Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Здзіўлены граф загаварыў з дзякам, які выйшаў з дома кюрэ. Стары царкоўны пацук адказаў яму:
— О, гэтыя не злыя; кажуць, яны не прусакі. Аднекуль далей, я нават і не ведаю скуль; і ў іх ва ўсіх засталіся дома жонкі ды дзеці; ім, канешне, вайна не
радасць, што тут казаць. Напэўна, і там плачуць па мужыках; і там нэндзы ад усяго гэтага будзе не меней, чым у нас. Тут пакуль што не даводзіцца надта наракаць, таму што яны не чыняць зла і працуюць, як у сябе дома. Ведаеце, пане, бедныя людзі павінны памагаць адзін аднаму... Вайну ж распачынаюць багацеі.
Карнюдэ, абураны прыязнасцю, якая ўсталявалася паміж пераможцамі і пераможанымі, пайшоў назад, намераны лепей адседжвацца ў заезным двары. Люазо кінуў жарцік:
— Яны пакрываюць страты насельніцтва.
Пан Карэ-Лямадон сур’ёзна запярэчыў:
— Яны пакрываюць выдаткі.
А фурман усё не яўляўся. Нарэшце яго адшукалі ў пасялковай кавярні, дзе ён па-братэрску дзяліў стол з дзеншчыком прускага афіцэра. Граф запытаўся:
— Хіба вам не загадвалі запрэгчы а восьмай?
— Загадвалі. А потым загадалі іншае.
— Што іншае?
— Увогуле не запрагаць.
— Хто даў вам такі загад?
— А божа! Ды прускі камендант.
— Чаму?
— А я ведаю? У яго папытайцеся. Мне забаронена запрагаць — я і не запрагаю. Вось і ўсё.
— Ён сам сказаў вам гэта?
— He, пане, гэты загад мне перадаў ад яго імені карчмар.
— Калі?
— Учора вечарам, я акурат укладваўся спаць. Трое пасажыраў вярнуліся дужа занепакоеныя. Хацелі пагаварыць з панам Фалянві, але служанка адказала, што з-за астмы гаспадар ніколі не ўстае paHeft дзесятай. Ён катэгарычна забараніў будзіць яго раней, хіба што надарыцца пажар.
Хацелі былі пабачыцца з афіцэрам, аднак выявілася, што гэта абсалютна немагчыма, бо хоць ён і жыў тут жа, у заезным двары, але толькі пан Фалянві меў права гаварыць з ім пра цывільныя справы. Вырашылі чакаць. Жанчыны разышліся па сваіх пакоях і заняліся ўсякімі дробязямі.
Карнюдэ ўладкаваўся ў кухні каля высокага каміна, дзе палала яркае полымя. Ён загадаў паставіць побач столік, прынесці бутэльку піва і дастаў з кішэні люльку, якая карысталася сярод дэмакратаў амаль такою ж павагай, як і ён сам, нібыта служачы Карнюдэ, яна служыла самой радзіме. Гэта была цудоўная пенкавая люлька, выдатна абкураная, такая ж чорная, як зубы ў яе ўладальніка, але пахкая, выгнутая, бліскучая, якая так натуральна глядзелася ў яго руцэ, так дапаўняла яго аблічча. I ён замёр, прыкоўваючы позірк то да полымя, то да пены, якая каранавала куфаль, і пасля кожнага глытка задаволена запускаў доўгія худыя пальцы ў свае доўгія сальныя валасы ды абсмоктваў махры пены з вусоў.
Люазо, нібыта каб размяць ногі, падаўся да мясцовых гандляроў прыстройваць сваё віно. Граф і фабрыкант завялі гамонку пра палітыку. Яны абмяркоўвалі будучыню Францыі. Адзін усе спадзяванні ўскладаў на арлеанцаў, другі — на невядомага ратаўніка, на героя, які з’явіцца ў самы скрутны момант: на якога-небудзь дзю Геклэна ці на Жану д’Арк — хто ведае? Напалеона I. Ах, калі б наследны прынц не быў такі малады! Карнюдэ слухаў іх і ўсміхаўся з выглядам чалавека, якому ведамы таямніцы лёсу. Водар ад яго люлькі поўніў усю кухню.
Калі прабіла дзесяць, з’явіўся пан Фалянві. Усе памкнуліся да яго з роспытамі; але ён тройчы запар, без ніякіх змен, паўтарыў:
— Афіцэр сказаў мне гэтак: «Пан Фалянві, забараніце запрагаць заўтра карэту гэтых падарожных.
Я не хачу, каб яны паехалі без майго дазволу. Вы зразумелі? Тады ўсё».
