Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
падарожнікі замоўклі; яны нават не варушыліся, скаваныя холадам.
Мігатлівая пялёнка белых камякоў усё слалася і слалася долу; яна сцірала абрысы, апушыла прадметы золкім мохам; у бязмежным бязмоўі аціхлага, пахаванага пад зімнім покрывам горада чуўся толькі няўлоўны, невыразны, невымоўны шолах снегу, лёгкае шапаценне белых пушынак, якія, здавалася, поўнілі ўсю прастору, ахіналі ўвесь свет.
З’явіўся чалавек з ліхтаром, цягнучы на вяроўцы панурага каняку, які не дужа ахвотна пераступаў следам. Ён падвёў яго да дышля, прывязаў пастронкі і доўга хадзіў навокала, прымацоўваючы збрую адной рукой, бо другою трымаў ліхтар. Ідучы па другога каня, чалавек заўважыў нерухомыя фігуры падарожных, зусім белыя ўжо ад снегу, і сказаў:
— Чаму ж вы не сядаеце ў дыліжанс? Там хоць трохі зацішней, прынамсі.
Пра гэта яны, безумоўна, і не падумалі, і цяпер гуртам памкнуліся да экіпажа. Трое мужчын уладкавалі сваіх жанок на задняе сядзенне і следам за імі ўлезлі самі; потым і астатнія захутаныя, расплывістыя фігуры моўчкі пазаймалі апошнія месцы.
Падлога ў дыліжансе была ўслана саломаю, у ёй ажно патаналі ногі. Пані, якія сядзелі ўглыбіні, распалілі прыхопленыя з сабой у дарогу невялікія медныя грэлкі з хімічным вугалем і доўга нягучна пералічвалі іх вартасці, паўтараючы ўсё тое, што кожнай даўно было вядомае.
Нарэшце, калі ў дыліжанс з-за цяжкай дарогі было запрэжана шасцёра коней замест звычайных чатырох, нечы голас знадворку запытаўся:
— Селі ўсе?
Голас з сярэдзіны адказаў:
— Усе.
Дыліжанс скрануўся з месца.
Ехалі павольна, вельмі павольна, амаль ступою. Колы захрасалі ў снезе; кузаў стагнаў і глуха napbinBay; коні пакоўзваліся, задыхаліся, ад іх валіла пара; даўжэзная фурманава пуга безупынку ляскала, лётала ва ўсе бакі, звіваючыся і развінаючыся, як тонкая гадзюка, і з размаху хвастала па крутым крыжы то аднаго, то другога каня, ад гэтага яны высільваліся яшчэ болей.
А між тым спакваля днела. Лёгкія сняжынкі, якія адзін з пасажыраў, чыстакроўны руанец, параўнаў з дажджом бавоўны, перасталі сыпацца на зямлю. Цьмянае святло прасочвалася праз цёмныя, цяжкія хмары, якія яшчэ мацней падкрэслівалі асляпляльную белізну палёў, дзе віднеліся то палоска высокіх заінелых дрэў, то халупа пад каптуром снегу.
Пры панылым святле зары пасажыры сталі з цікаўнасцю разглядваць адзін аднаго.
Углыбіні дыліжанса на лепшых месцах драмалі адно напроці аднаго муж і жонка Люазо, оптавыя вінагандляры з вуліцы Гран-Пон.
Люазо, былы прыказчык, прыдбаў прадпрыемства збанкрутаванага гаспадара і неўзабаве разбагацеў. Ён вельмі выгадна збываў паганенькае віно дробным правінцыяльным гандлярам і лічыўся гліж сваіх сяброў і знаёмых неймаверным прайдзісветам, сапраўдным нармандцам, хітрым і жыццярадасным.
Рэпутацыя жуліка гэтак трывала замацавалася за ім, што неяк на вечарыне ў прэфектуры пан Турнэль, выдумшчык і байкар, чалавек вострага і дасціпнага розуму, мясцовая славутасць, прапанаваў распазяханым ад нудоты паням пагуляць у гульню «птушачка лётае»; гэты яго жарт абляцеў гасцёўню прэфекта, пасля пратачыўся ва ўсе гасцёўні горада, і цэлы месяц усё наваколле клалася ад смеху.
Апроч гэтага, Люазо яшчэ славіўся разнастайнымі забаўнымі выхадкамі, а таксама досціпамі, то ўдалымі,
то пошлымі, i кожны, хто загаворваў пра яго, заўсёды дадаваў: «Умора, дый годзе, гэты Люазо!»
