Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
Нарэшце, гадзіне а трэцяй, калі яны ехалі па бясконцай раўніне без ніводнага селішча на даляглядзе, Пампушка жвава нагнулася і выцягнула з-пад лаўкі вялікую карзіну, накрытую белай сурвэткай.
Спачатку яна дастала адтуль фаянсавую талерачку і далікатны сярэбраны кілішак, потым вялікую міску, у якой застылі ў жэле два парэзаныя на кавалкі кураняці; з карзіны відны былі яшчэ і другія харчы, загорнутыя ў паперу: пірагі, садавіна, ласункі, нарыхтаваныя з разлікам на трохдзённае падарожжа, каб не датыкацца да карчомнай яды. Паміж пакункаў з ежай выглядвалі чатыры рыльцы бутэлек. Пампушка ўзяла крыльца кураняці і стала асцярожна есці яго з хлебцам, які ў Нармандыі называецца «рэгенцкім».
Вочы ўсіх пасажыраў скіраваліся на Пампушку.. Спакваля па ўсім дыліжансе пайшоў спакуслівы водар, ад якога раздзімаліся ноздры, у роце набягала сліна і да болю зводзіла сківіцы. Пагарда паняў да прастытуткі змянілася нянавісцю, яны гатовыя былі забіць яе, вышпурнуць вон з дыліжанса, проста ў снег, разам з яе кілішкам, карзінай і харчамі.
Але Люазо пажыраў вачамі міску з куранятамі. I ўрэшце сказаў:
— Вось як трэба! Мадам самая прадбачлівая з усіх нас. Ёсць-такі людзі, якія ўмеюць заўсёды пра ўсё паклапаціцца!
Пампушка павярнулася да яго:
— Ці не жадаеце, пане? Цяжкавата пасціцца з самага ранку.
Люазо пакланіўся:
— Калі быць шчырым, далібог, не адмоўлюся, болей трываць не магу. На вайне як на вайне, ці ж няпраўда, мадам? — I, абводзячы позіркам сваіх спадарожнікаў, дадаў: — Добра ў скрутную хвіліну сустрэць чалавека, гатовага прыйсці на выручку.
Ён разгарнуў на каленях газету, каб не запэцкаць штаны, і кончыкам нажа, які заўсёды меўся ў яго ў кішэні, падчапіў курыную ножку, аблітую жэле, і, угрызаючыся ў яе зубамі, узяўся жаваць з такім відавочным задавальненнем, што па ўсёй карэце пранёсся глыбокі маркотны ўздых.
Пампушка пакорлівым ласкавым голасам прапанавала манашкам раздзяліць з ёю падмацунак. Тыя адразу ж згадзіліся і, не падымаючы вачэй, толькі прамармытаўшы словы ўдзячнасці, сталі спепхна есці. Карнюдэ таксама не адмовіўся ад суседчынага частавання, і яны разам з манашкамі наладзілі нешта накшталт стала з газет, разгорнутых на каленях.
Раты нястомна раскрываліся і закрываліся, заўзята жавалі, уміналі, паглыналі. Люазо ў сваім кутку ўлягаў напоўніцу і шэптам угаворваў жонку далучыцца да кампаніі. Тая напачатку ўпарта аднеквалася, але потым, калі сутарга звяла страўнік, здалася. Тады муж з падкрэсленай галантнасцю запытаўся ў сваёй «чароўнай спадарожніцы», ці не дазволіла б яна і мадам Люазо ўзяць кавалачак. Пампушка адказала:
— Чаму ж не? Калі ласка, пане,— і з прыветлівай усмешкай падала міску.
Калі адкаркавалі першую бутэльку бардоскага, адбылася замінка: меўся толькі адзін кілішак. Яго сталі перадаваць адно аднаму, папярэдне выціраючы краёк. Адзін Карнюдэ, безумоўна, з галантнасці, даткнуўся вуснамі да той мясцінкі, дзе віднеўся вільготны след ад суседчыных вуснаў.
Акружаныя людзьмі, якія прагна паглыналі ежу.
удыхаючы пахі страў, граф і графіня дэ Брэвіль, як і пан ды пані Карэ-Лямадон, пакутавалі ад той страшнай пакуты, якая атрымала назву «танталавы мукі». Неспадзеўна маладая фабрыкантава жонка выпусціла такі глыбокі ўздых, што ўсе павярнуліся; яна збялела, як снег за вокнамі дыліжанса, вочы яе заплюшчыліся, галава абвяла: яна самлела. Перапалоханы муж прасіў дапамогі. Усе разгубіліся; старэйшая манашка, падтрымліваючы галаву хворай, паднесла да яе вуснаў Пампушчын кілішак і сілком уліла ў рот некалькі кропель віна. Панечка варухнулася, расплюшчыла вочы, усміхнулася і смяротным голасам запэўніла, што ёй ужо зусім добра. Але каб не самлела другі раз, манашка змусіла яе выпіць поўны кілішак бардоскага і сказала:
— Гэта ад голаду, няйначай,— бо ад чаго б яшчэ?
