Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Гі дэ Мапасан НАВЕЛЫ
Пераклад з французскай
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1987
ББК 84.4Фр М 24
Укладанне і каментарыі
СЯРГЕЯ ШУПЫ
Пераклады зроблены з выданняў:
Maupassant, Guy de. Nouvelles choisies.— Moscou: Editions en Langues Etrangeres, 1963. Maupassant, Guy de. Contes et nouvelles choisis.— Moscou: Editions du Progres, 1976. Maupassant, Guy de. Le Rosier de Madame Husson.— Paris: Albin Michel, 1963. Maupassant, Guy de. Contes de la becasse.— Paris: Albin Michel, 1968. Maupassant, Guy de. Le Horia.— Paris: Albin Michel, 1973.
4703000000 —108
M M 302(03) — 87 169-87
@ Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1987.
ПАМПУШКА
Шмат дзён запар праз горад цягнуліся рэшткі разбітай арміі. Гэта было ўжо не войска, а бязладная арда.
Салдаты, зарослыя неахайнымі бародамі, у падраных мундзірах, паныла пляліся, без сцягоў, уразброд. Змораныя, прыгнечаныя, гэтыя дзецюкі, здавалася, не маглі ўжо ні думаць, ні дзейнічаць, брылі адно па звычцы, а як толькі спыняліся, падалі ад знямогі. Асабліва шмат было рэзервістаў — мірных людзей, бяскрыўдных ранцье, прыгорбленых цяжарам вінтоўкі, ды аднолькава падатных паніцы і ўздыму салдатаў нацыянальнай гвардыі, заўжды гатовых і да атакі, і да ўцёкаў; між іх сям-там мільгалі «чырванаштаннікі» — ашмоткі дывізіі, перамолатай у бітве; у адным шэрагу з пехацінцамі розных палкоў можна было сям-там заўважыць то цёмныя мундзіры артылерыстаў, то бліскучую каску нязграбнага драгуна, які ледзьве ўлягаў за болей ходкай пяхотай.
Праходзілі падобныя да шайкі разбойнікаў атрады вольнанаёмных стралкоў з гераічнымі найменнямі: «Мсціўцы за паражэнне», «Грамадзяне магілы», «Падзельнікі смерці».
Камандзіры гэтых атрадаў, былыя суконшчыкі ці лабазнікі, гандляры салам ці мылам, выпадковыя воіны, узведзеныя ў чын афіцэра за машну ці за пышныя
вусы, увешаныя зброяй, убраныя ў мундзіры з галунамі, размаўлялі гучна і самаўпэўнена, абмяркоўвалі нланы кампаніі і выхваляліся, што толькі на іх плячах і трымаецца няшчасная Францыя; але часам яны проста баяліся сваіх смелых да безразважнасці салдатаў — вісельнікаў, грабежнікаў і гвалтаўнікоў.
Хадзілі пагалоскі, што прусакі вось-вось зоймуць Руан.
Нацыянальная Гвардыя, якая апошнія два месяцы вельмі асцярожна вяла разведку ў навакольных лясах ды сяды-тады падстрэльвала сваіх вартавых і спешна займала баявыя пазіцыі пры шолаху якога-небудзь зайчыка ў кустоўі, разбрылася па сваіх сямейных кутках. Зброя, мундзіры — усё тое забойнае прыладдзе, якім яна зусім нядаўна палохала межавыя слупы бальшакоў на тры мілі ў акружнасці, раптоўна некуды знікла.
Апошнія французскія салдаты пераправіліся нарэшце цераз Сену з намерам дабрацца да Понт-Адэмэра праз Сэн-Сэвэр і Бург-Ашар; ззаду за ўсімі ішоў з двума ад’ютантамі генерал, прыгнечаны, бяссільны нешта зрабіць з гэтымі разрозненымі шматкамі, і сам разгублены ад той страшэннай катастрофы, якая спасцігла вялікі народ, прызвычаены да перамог, а цяпер нашчэнт разбіты, нягледзячы на сваю легендарную храбрасць.
Потым над горадам навісла мёртвая цішыня, маўклівае чаканне немінучай бяды. Шмат хто з атлусцелых буржуа, што страцілі ўсялякую мужнасць за стойкамі ды прылаўкамі, са страхам чакалі пераможцаў, каб хоць тыя, крый божа, не палічылі зброяй іх пожагі ці вялікія кухонныя нажы.
Жыццё ў горадзе спынілася: крамкі былі на замках, вуліцы абязлюдзелі. Рэдкія прахожыя, напалоханыя злавеснай цішынёй, баязліва трымаліся бліжэй да сцен.
