Дайсці да Каложы
Малітвы, медытацыі, вершасказы
Данута Бічэль
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 96с.
Мінск 2017
На старажытнай вузенькай вулцы
таньчыць пад музыку. Дудачкі вецер не мае, музыка ў ветру чужая, украдзеная, перакупленая, з чужых вятроў пералупленая...
Вецер свішча, правады гудуць, птушанятам спаць не даюць... У завулку рыпяць тармазы. Вецер, Нёман і дзве казы на прывязі каля Каложы... Ніхто козаў адвязаць не можа? 3 правага на левы плыве Нехта з ветрам у галаве...
Так трымаемся адно аднаго — Ен — за вецер, я — за Яго. Вецер самотна свішча, аплаквае папялішча, маю зялёную мятку нішчыць
штодзень — па зярнятку...
Тры саколікі
Унукам
Паляцелі мае саколікі высока за воблакі — адзін на захад, другі яшчэ далей, шукаючы лепшай долі.
Трэці кажа: — He хочацца мне долі шукаць на чужой старане за морамі, за гарамі, добра мне тутака, з вамі...
Пакуль мае саколікі на заробках, іх жыццё бачу толькі на фотках. Любуюся імі, у Радзіму ўлюбёнымі, не ведаю пра іхнія планы і плёны: якую яны там работку робяць, хто іх любіць, каго яны любяць. Калі наведваюць родны закутак, прывозяць мне светлы смутак.
Смутак вочы не росіць таму, хто яго прыносіць. Смутак сэрца з’ядае таму, хто яго прымае.
Рэальны час не рэальны для нас. Часу простая лінія — гэта пясчаны гасцінец, па якім мы з Падласкай хадзілі... Mae саколікі паляцелі за воблакі. Мы не жывем адным часам.
Жыць адным часам можна толысі ў адным месцы і разам...
Саколік, які за воблакі не лятае, таксама часу не мае, заходзіць зрэдку, нібы ў разведку, гарбаткі глыне набягу:
— Ну, усё, — працаваць бягу! He сумуй, з табой Божы свет. Тэлефануй, як «згубіцца» інтэрнэт.
Мама, тата і я — вінавата
Кроцік спаліўся ці ў спячку залёг? На папялішчы дзічэе быльнёг.
Вострая зорка скацілася з бору, дыму дыхнула і падае ўгору.
Тата пайшоў. За ім пойдзе хата.
Хата пайшла аблачынкай над лесам. Буслік высока, не вінаваты...
Кажуць, што хаты падпальваюць лісы.
Мама спыніла аўтобус і выйшла. Мама была да неба найбліжша.
У спадчыну ўнукам пакінулі вершы, выраі ветру... Белую вежу.
У цесным пакоі сцены пустыя, толькі чародка метафараў стыне. Што падзялілася, словам не злучыш, толькі нястомнае сэрца замучыш.
Толькі слязьмі свае вочы заслепіш.
3 попелу новыя жыцці не злепіш. Боль адбалеў, а ты яшчэ церпіш.
Хлеў ацалеў.
А хацелі — як лепей...
Ах, мае сонейкі, мама і тата!
Вы пачалі — я між вас вінавата, Грэлі сабой у гняздзечку пасцелі, бо пачалі, а нібы не хацелі.
Сяброўцы Элі — на ўсе падзеі
Эля, нас Бог не пакрыўдзіў!
Мы ў дзявоцтве вучыліся ў Лідзе, у прыгожым палацы — прасторныя класы — нашы настаўнікі не шкадавалі нам часу: вопыты нам паказвалі па фізіцы ды па хіміі, хімічка хімічыла, мы колбачкі вымылі... Музыку слухалі разам вольнай хвілінай, хорам спявалі, настаўнікі нас хвалілі.
Аднойчы ўскрывалі жывоцік прыгожай жабцы... Вучыліся йграць на скрыпцы, на балалайцы.
А як танцавалі пасля заняткаў пад ліпкамі! А на экзаменах нямымі «плавалі» рыбкамі. Экзамен пераздавалі праз некалькі дзён! Зубрэнне мела свой плён.
Лёс раскідаў — мяне на захад, цябе ў супрацьлеглы бок.
Так жыццё праляцела, як адзін цікавы ўрок.
Цяпер пра тое, як мы сустрэліся, Эля!
На 7.07. 2007... выпадала нядзеля...
Тры сямёркі стварылі дзіўнае дзіва: я прыехала ў Воранава з карэспандэнтам, цябе запрасіў рэзчык па дрэве Казік...
Ніхто нікому не гаварыў кампліментаў, ніхто да нікога ў душу не ўлазіў...
Але ціхай размовы ў майстроўні было замала.
Ты запрасіла ў хату, шчыра гасцей частавала! Было піцення, ядзення і нават прымусу!
Так прымае гасцей сталы народ — беларусы!
На развітанне ты назбірала з градкі — бы ў чарадзейнай казцы, шмат рознай прынадкі... I мяшэчак грэчкі... Ну, мілая Эля!
Хто яшчэ гэтак грэчку на крупкі памеле?
Паўтаруся: у Беларусі гасцей частаваць умелі. Цяпер такая гасціна засталася, хіба што ў Элі.
Гэтым прыгожым летам нам зноў неабходна — сустрэцца на мосце святога Францішка ў Гродна. Мы яшчэ зможам дайсці да святой Каложы... у тонях Нёмана зорак наловім у кошык.
Начаваць затрымаемся там, дзе прасторная хата.
Мы ведаем, Эля:
сяброўства — гэта і ёсць свята!
Настальгія па драўляным доме
Сэрца сціснецца — ў поўначкі выйду, напрасткі ў старажытную Ліду пабягу праз сухое балота — як была, так і ёсць — наіўнота,
У Лідзе стаяў дом драўляны.
У гэтым доме жыла сям’я.
Да іх прыбілася неяк і я, дзякуючы Марысі і Франі.
Там дабрыня панавала без межаў, Там Магдалена замольвала ежу. Быў пакой адгароджаны крэдансам, у ім, нібы ў норцы, мы грэліся...
Нашу пані наведваў ксёндз, нас благаслаўляў перад сном. Кніжкі мудрыя пані чытала, нясушка ў хляўку сакатала.
А худая рабая свіначка каля студні ў карытцы мылася.
Там і цуцык жыў, усіх нас любіў, як жа ён называўся, забылася...
А на поплаве каля Лідзейкі калыхалі вясну салавейкі.
А Ліда, як добрая мама, выпраўляла нас на экзамен.
Гаспадыня святая наша спыніцца, бывала, ды скажа: — Ты ўмееш вершы складаць? Жыць трэба з Богам, прыгожа, каб талент не марнаваць на грэшныя справы, на грошы.
Каб дрэнчылі нас не вельмі на экзаменах у вучэльні, у нядзелысі ды на ўрачыстасцях мы таемна на хорах маліліся.
Толысі дом прасторны, драўляны, там застаўся не зруйнаваны...
Толькі Божаныса памятае, як у Лідзе мы падрасталі!
У Вішневе
Усміхаецца сонца. Світанне... Гэта ў Вішневе творыцца цуд. Тут святар беларускі літанію адмаўляе адзін за ўвесь люд.
ўжо смяротны прысуд падпісаны. Проста знікнуць у цемры нам час. Але нітачкай з небам звязаны наш святар і трымае ўсіх нас.
Hi багацця, ні славы, ні мовы, да апошняе кропкі дайшлі.
I не цямяць без веры галовы, што без мовы народ — без душы...
Але ўзняў Беларусь добры ксёнжа на свой крыж і да Бога узнёс.
I забраў святара добры Божа ў Дзень, калі нарадзіўся Хрыстос.
Разагналіся цёмныя хмары, гром з дажджом патушылі пажар... Места Вішнева — наш санктуарый, Беларусі жывая душа.
Святому Яну Паўлу II у дзень развітання
Якім Ты быў добрым — святлела прастора! Паплыў Твой чаўнок у спрадвечнае мора.
На чорнай зямлі чорных воранаў зграя, а ў дзюбах крывавых тры кулі трымае. Трынаццаты траўня. Ты, Пётр, як скала. Так блізка ад сэрца ляцела страла...
Ты, Ойча, ўсіх бачыў, бо сэрцам глядзеў.
Паляк — беларусаў Ты меў за людзей. Ты — Майстар вялікі святога радка, у вечных струменях натхненне шукаў.
Спытае дзяўчынка з цікаўнасцю свойскай:
— Ты любіш дзяўчынку з заплеценай коскай?
— Люблю ўсіх дзяўчынак — з кудзелькай і з коскай, апекі ўсім дзецям прашу ў Маці Боскай.
.. .Сюды, дзе сагрэты любоўю паляны, нібы да дзяцей роднай Маці-зямлі, Пан Бог пасылае святых і абраных, каб мы бессмяротнікам цёплым цвілі...
3 нябёсаў зямелька святлее іначай. Для душаў і сонца зусім не гарача.
А той кіпарыс — ён засохнуў ад слёз. А пляц гэты — ключ у праёме нябёс.
Кардыналу Казіміру Свёнтку
Яго няволілі, далёка адвозілі, потым сам ён па свеце нахадзіўся, наездзіўся.
Айчына ў Бога на ўсіх адна.
