Мурашык кусачык  Фелікс Казлоўскі

Мурашык кусачык

Фелікс Казлоўскі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 64с.
Мінск 1982
16.66 МБ
Мінька і Цінька
Усе лісы хітрыя. Гэта сапраўды так. Ну, а малыя лісяняты? Таксама хітрыя. Вось толькі гарэзы яны і неслухі, вучыцца розуму ў старэйшых не жадаюць. Што ім парады старэйшых! Усё міма вушэй пралятае, у галаве нічога не затрымліваецца.
Такія вось і Мінька з Цінькам, брат і сястра, што жывуць у нары пад тоўстым пнём у цяністым гушчары.
Нара тая, іх кватэра, з двума ўваходамі-выхадамі. Адзін галоўны, другі — запасны. На ўсякі выпадак. Калі кепска давядзецца, каб можна было непрыкметна ўцячы.
Мінька быў вельмі цікаўны, любіў пытанні розныя задаваць.
— Мама! Чаму цябе завуць рыжай?
— Таму, сынок, што ў мяне поўсць такога колеру.
— Няпраўда, няпраўда, мамачка,— пачаў куляцца цераз галаву Мінька.— Рыжай называюць цябе таму, што ўсе рыжыя хітрыя. Вось воўк не рыжы — і ты гаворыш, што ён дурань. Значыць, мамачка, і мы з Цінькай хітрыя, хітрыя. Мы ж таксама рыжыя.
— Дурненькі	ты,— усміхаецца маці.— Ко-
лер поўсці тут зусім ні пры чым.
— He, не, мама, мы хітрыя!— крычаць ужо разам Мінька і Цінька.
— Ну, добра, не будзем спрачацца. Заставайцеся,.дзеткі, дома, ужо вечарэе, а я пайду для вас што-небудзь паесці расстараюся. Толькі глядзіце. Зараз жа абое ў нару і сядзіце там ціхенька да майго прыходу. Носу каб не высоўвалі.
— Добра, мамачка,— згадзіліся лісяняты.
Але не паспела Ліса яшчэ на сотню крокаў адбегчыся ад нары, як лісяняты выпаўзлі наверх і давай скакаць адно цераз другое, куляцца.
Раптам бачаць: проста на іх ідзе вялізны воўк. I хвост як палена ў яго.
Лісяняты спалохаліся і ў нару схаваліся. Сядзелі, сядзелі. Сумна стала. Мінька і кажа:
— Ведаеш, Цінька, калі мы хітрыя, давай штонебудзь і прыдумаем хітрае.
— Давай,— адказвае Цінька.
— Дык вось! Воўк жа ліс не есць. Да таго ж ён дурны. Ану, выглянем яшчэ разок.
Выглянулі лісяняты, мордачкі высунулі, а затым і выкаціліся на траўку.
— Як хораша! I нікога! Будзем зноў гуляць,— прапанаваў Мінька.
Але што гэта? 3-за кустоў зноў паказаўся нейкі звер. Пэўна ж, не воўк: куды меншы ростам і хвост абаранкам. Сабака. Вядома, сабака! Трэба хавацца. Лісяняты — зноў у нару. Забраліся глыбей і не дыхаюць нават.
— Мусіць, паляўнічы,— падаў нарэшце голас Мінька.
— Адразу ўжо і паляўнічы,— засумнявалася Цінька.
А сабака прыкмеціў лісянят. Падбег да нары, сеў на хвост і сядзіць.
3. Зак. 484
Цінька не вытрымала, заенчыла:
— Як да нас мамачка цяпер пройдзе? Сабака ўваход пільнуе. Калі ён і не паляўнічы, то ўсё роўна не пусціць.
— He плач,— прыкрыкнуў на яе Мінька.— Трэба сабаку паганяць як след. Калі ён стоміцца, усякая ахвота прападзе ў яго сядзець ля нашай нары. А зараз слухай мяне ўважліва.
— Слухаю цябе, браток,— усё яшчэ плачучы, прамовіла Цінька.
— Дык вось,— шматзначна прагаварыў Мінька.— У нары два выхады: парадны і чорны, ну, запасны, значыць. Ты, Ці'нька, паўзі да запаснога, а я — да параднага, і будзем па чарзе цяўкаць. Я — цяў! Сабака да мяне. Ты — цяў! Сабака — да цябе. Пень наш тоўсты, уваход ад увахода далёка. Сабака будзе бегаць сюды-туды, а мы — сядзець на сваіх месцах. Зразумела?
— Зразумела, Мінька. Я ўсё зраблю, як ты сказаў.
Распаўзліся лісяняты. Мінька, як і дамовіліся, высунуў крышку мордачку з галоўнага выхада — і — цяў-цяў-цяў! Сабака да яго. Мінька сціх. Але тут пачулася: цяў-цяў-цяў — недзе далёка за пнём. Сабака туды. Нікога няма. Раптам зноў: цяў-цяўцяў! Але ўжо на ранейшым месцы. Сабака — назад.
