Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
— Ды якія могуць быць сумненні, пані?! Даволі часта ўчынак сам па сабе варты асуджэння, бывае пахвальны дзякуючы пабуджэнню, якое натхняе на той крок.
I яна яшчэ доўга разважала гэтаксама, абмяркоўвала волю бога, прадбачвала яго раіпэнні, прыпісвала яму ўмешванне ў справы, якія, калі папраўдзе, зусім яго і не абыходзяць.
Усё гэта падавалася замаскавана, спрытна, красамоўна. Але кожнае слова святой сястры ў манаскім убранні рабіла прабоіну ва ўгневаным супраціўленні куртызанкі. Потым гамонка трохі адхілілася ад галоўнага кірунку, і манашка загаварыла пра манастыры яе ордэна, пра сваю ігуменню, пра сябе самую і пра сваю прывабную суседку, каханую сястру з абшчыны св. Нікіфара. Іх выклікалі ў Гаўр, каб даглядаць у шпіталях салдатаў, хворых на воспу. Яна расказвала пра гэтых няшчасных, падрабязна апісвала іх пакуты. I вось, пакуль з капрызу гэтага прусака іх затрымваюць у дарозе, богведама колькі памрэ французаў, якіх яны, магчыма, уратавалі б! Даглядаць параненых і хворых ваенных было яе спецыяльнасцю; яна была
і ў Крыме, і ў Італіі, і ў Аўстрыі, і, расказваючы пра свае вандроўкі, яна неспадзявана паказала сябе адной з тых хвацкіх і ваяўнічых манашак, якія нібыта на тое і створаны, каб ісці следам за войскам, падбіраць параненых у разгар бітвы і лепей ад любога камандзіра адзіным словам утаймоўваць расхлябаных ваякаў; гэта была сапраўдная «ваенная сястра», і яе змарнелы, пабіты воспай твар быў як бы сімвалам руйнаванняў, спрычыньваных вайной.
Пасля яе ніхто не сказаў ні слова, настолькі ўражлівым падалося ўсё выказанае ёю.
Як толькі паабедалі, усе адразу заспяшаліся ў свае пакоі і выйшлі толькі назаўтра раніцай, даволі позна.
Снеданне прайшло спакойна. Вычэквалі, каб зерне, пасеянае напярэдадні, прарасло і закаласавала.
Апоўдні графіня прапанавала прагуляцца, і, як загадзя было дамоўлена, граф узяў Пампушку подручкі і трошкі адстаў з ёю ад іншых.
Ён гаварыў з ёю фамільярным, апякунскім, трохі пагардлівым тонам, якім салідныя мужчыны размаўляюць з публічнымі жанчынамі, называў яе «дзіця маё», паблажліва апускаючыся да яе з вышыні свайго сацыяльнага становішча, той само сабой зразумелай пашаны, якою быў ён акружаны. Ён без ніякіх хітрыкаў прыступіў да сутнасці справы:
— Значыць, вы намераны трымаць нас тут і падстаўляць, як і сябе самую, небяспецы ўсіх магчымых здзекаў, непазбежных у выпадку паражэння прускай арміі, толькі б не рабіць прыемнасці, якую вы рабілі ў сваім жыцці столькі разоў?
Пампушка нічога не адказала.
Ён дзейнічаў на яе ласкавасцю, доказамі розуму, заклікаў да яе пачуццяў. Ён умеў заставацца на вышыні сваёй графскай годнасці, быў галантны, калі гэта патрабавалася, ліслівы, нават сардэчны. Ён расхвальваў паслугу, якую яна магла б зрабіць ім, гаварыў пра
тое, як бы яны былі ёй удзячныя; а потым раптам весела загаварыў з ёю на «ты>:
— А знаеш, дарагая, у яго будуць усе падставы выхваляцца, што паласаваўся такой панадненькай дзяўчынай, якіх не шмат знойдзецца ў яго на радзіме!
Пампушка нічога не адказала і паспешліва далучылася да ўсёй кампаніі.