Вырашана было пагаварыць з афіцэрам. Граф паслаў яму сваю візітную картку, на якой пан Карэ-Лямадон дадаў сваё прозвішча і ўсе свае званні. Прусак загадаў адказаць, што ён прыме гэтых людзей пасля снедання, гэта значыць, каля гадзіны дня.
З’явіліся пані; нягледзячы на агульную трывогу, падарожнікі перакусілі. Пампушка, здавалася, захварэла і была моцна занепакоеная.
Калі дапівалі каву, па графа і фабрыканта прыйшоў дзяншчык.
Люазо таксама пайшоў з імі; паспрабавалі выцягнуць і Карнюдэ, каб надаць візіту болей урачыстасці, але той горда заявіў, што ўвогуле не жадае мець ніякіх стасункаў з немцамі, заказаў яшчэ адну бутэльку піва і зноў усеўся на аблюбаванае месца.
Мужчыны ўтрох падняліся на другі паверх і былі заведзены ў самы лепшы пакой заезнага двара, дзе іх і прыняў прускі афіцэр; захутаны ў пунсовы халат, напэўна, украдзены ў пакінутым доме якога-небудзь буржуа з не дужа развітым густам, афіцэр сядзеў у крэсле, задраўшы ногі на рашотку каміна і курачы доўгую фарфоравую люльку. Ён не ўстаў, не павітаўся, не глянуў на візіцёраў. Ён дэманстраваў найдасканалы ўзор хамства, уласцівага салдафону-пераможцу.
Па якой хвіліне маўчання ён нарэшце спытаўся:
— Чаго фы хошаце?
Слова ўзяў граф:
— Мы хацелі б ехаць далей, пане.
— He.
— Смею ў вас запытацца, якая прычына гэтай адмовы?
— По я не хашу.
— Смею вам пашаноўна заўважыць, пане, што ваш генерал даў нам дазвол на праезд да самага Дзье-
па, і, мне здаецца, мы не ўчынілі нічога, што магло б выклікаць такія суровыя меры з вашага боку.
— Я не хашу, фось і фсё... Мошаце ісці.
Яны пакланіліся і выйшлі.
Рэшта дня працякла паныла. Капрыз немца быў абсалютна незразумелы; у галовы падарожным лезлі самыя дзікія меркаванні. Усе сядзелі ў кухні і бясконца абмяркоўвалі сітуацыю, выказвалі самыя незвычайныя здагадкі. Можа, іх хочуць пакінуць заложнікамі? Але з якой мэтай? Ці затрымаць як вязняў? Ці, найверагодней, садраць з іх вялікі выкуп? Пры гэтай думцы ўсіх апанаваў жах. Наймацней перапалохаліся самыя багатыя: яны ўжо ўяўлялі, як ім дзеля ўратавання свайго жыцця давядзецца аддаць гэтаму нахабу ў мундзіры цэлыя мяхі золата. Яны ламалі галовы, прыдумваючы хоць якую-небудзь праўдападобную лухту, каб утаіць свой скарб, прыкінуцца беднымі, вельмі беднымі людзьмі. Люазо зняў з сябе гадзіннікавьі ланцужок і схаваў яго ў кішэню.
Стала сутоніцца, і гэта яшчэ болей узмацняла трывогу. Запалілі лямпу, а так як да вячэры заставалася яшчэ гадзіны дзве, пані Люазо прапанавала згуляць у трыццаць адно. Гэта хоць трохі мо разважыла б іх. Прапанова была прынята. Нават Карнюдэ з ветлівасці патушыў сваю люльку і прыняў удзел у гульні.
Граф стасаваў карты, раздаў, і ў Пампушкі адразу ж выявілася трыццаць адно ачко; захопленасць гульнёй злагодзіла пострах, што не даваў спакою думкам. Але Карнюдэ заўважыў, што муж і жонка Люазо пачынаюць на пару махляваць.
Калі селі вячэраць, зноў з’явіўся пан Фалянві і хрыпата прамовіў:
— Прускі афіцэр загадаў папытацца ў мадэмуазель Элізабэт Русэ, ці не перамяніла яна свайго рашэння.
Пампушка спалатнела і знерухомела на месцы; потым кроў кінулася ёй у твар, але яе душыў такі гнеў,
што яна не магла вымавіць ні слова. Нарэшце выбухнула:
— Скажыце гэтаму нягодніку, гэтай паскудзе, гэтай прускай падле, што я ніколі не дам згоды! Ч це? Ніколі, ніколі, ніколі!
