Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Цяпер толькі пра яго яна і думала; ён таксама з пэўнай нецярплівасцю чакаў, калі яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, і сэрца ў дзяўчынкі гатовае было выскачыць з грудзей.
Потым ён знік.
Яго паслалі вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякімі хітрыкамі стала дамагацца, каб бацькі перамянілі свой маршрут і прыязджалі сюды ў той час, як пачыналіся школьныя вакацыі. Каб снраўдзіць задуманае, спатрэбіўся цэлы год. I атрымалася так, што яны не бачыліся ажно два гады запар; калі ж сустрэліся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамяніўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзірчыку з залатымі
гузікамі. А ён прыкінуўся, быццам не бачыць яе, і ганарыста прайшоў міма.
Яна праплакала два дні; з гэтага часу пакутам яе не было канца.
Яна прыязджала сюды штогод, ішла ў яго навідавоку, не асмельваючыся павітацца, а ён і вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:
— У мяне гэта быў адзіны мужчына на свеце, пане доктар, іншых проста не існавала.
Бацькі яе памерлі. Яна прадаўжала рабіць тое, што рабілі пры жыцці яны — пляла і рамантавала крэслы, толькі замест аднаго сабакі завяла страшных двух, дражніцца з якімі не асмельваўся ніхто.
Неяк пры вяртанні ў наш пасёлак, да якога навек прыкіпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкі подручкі з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажаніўся.
У той вечар яна кінулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкі запознены гулец выцягнуў яе з вады і прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку і, нібыта зусім не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў:
— Вы проста вар’ятка! Нельга ж быць такою бязмозглаю!
Гэтага аказалася даволі, каб яна ажыла: ён, ён загаварыў з ёю!.. Успамін пра гэта яшчэ доўга поўніў яе шчасцем.
Ён адмовіўся ўзяць плату за свае паслугі, хоць яна і вельмі настойвала, упрошвала яго.
Вось так прамінула ўсё яе жыццё. Яна пляла крэслы і думала пра Шукэ. Раз на год яна бачыла яго ў акне аптэкі. Калі ёй трэба былі якія-небудзь лекі, яна звычайна купляла іх толькі ў Шукэ. Гэта давала ёй магчымасць пабачыць яго зблізку, перакінуцца хоць некалькімі словамі і зноў даваць яму грошы.
Я казаў ужо, гэтай вясною яна памерла. Расказаўшы ўсю сваю сумную гісторыю, яна папрасіла мяне перадаць таму, каго так аддана кахала, усе свае надбаныя за жыццё зберажэнні, бо, як сама прызналася, яна працавала толькі дзеля яго, дзеля яго адзінага, часам нават галадала, каб адкласці хоць капейчыну, з надзеяй, што і ён згадае яе хоць разочак, хай сабе тады ўжо, як яе не стане.
I яна аддала мне дзве тысячы трыста дваццаць сем франкаў. Дваццаць сем франкаў я адлічыў кюрэ на пахаванне, а рэшту, пасля таго як яна выпусціла апошні ўздых, забраў з сабою.
На наступны дзень я пайшоў да Шукэ. Гаспадары сама даснедвалі адно насупраць аднаго, абое бухматыя і расчырванелыя, раздабрэлыя на аптэкарскім хлебе, напышлівыя і самазадаволеныя.
Мяне запрасілі да стала, прапанавалі чарку кірша; я не адмовіўся; упэўнены, што ўзрушу іх да слёз, я ўсхвалявана пачаў свой расказ.
Як толькі да Шукэ дайшло, што яго кахала нейкая бадзяжка, пляцельшчыца крэслаў, мурзатая жабрачка, яго аж тузанула ад абурэння, быццам яна абабрала яго, загубіла яго рэпутацыю, пазбавіла павагі прыстойных людзей і яго ўласнай самапавагі, выкрала нешта такое, што было яму даражэйшае за само жыццё.
А ў яго жонкі нават мову адняло ад гневу, і яна толькі выдыхала:
— Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка!..
Шукэ ўсхапіўся на ногі, забегаў вакол стала; феска яго спаўзла на адно вуха.
— Гэта ж падумаць толькі, доктар!..— загугніў ён.— Во напасць на чалавека!.. Што ж рабіць, што ж рабіць? Ах, калі б я ведаў гэта, пакуль яна была жывая,— у жандармерыю заявіў бы, хай бы яе арышта-
валі ды ў турму ўпяклі! I сядзела б яна ўжо там да скону, ручаюся вам!
