел
    y печах вясковых распаляць, верашчаку звараць, зоркі патушаць і знакам крыжа паблагаславяць нас, заблуканых пастушак.
    I пойдуць на неба ў спякотны поўдзень. Бо так ім трэба... А мы не пойдзем.
    Мама пры печы скончыць свой танец, ў натхненні за ўсіх згаворыць Ружанец.
    Буду салодка ў цяньку адсыпацца, нават вушкі схаваю пад коўдру, каб не чуць, як слоўцы лятуць у прорву. Такая ў мяне пастушыная праца...
    Такая ў мяне вясковая радасць!
    Нібы ў Пятра і Паўла.
    Лета з Богам
    На прамяністым грабеньчыку Нёмана, на залатым ружанчыку грому Нехта з цяплом уваходзіць, бы вецер, хвалямі, нібы пражэктарам, свеціць.
    Дыхае, дыхае, дыхае смела, пасярод ночы цемра самлела, сонныя твары расой абмывае, грэе любоўю, на неба ўздымае.
    Сном аднаўляе зямелысу-аплатку, лечыць і туліць нас, занядбаных, не пабірае ні з кога падаткаў — Божаю воляй зрывае кайданы.
    Шчасцейка вырасці на сенажаці, кінуцца ў зёлкавы звон з галавою, плакаць, таму што была ў мяне маці, верыць: наш Божа з ёй і са мною!
    Анёлак
    Бывала, я слоўцы складала, як хусткі, у некалькі столак. У клопатах забывала цябе, мой дружа Анёлак.
    Толькі калі пустэча ў душы маёй, нібы ў місе, ціха прашу — аб’явіся, паплач са мною пад вечар!
    Або — калі сутыкнуся Знечаку* з ведзьмай злою, душа сцякае крывёю, тады да цябе малюся.
    * Знечаку — слоўца Ніны Мацяш.
    Зямля абкружана небам, неба вакол зямліцы...
    Прышлі мне вестачку з ветрам ад маёй прыгожай сястрыцы.
    Пачуцці думкі мяняюць, калі паддаюцца практыцы...
    А тата з мамай над намі праз цёплы змрок усміхаюцца.
    Лятаеш ад іх да мяне — невідочны нават у сне, ні зману, ні крыўды, ні здрады, ■— прыносіш светлую радасць.
    Буду за крылцы трымацца, не буду ведзьмаў баяцца.
    Светлай любоўю да Бога навучыш мяне напаўняцца!
    Прамчалася навальніца, пакінула вырай вясёлак.
    Засну — магчыма, прысніцца мой незабыўны Анёлак...
    Вырай анёлаў
    Давайце збірацца ў святыя суполкі, займайце пачэсныя месцы, анёлкі!
    Збярэмся — нябёсы штовечар паслухаць, натхняцца дыханнем высокага духу!
    Усе немаўляты растуць, як анёлы, ды часта іх чэрці хапаюць за полы, яны, як анёлы — заўжды навасёлы!
    Давайце збудуем ім горад вясёлы!
    А чэрці не маюць апошняга слова, бо іх перамога заўжды выпадковая.
    I нават, як сэрца згарыць у агні, чарцей пераможа анёл дабрыні.
    Перамяненне Пана на гары Табор
    Зямнога шчасця святая хвіліна — шчаслівы тата бярэ на рукі малога сына — сын да шчакі прытуляецца — птушаня-падлятунчык лёткі...
    Тата яго падкідае пад святыя аблокі, каб паказаць, што іх узаемнай любові болей, чым таты самога...
    Такое імгненне жыцця зямнога навідавоку ў Бога.
    Тут ёсць захапленне да самазнішчэння — маўляў, мая натура, маё карэнне, ад прадзеда, дзеда — ў іх нашы гены... Перамянення подых імгненны.
    Бацькавы рукі падкінуць малога
    і прывядуць да Бога.
    Так Айцец Бог
    на гары Табор
    Езуса, Адзінароднага Сына, перамяніў, у ясноты падкінуў!
    Шчасце выпрабавання на вачах у траіх, у сведкі Боскага цуду абраных — Езус Хрыстус сам выбраў іх, Відзежай усхваляваных.
    I зразумелі Пётр, Ян і Якуб, што засведчылі Божы цуд!
