Дэмакратыя i этычнае жыццё
Клаэс Г. Рын
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі Фонд Сораса
Памер: 256с.
Мінск 1996
3 таго, што ў любым палітычным дзеянні прысутнічае чыста прагматычны элемент — аналіз наяўных сродкаў у пэўных абставінах, — зусім не вынікае, што з вуснаў аўтара «Уладара» прагучала ўся праўда пра палітыку. Мастацтва магчымага, каб быць поўным, павінна мець і неўтылітарны, маральны змест. Каб дакладней патлумачыць гэтае сцвярджэнне, звернемся да Бенэдэта Крочэ, італьянскага філосафа і дзяржаўнага дзеяча з тонкім разуменнем макіявэлісцкага пачатку ў палітыцы. Крочэ прызнаваў, што «сродкамі дасягнення канкрэтнай мэты ў палітыцы робіцца ўсё, у тым ліку ў пэўнай ступені мараль і рэлігія», але ён жа адначасова перасцерагаў ад пераканання ў адсутнасці сувязі маральных нормаў з палітыкай. Паводле ягоных слоў, чалавек у сваім імкненні дамагчыся поспеху ў справах ёсць істота маральная і ўтылітарная адначасова. «Немагчыма ўявіць палітыка ўвогуле без этычнага сумлення. Гэта будзе тое ж, што пагадзіцца, быццам чалавек у палітыцы можа не мець нічога чалавечага»’2. Чалавечае сумленне не самаўхіляецца ад палітычных спраў. Яно настойліва абвяргае ўяўленне, быццам прыватнае і грамадскае жыццё карыстаюцца рознымі наборамі этычных нормаў: «Немагчыма чыніць зло дзеля дабра, зло і дабро нераўнацэнны тавар; нашы рукі
павінны захоўвацца ў чысціні; якасць сродкаў не павінна канфліктаваць з якасцю мэты»°. Калі праўда, што неабходна заўсёды кіравацца этычным сумленнем, дык праўда і тое, што задачы палітыкі могуць у пэўных цяжкіх абставінах патрабаваць надзвычайных мер, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з усталяванымі маральнымі прынцыпамі. Гэтае супрацьпастаўленне, па сцвярджэнні Крочэ, усяго толькі ўяўнае і заснаванае на статычным, казуістычным бачанні маральнасці. Таго, што неабходна ддя набліжэння цывілізаванага ладу, патрабуе, нягледзячы на звычаёвыя маральныя нормы, і сумленне. Могуць узнікаць абставіны, у якіх надзвычайныя сродкі будуць адпавядаць маральнасці канчатковай мэты. Крочэ далёкі ад таго, каб сцвярджаць, што мэта апраўдвае сродкі; гэтую формулу ён рашуча адхіляе. На яго погляд, усе сродкі добрыя пры наяўнасці добрай мэты. Сродкі, што сцвярджаюць дабро ў канкрэтнай сітуацыі, з’яўляюцца маральнымі. Палітыка мае свае асаблівыя крытэрыі карыснасці і прыдатнасці для выкарыстання, але яна далёкая ад замкнёнай і самадастатковай сферы дзейнасці. Утылітарныя здольнасці ў дасягненні мэтаў — добрая якасць для палітыка, але ён павінен заўсёды ўлічваць наяўнасць у чалавека маральнай прыроды, у адпаведнасці з якой неабходна праводзіць прагматычны разлік.
Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што сапраўдны дзяржаўны дзеяч ясна ўяўляе маральную мэту чалавечага існавання і будзе заўсёды імкнуцца падпарадкоўваць палітыку гэтай мэце. Ен таксама ў дастатковай ступені рэаліст, каб разумець, што маральнасць як здзяйсненне добрых учынкаў ніколі не стане законам пабудовы палітыкі. Гэты факт неахвотна, але прызнаваў нават Платон. Небеспадстаўным, магчыма, будзе палічыць, што тое ж самае меў на ўвазе Ісус, калі размежаваў Богава і кесарава. Дзяржаўны дзеяч ведае, што спадзявацца ён можа, у лепшым выпадку, на выкарыстанне своекарыслівасці ў інтарэсах рэалізацыі маральнай мэты. Пэўнае заспакаенне ён можа знайсці ў тым факце, што ў большасці выпадкаў
разумная своекарыслівасць вымушае чалавека рухацца ў напрамку маральнасці. У якасці прыкладу я хацеў бы прывесці канстытуцыяналізм, у якім, безумоўна, шмат ад умудронага вопытам эгаізму: з чыста эгаістычнага пункту погляду лепей, каб кіраваў закон, чым непрадказальны ў сваіх дзеяннях урад14. Але канстытуцыйны лад мае і этычную функцыю: ён з’яўляецца палітычным падмуркам удасканалення этычнага жыцця.