— Цяў-цяў-цяў!—сабака за пень.
— Цяў-цяў-цяў!— сабака назад.
Бегаў-бегаў сабака і так стаміўся, што хоць кладзіся і памірай. А Мінька і Цінька толькі пасміхаюцца. Правучылі яны сабаку.
Тут і мама-ліса прыбегла. Выглянула з-за куста, аж бачыць: сядзіць каля пня дварняк, ад стомы ледзь з ног не валіцца і брэша, ды так жаласна, нібыта плача: гаў-у, гаў-у, аў-а-а-аў. А яе лісяняты, Мінька і Цінька, з розных бакоў нары на змену цяўкаюць, дражняцца.
Лісіца не магла ўтрымацца ад смеху. Вось што прыдумалі яе свавольнікі. Але голасу яна не падала: калі сабака ў лесе, хай сабе дварняк, дык і чалавек недзе побач. Так і ёсць. Аднекуль збоку выбег басаногі хлопчык з кошыкам у руцэ.
«Ну, гэты пакуль не страшны нам,— падумала лісіца.— Ён у грыбы прыйшоў, а не на паляванне»...
— Будзік, Будзік!— паклікаў хлопчык сабаку.— Ідзі сюды.
Але Будзік не кранаўся з месца і не пераставаў брахаць.	.
«Тут нешта не так»,— падумаў хлопчык і заспяшаўся да сабакі. А Будзік — да нары.
— Лісіная!—усклікнуў хлопчык.— Лісіная нара! Трэба тату паклікаць!
— Будзік! Будзік!— ужо закрычаў хлопчык.— Ка мне!
Сабака не рухаўся.	•
— Ах, так!— усклікнуў Мінька, выглядваючы з норкі.— Я цябе зараз правучу. Ты ў мяне зноў пабегаеш вакол пня.
ён высунуў не толькі мордачку, а ўсю галаву і:
— Цяў! Цяў! Цяў!
Тут яго нехта моцна схапіў за каршэнь і выцягнуў з-пад пня.
— Ай, малайчына! Ай, малайчына, Будзік!— закрычаў ад радасці хлопчык.— Лісяня злавіў! Нясі сюды!
Хлопчык схапіў малыша, сунуў яго ў кошык, накрыў шапкай і пабег разам з Будзікам да дарогі з лесу.
Маці-ліса, як ёй ні шкада было свайго сыночка, нават не варухнулася. Міньку дапамагчы зараз нельга. Трэба ратаваць Ціньку, пакуль не прыйшоў паляўнічы.
Счакаўшы нейкі час, лісіца бясшумна прабралася між кустоў да запаснога выхада з нары.
— Мамачка!— узрадавалася Цінька.— Мы тут з Мінькам...
— Сціхні!—прыкрыкнула на яе маці.— Мінькі ўжо няма... Яго панёс сабака. I нам з табой тут заставацца нельга.
— Мамачка, мамачка!..
— Маўчы, неразумнае дзіця! Я вам загадала не высоўвацца з нары. А цяпер ты страціла брата, можа, назаўсёды, і дом свой нам трэба пакінуць.
Лісіца схапіла Ціньку ў зубы і папаўзла. Ля самага выхада спынілася, прыслухалася. Ціха. Толькі шум ветру чуваць у вершалінах дрэў. Рыжуха выслізнула з нары і рушыла з Цінькай у зубах у дарогу. Бегла яна асцярожна і доўга. А калі дабралася да сваёй другой нары і запаўзла ў яе, адразу ж падумала: «А дзе Мінька? Як уратаваць яго?..»
Лісіца ведала, што вёска знаходзіцца кіламетры за тры ад лесу. Напэўна, і хлопчык з сабакам адтуль. Але прабрацца ў вёску можна толькі ўначы, калі заснуць людзі і сабакі. Рыжуха стамілася за дзень, паляванне не ўдалося. Яна нічога не здабыла на вячэру і разлічвала ноччу прабрацца ў вёску ў куратнік. Цяпер туды трэба было бегчы зусім па іншай справе. А пакуль што яна паклала галаву між пярэдніх лап і вырашыла крыху падрамаць. Цінька даўно спала.
Доўга ці мала адпачывала лісіца, але як толькі сцямнела, яна выскачыла наверх. Як заўсёды, стаіўшыся на нейкі час ля нары, прыслухалася да начных гукаў. Парадак. Можна выпраўляцца ў дарогу. I галоўнае — паспяшацца! Ночы цяпер кароткія.
Лісіцы былі добра знаёмы кожная звярыная сцежка, кожны кусток, кожны пянёк у лесе.