    Святыя Францішак і Дамінік
    Як сустрэліся ў тысяча дзвесце пятнаццатым на Латэранскім Саборы, так сталі сабе і стаяць ад тае пары ў фарным касцёле ў залатым алтары, у малітоўным гуморы — разам
    па-за жыццём, па-за часам —
    у золаце, у евангелічнай прастоце, убога —
    варта Айца, Сына, Духа Святога — Францішак з баранчыкам, Дамінік з сабачкам, сабачка трымае ў зубах запалены квачык і гэтым боскім святлом асвятляе Гародню...
    Мы вам удзячныя за натхннне, за святое між нас аб’яўленне...
    Толькі скарбы малітваў трымаем, дзякуй за тое, што маем:
    за восьмае жніўня святога Дамініка,
    за чацвёртае кастрычніка святога Францішка, за Ружанец, стыгматы і псальмы, за супольныя ў веры трыванні!
    Тры Арханёлы
    Арханёл Міхал
    Дзідай прабіў тры галавы
    цмоку,
    у багну шпурнуў усе тры — Бог Цябе выбраў Князем Зямлі!
    У касцёлах шануем Твае алтары!
    Як птахай душа вырвецца з цела, святым агністым кап’ём не ўкалі маленькую птаху... і так адбалела... пакуль жа ў целе — няхай баліць.
    Арханёл Табрыэль
    Прамінула сівое стагоддзе.
    I натхненне маё — пасцель. Вершасказ з-пад пяра не выходзіць пра Цябе, Арханёл Габрыэль.
    Арханёле, муж, моцны Богам! Нейкі выбух грыміць за парогам, і за сценкамі сварацца людзі, сонных крыўдзяць, але не будзяць.
    Бачыш, як нас нядоля прыгнула, нейкі д’ябал руйнуе наш край, то пакуль Беларусь не заснула, Беларусь за людзей не карай.
    Ты прадвеснік Боскіх падзеяў...
    Неспакойна ў родным кутку...
    Нам зялёную пальму надзеі пакладзі на зялёным грудку...
    Трэба верыць — не ўсё зруйнавана, шчэ надзеі прамень не пагас.
    Верым хросту Хрысціцеля Яна. Езус Хрыстус вызваліць нас!
    Арханёл Рафал
    Божы слуга, Арханёл Рафал
    служыць загадчыкам Боскай аптэкі — словы падзякі, просьбаў, пахвал — кожнай душы наймацнейшыя лекі.
    Калі зямелька свой цёплы падол падсцеле, прытуліць пагоркам мілым, — не кінь майго сябра, Рафал Арханёл, ён, як Тобій сляпы з Нінівы.
    Малітва за тых, па кім мы сумуем
    Душы,
    каго мы любілі, па кім сумавалі, сухімі гасцінцам павандравалі, паплылі чаўнамі па плыткай Гаўі, з Нёмана ў мора, як крыгі, расталі, паляцелі, як бліскавіцы, як зярняткі пшаніцы, упалі
    на камень, на бор, на пясок, словам сталі, насеннем, тымі,
    хто пойдзе за імі —
    узыходзячым пакаленнем...
    Няхай жывуць, узыходзяць ды зацвітуць неаднойчы у новым добрым народзе зялёныя татавы вочы!
    Адвэнт
    Мяне прынёс буслік, які застаўся зімаваць на пустым галлі...
    Якраз у снежні адвэнт пачынаўся. Бацькі мяне прынялі.
    Адвэнт — чысты, як першы снег: Езус народзіцца, добра будзе! Чаго ж чакаць было ад мяне спрацаваным вясковым людзям? У Біскупцах на балоце, у халодным смутку, ў згрызоце вясковага нецярпення, у чаканні Збаўцы з’яўлення... у прадчуванні спрадвечнага раю... Жыццё мінае — я ўсё чакаю Божай ласкі і зразумення...
    Кожны колас на Яськавым полі мне натрос асцючкоў любові, калі малацілі цапамі...
    Адвэнт, Адвэнт...
    Жыццё ў чаканні: Езус народзіцца для Беларусі — Божа, а я да Цябе тулюся...
    Батлейка
    Святую батлейку святы Францішак выразае з аблокаў-латкаў.
    Кліча бяздомных звяркоў і птушак на ламанне аплатка...
    Свяціць стамляюцца нават зоркі, дрэмле неба стамлёнага колеру.
    Чорны хохлік за Дзіцем цікуе з норкі, але не вылазіць з-пад кораня...
    Пахне сенца ў стозе. Рабая свіначка рохкае мовай людской.
    Цуцык Бурык з бору нясе барвіначку, прыбраную зорнай луской...
    Апякун святы Юзаф знайшоў каморку, запрасіў гаспадыньку-вавёрку — з арэшкамі аладкі пячэ на алеі ды корміць Божы Бэтлеем.
    Так добра спыніцца ў малітве-сне ў Святой Сям’і, між радні...
    Добры Божанька, прытулі мяне да любові, да дабрыні!
    РУЖАНЕЦ I КРЫЖОВЫ ШЛЯХ (прыватныя медытацыі)
    РУЖАНЕЦ
    Радасныя таямніцы
    1.	Звеставанне
    Вітай, Марыя, поўная ласкі, Ты выбрана Богам! Арханёл Габрыэль да Марыі пасланы з нябёсаў... Бог творыць цуд пад Сэрцам выбранай Панны... Людзі, выходзьце з хатаў сустрэць Звеставанне...
    2.	Адведзіны святой Альжбеты
    Марыя ў чаканні Сына ідзе да святой Альжбеты... Альжбета, цяжарная Янам, вітае Марыю светла.
    Марыя дапамагае святой Альжбеце па дому... Людзі, дапамагайце ўзаемна адзін другому!
    3.	Нараджэнне Езуса Хрыста
    Нарадзіўся наш Збаўца, хор анёлаў спявае гасанну! Пастушкі, мудрацы на каленях вітаюць Сына і Панну! Узышла калядная зорка, каб мы падняліся з каленяў. Збіраймася на пагорках!
    На Каляды Збаўцу сустрэнем!
    4.	Ахвяраванне Хрыста ў святыні
    Святая Марыя і Юзаф прынеслі Дзіця ў святыню.
    Стары святар Сімяон высока падняў Малога — усцешаны, благаслаўляе Збаўцу, Божага Сына...
    Вядзіце дзяцей у святыні, узнімайце вочы да Бога!
    5.	Езуса знаходзяць у святыні
    Езус меў 12 гадоў, калі Маці Яго згубіла.
    Ен затрымаўся ў касцёле з вучонымі, дактарамі...
    Пакуль молімся на Ружанцы, ласка Божых вачэй над намі...
    Божа, не пакідай нас да новага Звеставання...
    Таямніцы святла
    1.	Хрост Езуса ў Ярдане
    Хрыстус ахрышчаны ў хвалях святога Ярдана, мы таксама ахрышчаны Хрысціцелем Янам... Пакаленне за пакаленнем хвалі святога Ярдана акунаюць нас і выносяць да Божага акіяна...
    2.	Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
    Езус творыць віно з вады па Айца Божай волі.
    Глытком адкуплення здымае правіны любові.
    Слязьмі адкупляемся, льецца нявінная кроў.
    Езус — дарога, жыццё і праўда... для ўсіх нас Любоў!
    3.	Абвяшчэнне Божага Баладарства
    Перамешваецца, супыняецца, да Хрыста вяртаецца час... На гары высокай збяры, уздымі, непрытомных, нас... у пілігрымку, у санктуарый вечнага лета...
    у Божае Валадарства з паднявольнага свету!
    4.	Перамяненне Езуса на гары Еабор
    На гары Табор... I ў людзей ёсць такая гара, Анёле, ў акенца пастукай, калі прыйдзе пара ... Душа нявінная ў сне запалае ў агменю стос... Божа, перамяні і прымі да Тваіх нябёс...
    5.	ўстанаўленне Эўхарыстыі
    Такое імгненне празрыстае — Эўхарыстыя...
    Сцішыўся люд, дыхаць ажно перастаў: узнімуць святлінку болю ў нябёсы рукі Хрыста — белага хлеба крышынку, цудаў святых краплінку... Ачышчэнне... агністае... і правінаў амністыя...
    Эўхарыстыя...
    Балесныя таямніцы
    1.	Малітва Езусаў садзе Аліўным
    Бог Айцец выбірае Сыну Яго пару:
    Сын мае сілы данесці крыж на гару...
    3 крыжам ісці на крыж пад зняважлівы крык, прайграць, але выйграць бітву без забівання. Збіраймася, людзі, пад крыж маліцца Ружанец!
    2.	Бічаванне
    Калі Езуса бічавалі, мы нічога не адчувалі...