Чаканне было такое пакутнае, што, здавалася, хай бы ўжо лепш хутчэй прыйшоў ён, той вораг.
На другі дзень па адыходзе французскага войска па палудні па горадзе прамчаліся уланы, якія невядома скуль узяліся. Трохі пазней па схіле Сэнт-Катрын скацілася адна чорная лавіна, дзве другія плыні захопнікаў хлынулі з боку Дарнэтальскай і Буа-Гіёмскай дарог. Авангарды ўсіх трох карпусоў адначасна ўступілі на плошчу перад ратушай, і па ўсіх суседніх вуліцах разгарнуліся батальёны германскай арміі — брукаванкі аж гулі пад чаканным страявым крокам.
Словы каманды, што выкрыкваліся нязвыклымі гартаннымі галасамі, узляталі каля дамоў, якія здаваліся вымерлымі і апусцелымі, аднак паўсюль з-за прымкнёных аканіц за гэтымі мужчынамі-пераможцамі, якія «па праву вайны» раптам сталі ўладарамі горада, маёмасці і самога жыцця, спалохана цікавалі чалавечыя вочы. Руанцы, пазатойваныя ў сваіх кутках, былі ў тым стане гранічнай разгубленасці, які звычайна спавадоўваюць страшныя стыхійныя бедствы, знішчальныя землятрусы, проці якіх бездапаможная ўся мудрасць і ўся моц чалавека. Нас заўсёды апаноўвае жах, калі звыклы парадак скасаваны, калі раптам перастаеш пачуваць сябе ў бяспецы, калі ўсё, што ахоўвалася законамі людзей ці законамі прыроды, апынаецца ва ўладзе нейкай няўцямнай і лютай сілы. Землетрасенне, якое цэламу паселішчу нясе пагібель пад руінамі жылля, рачная паводка, якая нясе целы ўтопленых сялян разам з трупамі валоў і сарванымі кроквамі дахаў, ці пераможная армія, якая забівае ўсіх, хто абараняецца, бярэ астатніх у палон, рабуе пад імем Мяча і пад грукат гарматаў узносіць хвалу свайму богу,— усё гэта жахлівыя бічы чалавецтва, якія касуюць нашу веру ў адвечную справядлівасць, у нябесную ахову і розум чалавека.
Але ў кожныя дзверы ўжо стукаліся, а потым знікалі ў дамах невялічкія атрады. Услед за нашэсцем усталёўвалася акупацыя. У пераможаных узнік новы абавязак — выказваць гасціннасць да пераможцаў.
Прамінуў пэўны час, першы прыступ перапалоху суняўся, і зноў усталяваўся спакой. Шмат у якіх сем’ях прускі афіцэр сталаваўся разам з гаспадарамі. Часам гэта быў прыстойна выхаваны чалавек, і ён з ветлівасці шкадаваў Францыю, казаў, што яму моташна ўдзельнічаць у гэтай вайне. Яму былі ўдзячныя за TaKia пачуцці; дый у любы момант магло спатрэбіцца яго заступніцтва. Дагаджаючы яму, можа, удасца зменшыць пастой на некалькі чалавек. Дый навошта крыўдзіць таго, ад каго цалкам залежыш? Гэта была б ужо нават не адвага, а безразважнасць.— А руанцы цяпер і не блюзнераць безразважнасцю, як у часы гераічнага змагання, якою яньі праславіліся, абараняючы свой горад.— I, нарэшце, кожны даваў неабвержаны доказ, падказаны французскай абыходлівасцю: у сябе дома цалкам дапушчальна быць ветлівым з іншаземным салдатам, абы толькі на людзях не выяўляць свайго панібрацтва з ім. На вуліцы яго пераставалі пазнаваць, але затое дома з ім ахвотна вялі размовы, і з кожным вечарам немец усё даўжэй грэўся каля сямейнага агнішча.
Дый сам горад спакваля набываў звычайны выгляд. Французы яшчэ не рызыкавалі выходзіць з дому, затое прускія салдаты кішма кішэлі на вуліцах. Зрэшты, афіцэры блакітных гусараў, якія з выклікам цягалі па бруку свае доўгія прылады смерці, бадай, пагарджалі простымі гараджанамі не нашмат болей, чым афіцэры французскіх егераў, што пілі ў тых самых кавярнях год таму назад.