Калі хоць часткова пагадзіцца, што этыка мае ўплыў на палітыку, трэба адзначыць і тое, што чым менш у грамадстве будзе надавацца ўвагі патрабаванням этыкі жыцця, тым радзей у ім будуць адзначацца ўчынкі, прадыктаваныя разумнай своекарыслівасцю. Затуманьванне этычнага зроку прывядзе да змяншэння перашкодаў на шляху больш нізкіх схільнасцяў. Людзі будуць станавіцца ўсё менш пераборлівымі ў мэтах і сродках, і барацьба за ўладу, якая дагэтуль змякчалася цягай да этычнага, абвострыцца. Калі раней этычнае сумленне, імкненне прыносіць усеагульную карысць маглі надаваць канстытуцыі — і законам наогул — аўру годнасці і палягчаць разуменне грамадзянамі таго, што прыхільнасць да законнага парадку ў іх доўгатэрміновых інтарэсах, то зараз да законаў будуць ставіцца з меншай пашанай і больш часцей будуць імкнуцца іх парушыць, калі гэта будзе задавальняць бягучыя інтарэсы і зможа абыходзіцца бяскарна. У гэтым сэнсе можна сказаць, што цывілізаваны палітычны лад вынікае, у рэшце рэшт, з этычнага сумлення.
Сказанае вышэй робіць відавочным, што спроба даць этычнае тлумачэнне дэмакратыі абапіраецца зусім не на перабольшванне ролі маральных матываў у палітыцы. Як вядома, палітыка ёсць сфера вымярэнне канфліктаў, што падкрэсліваецца шмат кім з сучасных мысліцеляў. Факт частых спасылак палітыкаў на прынцыпы маралі можа значыць усё, апроч таго, што менавіта імі палітыкі і кіруюцца. He трэба быць цынікам, каб бачыць, што ў адзенне маралі часта пераапранута своекарыслівасць. Аднак неабходнасць
даць маральнае абгрунтаванне сваім прапановам, якую адчувае палітык, суправаджаецца жаданнем яго патэнцыяльных прыхільнікаў адчуваць, што іх палітычныя даручэнні санкцыяніраваныя інстанцыяй вышэйшай за ўласнае ego. Адкуль было 6 узяцца заклікам да маралі ў палітыцы на працягу ўсёй гісторыі, калі б у аснове бясконцых спрэчак аб належным палітычным ладзе, апроч клопату аб уласнай выгадзе, не ляжала нешта большае — сапраўднае, няхай нават і слаба выяўленае, этычнае ўсведамленне таго, што развіццё не можа ісці ў адвольным напрамку? Незалежна ад таго, ці сапраўды палітыкі адчуваюць тыя маральныя імпульсы, на якія спасылаюцца, ці не, дэманстрацыя іх ужо сама сведчыць, што палітыка — гэта не толькі жорсткая і грубая ці змякчаная разумнай своекарыслівасцю сілавая гульня.
У гэтым даследаванні робіцца спроба абагульніць тое, чаго нестае тэорыі дэмакратыі, якая не ідзе далей сутыкнення волі індывідуумаў і груп. Грамадства, якое хоча лічыцца цывілізаваным, не можа ігнараваць правілы этычнага жыцця. Гэтыя правілы патрабуюць ад чалавека безумоўнага іх выканання і пастаянна нагадваюць аб тым, што палітычны лад, які заснаваны выключна на эгаізме, няварты сапраўднага прызначэння чалавека. Палітычны мысліцель абавязаны заўсёды ўлічваць ролю этыкі ў дачыненнях паміж людзьмі і ўвесь час шукаць спосабы развіць яе і пашырыць на сферу палітыкі. Дадзенае даследаванне імкнецца вырашыць гэтую задачу ў адносінах да дэмакратыі.
Заўвагі
1 Варыяцыі на гэтую тэму можна знайсці ў наступных працах: Joseph Schumpeter. Capitalism, Socialism and Democracy (New York: Harper and Row, 1950); Henry B. Mayo. An Introduction to Democratic Theory (New York: Oxford University Press,1960); E. F. M. Durbin. The Politics of Democratic Socialism (London: Routledge & Kegan Paul, 1940); David Easton. The Political System (New York: Alfred A. Knopf, 1971); David Truman. The Governmental Process (New York: Alfred A. Knopf,1971); Robert Dahl. A Preface to Democratic Theory (Chicago:
University of Chicago Press, 1956); Anthony Downs. An Economic Interpretation of Democracy (New York: Harper &Bros., 1957).
