Навелы
Андрэ Маруа
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1996
— А вы не закахаліся ў яе, Крысціян?
— Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. I не толькі кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсім.
— Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасці робіць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын і хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, і ўсё ідзе як не трэба лепей.
Сапраўды, некалькі дзён усё ішло як мае быць. Потым ізноў Ларан спахмурнеў.
— Што ў яго яшчэ? — запытаў Крысціян.
— На гэты раз нічога не ведаю, — адказала Клер. — Але я магу даведацца.
Ларан не прымусіў сябе прасіць. Ён растлумачыў:
— О не, роля цудоўная, і Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам і наймаем у тэатр адно таксі; ехаць паасобку — абсурд... Калі ж Элен будзе выступаць толькі ў другім акце, што ж ёй тады рабіць у сваёй прыбіральні цэлую гадзіну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з’явяцца візіцёры, і тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне ігру... а яшчэ болып, пашкодзіць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цікавіць, а вось мая ігра...
— Карацей кажучы, — падагуліла Клер, — вы жадаеце, каб Мірына дзейнічала і ў першым акце.
— Ад вас нічога не схаваеш, мадам.
Калі яна расказала Крысціяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: «Прымушаць пісьменніка! Навязваць яму!..» Клер нядрэнна разбіралася ў сістэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоіць яго сумленне.
— Чакайце, Крысціян, усе драматургі працавалі ў залежнасці ад абставін. Шэкспір, як вам вядома, улічваў фізічныя асаблівасці сваіх акцёраў, Расін пісаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваіх «Пісьмах» мадам дэ Сэвінье.
— Яна ненавідзела Расіна.
— Яна яго добра ведала.
Мірына з’явілася і ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксі, вельмі важная для сумеснай дастаўкі каханкаў у тэатр, была не менш важная і для адначасовага іх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п’есы Мірына трапіла і ў трэці акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:
— А чаму б, Крысціян, гэтую Мірыну, пасля паражэння афінцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасці. Зрабіце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўніцы Дэмасфену.
— Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасці, як у галівудскіх фільмах. Даволі, хопіць, я не дабаўлю ні радка.
— Чаму вы лічыце гэта банальным і нерэальным? Хіба жанчына лёгкіх паводзін не можа стаць патрыёткай? У жыцці такое бывае скрозь. Кастыльёне
спакусіла Напалеона Трэцяга ідэяй аб’яднання Італіі... Трэба толькі разумна і нечакана падрыхтаваць перамену ў Мірыне... Вы ж распісваць мастак. Ну, а без палюбоўніцы Дэмасфен можа абысціся, я сказала гэта жартам.
— Чаму жартам?.. Успомніце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыі...
Клер, праявіўшы вытрымку, прымусіла Крысціяна нарэшце згадзіцца, і роля Мірыны, павялічаная і ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п’есе.
Надышоў дзень прэм’еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераіню вачамі Ларана. Публіка, падзяляючы ў душы палітычныя трывогі Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на «Персаў» Эсхіла, зрабіла аўтару авацыю. Спецыялісты высока ацанілі майстэрства, з якім ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхільны да сваіх калег, прыветліва сустрэў Клер за кулісамі.
— He іначай, як вы прыклалі сваю лапку да гэтай Мірыны, смуглявая чараўніца! — прабурчаў ён добразычліва. — Нічога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... I ваш праведны муж сам без дапамогі ніколі б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмік... Можа, няпраўда?
— Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мірыны, — усміхнулася Клер, — але я тут ні пры чым.
Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзіі гаварыў толькі пра Мірыну. «3 гэтага часу, — пісаў ён, — імя Мірыны стане такім жа славутым, як імя мальераўскай Агнесы альбо Селімены».
Клер сядзела каля мужа і, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:
— Падумаць толькі, каб не праблема таксі, не існавала б і Мірыны!
Астатняе належыць гісторыі літаратуры. Трагедыя «Філіп» была перакладзена на многія мовы і дала пачатак новым плыням у развіцці тэатральнага
мастацтва. Засталася невядомай толькі адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кінула Леона Ларана і выйшла замуж за рэжысёра з Галівуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследніцай твораў Менетрые, з просьбай выкрасліць ролю Мірыны.
— Ва ўсякім разе, — сказаў ён, — мы з вамі ведаем, што ў п’есу яна трапіла выпадкова і ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавіць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу і мне бліжэй. Ну, і эканомія сродкаў. He трэба шукаць гераіні.
Але Клер адмовіла далікатна і рашуча:
— Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсці актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мірыну. Даруйце, я не магу дазволіць папраўляць п’есу майго мужа... He будзем разлучаць тых, каго зблізіў Крысціян.
I Мірына, дачка натхнення і неабходнасці, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.
ФІЯЛКІ Ў СЕРАДУ
Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ! Жэнні Сарб’е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.
— He, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада... Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.
— Які жаль! — прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. — Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.
Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.
— Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?
— Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў «Камеды Франсэз», Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.