I ўсё-такі ў горадзе адчувалася нешта няўлоўнае і непрывычнае, панавала нейкая чужая, задушлівая атмасфера, цяжкі нязносны пах — пах нашэсця. Ён
стаяў у жыллі і ў грамадскіх мясцінах, надаваў своеасаблівы прысмак ежы, выклікаў такое ўражанне, быццам падарожнічаеш па нейкай вельмі адлеглай краіне, сярод дзікіх і небяспечных плямёнаў.
Пераможцы вымагалі грошай, процьму грошай. Жыхары плацілі і плацілі; зрэшты, яны былі багатыя. Але чым нармандскі гандляр заможнейшы, тым ён мацней пакутуе ад самай маленькай страты, ад пераходу найдробязнай крыхі свайго багацця ў чужыя рукі.
Між тым за дзве-тры мілі ад горада ўніз па цячэнні, паблізу Круасэ, Дзьепдаля ці Б’есара, воднікі і рыбакі неаднойчы выцягвалі з рачных глыбіняў разбухлыя трупы нямецкіх салдатаў, зарэзаных ці забітых ударам башмака, з раструшчанай каменем галавой ці проста сапхнутых у ваду з моста. Рачны глей хаваў гэтыя ахвяры таемнай помсты, жорсткай і справядлівай, гэтыя подзвігі невядомых герояў, маўклівыя начныя напады, куды небяспечнейшыя, чым бітвы сярод белага дня, і без рэха славы.
Нянавісць да Чужынца адвеку ўзбройвае жменьку Бясстрашных, гатовых памерці за Ідэю.
Але хоць заваёўнікі і падначалілі горад сваёй жалезнай дысцыпліне, усё ж не ўчынілі ніводнай з тых жахлівых жорсткасцей, якія, калі верыць чуткам, суправаджалі іхняе пераможнае шэсце, людзі ўрэшце асмялелі, і цяга да гандлёвых спраў зноў ажыла ў сэрцах мясцовых камерсантаў. Сёй-той з іх быў звязаны вялікімі грашовымі інтарэсамі з Гаўрам, які знаходзіўся ў руках французскай арміі, і яны надумаліся ехаць сушай да Дзьепа, там сесці на параход і гэтак дабрацца да жаданага порта.
У ход пайшоў уплыў знаёмых нямецкіх афіцэраў, і камендант горада даў дазвол на выезд.
I вось, наняўшы на гэтае падарожжа вялікі дыліжанс, у які было запрэжана чацвёра коней, дзесяць
пасажыраў пасля адзнакі ў фурмана дамовіліся выехаць у аўторак раніцай, да світання, каб пазбегнуць зборышча цікаўных.
Яшчэ за некалькі дзён да гэтага мароз моцна скаваў зямлю, а ў панядзелак, гадзіне а трэцяй дня, з поўначы насунуліся вялікія цёмныя хмары і пайшоў снег, які не сунімаўся ўвесь вечар і ўсю ноч.
А палове пятай ранку падарожнікі сабраліся ў двары «Нармандскага гатэля», дзе яны меліся сесці ў карэту.
Яны яшчэ не зусім прачнуліся і, дрыжучы ад холаду, зябка хуталіся ў свае пледы і шалі. У цемры яны ледзьве бачылі адзін аднаго, а цяжкая зімняя вопратка рабіла ўсіх падобнымі на растаўсцелых кюрэ ў доўгіх сутанах. Але вось двое пасажыраў пазналі адзін аднаго, да іх падышоў трэці, і яны разгаварыліся.
— Я еду з жонкаю,— сказаў адзін.
— Я таксама.
— I я.
Першы дадаў:
— Мы ўжо не вернемся ў Руан, а калі прусакі падыдуць да Гаўра, выедзем у Англію.
Ва ўсіх меліся аднолькавыя намеры, бо гэта былі людзі аднаго асяродку.
А карэты між тым усё не запрагалі. Невялікі конюхаў ліхтар раз-пораз з’яўляўся ў адных цёмных дзвярах і адразу ж знікаў у другіх. 3 глыбіні стайні далятаў прыглушаны саламяным падсцілам стук капытоў і мужчынскі голас, які панукваў і лаяў коней. Па лёгкім пазвоньванні шамкоў можна было здагадацца, што прыладжваюць збрую; пазвоньванне перайшло неўзабаве ў выразны, працяжны звон, суладны мерным рухам каня; часам ён заміраў, потым рэзва ўзнаўляўся адначасна з глухім стукам падкоў.
Раптоўна дзверы зачыніліся. Усё сціхла. Азяблыя