Таўстун-карчмар выйшаў. Усе абступілі Пам ушку, пачалі дапытвацца, настойліва ўпрошваць раскрыць таямніцу яе размовы з афіцэрам. Спачатку яна адмаўлялася, але потым пераважыў гнеў.
— Чаго ён хоча?.. Чаго хоча?.. Ён хоча пераспаць са мною! — усклікнула яна.
Гэтыя словы нікога не збянтэжылі — настолькі ўсе былі абураныя. Карнюдэ так моцна грукнуў куфлем па стале, што ён разбіўся. Усчаўся галас — ва ўсіх выклікаў абурэнне гэты гнюсны салдафон, усе кіпелі гневам, усе з’ядналіся для супраціўлення, быццам ад кожнага з іх патрабавалася доля таго ахвяравання, якога вымагалі ад Пампушкі. Граф з агідай заявіў, што гэтыя людзі паводзяць сябе, як прымітыўныя дзікуны. Асабліва гарачае, прыязнае спачуванне выказвалі Пампушцы жанчыны. Манашкі, якія выходзілі са свайго пакоя толькі да стала, схілілі галовы і маўчалі.
Калі ўсеагульнае абурэнне трошкі аціхла, пачалі вячэраць, але размова не клеілася: кожны пра нешта думаў.
Пані рана разышліся па сваіх пакоях; мужчыны, якія засталіся пакурыць, наладзілі гульню ў экартэ і запрасілі да свайго гурту пана Фалянві з намерам спрытна выведаць у яго, якімі сродкамі можна адолець упартасць афіцэра. Але карчмар думаў толькі пра карты, нічога не слухаў, нічога не адказваў, адно заўзята падахвочваў:
— Давайце ж гуляць, панове, давайце гуляць!
Яго ўвага была настолькі прыкавана да гульні, што ён забываўся нават сплёўваць, ад гэтага ў яго з грудзей часам вырываліся нейкія арганныя гукі. Яго
сіпатыя лёгкія выдавалі ўсю астматычную гаму, ад урачыстых басовых нотаў да хрыплых крыкаў пеўніка, які ўпершыню спрабуе закукарэкаць.
Карчмар нават адмовіўся пайсці спаць, калі яго жонка, якая падала ад зморы, прыйшла па яго. I яна вырашыла адпачываць сама, таму што была «жаваранкам» — заўжды ўставала на досвітку, тады як муж яе быў «савой» — вечна гатовы праседзець з прыяцелямі хоць да ранку. Ён толькі гукнуў ёй:
— Пастаў мне гогаль-могаль на печку! — і прадаўжаў гульню. Калі стала ясна, што нічога выпытаць у яго немагчыма, вырашылі, што пара класціся, і ўсе разышліся па сваіх пакоях.
На другі дзень усталі зноў даволі рана з цьмянай надзеяй на ад’езд і яшчэ мацнейшым жаданнем ехаць далей — усіх проста жахала думка, што давядзецца зноў марнаваць дзень у гэтым агідным заезным дворыку.
Але дзе там! Коні стаялі ў стайні, фурмана не было відно. Ад бяздзейнасці падарожныя сноўдаліся па двары вакол карэты.
Снеданне прайшло даволі сумна; адчувалася пэўнае ахаладжэнне да Пампушкі, бо раніца ж мудрэйшая, чым вечар, і настрой трохі зыначыўся. Цяпер спадарожнікі амаль злаваліся на яе, чаму яна ўпотай не схадзіла да прусака і не зрыхтавала прыемнага сюрпрызу да іхняга абуджэння. Гэта ж прасцей за ўсё! Дый хто б даведаўся пра гэта. Дзеля прыліку яна магла б сказаць афіцэру, што робіць гэта проста з жалю да сваіх спадарожнікаў. Гэта ж ёй такая дробязь!
Аднак уголас ніхто пакуль не выказваў такіх думак.
Апоўдні, калі ўсе знемаглі ад нудоты, граф прапанаваў зрабіць прагулянку па ваколіцах пасёлка. Апрануліся як мага цяплей, і невялічкая грамада рушыла, апрача Карнюдэ, які палічыў за лепшае застацца каля
агню, ды манашак — тьія бавілі час у царкве альбо ў кюрэ.
Мароз, які з дня на дзень усё мацнеў, балюча шчыпаў нос і вушы; ногі так закалелі, што кожны крок быў пакутай; а за селішчам разлога падалася настолькі злавеснаю ў сваёй бязмежнай белізне, што ва ўсіх ажно пахаладзела ўнутры і сціснулася сэрца, і кампанія павярнула назад.