Імя ў летапісе
Вітаўт Чаропка
Памер: 639с.
Мінск 2003
112
Хрышчэнне Міндоўга. XX cm.
гэтай вайны знаходзім у летапісах, дзе распавядаецца, што Міндоўгава войска здабывала Полацк, і толькі Таўцівіл, які прывёў з сабой лівонскіх рыцараў, адбіў «Лнтву пречь»40. Hi «Рыфмаваная хроніка», ні Іпацьеўскі летапіс не ўзгадваюць пра гэты паход на Полацк, аднак ён мог і адбыцца, бо ў планах наваградскіх баяраў і Міндоўга як раз і было аб'яднанне крыўскіх, літвінскіх і дрыгавіцкіх земляў.
Паводле хронікі Русава, лівонскі магістр Андрэй Сцірланд з рыцарамі спустошыў Міндоўі’авы землі і падышоў да града, дзе зачыніўся князь. А польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі піша аб буйной бітве войска Міндоўга з крыжацкім войскам на берагах возера Браслаў. Перад самай бітвай Міндоўг выступіў з палымянай прамовай перад сваімі воінамі: «Мужове, таварышы і рыцары мае! Цяпер на вашай мужнасці грунт айчызны стаіць, каторая ў вас бачыць надзею і каторую бураць немцы, пагардліва з вас смеючыся. Вось тут непрыяцель перад вамі гарцуе. Вашы двары нішчыць і сёлы плюндруе. Ужо нам знікненне набліжае. I айчызну наймілейшую вашу мячом трывожыць. За тое пакажыце непераможную сілу за вольнасць, за багоў, жонак і дзетак мілых»41. У гістарычных крыніцах таксама няма ўзгадак аб гэтай бітве. Хоць яна і магла адбыцца і, паводле Стрыйкоўскага, літвіны перамаглі крыжакоў. Аднос
113
на прамовы Міндоўга, то без сумненняў — гэта плён мастацкай фантазіі Стрыйкоўскага. У асобе Міндоўга ён вывеў не хітрага і жорсткага правіцеля, а мужнага абаронцу «айчызны наймілейшай». Так гісторыя становіцца міфам.
Галоўны ўдар наносіўся сіламі галіцкавалынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў на Ваўкавыск, Слонім, а пасля князі «пондоша к Новугородку», які захапіць так і не ўдалося.
Таўцівіл тым часам разам з ордэнскім войскам вяртаецца ў Рьігу, дзе прымае хрысціянства. I пакуль каталіцкія святары пасвячалі новахрышчонага ў таемствы святой веры, магістр Андрэй Сцірланд вёў перамовы з Міндоўгам. «I калі яны (Міндоўг і магістр. — В.Ч.) любезна сустрэліся і пагаварылі, дык князь загадаў прыгатаваць шыкоўную вячэру і запрасіў магістра ў госці, падчас вячэры магістр доўга ласкава размаўляў з князем»42. Дзе ўжо там ласкава, магістр адразу паставіў свае ўмовы: «Не выратуешся і не пераможаш ворага, калі не пашлеш да папы і не прымеш хрысціянства. А служыць табе рад, і хаця асляпіў вочы свае золатам, якое атрымаў ад цябе, усё ж я табе дапамагу»43.
«Так што нарэшце князь абяцаў, што ён прыме хрысціянства. I князь пажадаў, каб магістр выпрасіў у папы, каб князя і яго княгіню адразу ж пасля хрышчэння каранавалі, як хрысціянскага караля, што яму магістр Андрэй Сцірланд і абяцаў»44. Як бачым, Таўцівіл у гэтай гульні аказаўся пешкай, якую мянялі на караля, праўда, яшчэ без кароны. Але што значыць выкаваць карону? Быў бы кароль, а карона знойдзецца. «Калі б ты быў хрысціянінам, дык я зрабіў бы табе яшчэ большы гонар і выпрасіў бы табе каралеўскую карону, клянуся жыццём»45, абяцаў магістр Міндоўгу. Магістр прапануе Міндоўгу не толькі самому прыняць веру Хрыстову, але і сваіх падданых прывесці да яе, ну і за тружанне Ордэну саступіць частку земляў жамойтаў і селонаў, а магістр падтрымае яго ў барацьбе з Таўцівілам і Данілам. Міндоўг ведаў, на што ідзе: раз'яднаць варожую кааліцыю, знайсці сярод ворагаў саюзнікаў. A землі, што ён адпісваў Ордэну, яму не належалі. Нібыта ён, Мііідоўт, з гэтага пагаднення выгадаў болей карысці, чым Ордэн. А па сутнасці крыжакі скарысталі яго ў сваёй палітыцы, знайшлі сабе саюзніка ў скарэнні балцкіх земляў, саюзніка, які хаця і не падтрымае іх войскам, але цяпер ужо не будзе ваяваць супраць Ордэна і дапамагаць жамойтам і куршам.
У далёкі Рым разам з ордэнскімі пасламі адправіўся і Міндоўгаў баярын Парнус. Папа абрадаваўся, што Міндоўт «спазнаў хвалу Божую і праз хрышчэнне адрадзіўся» і прыслаў яму булу, якой абвяшчаў: «...каралеўства літоўскае і ўсе землі, якія здабыў ад няверных або ў будучыні мог здабыць на права і ўлас
114
Карона вялікіх князёў літоўскіх
насць святога Пятра і яго (Міндоўта. — В.Ч.) з жонкай, сынамі і ўсім дваром пад пратэкцыю і апеку апостальскай сталіцы вырашылі ўзяць»46. А ў другой буле папа прасіў дапамагчы «каралю літоўскаму, які жадае павярнуць паганцаў да веры» рыжскага, дерптскага і эзелійскага біскупаў47. Хельмскаму біскупу Генрыху папа даручыў каранаваць Міндоўга. Так Міндоўг дабіўся яшчэ адной важнай перамогі.
У адчаі Таўцівіл пакінуў Рыгу і павёў сваю дружыну на Міндоўгаў град Руту. А да Міндоўга на дапамогу прыйшоў нямецкі атрад. Градам Таўцівіл не змог авалодаць. У адной з начных вылазак Міндоўг «разогнаша н Русь н Ятвязе»48.
115
Таўцівіл бачыў, што воі ягоныя ўжо не вераць у перамогу і ў бітве не шукаюць ворага, а ўцякаюць ад яго. Зноў паражэнне. Таўцівіл адпраўляецца ў Жамойць да Вікінта. А па ягоных слядах, «собрав снлу велнку»49, урываецца туды Міндоўг. I хаця ўдалося адбіць яго ад Вікінтавага града, Цвірамента, але гэта не перамога. Удача адвярнулася ад Таўцівіла, а вось Міндоўгу лёс спрыяе. Той карануецца каралеўскім вянцом. Сам лівонскі маіістр са сваёю світаю прыехаў на каранацыю. Хельмскі біскуп Генрых уздзеў на галаву князю каралеўскую карону. Узнікае пытанне, дзе і калі каранаваўся Міндоўг? Калі і сапраўды, як падае гэта «Хроніка Быхаўца», ён панаваў у Наваградку, то і каранацыя адбылася тут. Па традыцыі гісторыкі прынялі дату 6 ліпеня 1253 года. Аднак Тэадор Нарбут прывёў (праўда, у сваім пераказе, што нараджае падазрэнне ў фальсіфікаце) дакумент, паводле якога, папскі легат Альберт Суербер 21 ліпеня 1252 года прысутнічаў на каранацыі Міндоўга ў абозе каля замка Navenpil1е — гэта значыць Новага горада. Хоць Нарбут лічыць, што гэта не Наваградак, а іншы горад. Каля Друскенікаў пры мясцечку Лішкаве над Нёманам ёсць гара ПілкалнсЗамкавая, з руінамі збудаванняў. Вось тут на думку Нарбута і знаходзіўся Наўпіліс, або Новая Гародня, якую заклалі гарадзенскія князі50. Пазнейшы Густынскі летапіс указвае, што каранацыя адбылася ў 1252 годзе ў Наваградку51. Гады тыя самыя, ды і горад, калі ўлічыць, што Наўпіліс гэта літоўская назва Наваградка, таксама. Значыць, складальнік летапісу меў крыніцу, дзе ўказваліся год і месца каранацыі Міндоўга. Нямецкі гісторык Войгг спасылаецца на дакумент 1253 года з кралявецкага тайнага архіва, у якім гаворыцца, што ў 1252 годзе хельмскі біскуп прысутнічаў на каранацыі Міндоўга ў Наваградку52.
Міндоўг шчодра аддзячыў Ордэн і падпісаў некалькі грамат, у якіх састугіаў яму Корсь, Яцвязь, Нальшчаны, Дайнову і «ўгневаны на жамойтаў» — Жамойць53. He адна з гэтых земляў не належала Міндоўгу, а з Яцвязю і Жамойцю ён ваяваў. Пэўна, трэба сказаць, што Міндоўт даваў слова не прэтэндаваць на гэтыя землі. Паколькі сярод адпісаных Міндоўгам земляў былі Дайнова (зямля паміж Нёманам і вярхоўем ракі Нараў), Нальшчаны, мястэчка Вейшышкі (знаходзіцца на сучасным беларускалетувіскім памежжы), а таксама мястэчка Лукаў на Падляшшы, дык можна прыблізна вызначыць межы Міндоўгавай дзяржавы на поўначы і на ўсходзе. На поўначы гэтая мяжа, пэўна, ішла па лініі Гародня—Аіда—Крэва, а на захадзе, пэўна, не сягала далей Ваўкавыска. Што ж датычыцца мяжы на поўдні, дык яна магла праходзіць па лініі Камянец— Здзітаў—возера Зьяце, а на ўсходзе па лініі возера Зьяце— Бялевічы—Койданава—Валожын—Маладзечна—Крэва.
