Дэмакратыя i этычнае жыццё
Клаэс Г. Рын
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі Фонд Сораса
Памер: 256с.
Мінск 1996
Ёсць, аднак, важкія падставы разглядаць ідэю дэмакратыі як высакародную. Можна абгрунтавана даказаць, што дэмакратыя з’яўляецца, у пэўным сэнсе, вяршыняй супольнага жыцця людзей. Такі аргумент суадносіць дэмакратыю з маральнаю мэтай існавання чалавека, таму што ператварае вобраз народнага самакіравання ў мэту дзейнасці грамадства. He пагаджаючыся з усёй палітычнай філасофіяй Джона
Д’юі, працытуем некалькі вельмі важкіх яго радкоў: «Як ідэя, дэмакратыя не з’яўляецца альтэрнатывай іншым прынцыпам супольнага жыцця людзей. Яна ёсць увасабленне жыцця грамадства, ідэал у адзіным разумным сэнсе гэтага слова: імкненне і рух у напрамку канчатковай мэты, якая ўяўляецца завершанай і дасканалай». Відавочна, што слова «дэмакратыя» Д’юі карыстаецца ў значна шырэйшым сэнсе, які не абмяжоўваецца наборам палітычных інстытутаў і правілаў. Дэмакратыя ў вызначэнні Д’юі ахоплівае ўсю суму ўмоваў, якія існуюць у грамадстве, дзе дасягнуты рэальны кансэнсус. Канкрэтныя палітычныя структуры складаюць толькі частку больш вялікай і складанай пабудовы. Слова «дэмакратыя» прадугледжвае, што дзеля дасягнення мэты супольнага суіснавання патрэбен удзел усяго народа. Трэба адразу дадаць, што, паводле Д’юі, «дэмакратыя ў гэтым сэнсе не з’яўляецца фактам і ніколі ім не будзе»9. Можна меркаваць, што гэтае паняцце выкарыстоўваецца філосафам у арыстоцелевай манеры: рэч ці з’ява ёсць тое, чым яна патэнцыяльна можа стаць.
Прапанаванае Д’юі пашырэнне канцэпцыі дэмакратыі з вызначэннем яе як цэлага ладу жыцця з канкрэтнай канчатковаю мэтай супрацьстаўляе яго тэарэтыкам, якія адводзяць дэмакратыі абмежаваную ролю палітычнай формы без ніякай вярхоўнай мэты. Д’юі, здаецца, больш чула за іх ставіцца да таго факту, што сваю форму, моц і арыентаванасць улада будуе на імкненнях народа, якому служыць. Улада таксама з’яўляецца адлюстраваннем і імкнецца да ажыццяўлення мэтаў жыцця ў тым выглядзе, у якім іх бачаць народ і яго лідэры. Форму кіравання немагчыма вызначыць, апроч як у вольным эмпірычным выглядзе, паводле адных толькі абстрактных прынцыпаў накшталт усеагульнага выбарчага права, народнага кантролю над афіцыйнымі асобамі і мажарытарнага кіравання, паколькі іх змест можа мяняцца ў залежнасці ад сацыяльнага этасу, які іх напаўняе. Палітычны інстытут не ёсць нейкі выразна акрэслены феномен; ён складаецца са зместу дзеянняў тых,
хто выконвае яго функцыі, і тых, хто прызнае яго паўнамоцтвы. Гэтыя дзеянні ёсць праява пэўнага культурнага асяроддзя ці, кажучы словамі Арыстоцеля, «рэжыму». Вызначаючы дэмакратыю праз катэгорыю супольнасці, Д’юі надае народнаму кіраванню канкрэтную мэтанакіраванасць, у параўнанні з якой і трэба разглядаць яго працэдурныя правілы.
Пашыранае вызначэнне дэмакратыі, якое дае Д’юі, дэманструе штучнасць спроб рэзка размежаваць грамадскае і асабістае жыццё. Палітолаг павінен рабіць такое размежаванне, бо яно карыснае для арганізацыі думкі і тлумачэння сваіх ідэй. Аднак, хоць у некаторых выпадках будзе сапраўды практычным вызначэнне галасавання заканадаўцы як грамадскага акту, а пакарання дзіцяці як прыватнай справы, нельга забывацца на тое, што такое размежаванне пры яго разглядзе з улікам канчатковага выніку носіць адвольны характар. Першае дзеянне ў ім адразу пазначаецца як «грамадскае», але не таму, што яно вельмі своеасаблівае, sui generis, а таму, што мае дачыненне да «кіравання грамадствам» у звычайным яго разуменні і самым прамым і моцным чынам адбіваецца на жыцці шматлікіх людзей. Дастаткова змяніць прыклад «прыватнага» дзеяння на такое, якое б непасрэдна і адчувальна закранала іншых,— і правесці размежавальную рысу стане яшчэ складаней. Можна, напэўна, сказаць, што ў адрозненне ад прыватнага дзеянне з’яўляецца грамадскім, калі яно адбіваецца на жыцці іншых людзей, але такая формула прапануе не дакладнае размежаванне, а ўсяго толькі расплывістую шкалу ацэнак10.
