Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
Навокал была апраметная цемра. Я не бачыў нічога ні перад сабой, ні навокал. Галіны дрэваў біліся адна аб адну, напаўняючы лес няспынным шумам. Нарэшце я заўважыў агеньчык, і хутка мой спадарожнік ужо грукаў у дзверы. У адказ мы пачулі жаночыя крыкі. Пасля здушаны мужчынскі голас запытаўся: «Хто там?» Мой праваднік назваў сябе. Мы ўвайшлі і ўбачылі незабыўнае відовішча.
Сівы стары з вар’яцкім позіркам стаяў пасярод кухні, трымаючы ў руцэ набітую стрэльбу, а два дужыя хлопцы, узброеныя сякерамі, сцераглі дзверы. У цёмных кутах я распазнаў дзвюх жанчын, што стаялі на каленях тварам да сцяны.
Мы растлумачылі, дзеля чаго прыйшлі. Стары адвёў стрэльбу ўбок і загадаў падрыхтаваць пакой. Але жанчыны не скрануліся з месца, і тады ён раптам сказаў:
— Ведаеце што, пане, я забіў чалавека, і гэтай
ноччу спаўняецца якраз два гады. Год таму ён па мяне прыходзіў. Сёння я зноў яго чакаю.
Пасля ён дадаў такім тонам, што я ўсміхнуўся:
— I таму сёння ў нас неспакойна.
Я супакоіў яго як мог, шчаслівы ад таго, што прыйшоў менавіта гэтым вечарам і магу падзівіцца з гэтага спектакля забабоннага страху. Я пачаў расказваць розныя гісторыі і ўрэшце здолеў супакоіць амаль усіх.
Каля каміна спаў, схаваўшы нос, стары вусаты сабака, ужо амаль сляпы, адзін з тых сабак, якія нагадваюць знаёмых людзей.
А за сцяною лютавала бура, і праз маленечкае акенца побач з дзвярыма я бачыў, як маланка разпораз асвятляла цэлыя завалы буралому. Я добра адчуваў, што, нягледзячы на мае намаганні, гэтыя людзі былі ахопленыя невыказным жахам, і кожнага разу, як я спыняў размову, усе пільна прыслухоўваліся. Мяне стаміла гэтая бязглуздая напалоханасць, і я збіраўся быў папрасіць, каб мяне паклалі спаць, як раптам стары ляснік ускочыў з крэсла, зноў схапіў сваю стрэльбу і замармытаў запінаючыся: «Гэта ён! Гэта ён! Я яго чую!» Абедзве жанчыны ў кутах зноў пападалі на калені, схавалі твары. Сыны схапілі сякеры. Я хацеў яшчэ паспрабаваць іх супакоіць, але сабака, які дагэтуль спаў, раптам прачнуўся, выцягнуў шыю і, наставіўшы на агонь свае амаль згаслыя вочы, завыў тым жудасным выццём, якое прымушае здрыгануцца вандроўніка, што ўвечары мінае вёску. Усе павярнуліся да сабакі — той стаяў нерухома, нібы спалоханы нейкім прывідам. Сабака зноў завыў, звяртаючыся да некага нябачнага, невядомага, але без сумнення страшнага, бо поўсць на ім натапырылася. Ляснік, збялеўшы, як смерць, закрычаў: «Ён яго чуе! Ён яго чуе! Ён быў там, калі я яго забіў!» I абедзве жанчыны, нібы звар’яцеўшы, завылі разам з сабакам.
Мімаволі я адчуў, як у мяне мурашкі забегалі па спіне. Было жахліва глядзець на гэтую жывёліну ў гэтым месцы, у гэты час, сярод самлелых ад страху людзей.
Гэтак ён і выў, не кранаючыся з месца, цэлую гадзіну. Ён скуголіў, нібы ў жахлівым сне, і жывёльны страх авалодаў мною. Страх чаго? Ці ж я ведаю? Гэта быў страх, вось і ўсё.
Мы стаялі нерухома, бледныя, чакаючы нечага жахлівага. Сэрцы нашыя моцна біліся. Мы пільна ўслухоўваліся ў цішыню і палохаліся нават самых нязначных гукаў. А сабака пачаў кружыць па пакоі, нюхаючы сцены і ўвесь час стогнучы. Гледзячы на яго, мы ледзь не вар’яцелі. Тады селянін, што мяне прывёў, кінуўся на яго ў нейкім прыступе дзікага страху і, расчыніўшы дзверы, што вялі на падворак, выкінуў жывёліну вонкі.