Па вяртанні з прагулкі яна адразу ж паднялася ў свой пакой і болей не выходзіла. Занепакоенасць дасягнула найвышэйшай ступені. Што яна вырашыць? А што, калі ўсё-такі заўпарціцца? Які жах’
Настала пара абеду; яна не з’яўлялася. Нарэшце прыйшоў пан Фалянві і паведаміў, што пані Русэ не зусім здаровая, можна сядаць за стол без яе. Усе натапырылі вушы. Граф падышоў да карчмара і ціха спытаўся:
— Згадзілася?
— Ага.
3 прыстойнасці ён нічога не сказаў сваім спадарожнікам, толькі лёгка кіўнуў ім. Адразу ва ўсіх вырваўся глыбокі ўздых палёгкі, твары павесялелі. Люазо ўсклікнуў:
— Д’ябал мяне вазьмі! Плачу за шампанскае, калі толькі яно знойдзецца ў гэтым доме!
На вялікі жах пані Люазо, гаспадар неўзабаве прынёс ажно чатыры бутэлькі. Усе ўміг парабіліся надзвычай кампанейскія і шумлівыя; нястрымная радасць распірала іх сэрцы. Граф быццам упершыню заўважыў, што пані Карэ вельмі прыгожая; фабрыкант кідаў кампліменты графіні. Гамонка вялася жывая, вясёлая, дасціпная.
Раптам Люазо ўстрывожана ўскінуў рукі ўгору і крыкнуў:
— Ціха.
Усе змоўклі ў здзіўленні і нават у страху. Люазо прыслухаўся, загадваючы ўсім памаўчаць, узняў вочы
да столі, прыслухаўся зноў і потым прамовіў сваім звычайным голасам:
— Супакойцеся, усё ў парадку.
Ніхто не адважыўся паказаць, што зразумеў, але ўсмешка мільгнула на ўсіх тварах.
Хвілін праз пятнаццаць ён паўтарыў тую самую камедыю і праз увесь вечар узнаўляў яе неаднойчы; ён рабіў выгляд, быццам звяртаецца да некага на паверсе вышэй і дае яму двухсэнсоўныя парады, вывуджаныя з запасаў свайго коміваяжорскага досціпу. Часам ён з уяўнай журбою ўздыхаў: «Беднае дзяўчо!>; альбо разгневана цадзіў праз зубы: «Прэч, прускі нягоднік!» Некалькі разоў, калі, здавалася, ніхто ўжо і не думаў пра гэта, ён дрыготкім голасам усчынаў лямант: «Годзе! Годзе!» — і дадаваў быццам самому сабе: «Хоць бы нам убачыць яе яшчэ жывую, хоць бы гэты паскуднік не даканаў яе!»
Хоць гэтыя жартачкі былі дурнымі выхадкамі, яны забаўлялі кампанію і нікога не абуралі, бо абурэнне, як і ўсё астатняе, залежыць ад асяроддзя, атмасфера ж, якая спакваля ўтварылася ў заезным двары, была насычана фрывольнымі думкамі.
За дэсертам нават жанчыны сталі рабіць стрыманыя гуллівыя намёкі. Вочы ва ўсіх разгарэліся: выпіта было шмат. Граф, які захоўваў велічнасць нават тады, калі дазваляў сабе вольнасць, параўнаў іх становішча з заканчэннем вымушанай зімоўкі на полюсе, а іх пачуцці — з радасцю пацярпелых караблекрушэнне, якія бачаць нарэшце, што ім адкрыўся шлях на поўдзень; параўнанне мела вялікі поспех.
Развяселены Люазо ўстаў з келіхам шампанскага Ў РУЦЭ:
— П’ю за напіа вызваленне!
Усе ўсталі і хорам падтрымалі яго тост. Нават манашкі паддаліся ўгаворам паняў і згадзіліся прыгубіць пеністага віна, якога яны яшчэ ніколі не капітавалі.