Такім чынам, разглядаць «кіраванне» ў адрыве ад «грамадства» значыць грашыць супраць рэчаіснасці. Кіраванне ёсць сукупнасць «прыватных» і «грамадскіх» дзеянняў і мяняецца разам з імі. Немагчыма канчаткова вызначыць, дзе канчаюцца «правілы» і «інстытуты» дэмакратыі і дзе пачынаецца культурнае «асяроддзе», — яны дынамічна ўзаемазвязаныя. Гэта два бакі аднаго і
таго ж працэсу мэтанакіраванай чалавечай дзейнасці.
У філасофскім сэнсе Д’юіева ідэя супольнасці не беззаганная, і таму прыняць шмат якія дэталі яго погляду на народнае кіраванне немагчыма. Тым не менш яго канцэпцыя аб тым, што дэмакратыя ўключае ў сябе ідэю супольнасці, з’яўляецца каштоўнай, бо яна тым самым сцвярджае, што ў народным самакіраванні закладзены маральны абавязак і лагічная мэта, якія немагчыма ігнараваць, бо іначай гэтая форма кіравання існаваць не зможа. I хоць я не стаўлю сабе за мэту давесці, што дэмакратыя ёсць «ідэя супольнага жыцця грамадства», да такой высновы вядзе сам аналіз. Я паспрабую прадэманстраваць, што неад’емнае ад дэмакратычнага працэсу імкненне да этычнасці з’яўляецца, паводле пазычанага ў Роберта Нізбета сцвярджэння”, імкненнем да супольнасці. Безумоўна, ідэя супольнасці як мэты, на рэалізацыю якой павінна быць скіраваная палітыка, з’яўляецца асноўнай у класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцыі. Нам давядзецца больш падрабязна спыніцца на тым, чым гэтая ідэя тлумачыцца і як яна звязаная з канцэпцыяй народнага кіравання. Я сцвярджаю, што этычнае сумленне прымушае чалавека рухацца ў напрамку, супрацьлеглым цэнтрабежным сілам суб’ектыўнай прадузятасці, адвольнасці і эгатызму. Этычнае сумленне можна апісаць як пачуццё прыналежнасці, як удзел у ажыццяўленні надындывідуальнай мэты ўсеагульнай гармоніі. Калі ж мы прызнаем, што чалавеку ўласцівыя вельмі супярэчлівыя і ўзаемавыключальныя схільнасці, дык адзіным тыпам народнага самакіравання, прыдатным, каб працаваць на гэтую мэту ў палітыцы, з’яўляецца канстытуцыйны.
Марадьнасць і своекарыслівасць
Асаблівая ўвага ў гэтай кнізе будзе нададзеная этычнаму аспекту праблемы дэмакратыі. He будзе нічога дзіўнага, калі ў працэсе даследавання ў каго-небудзь узнікне ўражанне, што маральнасць сама па сабе ўжо з’яўляецца крыніцай парадку ў дэмакратыі. Каб перасцерагчы ад такога ўражан-
ня і ўсталяваць цвярозы погляд, трэба зрабіць некаторыя заўвагі.
Прырода чалавека, наколькі мы можам меркаваць з гістарычнага развіцця і па нас саміх, не дае падстаў для аптымізму, што датычыцца трыумфу этыкі над своекарыслівасцю ў чалавечых адносінах. Павага да этычнай мэты жыцця ў палітыцы, хутчэй, не правіла, а выключэнне. Некаторым палітычным філосафам, сярод якіх найбольш прызнанымі з’яўляюцца Макіявэлі і Хобз, элемент чыстай улады ў палітыцы засланіў сабой амаль усё астатняе. Хобз заходзіць так далёка, што нават перавызначае мараль як імкненне да ўлады. Але якімі значнымі ні былі б іх перабольшванні, гэтыя філосафы вывелі важную ісціну, якая павінна асэнсоўвацца тымі, хто вывучае палітыку, і асабліва тымі, для каго палітыка існуе неадрыўна ад этыкі: палітыка ёсць, у першую чаргу, арэна канфліктаў, сутыкнення волі індывідуумаў і інтарэсаў груп. Можна зрабіць яшчэ адзін крок і сказаць, што жыццё наогул змяшчае элемент вайны, а ваенныя канфлікты і іншыя формы гвалту з’яўляюцца толькі адной з яго праяў. Адна з асноўных роляў кіравання грамадствам — забяспечваць мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. Функцыя законаў, у тым ліку канстытуцый, — накіроўваць вечную вайну ўсіх супраць усіх у формы, якія робяць жыццё цярпімым. Шмат сучасных філосафаў добра ўсведамляюць гэтую функцыю ўлады. У Злучаных Штатах, дзе жывуць традыцыі Мэдзісана, цяжка забыцца пра тое, што канстытуцыя існуе дзеля кантролю і ўраўнаважвання канфліктуючых інтарэсаў. I поспех амерыканскага канстытуцыйнага эксперыменту сведчыць аб рэалізме яго погляду.
