Імя ў летапісе
Вітаўт Чаропка
Памер: 639с.
Мінск 2003
У прызначаны дзень лівы сабраліся на рацэ Возе. 3 Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасцю выманіць з Ікескола меча
'Падзеі 1216 года, калі нечакана перад самым паходам памёр Уладзімір, празрыста сведчаць, што ён быў атручаны і гэта справа крыжацкіх шпегаў. Вельмі верагодна, што Альберт меў у Полацку сваю агентуру.
90
К.Веерман. Рэшткі Кукейноскага замка. XIX cm.
носцаў, запрашаючы тых сесці да іх на карабель, але немцы не згадзіліся. Тады лівы, аб'яднаўшыся з летонамі з Тарэйды і з Вейкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль паўстанцы накіраваліся на Рыгу. Калі б былі ў іх даспехі, навейшая зброя, хто ведае, як бы закончыліся падзеі ў Лівоніі. Закутыя ў браню крыжакі, лёгка разбіўшы ліваў, вярнулі сабе Гольм. Апошняй надзеяй для ліваў быў полацкі князь, і яны звярнуліся да яго па дапамогу.
Уладзімір сабраў «войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў, сваіх сяброў»12 — так Генрых Латвійскі засведчыў адзінства Полацкай зямлі. Палачане на караблях спусціліся ўніз па Дзвіне. Пры высадцы ля Ікескола многіх у полацкім войску крыжакі паранілі з каменямётаў. Уладзімір не стаў штурмаваць замак, а нечакана падышоў да Гольма і акружыў яго з усіх бакоў. Некалькі дзён паміж абаронцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з дапамогай каменямётаў, палачане, «вопытныя ў стральбе з лукаў»13, закідвалі замак стрэламі. Спрабавалі палачане падпаліць умацаванні, расклалі вялікае вогнішча пад сценамі, толькі ўсё дарэмна — крыжакі тушылі агонь. He прынесла поспеху і баліста, якую зрабілі палачане па ўзору тэўтонскіх: не ведаючы майстэрства кідаць з такога прыстасавання камяні, яны ранілі
91
многіх сваіх. He дапамаглі Уладзіміру і лівы з Тарэйды, амаль бяззбройныя ў параўнанні з крыжакамі.
Між тым вярнуліся пасланыя пад Рыгу віжы і паведамілі, што ўсе дарогі і палі вакол горада поўныя жалезных трохзубых шыпоў, аб якія коні колюць ногі.
Уладзімір перадумаў пасылаць войскі пад Рыгу і працягваў аблогу Гольма. «Калі б працягнуліся дні вайны, дык наўрад ці рыжане і жыхары Гольма пры сваёй малалікасці змаглі б абараніцца», — прызнаецца Генрых Латвійскі14. Выратавала крыжакоў падмога, што прыбыла з Германіі, а таксама дацкі кароль Вальдэмар з войскам, якое ён збіраў тры гады і з якім высадзіўся на Эзелі. Суадносіны сіл палачанаў і крыжакоў адразу перамяніліся. Дзе тут было працягваць вайну — Уладзімір адступіў.
Адчуўшы сваю сілу, Ордэн ад тактыкі ўступак Полацку, мірных пагадненняў з ім, прызнання яго правоў на Лівонію пераходзіць у наступ. Да 1207 года ўся Лівонія апынулася ў руках крыжакоў. Яны падступілі да межаў Кукейноскага княства.
Яшчэ ў 1205 годзе Вячка сустракаўся ў Рызе з Альбертам і заключыў з ім мір. У 1207 годзе ён зноў адпраўляецца ў Рыгу. Пужаючы кукейноскага князя летонскай пагрозай, біскуп вымушае яго аддаць палавіну княства Ордэну, які за гэта быццам будзе абараняць Кукейнос ад летоваў. Аднак не з прычыны летонскай пагрозы саступіў Вячка Альберту (летоны ні разу не напалі на Кукейнос і, больш за тое, былі саюзнікамі полацкіх князёў). У Вячкі не хапала сілы супрацьстаяць агрэсіі Ордэна. 1 каб зусім не пазбавіцца княства, ён пайшоў на кампраміс, згадзіўся з Альбертам. Але гэта не значыць, што змірыўся кукейноскі князь з залежнасцю ад Ордэна. Некалькі разоў Вячка нападаў на крыжакоў. У адказ і тыя пад павадырствам нейкага рыцара Данілы аднойчы ноччу напалі на Кукейноскі замак. Узышоўшы на вал, крыжакі захапілі галоўнае ўмацаванне. У ліку палонных апынуўся і Вячка. Біскуп Альберт вярнуў яму горад, але з умоваю размясціць там крыжацкі гарнізон. Хітры біскуп ведаў, што рабіў. Далучыць адкрыта Кукейнос да сваіх уладанняў — значыць, пачаць вайну з Уладзімірам. У ход пускаецца прыём з арсеналу візантыйскіх базылеўсаў. Вячку з пашанай прымаюць у Рызе, дораць яму коней, дарагую вопратку. У самых пачцівых інтанацыях біскуп просіць прабачэння ў Вячкі за «непаразуменне»: крыжакі без ягонай, біскупавай, згоды захапілі горад. Таму ў знак міру вяртае яму Кукейнос. Але вось крыжацкі гарнізон... Вячка нібы і гаспадар у сваім горадзе, а разам з тым і нібы вязень. Кожны ягоны крок пад увагай крыжакоў. I, прадчуваючы ў любое імгненне
92
здрадніцкі ўдар у спіну, Вячка распраўляецца з крыжакамі, спальвае замак і ідзе ў Наўгародскую Русь непрымірымым ворагам «хрыстовых рыцараў».
НАСТУП ОРДЭНА
...Языкі полымя дрыготка ўздымаліся ў неба. Агонь знішчаў хаты, цэрквы, замкавыя сцены і вежы — усё тое, што гадамі будавалася руплівымі рукамі гараджан. Чорны час надышоў для Герцыке. Паспешліва пакідалі ахоплены пажарам полацкі град крыжакі, «бласлаўляючы Бога за тое, што так нечакана ён даў ім перамогу», вялі закутых у кайданы нявольнікаў, гналі жывёлу, везлі на вазах здабычу. Сярод палонных ішла і герцыкская княгіня. А сам валадар Герцыке — кароль Усевалад, як называлі яго крыжакі, ледзь выратаваўся ад палону. 3 некалькімі служкамі пераправіўся ён на лодцы цераз Дзвіну і з другога берага глядзеў на трыумф пераможцаў. He, ён не працягваў да Бога рукі і не ўсклікаў са слязьмі на вачах: «О Герцыке, мілы горад! О спадчына бацькоў маіх! О нечаканая гібель майго народа. Гора мне! Навошта я нарадзіўся, каб бачыць пажар майго горада і знішчэнне майго народа»15. Гэта ўжо крыжацкі летапісец Генрых Латвійскі ў сваёй «Хроніцы Лівоніі» ўклаў у княжацкія вусны запазычаныя ў плачу Макавеяў словы. Усевалад быў сапраўдны воін, і небяспечнае баявое жыццё навучыла яго мужна трываць няўдачы і цяжкасці. Ён моўчкі перажываў гібель Герцыке і мсціва, да болю сціскаў у руцэ рукаяць мяча. Была восень 1209 года.
А здарылася ўсё гэта вось якім чынам. Біскуп Альберт, які вельмі ўважліва сачыў за падзеямі на Полаччыне, хутка здагадаўся аб ролі Усевалада ў полацкай палітыцы. «герцыскі кароль заўжды быў ворагам рыжан, змагаючыся з імі і не жадаючы заключыць мір», — адзначае ён16.
Восенню 1209 года Альберт сабраў раду, абмеркаваў на ёй, «якім чынам пазбавіць маладую царкву ад падкопаў летонаў і русаў, нагадаў усё зло, прычыненае каралём Герцыке разам з летонамі гораду Рызе»17. Было вырашана захапіць Герцыке. Біскуп распачаў збіраць вялікае войска з усёй Лівоніі. Да яго далучыліся нямецкія каланісты з Рыгі, пілігрымы, рыцары, атрады хрышчоных ліваў і лэтаў. Супрацьстаяць гэтым полчышчам Усевалад не меў сілы. Крыжакі разбілі ягоную дружыну і ўварваліся ў Герцыке.
Як і ў выпадку з Кукейносам, біскуп Альберт зрабіў выгляд, што напад адбыўся без ягонага ведама, і выказаў жаданне заключыць з Усеваладам мір, вярнуць палонных і нарабаванае
93
дабро. Зноў імкненне не развязваць вайны з полацкім князем, які, паводле тагачасных законаў, павінен быў бараніць свайго васала. Усевалада гэты «грасмайстарскі ход» не ўвёў у зман, ён разумеў, што біскуп навяжа яму, як і Вячку, сваю воліо, але выйсця не было. Толькі згадзіўшыся з умовамі Ордэна, князь мог вызваліць з няволі сваю сям'ю. Герцыкскі князь прыехаў у Рыгу. Непрыемнай была для яго сустрэча з Альбертам. Давялося і прыніжацца перад святаром, прасіць «забыць былое зло». «Калі ты згодзішся ў далейшым пазбягаць зносін з паганцамі, не будзеш разам з летонамі ваяваць зямлю тваіх рускіх хрысціян, калі ты згодзішся аддаць сваё каралеўства ў вечны дар царкве святой Марыі...»'8 — вось пры якіх умовах Усевалад мог атрымаць назад палонных і заключыць мір з крыжакамі. Ен згаджаецца, абяцае «заўсёды быць верным царкве святой Марыі, пазбягаць зносін з паганцамі і быць саюзнікам рыжан».
«Тым не меней у далейшым ён працягваў удзельнічаць у задумах летонаў», — адзначае Генрых Латвійскі19. Так, Усевалад і не збіраўся служыць Ордэну, хаця вонкава і выконваў мірныя ўмовы. Ужо праз год летоны нападаюць на Рыгу. У 1211 годзе яны двойчы ваююць ордэнскія землі. Канечне, натхняў гэтыя паходы Усевалад, які прагнуў адпомсціць крыжакам за разрабаванне Герцыке.
Першым з крыўскіх князёў ён разумее, што змагацца з крыжакамі паасобку нельга: толькі сумеснымі сіламі ўсходніх славян і балтаў можна разбіць Ордэн. He без ведамі Усевалада ягоны цесць Даўтерут з багатымі дарамі едзе ў Ноўгарад і заключае там саюз. На зваротным шляху ён быў схоплены крыжакамі і кінуты ў вязніцу, дзе пакончыў з сабою, працяўшы сябе мячом.
Але якімі б значнымі ні былі поспехі мечаносцаў у Лівоніі, усё роўна Альберт не мог адчуваць сябе спакойна. У любы момант Полацк мог зноў пачаць з Ордэнам вайну. Таму біскуп імкнецца ўсяляк адцягнутць яе. Да Уладзіміра ў 1210 годзе прыбываюць яго паслы пад зверхнасцю рыцара Арнольда. Ведаючы зацікаўленасць Полацка ў гандлі з Рыгай, Арнольд паспрабаваў скарыстаць гэта. Уладзіміру прапануецца заключыць з Рыгай мір і адчыніць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. За ветлівымі словамі і зычлівасцямі кожны бок хаваў свае карысныя інтарэсы. Каб абмеркаваць умовы пагаднення, Уладзімір адправіў да Альберта багатага чалавека Лудольфа са Смаленска. Гэта нейкім чынам можа сведчыць, што Уладзімір выступаў у інтарэсах як Полацка, так і Смаленска. Галоўнае, што хвалявала князя, — даніна біскупа за ліваў. Альберт ахвотна згаджаецца выплачваць яе. Гэта тыя путы, якія будуць
94
стрымліваць Уладзіміра. Калі хто болей і выйграе ад міру, дык Ордэн, які цяпер без хвалявання за свае падзвінскія ўладанні мог ваяваць Эстонію. I толькі тады, калі крыжакі скарылі эстаў, Уладзімір зразумеў сваю памылку: сваёй згодай з Альбертам развязаў Ордэну рукі, які з заваёвай Эстоніі яшчэ болей умацаваўся ў Прыбалтыцы.
Занепакоены князь настаяў на сустрэчы з Альбертам у Герцыке, дзе спадзяваўся канчаткова вырашыць лёс ліваў, абмеркаваць пытанне бяспекі плавання купцоў па Дзвіне і аднаўленне міру. Альберт адпраўляецца разам са сваімі людзьмі і былым пскоўскім князем Уладзімірам, які ўцёк ў Лівонію.
To прамымі пагрозамі, то ўгаворамі полацкі князь вымагае біскупа адмовіцца ад хрышчэння мваў, сцвярджаючы, што толькі ў яго ўладзе або хрысціць рабоў яго ліваў, або пакінуць нехрышчонымі, бо каралі русаў, пакараючы зброяй якінебудзь народ, звычайна клапоцяцца не аб хрышчэнні, а пра выплату даніны. Альберт і не думаў паддавацца на патрабаванні Уладзіміра — сіла была на ягоным баку, цяпер ён фактычны ўладар Лівоніі. Насміханнем і з Уладзіміра, і з хрысціянства гучалі ў вуснах Альберта словы пра выкананне ім святой справы пропаведзі, даручанай яму вярхоўным святаром. Як выконваў Альберт гэтую «святую справу», Уладзімір ведаў. Біскуп, нібыта не адмаўляўся ад выплаты даніны, кіруючыся евангельскім: «Аддайце кесарава кесару, а Богава Богу», ды вось лівы не жадаюць служыць двум гаспадарам і ўмольваюць яго вызваліць іх ад ярма русаў. Так Альберт адмовіўся выплачваць за ліваў даніну. I Уладзімір страчвае вытрымку, пагражае спаліць усе замкі Лівоніі, а разам з тым і Рыгу. Ён выводзіць сваё войска з замка і рушыць на рыцараў, якіх прывёў з сабою біскуп. Калі абодва войскі сышліся, былы пскоўскі князь Уладзімір і настаяцель царквы св. Марыі Іаан сталі пераконваць полацкага князя не трывожыць вайной маладую царкву, каб і яго не трывожылі тэўтоны. Прымусіць ордэнцаў зброяй слухацца яго Уладзімір не наважыўся. Ён загадаў свайму войску адступіць, а сам зноў адправіўся на сустрэчу з біскупам. Перамовы нічога не далі. Альберт настойваў на сваім, і князь саступіў — перадаў Лівонію ва ўладу Ордэну.