Вось лес застаўся ззаду. Там, на лагорку, вёска. Можа, яе сынок Мінька яшчэ жывы... Хутчэй, хутчэй!
У вёсцы, лісіца гэта добра ведала, жылі толькі два паляўнічыя, і ў аднаго з іх быў вялікі ганчак. Значыцца, яе Міньку ўзяў сын другога паляўнічага, той, у якога дом стаіць на краі вёскі.
Ноч была цёмная, неба зацягнула хмарамі, збіралася на дождж.
Раптам пачуўся брэх сабак. Толькі гэтага і не хапала. Ну ды няхай. Яна не адступіцца.
Падбегшы праз агароды да дзвярэй у сенцы, лісіца спынілася і прыслухалася. Так і ёсць. Там, у сенцах, жаласна павісквае яе Мінька. Вось каб дзверы не былі зачынены...
Лісіца падпаўзла на жываце, кранула лапкай дзверы і тут жа адскочыла назад. Вядома ж, дзверы зачынены, інакш Мінька даўно б уцёк. Давядзецца чакаць, чакаць усю ноч. Можа, хто выйдзе на двор... Тады яна імгненна схопіць свайго сыночка і кінецца да лесу.
Брэх сабак сціх. Марудна цягнуўся час. На досвітку пачало імжэць. Лісіца вырашыла вяртацца, каб заўтра зноў паспрабаваць шчасця. Але жаласны віск Мінькі ўтрымліваў яе на месцы.
Развіднела. Вось зарыпеў журавель калодзежа. Нехта прыйшоў па ваду. Зноў цішыня.
Трэба адыходзіць. Лісіца паднялася на ногі і... пачула лёгкі рып дзвярэй у сенцах. Паляўнічы выйшаў на двор і падаўся да хлява...
He памятаючы сябе, лісіца ўскочыла праз адчыненыя дзверы... Вось ён, яе Мінька. Яна схапіла малога ў зубы і рванулася ўперад. Але Мінька раптам выслізнуў, чмякнуўся аб падлогу і заскуголіў жаласна і працяжна.
«Ен прывязаны вяроўкай за шыю... Трэба яе перагрызці».
Лісіцы гэта ўдалося хутка. Калі яна са сваім малым у зубах кінулася зноў да дзвярэй, перад ёю стаяў чалавек у высокіх ботах, загарадзіўшы дарогу. Позіркі іх сустрэліся... I чалавек састу-
піў убок. У яго таксама былі дзеці. I ў гэты момант ён зразумеў яе боль,
Лісіца маланкай выскачыла з сенцаў і памчалася агародамі да лесу.
Але яе ўжо заўважыў ганчак з суседняга fleapa. ён падаў голас і рынуўся за лісіцай. Ліса бяжыць хутка і ўпэўнена, з дарагой ношкай у зубах. Але ад гончага сабакі ёй не ўцячы.
Адлегласць паміж зверам і сабакам скарачалася, а да лесу было яшчэ далёка. I тут, нечакана, з-пад самага носа ў лісіцы, выскачыў з разоры заяц. Азірнуўся. Сабака... I рвануў з усяе сілы ў другі бок. Сабака затармазіў усімі чатырма лапамі, не ведаючы, за кім бегчы: ці то за лісіцай, ці то за зайцам, які быў бліжэй. Яго затрымка выратавала абодвух уцекачоў.
Па знаёмых сцежках у лесе лісіца бегла цішэй, потым перайшла на крок і спынілася. Там, наперадзе, за елкай была яе другая нара.
Мінька жаласна вішчаў і вінавата заглядваў маці ў вочы. Ён думаў, што хутка сустрэнецца з сястрой Цінькай і маці іх накорміць чым-небудзь смачненькім. ён думаў і пра тое, што быць хітрым зусім не проста, як яму здавалася раней. Наогул трэба яшчэ быць разумным і смелым, як яго маці.
Дождж перастаў, хмаркі расплыліся па небе, і першыя промні вясновага цёплага сонца пазалацілі вяршаліны дрэў.
Вожык і сарока
Прачнуўся вожык, а чаму, і сам не зразумеў. Паляжаў трошкі і зноў заснуў.
He мінула і пяці хвілін, як яго зноў разбудзілі. На гэты раз ён выразна пачуў стракатанне сарокі:
— Уставай, уставай, кір-р-р-паты, р-р-радуйся вясне!
Вожыку зусім не хацелася ўставаць, яму не хацелася нават думаць — так ён разаспаўся за зіму.
— Дзень добр-ры, вожык, дзень добр-ры, лежабока!— стракатала сарока, седзячы на дрэве.
Вясновае сонца ўсё мацней і мацней прыгравала зямлю, і вожыку стала горача. «А і праўда, прыйшла вясна»,— падумаў ён, нарэшце прачнуўшыся. He спяшаючыся, вылез з нары і зажмурыўся ад яркага сонца.