Такім чынам, нам ёсць шмат чаго пераняць у тых, хто чуйна ставіцца да сутыкнення воляў і інтарэсаў як да часткі палітычнага жыцця. Што да адмоўнага моманту такога падыходу, дык ён заключаецца ў тым, што нярэдка бачыць у палітыцы выключна вайну ўсіх супраць усіх. Калі адзінай асноваю ўлады будуць лічыцца толькі абачлівыя і прагма-
тычныя намаганні па мірнаму ўладжванню канфліктаў, калі этычная перспектыва будзе адкідацца ўбок ці страчвацца наогул, дык у выніку мы атрымаем толькі скажэнне палітычнай рэальнасці. Неяк забываецца, што калі ўрэгуляванне канфліктаў і можа быць першай і галоўнай справай урада, дык этычнае сумленне грамадзян імкнецца да большага. А маральныя імкненні чалавека таксама з’яўляюцца складоваю часткай палітычнага жыцця. I хоць часцей за ўсё ім цяжка перамагчы ў сілавых гульнях, іх прысутнасць надае палітыцы элемент вышэйшага напрамку, згладжвае вострыя вуглы ў вайне інтарэсаў і воляў і часам нават уздымае ўрад да ўзроўню пэўнай маральнай вартасці.
Этычнае сумленне чалавека не з’яўляецца абавязковым прынцыпам пабудовы палітыкі нават ва ўмовах дэмакратыі, але яно натхняе нашую волю ў напрамку больш годных палітычных мэтаў і ў пэўнай ступені абмяжоўвае іх залежнасць ад своекарыслівасці. Аб станаўленні добрага грамадства мы мяркуем паводле таго, які ўплыў у ім мае этычнае сумленне. Але і ў грамадстве, якое можна назваць цывілізаваным, своекарыслівасць не знікае цалкам. Можна сказаць, што яна тут прыручаная, прыстасаваная да мэтаў маральнага жыцця. Калі ж чалавек у дастатковай меры не ўсведамляе этычнай мэты жыцця, гэта хутка вядзе да таго, што вечная барацьба за ўладу набывае яшчэ больш агідныя формы і што цынічныя макіявелісцкія погляды на палітыку атрымліваюць новы штуршок.
Этычная тэорыя дэмакратыі, такім чынам, не мае права заплюшчваць вочы на ўплывовую і непазбежную ролю неэтычных матываў у палітыцы. Гэтыя сілы павінны прымацца ў разлік як рэалістычна мыслячымі тэарэтыкамі, так і разважлівымі палітыкамі. Апошнія, калі яны хочуць паспяхова рэалізаваць свае мэты, павінны зрабіць усё, каб прыстасавацца да гэтых сілаў і заручыцца іх падтрымкай. Такія паводзіны будуць азначаць не амаральнасць і апартуністычнасць, а адсутнасць наіўнага погляду на матэрыял, з якім прыходзіцца працаваць. Некаторыя палітыкі могуць глыбо-
ка маральна ставіцца да сваіх абавязкаў, але ж калі яны не будуць гатовыя ўсвядоміць наяўнасць пазамаральных матываў у якой-небудзь з супрацьстаячых ім сіл, яны проста скоцяцца да марнага маралізавання, дарэчы, з магчымым супрацьлеглым эфектам. Ігнараваць не вельмі прыемныя палітычныя ўчынкі не маральна, а папросту неразумна. Апроч таго, можна сцвярджаць, што маральны абавязак палітыка — прыводзіць свае сродкі ў адпаведнасць з абставінамі, іншымі словамі, яго падыход да сітуацыі павінен быць прагматычным, бо гэта адзіны шлях наблізіцца да этычнай мэты. Нават самы маральны палітык павінен авалодаць майстэрствам разважлівага палітычнага аналізу, які часам называюць мастацтвам магчымага; у іншым выпадку яго намаганні будуць безвыніковыя.