Той адразу ж сціх, і нас агарнула цішыня, яшчэ жахлівейшая. I раптам мы ўсе разам аж здрыгануліся — нехта прайшоў, прыціскаючыся да сцяны з боку лесу, падышоў да дзвярэй і пачаў іх абмацваць няпэўнай рукой. Пасля дзве хвіліны не было чуваць нічога, і за гэты час мы канчаткова страцілі розум. Пасля невядомы вярнуўся, зноў пацёрся аб сцяну і ціха падрапаўся ў дзверы — гэтак драпаецца пальчыкам нясмелае дзіця. Раптам у акенцы з’явілася галава — яна была белая, вочы свяціліся, як у драпежнага звера. Пачуўся нейкі невыразны гук, нейкае жаласнае мармытанне.
3 кухні грымнуў аглушальны выбух. To стрэліў стары ляснік. Тады сыны падбеглі, закрылі акенца вялікім сталом і прыставілі да яго шафу.
Я вам клянуся, што, калі я пачуў стрэл, якога зусім не чакаў, страх так сціснуў маё сэрца, што я ледзь не самлеў, ледзь не памёр ад страху.
Да самага досвітку мы не маглі ні паварушыцца,
ні прамовіць слова, скаваныя невыказным жахам. I толькі калі праз шчыліну пад страхой прабіўся нершы тонкі прамень святла, мы асмеліліся адчыніць дзверы.
Пад сцяной каля дзвярэй ляжаў сабака. Мыза была перабітая куляй.
Ён выбраўся з падворка, прагробшы яму пад плотам.
Чалавек з загарэлым тварам замоўк. Пасля дадаў:
— Той ночы мне не пагражала ніякая небяспека. I ўсё ж я лепш перажыў бы ўсе тыя гадзіны, калі я сутыкаўся са смяротнай небяспекай, чым адну тую хвіліну, калі стары стрэліў у барадатую галаву ў акенцы.
ЗАВЯШЧАННЕ
Полю Эрвіё
Я ведаў гэтага высокага юнака, якога звалі Рэнэ дэ Бурнэваль. Ён быў лагодны і таварыскі, хоць і трохі сумны, і, здавалася, нішто на свеце не хвалявала яго. Скептык па натуры, ён пачынаў бязлітасна і з’едліва кпіць, калі нарываўся на свецкую крывадушнасць, і адным словам нішчыў кожную яе праяву. Ён часта паўтараў: «Сумленных людзей няма, прынамсі, яны ёсць толькі ў параўнанні з нягоднікамі».
У яго былі два браты — пп. дэ Курсіль, але ён з імі ніколі не бачыўся. Розніца ў прозвішчах наводзіла мяне на думку, што Рэнэ нарадзіўся ад другога шлюбу. Я няраз чуў, што ў іх у сям’і адбылося нейкае дзіўнае здарэнне, але акалічнасці заставаліся невядомыя.
Гэты чалавек мне вельмі падабаўся, і неўзабаве мы пасябравалі. Неяк за вячэрай у яго, калі мы былі адны, я незнарок спытаўся: «Вы нарадзіліся ад першага ці ад другога шлюбу вашай шаноўнай маці?» Ён трохі збялеў, пасля пачырванеў і некалькі хвілін маўчаў, відаць, збянтэжаны. Пасля ўсміхнуўся сваёй невясёлай лагоднай усмешкай і сказаў: «Дарагі сябра, калі вам гэта цікава, я раскажу не зусім звычайную гісторыю свайго паходжання. Я ведаю, што вы разумны чалавек, і таму не баюся, што гэта пашкодзіць нашым добрым адносінам, а не — мы з вамі развітаемся».
Мая маці пані дэ Курсіль была ціхая сціплая жанчына, з якой ажаніліся з разлікам. I ўсё жыццё яна, такая пяшчотная, далікатная і сарамлівая, пакутавала ад хамскіх здзекаў мужа — выхадня з шарачковых панкоў,— які мог бы стаць маім бацькам. Праз месяц пасля вяселля ён пачаў жыць з пакаёўкай. Апрача таго, ён не абмінаў жонак і дачок сваіх фермераў, зрэшты, гэта не перашкодзіла яму мець дваіх дзяцей ад жонкі. Маці маўчала, яна жыла, як мышка ў склепе, у нашым заўсёды шумным доме. Зняважаная, знядоленая, запалоханая мужам, яна трывожна пазірала на гасцей яснымі трапяткімі вачыма да смерці зацкаванай істоты. Аднак яна была прыгожая, вельмі прыгожая жанчына, але папялістыя валасы яе рана пасівелі ад вечнага страху.