Тады Пампушка, чырванеючы яшчэ мацней, збянтэжана залепятала, азіраючы чатырох падарожнікаў, якія ўсё яшчэ трымаліся нашча:
— Божа мілы, дьі калі б я пасмела прапанаваць гэтым панам і паням...
Яна асеклася ў боязі абразлівай адмовы. Слова ўзяў Люазо:
— Э, чорт вазьмі, у падобных абставінах усе людзі — браты і павінны памагаць адзін аднаму. Ну, панове, досыць цырымоній, згаджайцеся, якога д’ябла?! Хто ведае, ці мы ўвогуле яшчэ напаткаем прыстанак нанач! Пры такім руху дай бог дабрацца да Тота хоць да заўтрашняга абеду.
Але тыя чацвёра вагаліся, ніхто з іх не адважваўся ўзяць на сябе адказнасць за згоду.
Нарэшце граф вырашыў пытанне. Ён павярнуўся да збянтэжанай таўстушкі і з самым велічным выглядам, на які быў здольны, прамовіў:
— Мы з удзячнасцю прымаем вашу прапанову, мадам.
Цяжкі быў толькі першы крок. Як толькі Рубікон аказаўся пяройдзеным, усе перасталі саромецца. Карзіна ўмомант была апарожнена. У ёй знайшоўся яшчэ паштэт з гусінай пячонкі, паштэт з жаваранкаў, кавалак вэнджанага языка, красанскія грушы, пон-левэкскі сыр, пячэнне і цэлы слоік марынаваных карнішонаў і цыбулі — Пампушка, як болыпасць жанчын, любіла ўсё вострае.
Нельга было пустошыць прыпасы гэтай жанчыны і не размаўляць з ёю. I гаворка ўрэшце завязалася, напачатку трохі асцярожная, аднак з цягам часу ўсё болей нязмушаная, бо Пампушка трымалася проста слаўна. Пані дэ Брэвіль і Карэ-Лямадон, якія валодалі вялікай свецкай абыходлівасцю, выявілі вытанчаную прыязнасць. Асабліва на вышыні аказалася графіня са сваёй ветлівай паблажлівасцю велікасвецкай пані, што не траціць сваёй годнасці, да каго б яна ні звярталася. Але энергічная мадам Люазо, якая мела душу жандара, заставалася непрыступная і гаварыла мала, затое шмат ела.
Гамонка, вядома, вялася пра вайну. Гаварылі пра жорсткасць прусакоў, пра адвагу французаў; і ўсе гэтыя людзі, якія ратаваліся ўцёкамі, ухвалялі мужнасць іншых. Спакваля пачаліся расказы пра сябе, і Пампушка са шчырым хваляваннем, з палкасцю, якую часам выяўляюць публічныя жанчыны, калі гавораць пра натуральныя пачуцці, расказала, чаму яна пакінула Руан.
— Спачатку я намервалася застацца,— сказала яна.— Прыпасаў дома было поўна, і па мне лепей было б карміць некалькі салдатаў, чым перціся немаведама куды ў свет. Але калі я пабачыла іх, гэтых прусакоў, то ўжо не магла саўладаць з сабою! Усё ўва мне так і пераварочвалася ад злосці, я цэлы дзень праплакала ад сораму. Ох, была б я мужчынам, я ім паказала б! Я глядзела ў акно на гэтых свінтухоў у васт-
раверхіх касках, а пакаёўка трымала мяне за рукі, каб я не пашпурляла ім на галовы ўсю маю мэблю! Потым яны з’явіліся да мяне на пастой, і я першага ж ухапіла за горла. Задушыць немца не цяжэй, чым каго другога! I я б яго прыкончыла, калі б мяне не адцягнулі за валасы. Пасля гэтага давялося хавацца. А як толькі надарылася магчымасць, я выехала — і вось я тут.