Я быў ашаломлены вынікам майго пасрэдніцтва. Я не ведаў, што казаць, што рабіць. Аднак я мусіў давесці справу да канца, і я сказаў:
— Нябожчыца папрасіла мяне перадаць вам яе зберажэнні: дзве тысячы трыста франкаў. Але, як я разумею, вам дужа непрыемнае тое, што я паведаміў вам, дык, відаць, найлепей будзе раздаць гэтыя грошы бедным.
Абое, муж і жонка, утаропіліся на мяне, аслупянелі ад здзіўлення.
Я дастаў з кішэні грошы, няшчасныя грошы разнамаснага выгляду і значэння, золата ўперамешку з медзякамі. Потым папытаўся:
— Якое будзе ваша рашэнне?
Першая загаварыла мадам Шукэ.
— Але... Раз гэта яе апошняя воля, гэтай жанчыны... Мне здаецца, нам неяк не выпадае адмаўляцца.
Муж, крыху збянтэжаны, падхапіў:
— Ва ўсякім разе, за іх можна будзе купіць штонебудзь нашым дзеткам.
Я суха адказаў:
— Воля ваша.
Аптэкар прадаўжаў:
— Ва ўсякім разе, давайце грошы сюды, калі ўжо яна гэтак наказала вам; самі парупімся даць ім добры ход.
Я аддаў грошы, развітаўся і выйшаў.
На другі дзень Шукэ нечакана сам прыйшоў да мяне дадому.
— А яна... жанчына гэтая... яна ж і воз тут свой пакінула? — запытаўся ён.— I што вы з той калымагай рабіць мяркуеце?
— Нічога, забярыце яе сабе, калі хочаце.
— Добра. Яна мне спатрэбіцца: я зраблю з яе вартоўную ў гародзе.
Ён ужо намерыўся пайсці. Я сказаў:
— Пасля яе засталіся стары конь ды два сабакі. Можа, забераце іх?
Ён азадачана прыпыніўся.
— Га?.. А... Ды не, не трэба. Навошта яны мне? Распараджайцеся ўжо гэтым самі!
Аптэкар засмяяўся. Потым ён падаў мне руку, і я паціснуў яе. Што зробіш? Лекару з аптэкарам няможна варагаваць паміж сабою.
Сабакі засталіся ў мяне. Каня забраў кюрэ, у яго вялікі двор. Воз ператварыўся ў вартоўню на гародзе ў Шукэ; а на грошы нябожчыцы ён прыдбаў пяць акцый чыгуначнай кампаніі.
Вось тое адзінае вялікае каханне, з якім я сутыкнуўся ў сваім жыцці.
Доктар змоўк.
Маркіза, у вачах якой стаялі слёзы, уздыхнула:
— Пэўна, толькі жанчыны і ўмеюць кахаць па-сапраўднаму!
мошчы
Пану абату Луі д’Энмару. У. Суасон.
«Дарагі абат.
Шлюбу з тваёй пляменніцай не будзе, і прычынай гэтаму — бязглузды выпадак, благі жарт, які я амаль міжволі састроіў з сваёй нявесты.
Даўні мой сябра, з клопатам звяртаюся да цябе, бо толькі ты можаш мне дарадзіць. Буду ўдзячны табе да смерці.
Ты ведаеш Жыльберту, прынамсі, лічыш, што ведаеш яе, але хіба можна да канца зведаць жанчын? Усе іх меркаванні, погляды, думкі — скрозь нечаканасць. Яны то адкрытыя і роўныя, то звілістыя і стромыя; іх разважанняў нельга ўцяміць, іх логіка кульгае, а рашучасць, быццам непахісная, раптам знікае без дай прычыны.
He мне табе казаць, што твая пляменніца задужа набожная, бо гадавалася ці то ў чорных, ці то ў белых манашак з Нансі.
Пра гэта ты ведаеш лепей за мяне. Але, бясспрэчна, ты не ведаеш, што кожнай драбязой яна можа захапляцца так, як сваёй верай у бога. Думкі яе скачуць, як падхоплены ветрам ліст; жаноцкасці, ці дзявоцкасці, у ёй больш, чым у іншых, яна то смяецца, то плача, то сумуе, то скача і наадварот; яна і прыгожая ... сам ведаеш якая, і прывабная невыказна ... але гэтага ты ўжо не зразумееш.
