Дайсці да Каложы
Малітвы, медытацыі, вершасказы
Данута Бічэль
Выдавец: Про Хрысто
Памер: 96с.
Мінск 2017
Калі ж у бацькоў падрасталі дзяўчаты, дзяўчаты на досвітку мроілі замуж, то ксяндзу ўладзіславу адбіваў тэлеграму, каб прысылаў у Юрацішкі ў сваты з Вішнева хлопцаў, верай багатых...
Бо ў Вішневе ёсць беларускі касцёл, там ксёндз беларускі вучыў не здавацца, спакойна душой за малітву трымацца, і пакуль не адмоліш грахоўную пыху, малітва душу дасканаліць паціху...
Нават калі табе рот затыкаюць, а ты думай, як думаў, маўчы — не маўчы: ды зямліца ад неба не зможа ўцячы! А людзі ад ксёндза ратунку чакаюць!
У Вішневе Мікалая хрысцілі...
Як ксёндз у хрысцільні яго акунуў, малы Мікалай акунуўся ў Радзіме, — так Бога й Радзіму не падмануў...
Так і пайшоў ад мяжы да мяжы Пану Езусу і Беларусі служыць.
Ішлося часамі то скокам, то бокам...
У сорак гадоў апынуўся ў Глыбокім...
А як апынуўся, глыбей акунуўся ў бяздонне нябёс над святой Беларуссю...
Ці памятаеце, ксёндз Мікалай, калі ад’язджалі ў Варшаву вучыцца, Вы загадалі мне: «Не памірай!» Але як ад грахоў заскарузлых лячыцца?
Вы ў Варшаве здавалі на святасць экзамен! Найвышэйшага кшталту цяпер казнадзей... Сустракаеце свой малады юбілей...
А Касцёл Беларусі Богу дзякуе з Вамі...
Няхай плённа квітнее Ваш травень высокі!
За шляхамі глыбокімі ў старажытным Глыбокім! Хто імкнецца да Бога, той дарог не мыляе!
3 юбілем віншуем ксяндза Мікалая!
2016 г.
Замест белых півоняў на развітанне ксяндзу Яну Шуткевічу
0, Езус Хрыстус, будзь пахвалёны!
Першая споведзь хлопцаў, дзяўчатак. Па ўсім нашым краі цвітуць півоні — Лета пачатак.
Можна не есці, толькі надыхацца паветрам родным...
А ксёндз Ян Шуткевіч ў труне вярнуўся з Вільні ў Гародню.
Паміж Гародняй, Менскам і Вільняй — высокі крыж надмагільны.
Падпілавалі, як дуб грымотны.
Над крыжам ясных зорак салют.
Якія хлопцы раслі ў Гародні падчас маёй маладосці тут!
На дзірванах Вялікага Княства, у рытмах бязбожніцтва і паганства меў талентаў, мог быць музыка, разьбяр, ды Езус на службу святую забраў.
Споўніў ён Божае прадвызначэнне, святыняў і душ людскіх адраджэнне. Няўтульна ў савецкім Мінску маліцца — у старажытную нашу сталіцу з’ехаў... і там спачыў бы на Росах, каб не матулін крыж гэты родны.
Святога лета звон шматгалосы...
Ксёндз Ян вярнуўся ў Гародню.
4 чэрвеня 2017 г.
Светлы ўспамін пра Янку Брыля
Асілка з Загора пяшчотна клікалі Янка. Прыгожы, сонечны, цёплы, сунічак палянка...
Спакойны, ветлівы, пазачасовы, рыцар, узброены словам, усяленскай любові віцязь.
Сустракалі ў Гародні яго ў захапленні...
Прывозіў сябрам у сонечнай жмені
з Карэліч крынічную Свіцязь...
Спакойна прымаў гэты край, вызваляў, вандраваў без спешкі, праменне яго збіраў, упрыгожваў усмешкай, — волат, асілак з дабрынёй немаўляці.
Гарнуліся да Брыля, як да мудрага бацькі...
Усе жанчыны хаваліся за яго плечы, раўнавалі яго да паэтак наіўных...
Ен туліў сваю Беларусь, як малечу, вучыў, як людзі з людзьмі сумаўляцца павінны...
Жанчыны на досвітку і цяперачы мараць пра шчасце, пра свята, пра цудаў з’яўленне, як Янка-асілак жменяй чэрпае ў Шчары сонечнае праменне...
Ды не пашлеш ні аўтобус, ні аўтамабіль — не прыедзе ў Гародню ніколі больш Янка Брыль. Адно застаецца — раней за сонейка ўстаць, памаліццады кнігу Брыля пачытаць...
4 жніўня 2017 г.
Варонік
3 нябёс ліў дожджык, нібы з вядзёрка, змяла віхура з гнязда варонку.
