Матэрыяльная спадчына роду Агінскіх у Беларусі
12+
Выдавец: Чатыры чвэрці
Памер: 96с.
Мінск 2022
вызвалены ад усялякага роду патрабаванняў з боку войска.
Марцыян Міхал Агінскі праявіў сябе як мецэнат і шчодры фундатар касцёлаў і кляштараў у Вільні, Віцебску і Мікуліне. Вядома, што ў Віцебску на яго сродкі быў пабудаваны езуіцкі касцёл у гонар Св. Юзафа, а віцебскаму дамініканскаму кляштару ахвяраваў 2 тыс. талераў і апякаў віцебскі езуіцкі калегіум. Пры двары Агінскага дзейнічала інструментальная капэла, якая іграла на гарадскіх і сямейных урачыстасцях.
Міхал Марцыян хацеў зрабіць у крыпце езуіцкага касцёла сямейны склеп. Тут пахаваны дзве яго жонкі, сам віцебскі ваявода, яго сын Ігнацый са сваёй жонкай Аленай. У XIX ст. касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны храм, а ў 1957 г. узарваны.
Палац Агінскіх на чарцяжы г. Віцебска 1664 г.
Дзмітрый Струкаў «Маркаў манастыр, які фундавалі Агінскія» 1864 г.
Свята-Троіцкі Маркаў мужчынскі манастыр. Сучасны выгляд
Ганута
(Вілейскі раён, Мінская вобласць)
Лясісты маёнтак Ганута, размешчаны на мяжы былых Ашмянскага і Завілейскага паветаў, ля месца ўпадзення ракі Нарачанкі ў Вілію, да 1723 г. належаў старасце Маркаўскаму, магнату Казіміру Коцелу. Яго дачка Разалія была замужам за бяздзетным Казімірам Ігнаціем Агінскім (?-1769), старастам Пшавальскім і Бабінавіцкім. У 1738 г. Казімір і Разалія Агінскія запісалі Гануту і Маладзечна разам з фальваркавымі землямі і прыгоннымі сялянамі Тадэвушу Агінскаму (1712-1783), роднаму брату Казіміра, будучаму ваяводзе трокскаму і маршалку Сената.
Тадэвуш Агінскі, які жыў у Тадуліне пад Віцебскам, а потым у Маладзечанскім замку, у 1765 г. пабудаваў у Гануце палац, які захаваўся да 1943 г. Нягледзячы на яго надзвычай цікавую і элегантную архітэктуру, гэты палац у свой час быў малавядомы, бо размяшчаўся далёка ад галоўных трактаў, сярод лясоў. Аўтар праекта — віленскі архітэктар Ян (Іаган) Вільгельм Фрэзер, вучань Глаўбіца. Даследчыкі і гісторыкі аднадушна адзначалі высокія мастацка-архітэктурныя вартасці будынка. Палац Тадэвуша Агінскага выглядаў амаль аднолькава як з фронту, так і з тылу, дзе знаходзіўся
фруктовы сад. Розніца назіралася толькі ў бакавых частках, дзе з аднаго боку да сцяны быў прыроблены арыгінальны вадзяны фантанчык, у якім вада выцякала з пашчы каменнага льва. Усярэдзіне размяшчаліся зала і прыгожы хол, аздоблены стылёва аформленай лесвіцай і балконам, на якім у час правядзення асамблей і баляў іграў аркестр. Сведчаннем вялікай увагі, якая надавалася найдрабнейшым архітэктурным элементам пры будаўніцтве гануцкай рэзідэнцыі, з’яўляецца тое, што на ўездзе па абодва бакі дарогі былі ўстаноўлены мадэляваныя калоны, каб адгароджваць пад’язную дарогу ад газону. Балюстрада, якая акружала тэрасу, таксама была
[ШІШШІ
вытрымана ў аднолькавым стылі з калонамі. Перад галоўным уваходам знаходзілася вялікая тэраса, яна адначасова служыла пад’ездам. Упрыгожвалі маёнтак дзве каплічкі: перад уваходам у палац і на могілках. Адна з іх захавалася да нашых дзён.
Менавіта ў гэтай рэзідэнцыі Тадэвуш Агінскі правёў апошнія гады свайго жыцця. Адсюль вёў перапіску з каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім і дзякаваў яму за прызначэнне сына Анджэя ваяводам трокскім. Тут ён і памёр у 1783 г. Пахаваны ў капліцы Агінскіх ва
ўніверсітэцкім касцёле Св. Яна ў Вільні. Пасля смерці Тадэвуша Ганута і Маладзечна перайшлі да яго малодшага сына Францішка Ксаверыя Агінскага (1742-1814), апошняга літоўскага кухмістра, а ад яго па спадчыне да пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833).