116
He абышлося без хітрасці. Міндоўг хацеў, каб касцёл у Літве не падпарадкоўваўся рыжскаму біскупу. Ён просіць папу заснаваць на Літве асобнае біскупства са сваёй сталіцай, дзе гатоў за ўласны кошт пабудаваць катэдру. Папа згадзіўся і назначыў літвінскім біскупам ордэнскага каплана Хрысціяна, чаму працівіўся рыжскі біскуп Альберт. Аднак Міндоўг адпісаў літвінскаму біскупству землі ў Жамойці, якая не прызнавала ягонай улады і якую ён саступаў Ордэну. Хітры ход. 3 гэтага надання Хрысціян не меў ніякіх прыбыткаў, а значыць, падпаў пад залежнасць ад Міндоўга, з добрай волі якога біскупства магло існаваць ці бедна, ці багата. Хрысціян нават скардзіўся на караля новаму папе Аляксандру IV, і той у буле ад 7 сакавіка 1255 года пісаў, каб Міндоўг «памятаў аб патрэбах біскупства»54. Так што і ў сферы духоўнай Міндоўг прагнуў улады. Ды і сваіх падданых не вёў да крыжа. Толькі 600 чалавек акружэння і воінаў хрысціліся.
Таўцівіл яшчэ гатоў змагацца. Уся надзея на Данілу Галіцкага. «Подн к Новугородку», — пасылае ён да яго свайго слугу Роўбу (быць можа, назва сяла Раўбы ў Лідскім раёне ўказвае, што той паходзіў адсюль). У 1253 годзе Даніла з братам Васількам, з сынам Львом і з полаўцамі зімой прыйіплі да Пінска. Пінскія князі, якія ўжо даўно арыентаваліся ў сваёй палітыцы на Наваградак і Літву, «неволею» пайшлі на вайну. У першым жа баі на возеры Зьяце Міндоўгава дружына разбіла перадавыя атрады Данілавага войска і пагнала іх праз балоты да ракі Шчары. Раззлаваны Даніла патрабаваў ад саюзнікаў працягваць вайну: «Срамоту нмеем от Лнтвы н от всех земель, аіце не дойдем н вратнмся»55.
Наступным днём галіцкавалынскае войска зламала супраціўленне Міндоўгавых войск, уварвалася на Літву, а адтуль і на Наваградчыну і «пленнша всю землю Новогородьскую»56. Раман Данілавіч у гэты час захапіў Гародню.
Міндоўг яшчэ спрабуе наладзіць абарону Наваградчыны, пасылае свайго сына (відаць, Войшалка) ваяваць каля Турыйска, але супрацьстаяць Данілу ён не ў сілах. На ўсе ягоныя звароты аб заключэнні міру Даніла не адказвае. Няўдачы Міндоўга ў гэтай вайне паўплывалі на адносіны да яго наваградскіх баяраў — ён пакідае Наваградак, а наваградскім князем выбіраюць яго сына Войшалка. Той і заключае мір з Данілам Галіцкім. А Міндоўг застаецца правіць у Літве. Для Таўцівіла ж — гэта канчатковае паражэнне. Застаўшыся без саюзнікаў, ён амаль бездапаможны перад Міндоўгам. Срэбра Міндоўгава адвяло ад яго і яцвягаў, і жамойтаў. Як ваяваць? Адчай гоніць яго з Жамойці на Валынь да Данілы. Таўцівіл заклінае таго змагацца з Міндоўгам. Але Даніла свайго дамог
117
ся. Наваградак і Літва зноў падуладныя яму. Трэба перадыхнуць, сабраць сілы. 3 поўдня пагражаюць татары, і пра гэта забывацца нельга. Ніяк не выпадала зноў ваяваць. Адзінае, што застаецца Таўцівілу, — кінуць галіцкаму князю: «Мнндовг убедн я серебром многнм»5’. Ды толькі ўгнявіў Данілу. I няма цяпер у Таўцівіла саюзнікаў, застаўся адзін. 3 чаго пачынаў, тым і скончыў: ізгой, без войска, без надзейных сяброў і паплечнікаў, без грошай. А па слядах крадзецца смерць. Міндоўг не супакоіцца, пакуль ён жывы. Князь пакідае Радзіму.