Суседка яе нагой падкідала, дык я пташыну дамоў забрала.
Прыселі з ёй на драўляны ўслонік — такія шэрыя дзве варонкі, пяшчотна кажу ёй: «Мілы Варонік, чаму ты самы прыгожы і родны?»
Варонік таксама мне ціха кажа: «Гэта нічога, што я — прапажа.
Я маю кіпцікі, дзюбу-заточку, з табой і з зайцам — не ў адзіночку!»
Калі распаліць язык суседкі за акном сусветны пажар, Варонік скокне на табурэтку, рашуча скажа — кар, кар!
Мой ты Варонік, шэрае сонейка, здзічэласць і прыгажосць.
Ніколі ў мяне не было Вароніка.
А цяпер Варонік у мяне ёсць.
Вясковы верш
Некалі вёскі вачамі на вулкі глядзелі, на падворак падмецены адчыняліся дзверы, калі белы снег засыпаў хаціны да стрэх, расчышчалі тунэль шторанку...
А цяпер на акно нацягнулі фіранку, не прадзецца жыцця калаўрот, цвікамі забітыя дзверы адчыняюцца на агарод, ніхто не бярэцца за клямку...
і кругом ні душы... да шашы.
Хто тут болей чужы?
хто ненавідзіць, той болей чужы, чым той, каго ненавідзіць?
Чужы той, хто свой, хто жар-птушку, Радзіму, крыўдзіць.
Некалі мамы акно адчынялі насустрач хмарцы, дожджык прасілі над ніўкаю затрымацца, клікалі птушак з бяроз, каб кроплі страсалі з нябёс, пацалункамі зёлкам лясным аддавалі водар і смак — некалі тут было так...
Словаў чароўныя хвалі пустэчу ў душы запаўнялі... а залатыя пчолкі
з мёдзіку слоўкі складалі... на роднай мове вясну гукалі шпачкі, жаўрукі, салоўкі.
I куды яны ўсе паўцякалі?
Беларусь — дзяўчынка
Беларусь — дзяўчынка-падлетак, не сляпі слязьмі свае вочы, упрыгож імшалкай палетак ды засні, пакуль естачкі хочаш.
Затапчы ды забудзь свае страхі, ды няхай яны курчацца ў змроку, панясуць цябе мроі, як птахі, так сама сябе ўбачыш звысоку:
добрым зернем засееш загоны, шанаваць цябе будуць народы, ускладуць твае ўнукі карону на сівую галоўку свабоды.
У родным краі
Тут, у лесе, ў родным краі, не баімся воўчай зграі!
Злая сіла. Кыш у мох!
3 намі Нёман. 3 намі Бог!
Сорам думаць — хата з краю...
Трэба ўмерці — паўміраем за парог свой, за народ — Захлынецца ў багне чорт.
У вёсачцы соннай
У вёсачцы соннай, дзе ноччу і днём людзі стамлёна спяць ціхім сном, нават нястомны ветрык прыціх, нават сарокі не сварацца ўслых...
Хаты таксама спяць ціхім сном, дзеці не плачуць ні ноччу, ні днём... Комін забыўся, што грэў яго дым, у поўнач нячысцік скуголіць у ім.
Ветрык вільчак абняў і заснуў, комін снапочкам валошкаў заткнуў. птаха малая звіла там гняздо, песні пяе, ды не чуе ніхто.
Позна, ды можна пачаць ад пачатку — перапісаць жыццё, як нататку.
А можна скласці чысты лісток ды запусціць самалёцік у змрок.
Дубы святога Мікалая
Староста гарадзенскі Антоні на вуліцы цудатворцы ля царквы святога Мікалая, калі царква паўставала, пасадзіў два дубы, каб віталі, благаслаўлялі вандроўнікаў і абаронцаў Вялікага Княства Літвы.
Чубамі трымаюць неба, карэннем зямлю ўмацавалі, перапляліся крывымі сукамі, сапраўдны цуд — яны самі.
Але гэтым, якія кіруюць светам, хочацца іх спілаваць, бо, надта моцна абняўшыся, надта моцна маўчаць.
He гнуцца туды-сюды. Рассыпаюць свае жалуды.
He скідаюць да новых лісты.
He баяцца ніякай жуды — ні залевы, ні духаты, ані засухі, ані вайны — волаты, асілкі, сыны сваёй адзінай зямлі, на якой магутна ўзраслі, у горадзе, у якім каля іх жыццё пражылі дойліды, кавалі-мастакі, воіны, купцы, жабракі, канцлеры ды каралі, каралевы ды дзецюкі...
Два дубы, як два галубы. Прытулюся да іх кары. Яны тут уладары — чатыры стагоддзі ці тры.