Невысокага росту, ён, здавалася, складаўся з аднаго круглага, як бочачка, пуза, над якім узвышалася чырвоная фізіяномія, аблямаваная падсівелымі бакамі.
Яго жонка, рослая, энергічная, валявая жанчына з рэзкім голасам і рашучым норавам, была ўвасабленнем парадку і разрахунку ў іх гандлёвым доме, тады як сам гаспадар ажыўляў яго сваёй весялосцю і кіпучай дзейнасцю.
Побач з імі з падкрэсленай годнасцю, якую надавала прыналежнасць да вышэйшай касты, мясціўся пан Карэ-Лямадон, фабрыкант, асоба шаноўная ў баваўнянай прамысловасці, уласнік трох прадзільняў, афіцэр Ганаровага легіёна і член Генеральнага савета. У часы Імперыі ён узначальваў добранамерную апазіцыю з адзінай мэтай — атрымаць пры нагодзе як мага болей дабротаў за далучэнне да таго лагера, з якім ён змагаўся, як ён казаў, высакароднай зброяй. Пані КарэЛямадон, намнога маладзейшая за свайго мужа, была сапраўднай уцехай багатым афіцэрам, якія адбывалі службу ў руанскім гарнізоне.
Яна сядзела насупраць мужа, мініяцюрненькая, прыгожанькая, у пышным футрачку, і замаркочана разглядала нехлямяжае нутро дыліжанса.
Суседзі яе, граф і графіня Гюбэр дэ Брэвіль, насілі адно з самых старадаўніх і слынных нармандскіх імёнаў. Граф, стары дваранін з велічнай паставай, сіліўся хітрыкамі ўбрання падкрэсліць сваё прыроднае падабенства з каралём Генрыхам IV, ад якога, паводле прыемнага сямейнага падання, зацяжарыла адна з яго прабабуль, а муж яе з гэтай нагоды атрымаў тытул графа і губернатарства.
Граф Гюбэр, калега пана Карэ-Лямадона па Генеральным савеце, быў прадстаўніком арлеанісцкай партыі дэпартамента. Яго шлюб з дачкою дробнага нанц-
кага судаўласніка назаўжды застаўся загадкаю. Але так як графіня валодала арыстакратычнымі манерамі, наладжвала самыя бліскучыя прыёмы і, па чутках, быццам нават была каханкаю аднаго з сыноў Луі-Філіпа, дык усё свецкае кола слала ёй лёстачкі, і яе салон лічыўся першым у дэпартаменце — адзіным, дзе захавалася яшчэ старадаўняя абыходлівасць і трапіць у які было нялёгка.
Багацце Брэвіляў было цалкам укладзена ў нерухомую маёмасць, якая, сцвярджалі, прыносіла пяцьсот ліўраў прыбытку ў год.
Гэтыя шэсць асоб займалі глыбіню карэты і ўвасаблялі заможны, упэўнены ў сабе, у сваёй моцы слой грамадства, людзей уплывовых, рэлігійных і з цвёрдымі перакананнямі.
Па дзіўнай выпадковасці ўсе жанчыны размясціліся на адной лаўцы; суседкамі графіні былі яшчэ дзве манашкі, якія несупынна перабіралі доўгія ружанцы, шэпчучы «Ойча наш» і «Багародзіцу». Адна была даволі пажылая, з пабітым воспаю тварам, быццам у яе стрэлілі карцеччу. У другой, вельмі худзенькай, быў прыгожы, змарнелы тварык і сухотныя грудзі, зняможаныя той усёпаглынальнай верай, што стварае пакутнікаў і фанатыкаў.
Усеагульную ўвагу прыцягвалі мужчына і жанчына, якія сядзелі насупраць манашак.
Мужчына быў славуты Карнюдэ, дэмакрат, пострах вяльможнага панства. Ужо добрыя дваццаць гадоў абмочваў ён сваю пышную рыжую бараду ў куфлі ўсіх дэмакратычных кавярань. Ён прамантачыў са сваімі братамі і сябрамі вялікае багацце, што дасталося яму ад бацькі, былога кандытара, і нецярпліва чакаў усталявання рэспублікі, каб атрымаць, нарэшце, добрую пасаду, заслужаную такімі руплівымі рэвалюцыйнымі ўліваннямі. Чацвёртага верасня, хутчэй за ўсё пасля нечага жарту, ён усур’ёз паверыў, што яго абралі прэ-
фектам; але калі ён наважыўся прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, пісары, будучы адзінымі гаспадарамі прэфектуры, адмовіліся прызнаць яго, і яму давялося рэціравацца. Даволі някепскі ўвогуле дзяцюк, бяскрыўдны і паслужлівы, ён з непараўнаным шчыраваннем аддаўся арганізацыі абароны. Паводле яго загаду на палях панавыкопвалі воўчых ямаў, па ўсіх вакольных лясах павысякалі падлескі, а дарогі ўсеялі пасткамі; пры набліжэнні ж ворага ён, задаволены прынятымі мерамі, паспешліва адступіў у горад.