— Талент не мае ўзросту, — прамовіла Клер Менетрые. — А што гэта за гісторыя з фіялкамі?
— О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны... Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не ў маю карысць.
— Вядома! Параўнанні — рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб’е, якая нас кінула.
— Добра! Я паспрабую... Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу...
— Давайце, давайце! — падбадзёрыў Бертран Шміт. — Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькі зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далікатнае.
— Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу... Вы ўсе тут мала пажылі яшчэ, каб помніць веліч і красу даўнейшай Жэнні Сарб’е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямі спадалі на мармуровыя плечы, яе пільны, прытоены позірк, рэзкі, нават жорсткі голас, які раптам ламаўся, увесь наліты пачуццямі, выдзялялі і падкрэслівалі сілу яе духу, яе гордае хараство.
— Цудоўны маналог, Леон!
— Магчыма. Толькі з моды выйшаў... Дзякую за падтрымку... У кансерваторыі ў 1895 годзе яна атрымала прэмію і адразу ж была запрошана ў «Камеды Франсэз». На жаль, я ведаю па сабе, як цяжка трымацца ў гэтым славутым тэатры. Рэпертуарныя амплуа строга замацаваны за пэўнымі асобамі, якія іх раўніва ахоўваюць. Самая здольная служанка можа дзесяць гадоў чакаць, пакуль ёй дадуць нешта вартае з Мальера альбо Марыво. Жэнні Сарб’е, абаяльная, прыгожая, наткнулася на каменную сцяну жанчын, праслаўленых, учэпістых. Усякая другая пакарылася б і тапталася на месцы альбо праз два гады перакачавала б у тэатр на Вялікіх бульварах. Але не такой натуры была наша Жэнні. Яна дала бой. На гэта яна мабілізавала ўсё: свой талент актрысы, культуру, прывабнасць, свае цудоўныя валасы.
Вельмі хутка яна паднялася ў тэатры на самы высокі ўзровень. Дырэктар быў ад яе ў захапленні. Драматургі патрабавалі, каб асабліва адказныя ролі даручаліся ёй і нікому болып. Крытыкі, як згаварыўшыся, курылі ёй фіміям. Нават грозны Сарсэ пісаў: «Яе міміка і жэсты могуць зачараваць і кракадзіла».
Мой бацька, які ведаў яе ў той час, казаў мне, што яна страшэнна любіла сваю прафесію, была
ўзброена тэарэтычна і шукала новых, асабліва выразных спосабаў паказу. У той час тэатр спаўзаў на пазіцыі наіўнага рэалізму. Калі ў якой-небудзь п’есе Жэнні павінна была атруціцца, яна наведвала бальніцы і вывучала спецыфіку смерці ад яду. Для выяўлення належных пачуццяў яна рабіла эксперыменты з сабой. У справах мастацтва яна не саромелася, як Бальзак, які для сваіх раманаў выкарыстоўваў сябе альбо пачуцці любімай жанчыны.
Можаце сабе ўявіць, колькі было паклоннікаў у дзяўчыны дваццаці двух год у росквіце яе прыгажосці і славы. Прабавалі падступіцца і артьісты, і пісьменнікі, і банкіры... Адзін з банкіраў, Анры Сталь, стаў яе абраннікам. I не таму, што ён быў багаты. Яна жыла ў сваёй сям’і і была забяспечана. А таму, што ў яго таксама была немалая прывабнасць, а галоўнае, ён абяцаў з ёю ажаніцца... Вы ведаеце, што шлюб гэты адкладваўся, бо не давалі згоды бацькі жаніха, і толькі праз тры гады Жэнні выйшла замуж за Сталя. Пражылі яны разам нядоўга. Яе незалежны характар не мог мірыцца з сямейнымі абавязкамі... Але гэта ўжо іншая гісторыя. Вернемся да «Камеды Франсэз», да дэбютаў нашай паважанай сяброўкі... і фіялак.
Уявіце сабе артыстычнае фае ў вечар аднаўлення з удзелам Жэнні «Багдадскай прынцэсы» Дзюма-сына. П’еса гэта мае значныя недахопы — і ў мяне, прыхільніка яго моцна скампанаваных п’ес, такіх, як «Паўсвет», «Друг жанчын», «Франсіён», развязны Дзюма «Чужаземкі» і «Багдадскай прынцэсы» выклікае ўсмешку. Але ўсе, хто бачыў Жэнні ў ролі прынцэсы, сцвярджаюць, што яна стварыла праўдзівы вобраз. Пра гэта я з ёю гаварыў не раз. Цікава тое, што яна паверыла ў вобраз. «У тыя гады, — казала яна мне, — я даволі арганічна думала так, як гераіня Дзюма-сына, і мне здавалася вельмі дзіўным выстаўляць напаказ пры поўным святле самае запаветнае, свае душэўныя перажыванні». Дабаўце яшчэ, што ў гэтай ролі яна магла распусціць валасы і паказаць свае цудоўныя плечы. Адным словам, гэта было ўвасабленне хараства.