Пасля падзелу маёмасці, які адбыўся ў 1832 г., уладальніцай Гануты стала родная сястра Міхала Клеафаса — Юзэфа. Яна ў хуткім часе перадала гэтыя землі сям’і Жэвускіх. Апошнім прыватным уладальнікам Гануты быў памешчык Ежы Валовіч, які памёр каля 1941 г.
дг
Напалеон Орда
«Палац Агінскіх у в. Ручыцы (Вілейскі раён Мінскай вобласці)» 1875-1877 гг.
К. Мінтэр
«Партрэт
Тадэвуша Францішка Агінскага» 1826 г.
Эдуард Мацюшонак
«Гукі паланэзу»
Палатно, алей. 60x76.1999 г.
Гродна
Існуе шмат архіўных звестак пра ўладанні Агінскіх у Гродне. Розныя прадстаўнікі роду валодалі часткамі зямлі ў горадзе яшчэ з сярэдзіны XVII ст., напрыклад, захаваліся звесткі, што ваўкавыскі маршалак Мікалай Францішак Агінскі ў 1664 г. набыў тут надзел зямлі (вуліца Віленская).
Дакладна вядома пра два палацы Агінскіх. Палац Міхала Казіміра Агінскага знаходзіўся на месцы сквера насупраць сучаснай вуліцы Свярдлова (раней скрыжаванне Сеннай, Татарскай вуліц і Рыначнай плошчы). Пабудаваны ў 1790 г. архітэктарам К. Шыльдгаўзам у стылі класіцызму з элементамі народнага дойлідства. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак з развітымі рызалітамі ў цэнтры галоўнага і дваровага фасадаў. У мураваным першым паверсе знаходзіліся каморы і парадная двухмаршавая лесвіца. Драўляны другі паверх уключаў жылыя пакоі, залы, кухні. Прыкладна ў сярэдзіне XIX ст. будынак быў перабудаваны ў цалкам мураваны. Асноўны аб’ём накрыты высокім чатырохсхільным дахам. Фасады дома мелі чатырох’яруснае вырашэнне. Ніжні ярус (першы паверх) быў масіўны, з невялікімі гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні — болын высокі, ажурны, прарэзаны рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на
фасадзе быў завершаны невялікім атыкам, галоўны ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Ад Міхала Казіміра ў 1792 г. уся нерухомасць паводле дамоўленасці перайшла да вялікага літоўскага падскарбія Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833). Да яе належалі двухпавярховы палац, афіцыны і канюшні. Маёмасць гэта была канфіскавана пасля паўстання 1794 г. У гады Першай сусветнай вайны палац цалкам разбураны.
Другі палац (сёння — вул. Завадская, 2) пабудаваны ў канцы XVII ст., перабудаваны ў 1877 г. Галоўнай дамінантай гэтага гарадскога раёна лічыўся палац Сапегаў. Як сведчаць матэрыялы архіва гэтага роду, у 1530 г. кароль Жыгімонт пацвердзіў віцебскаму ваяводу Івану Сапегу набыццё нерухомай маёмасці, у прыватнасці «палацаў над Нёманам» у Гродне. 3 1555 г. паходзіць згадка аб тым, што Астафій Валовіч, які «мел дворец Сапеженьскнй [...] на сей стороне Немана от места Городенского», абмяняў гэтую нерухомасць на палац войта Пятра Шаматулы. Сучасны будынак мог часткова існаваць ужо ў 1680-я гг. як палац князёў Сапегаў. Напэўна, упершыню гэты аб’ект згадваецца ў якасці гістарычнага помніка Ю. Ядкоўскім, які ў сваім пуцяводніку па Гродне называе яго «палацам князёў Сапегаў», які «цяпер з’яўляецца піўзаводам Марголіса». У графічных крыніцах
дадзены аб’ект упершыню адзначаецца на гэтак званай «стакгольмскай» карце Гродна 1655 г., на якой ён мае прамавугольную форму з чатырма вежачкамі па вуглах. Паводле плана Гродна 1706 г., палац належаў троцкаму ваяводу Юзафу Агінскаму. Згодна так званаму «дрэздэнскаму» плану Гродна 1753 г., на будынку засталіся толькі дзве вежы з боку Нёмана. Звесткі 5070-х гг. XVIII ст. сведчаць аб тым, што палацам з афіцынамі валодаў польны літоўскі пісар, будучы гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Агінскі. У тарыфе падымнага падатку Гродна 1775 г. пры апісанні вуліцы Садоўніцкай адзначаны «палац мураваны» вялікага літоўскага гетмана Агінскага. У 1779 г. пасэсію за 35 тыс. злотых набылі гродзенскі маршалак Казімір і Ганна з Хлявінскіх Вольмеры, а ў 1789 г. нерухомасць перайшла да літоўскага канцлера Аляксандра Сапегі. У 1801 г. яе ўладальнікам стаў граф Міхал Дзяконскі. Пачынаючы з 1812 г„ будынак належаў розным купцам, у ім знаходзіліся складскія і жылыя памяшканні. Паміж 1830 і 1860 гг. будынак страціў бакавыя вежачкі. Да нашых дзён у пабудове захаваліся рэшткі пілястраў з характэрнымі для стылю барока элементамі.