Усе хвалілі яе. Яна адразу вырасла ў вачах у сваіх спадарожнікаў, якія не выявілі такой адвагі; Карнюдэ, слухаючы яе, усміхаўся адабральнай і зычлівай усмешкай апостала: гэтак святар слухае набожнага чалавека, які славіць бога, бо пышнабародыя дэмакраты зрабіліся такімі самымі манапалістамі ў дачыненні да патрыятызму, як свяшчэннаслужыцелі — у пытаннях набожнасці. Потым ён загаварыў павучальным тонам, узнёсла, засвоеным з пракламацый, якія штодня расклейваліся на сценах, і завяршыў красамоўнай тырадай, якою бязлітасна расправіўся з «гэтай падлай Бадэнге»!
Але Пампушка зазлавалася: яна была банапартыстка. Яна запунсавела, як вішня, і, заікаючыся ад абурэння, вымавіла:
— Хацела б я пабачыць вас на яго месцы! Вы лепшыя былі б, то дзіва! Ды гэта ж вы і прадалі яго! Калі б Францыяй кіравалі штукары накшталт вас, толькі б і заставалася — уцякаць без аглядкі!
Непарушны Карнюдэ, як і раней, усміхаўся пагардліва, але адчувалася, што вось-вось выбухне сварка; тут умяшаўся граф і не без цяжкасці супакоіў разгневаную жанчыну, уладна заявіўпіы, што любое шчырае перакананне заслугоўвае павагі. Між тым графіня і фабрыкантава жонка, якія ў душы, як і ўсе пачцівыя людзі, падсвядома насілі нянавісць да Рэспублікі і дужа ўласцівую ўсім жанчынам цягу да прыдворнай мішуры і дэспатычных манархаў, адчулі між-
вольную сімпатыю да гэтай прастытуткі, якая трымалася з зайздроснаю годнасцю і выказвала пачуцці, якія апаноўвалі і іх.
Карзіна была спарожнена. Удзесяцёх яе лёгка спустошылі і толькі пашкадавалі, што яна малаватая. Размова доўжылася яшчэ пэўны час, хоць і стала меней ажыўленая, як толькі кончылася яда.
Вечарэла, змрок спакваля гусцеў; пры страваванні холад заўжды робіцца асабліва адчувальны, і Пампушка дрыжала, нягледзячы на сваё сальца. Пані дэ Брэвіль прапанавала ёй сваю грэлку, у якую ўжо адзін раз падкладвала вугаль; Пампушка адразу згадзілася, бо ногі ў яе ўжо зусім заледзянелі. Пані Карэ-Лямадон і пані Люазо аддалі свае грэлкі манашкам.
Фурман запаліў ліхтары. Яны ярка асвяцілі воблачка пары над потнымі крыжамі караннікоў і снег абапал дарогі, які бясконцым сувоем слаўся ў рухомым водбліску іх агнёў.
У дыліжансе ўжо нічога нельга было разгледзець; неспадзявана ў кутку, дзе сядзелі Пампушка і Карнюдэ, узнік нейкі рух; Люазо, які пільна ўзіраўся ў цемру, падалося, што барадач рэзка адхіснуўся, быццам атрымаў моцны тумак.
Уперадзе на даляглядзе паказаліся дробныя агеньчыкі. Гэта быў Тот. Ехалі ўжо адзінаццаць гадзін, a калі дадаць дзве гадзіны, патрачаныя на чатыры супынкі, каб пакарміць коней і даць ім перадыхнуць, дык выходзіла ўсе трынаццаць. Дыліжанс уехаў у мястэчка і спыніўся каля «Гандлёвага гатэля».
Дзверцы расчыніліся. I раптам пасажыры здрыгануліся, пачуўшы добра знаёмы гук: бразгат аб дол шаблі. I ў той жа момант рэзкі голас нешта крыкнуў па-нямецку.
Нягледзячы на тое, што дыліжанс спыніўся, ніхто з пасажыраў не крануўся з месца; усе быццам баяліся, што варта ім выйсці, як іх адразу пазабіваюць.
З'явіўся фурман з ліхтаром у руцэ і знянацку асвяціў у карэце два шэрагі перапалоханых твараў з раскрытымі ратамі і шырока расплюшчанымі ад здзіўлення і жаху вачамі.
Побач з фурманам у яркай паласе святла стаяў нямецкі афіцэр — высокі, бялявы малады чалавек, надзвычай тонкі, упяты ў мундзір, як панна ў гарсэт; пляскатая лакавая фуражка, надзетая набакір, надавала яму аблічча пасыльнага з англійскага гатэля, Даўжэзныя і шорсткія вусы, якія паступова ўтанчаліся і пераходзілі ў адзіную валасіну, такую тонкую, што канца яе нельга было ўбачыць, быццам гнялі на рот, адцягвалі ўніз шчокі і куточкі вуснаў.