Мы заручыліся. Я кахаў яе і кахаю цяпер. I яна, здаецца, любіла мяне.
Аднаго вечара я атрымаў дэпешу, якая выклікала мяне ў Кёльн на кансультацыю і, можа, на складаную адказную аперацыю. Трэба было ехаць на другі дзень, і я пабег развітацца з Жыльбертай, а таксама сказаць, чаму змагу быць на абедзе ў яе бацькоў не ў сераду, a толькі ў пятніцу. О! Сцеражыся пятніц, ведай, яны — чорныя!
Калі я загаварыў пра ад’езд, сляза скацілася ў яе па шчацэ, але, пачуўшы, што я неўзабаве вярнуся, дзяўчына запляскала ў ладкі і крыкнула: «Ай добра! Вы мне нешта прывезяце, драбязу, маленечкі гасцінец, але няхай ён будзе дарагі мне. Вы павінны здагадацца, што мне больш за ўсё спадабаецца, згода? Паглядзім, што думае ваша галава».
Яна крыху падумала і дадала: «Забараняю аддаваць за яго больш як дваццаць франкаў. Мне галоў-
нае шчырасць, пане, выдумка, а не цана.— Яна зноў памаўчала і ціха, не падымаючы на мяне вачэй, сказала: — Калі вам гэта не будзе тратаю гропіай і калі выдумка будзе цікавая, вельмі цікавая, я вас... я вас пацалую».
На другі дзень я паехаў у Кёльн. Няшчасны выпадак кінуў у адчай цэлую сям’ю. Ампутацыя была тэрміновая. Мне далі пакой і амаль не выпускалі з яго; вакол хадзілі заплаканыя людзі, ад якіх мне рабілася млосна; я прааперыраваў небараку, і ён ледзь не аддаў богу душу на маіх руках; дзве ночы я не пакідаў яго, а калі бліснула надзея на ратунак, загадаў, каб завезлі мяне на вакзал.
Але я памыліўся — да цягніка заставалася цэлая гадзіна. Я блукаў па вуліцах і думкамі быў яшчэ no634 з хворым, калі напаткаў нейкага чалавека.
Я не ведаю нямецкай, ён не гаварыў па-французску; нарэшце я здагадаўся, што ён прапануе мне рэліквіі. Успамін пра Жыльберту працяў маё сэрца; я ведаў яе ўтрапёную веру. Падарунак знойдзены. Я збочыў за мужчынам у краму, дзе прадаваліся святыні, і купіў «кафалашак пасфанка адзінаццаці тысяч нявінніц».
Так званыя мошчы мясціліся ў чароўнай скрыначцы з старога срэбра, і гэта вызначыла мой выбар.
Я паклаў гасцінец у кішэню і сеў у вагон.
Дома я зноў захацеў зірнуць на свой набытак. Палез у кішэню... Скрыначка расчыненая, косткі няма! Дарма я корпаўся і выварочваў кішэні, маленькая, з паўшпількі, костачка прапала.
Ты ведаеш, дарагі абат, маю невялікую веру ў бога; і веліч твайго сэрца, і наша сяброўства даюць табе права дараваць мне гэта і не пераконваць мяне. «Жыццё пакажа»,— сказаў ты; але я ніколі не даваў веры святыням набожных гандляроў, і ты падзяляеш маю недаверлівасць. Вось чаму страта кавалачка барановага
хрыбта не засмуціла мяне, і я без цяжкасцей знайшоў такую самую костачку і акуратна прыклеіў яе ў скрыначцы.
Пасля пайшоў да любай нявесты. Убачыўшы мяне, яна кінулася насустрач, насцярожаная і радасная: «Што вы мне прывезлі?»
Я зрабіў выгляд, што забыўся, яна не паверыла. Яна прасіла, нават маліла мяне, і, адчуўшы, што яна восьвось заплача ад цікаўнасці, я падарыў ёй святы медальён. Ей аж духі заняло ад радасці. «Рэліквія! Сапраўдная рэліквія!» — і яна моцна пацалавала скрыначку. Мне стала няёмка за сваё махлярства.
Але раптам яна занепакоілася, нават злякнулася і глыбока паглядзела мне ў вочы: