Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
Люазо, які сцягнуў у заезным двары старую калоду картаў, замусоленую за пяць гадоў гульні на кепска выцертых сталах, расчаў з жонкай партыю ў безік.
Манашкі ўзяліся за доўгія ружанцы, што звісалі ў іх з пояса, суладна перажагналіся, і ўраз вусны іх шпарка заварушыліся, захадзілі імклівым невыраз-
ным шэптам, быццам спаборнічаючы ў хуткасці; разпораз яны цалавалі абразок, зноў жагналіся і зноў усчыналі сваё таропкае, бясконцае мармытанне.
Карнюдэ сядзеў задумлівы, нерухомы.
Па трох гадзінах дарогі Люазо сабраў карты і сказаў:
— Пара і перакусіць!
Яго жонка дастала перавязаны вяровачкай скрутак і выняла кавалак халоднай цяляціны. Яна акуратна парэзала яго на тонкія, тугія лустачкі, і яны пачалі есці.
— А што, калі і мы — з іх прыкладу? — прапанавала графіня.
Пярэчання не было, і яна распакавала харчы, нагатаваныя на дзве сямейныя пары. У прадаўгаватай фаянсавай місцьі з відарысам зайца на накрыўцы, які азначаў, што тут месціцца паштэт з зайчаціны, ляжала сакаўная, уперамешку з іншымі, тонка нарэзанымі гатункамі мяса, смажаная дзічына, па якой збягалі белыя ручаінкі тлушчу. На кавалку швейцарскага сыру, вынятым з газеты, віднелася слова «Здарэнні», выбітае на яго масляністай паверхні.
Манашкі распакавалі цэлае кола каўбасы, якая пахла часнаком, а Карнюдэ, запусціўшы абедзве рукі адначасова ў шырокія кішэні свайго паліто, дастаў з адной чатыры звараныя ўкрутую яйцы, а з другой лусту хлеба. Ён абабраў яйцы, кінуў шкарлупіну сабе пад ногі ў салому і стаў есці, упускаючы на пышную бараду светла-жоўтыя кропікі, якія нагадвалі там зоркі.
Пампушка, якая ў спешцы і разгубленасці ранішняга абуджэння не здолела ні пра што паклапаціцца, ажно задыхалася ад шаленства, гледзячы на гэтых людзей, якія так няўзрушана спатольвалі свой голад. Спачатку яе ахапіў гнеў, і яна ўжо разявіла рот, каб выплеснуць ім усё, што яна пра іх думае, і патокі ла-
янкі ўжо гатовыя былі хлынуць з яе вуснаў; але яе душыла такое абурэнне, што яна не магла гаварыць.
Ніхто не глядзеў на яе, не думаў пра яе. Яна адчувала, што яе захліствае пагарда гэтых шляхетных мярзотнікаў, якія спярша ахвяравалі ёю, а потым кінулі прэч, як непатрэбную брудную анучу. Тут ёй успомнілася яе вялікая карзіна, напакаваная ўсялякай ядою, якую яны так прагна спустошылі, прыгадаліся два кураняці ў празрыстым жэле, паштэты, грушы, чатыры бутэлькі бардоскага; яе гнеў раптоўна апаў, быццам недзе ўсярэдзіне ў яе лопнула занадта напятая струна, і яна адчула, што вось-вось расплачацца. Яна рабіла неймаверньія намаганні, каўтала слёзы, як дзіця, але яны выступалі на вачах, паблісквалі на вейках, і неўзабаве дзве буйныя слязіны паволі пакаціліся па шчоках. За імі, ужо шпарчэй, пабеглі другія, яны сцякалі, нібы кроплі вады з расколіны ўцёса, і адна за адной падалі на круты выступ яе грудзей. Яна сядзела роўна, з акамянелым бледным тварам, гледзячы ў адну кропку, у надзеі, што на яе не звернуць увагі.
Але графіня заўважыла слёзы ў Пампушкі і жэстам паказала на яе мужу. Ён паціснуў плячыма, як бы кажучы: «Што зробіш, я тут ні пры чым». Пані Люазо бязгучна, але пераможна засмяялася і прамармытала:
— Яна аплаквае сваю ганьбу!
Манашкі загарнулі ў паперу рэшту каўбасы і зноў пачалі маліцца.
Карнюдэ, пераварваючы з’едзеныя яйцы, выцягнуў доўгія ногі пад лаўку насупроць, адкінуўся, скрыжаваў рукі, усміхнуўся, быццам прыдумаў удалы жарт, і стаў насвістваць «Марсельезу».
Усе спахмурнелі. Народны гімн, відаць, не падабаўся яго суседзям. Яны сталі нервавацца, злавацца і, здавалася, гатовыя былі завыць, як сабакі на голас
катрынкі. Карнюдэ заўважыў гэта і ўжо не супыняў свісту. Часам ён нават выспеўваў словы:
Любоў святая да радзімы!
Хай выкрасае помсту боль,— Свабода любая, вядзі нас, Тваіх заступнікаў, на бой!
Коні цяпер беглі раўней, бо снег стаў цвярдзейшы; і да саменькага Дзьепа, праз усе доўгія панурыя гадзіны язды па выбоістай, траскай дарозе ў змроку, a потым у глыбокай цемры Карнюдэ з жорсткай упартасцю прадаўжаў сваё помслівае аднастайнае пасвістванне, змушаючы стомленых, раздражнёных спадарожнікаў сачыць за песняй ад пачатку да канца, прыпамінаць кожнае слова і суправаджаць імі кожны такт.
А Пампушка ўсё плакала, і часам, паміж дзвюма строфамі, у поцемках прарывалася галашэнне, якога яна не магла стрымаць.
ЖАРТ ПА-НАРМАНДСКУ
А. дэ Жуэнвілю
Вяселле ішло ярам, па дарозе, зацененай высокімі дрэвамі, што раслі на схілах пагоркаў з раскіданымі па іх фермамі. Наперадзе ішлі маладыя, за імі — бацькі ды радня, потым госці, пасля бедны мясцовы люд і, нарэшце, дзеці, якія віліся вакол шэсця, як мухі, іпмыгалі пад нагамі, залазілі на дрэвы, каб лацвей было цікаваць.
Жаніх — мажны, велягурысты Жан Пацю — быў самы заможны фермер у наваколлі. Але насамперш ён славіўся сваёй паляўнічай заўзятасцю: гэтая страсць проста адымала ў дзецюка розум і пажырала процьму грошай — на сабак, вартаўнікоў, тхароў і стрэльбы.
Да нявесты — Разалі Русэль — заляцаліся ўсе навакольныя хлопцы, бо і сама па сабе яна была прывабная, і посаг мела добры; але дзяўчына абрала Пацю,— можа, таму, што ўпадабала яго болей, чым каго іншага, але, як разважлівая нармандка, хутчэй за ўсё таму, што ў яго мелася найболей грошай.
Маладыя адкінулі загародку на ўваходзе ў межы жаніховай фермы — і тут раптоўна з межавых равоў, дзе пахаваліся стралкі, грымнуў залп з сарака стрэльбаў. Неспадзяваная страляніна дужа развесяліла мужчын, і яны з рогатам пусціліся ў скокі, робячы нязграбныя выкрунтасы ў сваіх строях; сам Пацю кінуў жонку, рынуўся да заўважанага за дрэвам парабка, вырваў у яго з рук стрэльбу і, падбрыкнуўшы, як жарабец, бабахнуў у неба.
Потым вяселле рушыла далей — у яблыневых прысадах з ужо сакаўнымі пладамі, паўз луг, дзе ў высокай траве ляжалі каровы, якія ўтаропліваліся ў шумны гурт сваімі вялікімі вачамі, цяжка ўставалі і выцягвалі пысы ўслед вясёлай кампаніі.
Набліжалася застолле, і мужчыны пакрысе сур’ёзнелі. На галовах найбагацейшых красаваліся бліскучыя шаўковыя цыліндры, якія зусім не стасаваліся з вясковым краявідам; іншыя былі ў старасвецкіх лямцавых капелюшах, доўгая поўсць якіх нагадвала кратовую; самых бедных увенчвалі картузы.
Усе жанчыны былі ў накінутых на плечы шалях, канцьі якіх цырымонна падтрымлівалі рукамі. Пунсовыя, стракатыя, агніста-яркія — гэтыя шалі ірдзеннем сваіх фарбаў наводзілі дзікі пярэпалах і на чорных курэй на сметніку, і на качак у стаўку, і на галубоў на стрэхах.
Уся навокал зеляніна, зелень травы і дрэў адразу як бы зблякла побач з такой агністаю чырванню, абодва колеры ў такім непасрэдным сваім суседстве ажно сляпілі вочы пад скварам паўдзённага сонца.
У канцы яблыневых прысадаў стаяла, быццам у чаканні, вялікая ферма. 3 адчыненых дзвярэй і вокнаў струменілася ледзь улоўная пара, густы пах ежы, здавалася, ішоў з усіх шчылін, з саміх сцен прасторнай будыніны,
Ланцуг гасцей зазмяіўся цераз панадворак. Каля самага дома строй парушаўся, распадаўся, а ў вароты ўсё ішлі ды ішлі запрошаныя на вяселле. Равы абсыпалі дзеці і цікаўная галота, страляніна не ўціхала, стрэлы бухалі з усіх бакоў адначасова, і ў паветры плыў парахавьі дым з яго хмельным, як абсент, водарам.
Жанчыны атрэсвалі на парозе спадніцы ад пылу, развязвалі капелюшовыя стужкі, знімалі з плячэй шалі, перавешвалі іх цераз руку і заходзілі ў дом, дзе збаўляліся ад лішніх строяў.
Сталы стаялі ў вялікай кухні, дзе магло ўмясціцца чалавек сто.
За сталы паселі а другой. А восьмай абед усё яшчэ доўжыўся. Мужчыны паскідалі пінжакі, парасшпільвалі каўняры і, распараныя, расчырванелыя, як не ў сябе паглыналі нагатаванае. У вялікіх шклянках весела зіхацеў жоўты, залаціста-светлы сідр, у іншых цямнела чырвонае, нібы кроў, віно.
Перад кожнай чарговай стравай рабілася маленькая перадышка — на тост пад чарку гарэлкі, якая падкідала жару ў цела і дурноты ў галаву.
Час ад часу нехта з гасцей, напханы, як бочка, выходзіў да бліжэйшых дрэў, аблегчваўся і вяртаўся за стол, зноў гатовы і піць, і есці.
Фермеркі — пунсовыя, ацяжэлыя, з напятымі, як шары, ліфамі, перацятыя гарсэтамі, разбухлыя і зверху, і знізу,— доўга не вылазілі з-за стала: саромеліся. Але варта было адной, не надта баязлівай, падняцца і выйсці на панадворак, як следам пацягнуліся ўсе астатнія. Вярнуліся жанчыны павесялелыя, што не магло не выклікаць кепікаў. I пасыпаліся грубыя жарты.
Па застоллі хлынулі непрыстойнасці, і ўсе — на тэму шлюбнай ночы. Арсенал сялянскага досціпу гэтым і вычарпаўся. Падзеі іхняга жыцця адвеку суправаджаліся нязменнымі анекдотамі, і хоць ведалі іх усе прысутныя, але і на гэты раз пры згадцы анекдотаў госці клаліся покатам.
Варта было сівагаловаму старому пачаць: «Каму ў Мезідон — калі ласка, у карэту!» — як адразу грымнуў дружны рогат.
У канцы стала чатыры дзецюкі — жаніховы суседзі — відаць, згаварыліся пажартаваць з маладых і ўжо прыдумалі нешта цікавае — нездарма іх так разбіраў смех.
Нарэшце, калі ўзнікла хвілінка зацішша, адзін дзяцюк голасна сказаў:
— Сёння будзе месячная ноч, і ўжо калі-калі, a сёння браканьеры свайго не ўпусцяць! Як ты думаеш, Жан? Але сёння табе, вядома, не да месяца будзе.
Жаніх крута абярнуўся на голас.
— Хай толькі паткнуцца сюды тыя браканьеры!
— А што, запраста могуць прыйсці,— засмяяўся другі дзяцюк.— Сёння ўночы ў цябе будзе другі клопат!
Застолле скаланулася ад рогату — аж падлога задрыжала, аж зазвінелі шклянкі.
Пры думцы, што нехта можа пакарыстацца вяселлем і пабраканьернічаць на яго зямлі, Жан прыйшоў у шаленства:
— А вось хай толькі паткнуцца, кажу табе!
Зноў пасыпаліся жартачкі, якія змусілі пачырванець нявесту, і без гэтага ўсхваляваную трапятлівым чаканнем.
Нарэшце бочкі гарэлкі былі асушаны і госці паразыходзіліся. Маладыя пайшлі ў спальню, размешчаную, як і ўсе іншыя пакоі, на першым паверсе. Было душнавата, і яны не сталі зачыняць акно, толькі сту-
лілі аканіцы. На камодзе гарэла невялікая безгустоўная лямпа — цясцёў падарунак; пасланы ложак быў гатоў прыняць новую пару, якая за ўвесь цырыманіял сельскіх буржуа не абмянялася ніводным пацалункам.
Разалі ўжо зняла капялюшык і сукенку і цяпер у адной ніжняй спадніцы расшнуроўвала чаравікі, а Жан дакурваў цыгарэту і краем вока паглядваў на сваю маладую жонку.