3 сабою меў крыж, хлеба крышэнь, кроплю віна
і Прачыстую Ружу, якая ў неба вяртае душы.
Хадзіў праз мора людское заўсёды з любоўю, крыж уздымаў высока над галавою,
над людскімі галовамі;
хлебам дзяліўся з галоднымі: каму хлеб удзяляў —
такі меў «пароль»: — Цела Хрыста...
Найцяжэйшы крыж, моцны боль цярпеў — невыносны...
згарэу...
I гарыць промень Гостыі.
Калі мы ў Бога пры ім, пры Кардынале сваім, — то і тут, на зямлі, мы моцна стаім.
Ксёндз Адам Станкевіч
Ён у буру і нягоду родны сцяг і крыж трымаў, беларускаму народу праўду словам засяваў...
Надпіс на гюмніку
Каб цвілі тут яблынькі ў садзе, нехта выбіў на камені верш. Спіць пад каменем толысі маці. Сын згубіўся між кніг і папер.
3 Божай волі ён крыж вольны нёс, узнімаў Беларусь да нябёс.
Прапаведаваў бальшавікам, а гэта страшней, чым галодным ваўкам.
Прысудзілі, што ён японскі шпіён.
У палоне не вытрываў ксёндз.
Цераз смерць, як праз плот, уцёк — беларускі святы прарок.
He шукайце яго ў Тайшэце, ён вярнуўся па зорках дамоў — з сэрцам, прабітым па смерці, з пакалечанай галавой.
Ксяндзу Ігару Лашуку на 50~годдзе
Ойча Ігарку! Добра, што ойча вярнуўся да Беларусі, нашай Радзімы.
Мы тут зрэдзь часу бываем у скрусе, гэта прывычка ў нас без прычыны.
Добра, што Ваша дарога з Варшавы праз еўрапейскае Гродна ляжала.
3 Рыма маглі Вы праз Гродна вяртацца, з Папскім Паслом каля нас затрымацца.
Вы — наш Айцец. Вам вядома найлепей, як Беларусі падняцца з каленяў.
Вы ж ад Хрыста атрымалі заданне
і ўзнагароду за службу — Багданава.
Вы паўстагоддзя тут не драмалі...
Столькі парафій жывых заснавалі!
Столькі касцёлаў святых вакол Мінска!
Мы перад Вамі схіляемся нізка!
29 сакавіка 2016 г.
Ксёндз Юры Ёдзік
Ксёндз Юры Едзік улятае ў касцёл, як святы самалёцік.
Эўхарыстыю творыць натхнёна, на ўздыме — і мы адчуваем сябе маладымі.
Усміхаецца прыгожымі вуснамі — як у Казіміра Сваяка, свайго прадзеда.
3 намі, як з вечнымі вучнямі, дзеліцца Хрыстовай радасцю, дзеліцца чыстаю вераю.
Удзяляць Камунію бяжыць ад дзвярэй — насустрач Францішку Ксавэрыю.
Знакам крыжа благаслаўляе прыціхлых малых па дарозе, усміхаецца, усміхаецца, зрэдку малечу ўшчыпне за носік.
I раптам сеў у святы самалёцік ды прызямліўся ў Цудзенішках, — ксёнз Юры Едзік, сам, нібы зямны цуд.
У Чысты чацвер
з той жа чыстай усмешкай ксёндз Юры з’явіцца тут.
Біскупу Алегу Буткевічу з удзячнасцю за рэкалекцыі
Калі маё сэрца зусім знябожала, а не маю з кім паехаць... у Грэцыю, тады і прыслаў у наш край добры Божаныса з Віцебска біскупа на рэкалекцыі.
Такі прыгожы наш Эксцэленцыя!
А мова, як чысты ручай ліецца...
He марай пра містычную Грэцыю — малітвай сваё супакоіла сэрца...
Святы, малады, намолены біскуп з мысляў драсён з наіўнотай выскуб, істоту маю, як лісток асенні, зернейкам чыстых думак засеяў...
Збіралася ўжо на бязлюдныя выспы ад затаптанай грахамі краіны, але паслухала Вас, мілы біскуп, — чаканнем свята бягуць хвіліны...
Вучыце нас радасці, біскуп Алег, нявіннасці, нібы дзіцячы смех...
Нясіце Божы крыж, не стамляйцеся!
За Беларусь нашу з намі ўсміхайцеся!
Ксяндзу Мікалаю Ціхановічу
Калі ксёндз Мікалай быў хлопцам малым, ён катаўся ў Юрацішках з горкі, як з неба, патаемна прыносіў — што каму было трэба: каму — скрылік надзеі, каму — пасталы, каму — падарункі, ад анёлаў малюнкі, саначкі-самакаты, залатыя дукаты...