Сярод шматлікіх прыяцеляў пана дэ Курсіля, якія часта гасцявалі ў замку, да нас прыходзіў былы кавалерыйскі афіцэр, удавец, пан дэ Бурнэваль, чыё прозвішча я нашу. Гэта быў высокі хударлявы мужчына з доўгімі чорнымі вусамі, смелы, добры і рашучы, здатны на самы адчайны ўчынак. Я вельмі на яго падобны. Розумам і выхаваннем ён стаяў вышэй за сваё асяроддзе. Яго прабабка сябравала з Ж.-Ж. Ру-
co, i здавалася, што яму нешта перадалося ад вальнадумства продкаў. Ён ведаў на памяць «Грамадскі дагавор», «Новую Элаізу» і іншыя філасофскія творы, што падрыхтавалі глебу да непазбежнага перавароту ў нашых састарэлых звычаях, забабонах, у нашых спарахнелых законах і ідыёцкай маралі.
Здаецца, яны закахаліся, але так хавалі свае пачуцці, што ніхто ні пра што не здагадваўся. Напэўна, няшчасная, гаротная, заўсёды сумная жанчына самааддана пакахала яго і з гэтага часу пачала думаць яго думкамі, засвоіла тэорыю незалежнасці пачуцця і пагадзілася са смелымі разважаннямі пра свабоду кахання. Але запалоханая маці ніколі не падымала голасу, і ўсё гэта хавалася ў самых патаемных куточках яе душы, якую яна нікому не адкрыла.
Абодва браты ўслед за бацькам не піанавалі і крыўдзілі маці, ледзь віталіся з ёю і ставіліся нібы да прыслугі.
Толькі я шчыра любіў яе, і яна мяне таксама.
Мне было васемнаццаць, калі яна памерла. Каб вы зразумелі далейшыя падзеі, мушу дадаць, што пан дэ Курсіль знаходзіўся пад юрыдычнай апекай, а пастанова пра падзел маёмасці паміж мужам і жонкай была вынесена на карысць маці, і, дзякуючы адмысловым правілам закона і сумленнасці натарыуса, яна магла завяшчаць усё па сваёй волі.
Нам паведамілі, што завяшчанне захоўваецца ў натарыуса, і запрасілі на яго абвяшчэнне.
Я добра памятаю той дзень, У мяне і цяпер перад вачыма гэтая ўзнёслая, драматычная і нечаканая сцэна, калі з магілы быццам паўстала мёртвая і гнеўна патрабавала свабоды жанчыне, якую ўсё жыццё катавалі нашы звычаі і якая са сваёй наглуха забітай труны кінула безнадзейны заклік да незалежнасці.
Тоўсты, паўнакроўны, падобны на мясніка чалавек — той, хто лічыўся маім бацькам,— і абодва fly-
жыя браты — дваццаці і дваццаці двух гадоў — спакойна чакалі ў крэслах. Раптам увайшоў і сеў побач са мной таксама запрошаны пан дэ Бурнэваль, зацягнуты ў вузкі сурдут. Твар яго спалатнеў, і ён штохвіліны пакусваў трохі ссівелыя вусы. Ен напэўна ведаў, што тут мелася адбыцца.
Раптам мой сябар змоўк, падышоў да шафы, узяў адтуль нейкую жоўтую паперу, разгарнуў яе, пачціва пацалаваў і сказаў: «Вось завяшчанне маёй дарагой матулі».
«Я, што ніжэй падпісалася, Анна-Катрына-Жэнэўева-Мацільда дэ Круалюс, законная жонка Жана-Леапольда-Жазэфа-Гантрана дэ Курсіля, пры сваім розуме і ў цвёрдай памяці выказваю тут сваю апошнюю волю.
Перш за ўсё прашу прабачэння ў бога, а пасля ў свайго сына Рэнэ за мой учынак. Я ведаю, што ў майго сына добрае сэрца і ён зразумее і даруе мне. Я пакутавала ўсё жыццё. Муж узяў мяне з разлікам і ўвесь час пагарджаў мной, зневажаў, здзекаваўся і здраджваў мне.
Дарую яму, але я нічога яму не вінная.
Старшыя сыны зусім не любілі мяне, былі няўдзячныя і наўрад ці лічылі за родную маці.
У жыцці я была ім, чым мусіла быць; пасля смерці я нічога ім не вінная. Крэўныя сувязі не могуць існаваць без штодзённай, пастаяннай, святой любові. Няўдзячны сын горшы за чужынца: ён здраднік, бо не мае права быць абыякавым да сваёй маці.
Я заўсёды баялася мужчын, іх спракаветных парадкаў і нялюдскіх звычаяў, іх брыдкіх забабонаў. Перад богам мне болып няма чаго баяцца. 3 труны я выракаюся сваёй ганебнай баязлівасці; я не баюся сказаць, што думаю, магу адкрыць сэрца і скінуць цяжар з душы.