Пачынаючы з 1870-х гг., нерухомасць належала півавару Юзафу Кунцу (1830-1903), аўстрыйскаму падданаму. У будынках былі размешчаны бровар і саладоўні, у 1877 г. пачаў функцыянаваць піўзавод, які спыніў сваё існаванне толькі ў 2007 г.
Палац Міхала Казіміра Агінскага ля Сяннога рынка ў Гродне
Палац Сапегаў-Агінскіх
Сучасны выгляд палаца Сапегаў-Агінскіх. Фота Сяргея Плыткевіча
—
Дрысвяты і Пошча
(Браслаўскі раён, Віцебская вобласць)
Род Агінскіх даволі працяглы час звязаны з Браслаўшчынай, і яго ўладанні ў розных кутках рэгіёна былі вельмі значныя. Яшчэ калі продкі Агінскіх зваліся Глазынамі, адзін з іх — князь Алёхна Глазына — у 1500 г. атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Опса ў Браслаўскім павеце.
М. К. Агінскі з 1790-га па 1794 г. валодаў Дрысвятамі. Ён набыў іх у Караля Станіслава і Гераніма Радзівілаў узамен на абяцанне разлічыцца з велізарнымі даўгамі апошніх (3 453 тыс. злотых). Дрысвяцкі ключ прыносіў добры прыбытак (у 1790 г. — 76 326 тыс. злотых), але ж і расходы магнатаў былі надта вялікія. Агінскаму, па меркаванні даследчыка Анджэя Цэханавецкага, трэба было «праз набыццё маёмасці... дасягнуць матэрыяльных асноў, якія адпавядалі б яго пасадзе» — мечніка літоўскага, надзвычайнага пасла Рэчы Паспалітай, а потым і вялікага падскарбія літоўскага.
У часы М. К. Агінскага Дрысвяцкі двор быў ужо перанесены з вострава на возера Дрысвяты, на бераг азёрнага заліва побач з вусцем ракі Рычанкі. Тэрыторыя двара складалася з параднай і гаспадарчай частак, раздзеленых уязной алеяй. Увесь двор і асобныя часткі яго былі абнесены агароджай з астраколу і бярвення. На ўездзе была брама з падвойнымі варотамі. Побач з брамай
быў стары фальваркавы дом, а далей — новы дом «для панскай рэзідэнцыі».
У сакавіку 1794 г. Агінскі прадаў Дрысвяты за 2 100 тыс. злотых свайму швагру (мужу роднай сястры Юзэфы) Яну Нікадзіму Лапацінскаму. Падчас паўстання Касцюшкі атрад Агінскага зрабіў рэйд на Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), але шлях яго пралёг толькі па літоўскай частцы Браслаўскага павета. Лапацінскія валодалі Дрысвятамі да паўстання 1863 г. Тут яны бывалі часта і мелі сталае жытло.
Да нашага часу ад маёнтка захаваліся некалькі будынкаў, а таксама частка парку, якая дае ўяўленне аб першапачатковай структуры маёнтка. Але найбольш значным маёнткам Агінскіх на Браслаўшчыне была Пошча, якая ўключала ў свой склад вёскі, прылеглыя да возера Пагошча (Пагошча, Рымуці, Вярнэлі, Зуселле, Залессе з трыма засценкамі), і само возера. Зразумела толькі, што маёнтак быў вялікі. Нездарма ж увесь кароткі тэрмін існавання Браслаўскага ваяводства (1793-1795 гг.) Міхал Клеафас Агінскі быў яго нязменным кашталянам.