Цяпер ён меркаваў, што намнога болей карысці прынясе ў Гаўры, дзе таксама спатрэбіцца капаць траншэі і перакрываць дарогі.
Жанчына — з ліку так званых асоб лёгкіх паводзін — славілася сваёй ранняю паўнатою, што і замацавала за ёю мянушку — «Пампушка». Маленькая, кругленькая, гладзенькая, з пухлымі пальцамі, пераціснутымі ў суставах, быццам сасіскі, з бліскучай, напятай скурай, з магутнымі грудзьмі, што ажно распіралі сукенку, яна ўсё ж была вельмі вабная. Твар яе быў падобны на ружовы яблык, на гатовы распусціцца бутон півоні; вочы — дзівосныя, чорныя — былі заценены густымі доўгімі вейкамі, ад гэтага яны здаваліся яшчэ цямнейшымі, а чароўны маленькі вільготны раток з дробнымі бліскучымі зубкамі быццам чакаў пацалунка.
Дый апроч гэтага, калі верыць чуткам, яна валодала багата якімі іншымі бясцэннымі якасцямі.
Як толькі яе пазналі, паміж паважаных жанчын усчалося шушуканне — словы «распусніца», «сарамата» былі прамоўлены такім выразным шэптам, што Пампушка ўзняла галаву. Яна абвяла сваіх суседзяў такім дзёрзкім і незалежным поглядам, што адразу ж запанавала глыбокая цішыня і ўсе апусцілі вочы, выключаючы Люазо, які гулліва паглядваў на яе.
Неўзабаве, аднак, размова паміж трыма панямі ўзнавілася: прысутнасць такой жанчыны нечакана зблізіла, амаль парадніла іх. Асобы паважаныя, замужнія, яны адчулі патрэбу аб’яднацца перад гэтай прадажнай бессаромніцай, бо любоў законная заўсёды глядзіць з пагардай на сваю вольную сястру.
Трое мужчын, таксама збліжаныя — з-за прысутнасці Карнюдэ,— разважалі пра свае справы, і ў тоне іх адчувалася пагарда да беднякоў. Граф Гюбэр расказваў пра шкоду, прычыненую яму прусакамі, пра страты, спавадаваныя пакражай статка і загубай ураджаю, але казаў ён пра ўсё гэта са спакойнай упэўненасцю вяльможы і мульцімільянера, якога такія выдаткі могуць абцяжарыць не болей як на год. Пан Карэ-Лямадон, навучаны хісткім станам баваўнянай прамысловасці, загадзя парупіўся перавесці ў Англію шэсцьсот тысяч франкаў — капіталец, прыхаваны ім на чорны дзень. Што да Люазо, дык ён ухітрыўся прадаць французскаму інтэнданцтву ўвесь запас таннага віна, які меўся на складзе, так што дзяржава была вінная яму велічэзную суму, якую ён і спадзяваўся атрымаць у Гаўры.
I ўсе трое па-прыяцельску паглядвалі адзін на аднаго. Нягледзячы на няроўнасць грамадскага становішча, яны адчувалі сябе роўнымі паводле дастатку, членамі вялікага франкмасонскага ордэна, які аб’ядноўвае багацеяў, усіх тых, у каго ў кішэнях звініць золата.
Дыліжанс рухаўся так марудна, што да дзесяці гадзін ранку не было адолена і чатырох міль. Тройчы мужчынам давялося на пад’ёмах выходзіць ды ісці ўгару пеша. Пасажыры пачалі непакоіцца, бо намерваліся павячэраць у Тоце, а цяпер ужо не было надзеі дабрацца туды да ночы. Усе ўзіраліся ў вокны, спадзеючыся заўважыць хоць якую прыдарожную карчомку, як раптам карэта захрасла ў сумёце; спатрэбіліся добрыя дзве гадзіны, каб выцягнуць яе адтуль.
Голад мацнеў, затуманьваў розум; а на шляху не траплялася ніводнай карчмы, ніводнага шынка, бо набліжэнне прусакоў і адыход згаладалага французскага войска паперапалохвалі ўласнікаў усіх гандлёвых прадпрыемстваў.