Ды новыя будаўнікі тут расклалі сваё дабро. Лезуць да іх у нутро, знішчаюць карэнне дубоў — смокчуць магутную кроў.
Цудатворца святы Мікалай, дай ім нябеснай моцы, няхай не засохнуць нашы дубы — драўляныя цудатворцы!
Верш са старога сшытка
Восень. Водар грыбны ў прасторы.
Пад парасонам хмаркі не схавацца ў разоры. Кладачка ў свет без парэнчаў, куляюся ў лямант.
Туман, туман спавівае, як мама.
На дажынкі
мама завязвае жменю
недажатага жыта над свянцонай скарынкай, абкладзенай зорным каменнем...
Кармлю цябе, мама, малітвай, а ў небе начным — калаўротак на месяц намотвае ніткі.
Коцік Басік, філосаф, зялёныя вочы прыжмурыў, памуркаў, падумаў, заснуў...
Крушня. Каменне.
Несмяротнасць памерла.
Нехта па Нёмане ходзіць уніз галавою. Нёман і жвір сумаўляюцца між сабою. Hi нябёсаў, ні краю землятрус не карае.
Цень ад прывіду зорачкі у прыску збірае...
На вачах y каменнай Ажэшкі — Гараднічанка канае.
Душа рачулкі ў хмаркі пераліваецца, качка ў балоце купаецца, уздыхаюць аблокі, хаваюцца ў змрокі...
Калі вырываюць сілком тваю справу, абыходзішся рэплікай на выпадковым падворку...
Прывід балота ў зялёным імшары.
Каменне пагрызла дарогу.
Холад сціскае сэрца, бы камень, праз балота — дахаты...нагамі.
Андрэйка пускае самаробны бамбовец.
Антон перасеў з самаката на ровар. Стаська на роліках у Амерыку з’ехаў. He збірае арэхаў лясное рэха...
9 кастрычніка 1999 г.
Вобраз самоты
Мой свет ужо не мой, пара спыніцца...
Што я магу зрабіць?
Сто духаў мяне дражняць.
Сто ветраў мяне гоняць і згінаюць, рвуць ад зямлі ды цягнуць за спадніцу.
Сто ўколаў колюць у паясніцу,
сто дробных лапак топчуцца па спінцы, а коцік у акенца барабаніць.
Душа ўспінаецца шторанку ўгору, каб зразумець, што будзе яшчэ горай, сто словаў блытаюцца несуцешна у тайнічках неўтаймаваных вершаў. I што тут можа шчэ са мной адбыцца? 3 усіх зашчылін сыплюцца праклёны... Анёлак Божы, Дружа мой зялёны!
Дзе ты лётаеш, мая дачушка?
Дзе ты лётаеш, неўтаймаваная, засакрэчаная мая дачушка?
У якіх заморскіх людскіх акіянах маладзічок цябе гушкае?
Твае пленэры, твае вячоркі, пэндзлікаў тваіх захапленні... 3 якіх акіянаў марскія зоркі цалуюць твае калені?
Каб жа ведалі бабуля з дзедам, як лучынку ўначы палілі, донца ў кубачку сагравалі ды смятанкай цябе паілі, на руках насілі — сагрэтую, ад паўночы і да світання, за табой паўтаралі санеты — Віка-Віка ды Маня-Маня...
Едзе-едзе на саначках святы Мікалай
Срэбныя птахі лятуць у наш Край, іх дрэвы галінкамі ловяць.
Едзе-едзе на саначках святы Мікалай!
3 ім ксёндз — Мікалай Ціхановіч.
Засыпаў пагорачкі срэбны снег...
А хто ж гэта коціцца ўлегцы?
А на саначках едзе Буткевіч Алег, наш біскуп, Яго Эксцэленцыя!
Радзіма схавалася ў срэбны кажух.
Па гурбах, нібы ў карэце, едзе-едзе наш ксёнжа Ігар Лашук, найлепшы ксёнжа на свеце!
Кабылка спяшаецца след у след...
Шчэ нехта ў гурбу ступае.
На елачку ў госці прыехаў паэт, святар Каспяровіч Павел.
Бо нарадзіўся Хрыстос, Божы Сын!
I няма ў нас большага шчасця!
У полі, ў сумётах — ніхто не адзін!
3 намі Езус і Божая Маці!
24 снежня 2017 г.
Елачка
Сумавала елка ў лесе, мы дамоў яе прынеслі. Гэты дом — не родны дом, тут часова мы жывём.
Мы жывём, як уначы, — на світанні скажам слова — нехта ўчуе выпадкова, ад нападак не ўцячы.
Светла, елачка, святлей! Вечар зорны і празрысты! Нарадзіўся Езус Хрыстус, хлеб з аплаткай на стале.