2 Hans Keisen. Allgemeine Staatslehre (Berlin: Springer,1925), 370. Цыгуецца i перакладаецца ў: Rene de Visme Williamson. «The Challenge of Political Relativism». Journal of Politics, IX (May, 1947), 150.
3 Тэрмін «рэлятывізм навуковых каштоўнасцяў» выкарастаны Арнольдам Брэхтам у: Political Theory: The Foundation of Twentieth Century Political Thought (Princeton: Princeton University Press, 1959). Гэта кніга змяшчае дэталёвае апісанне канцэпцыі.
4 Mayo. Democratic Theory. 277.
5 John Dewey. Human Nature and Conduct (New York: Modem Library, 1957), 35.
6 Mayo. Democratic Theory. 60.
7 Thomas Landon Thomson. The Logic of Democracy (New York: Holt, Rinehart and Winston, 1962), 149.
8 John Stuart Mill. Utilitarianism, Liberty and Representative Government (London: J. M. Dent & Sons, 1929), 178.
9 John Dewey. The Public and Its Problems (Chicago: Swallow Press, 1954), 148.
10 Каб пазбегнуць непараэумення, я павінен адзначыць, што, надаючы дэмакратыі статус ладу жыцця, я застаюся ў баку ад той ідэі, што ўсе рашэнні, якія маюць «грамадскую» выяву, павінны прымацца ў адпаведнасці з мажарытарнай працэдурай ці нейкім іншым дэмакратычным прынцыпам «удзелу».
11 Гл.: Robert Nisbet. Community and Power (New York: Oxford University Press, 1962).
12 Benedetto Croce. Politics and Morals. Пераклад Salvatore J. Castiglione (New York: Philosophical Library, 1945), 22, 25.
13 Ibid., 3. Неабходна адзначыць, што з ранняй палітычнай філасофіі Крочэ іншымі былі зробленыя высновы, якія падштурхнулі некаторых аналітыкаў да абмежавапага суаднясення Крочэ са станаўленнем італьянскага фашызму. Хоць Крочэ і нясе пэўную адказнасць за тое, што такія высновы мелі месца, у цэлым ягоная палітычная філасофія не дае падстаў для такой інтэрпрэтацыі і, наадварот, робіць відавочным, што Крочэ са значнай рызыкай для сябе стане публічным крытыкам фашысцкага рэжыму.
14 Параўн.: James М. Buchanan and Gordon Tullock. The Calculus of Consent: Logical Foundations of Constitutional Democracy (Ann Arbor: University of Michigan Press, 1962).
Раздзел II
Чалавечы досвед і «навуковы метад»
У працэсе свайго развіцця этычная тэорыя дэмакратыі ўваходзіць у сутыкненне з прадузятасцю сучасных поглядаў на тое, што для палітолага можа служыць сведчаннем, якое заслугоўвае даверу. Як ужо адзначалася, сумленне ў гэтым даследаванні будзе разглядацца як праваднік да ўсёпранікальнай мэты чалавечага жыцця. Такое разуменне сумлення часткова фарміруе пашыраны погляд на прыроду чалавека, згодна з якім яго духоўная сутнасць заключаецца ў спалучэнні самасвядомасці і свабоды, чаго пазбаўленыя фізічная прырода і свет жывёл. На такі погляд, як і на той тып этычнай філасофп, з якім ён (погляд) непарушна звязаны, нярэдка робяцца нападкі за іх заснаванасць на «ненавуковым», неэмпірычным падыходзе да доказаў.
Апошнія два стагоддзі адметныя тым, што за гэты час значна пашырыліся і колькасна павялічыліся даследаванні ў прыродазнаўчых навуках. Прагрэс, які дазволіў нам падпарадкаваць фізічную прыроду, зрабіў эксперымент вельмі прывабным навуковым метадам і шмат каго заахвоціў распаўсюдзіць, наколькі магчыма, яго выкарыстанне. Эксперыментальныя навуковыя метады пачалі разглядацца некаторымі ў якасці ключа да больш поўных і дакладных ведаў пра чалавечую прыроду і грамадскае жыццё, а не толькі неадушаўлёныя рэчы і з’явы. У выніку менш выразны характар набыло і адрозненне чыста чалавечага, духоўнага пачатку, у якім не толькі асноўнымі, але і абавязковымі