Яны абвясцілі, што яно падобна на шыпучы ліманад, толькі яшчэ смачнейшае.
Люазо падагуліў:
— Як шкода, што тут няма фартэпіяна: от бы кадрылю цяпер!
Карнюдэ за ўвесь вечар не прамовіў ні слова, не зрабіў ні руху; быццам апанаваны змрочным роздумам, ён толькі раз-пораз люта тузаў сябе за доўгую бараду, як бы намагаючыся яшчэ болей падоўжыць яе. Нарэшце, пад апоўнач, калі пачалі разыходзіцца, Люазо, які ледзьве трымаўся на нагах, нечакана пляснуў Карнюдэ па жываце і сказаў непаслухмяным языком:
— Што гэта вы невясёлы сёння? Чаму вы ўсё маўчыце, грамадзянін?
Карнюдэ рэзка ўзняў галаву і, абводзячы кампанію палымяным і грозным позіркам, адказаў:
— Ведайце, што ўсе вы зрабілі подласць!
Ён устаў, пайшоў да дзвярэй, абярнуўся і яшчэ раз паўтарыў:
— Подласць, подласць! — і знік.
Спачатку ўсім стала ніякавата. Азадачаны Люазо стаяў з разяўленым ротам, але хутка да яго вярнулася звычайная самаўпэўненасць, і ён нечакана зарагатаў, прыгаворваючы:
— Хоць бачыць вока, ды дастаць далёка!
Так як ніхто не разумеў, што тут да чаго, ён расказаў пра «таямніцы калідора». Грымнуў чарговы выбух весялосці. Пані аж падалі ад смеху. Граф і пан Карэ-Лямадон рагаталі да слёз. Ім нават не верылася, што гэта праўда.
— Як?! Няўжо?! Ён хацеў...
— Ды кажу ж вам, я сам бачыў!
— I яна адмовіла?!.
— Таму што прусак быў у суседнім пакоі!
— Быць не можа!
— Клянуся!
Граф проста задыхаўся. Фабрыкант трымаўся за бакі. Люазо не сунімаўся:
— Дзіва што цяпер яму зусім, зусім не да жартаў!
I ўсе зноў аж заходзіліся, аж знемагалі ад рогату.
Нарэшце разышліся. Пані Люазо, асоба з’едлівая, укладваючыся спаць, не прамінула заўважыць мужу, што «гэтая ведзьмачка Карэ-Лямадон» увесь вечар смяялася змушаным смехам:
— Знаеш, калі жанчына шалее ад мундзіра, дык ёй ужо сапраўды ўсё адно, хто яго носіць, француз там ці прусак. Ну, ці ж не сарамата, даруй божа?!
I ўсю ноч у цемені калідора праносіліся слабыя пошумы, шолахі, ледзьве ўлоўныя, нібы ўздыхі, павевы, шарахценне босых ног, невыразныя скрыпы. Пастаяльцы пазасыналі, відаць, вельмі позна, бо пад дзвярыма яшчэ доўга віднеліся палоскі святла. Шампанскае часта дзейнічае гэтак: ад яго не спіцца.
На другі дзень снег асляпляльна зіхацеў пад яркім зімовым сонцам. Дыліжанс, нарэшце-такі запрэжаны, чакаў каля варотаў, а чарада белых галубоў, ружовавокіх, з чорнымі кропачкамі зрэнак, выпнуўшы бухматыя грудкі, важна разгульвала каля ног шасцёркі коней, шукаючы спажытку ў дымных конскіх яблыках.
Фурман, захутаны ў кажух, пакурваў на козлах люльку, а ўсцешаныя падарожныя таропка ўкладвалі пакункі з харчамі на рэшту шляху.
Чакалі толькі Пампушку. Але вось з’явілася і яна.
Яна была трохі ўсхваляваная, збянтэжаная; нясмела падышла да сваіх спадарожнікаў, аднак тыя, нібы па ўгаворы, дружна адвярнуліся, быццам не заўважылі яе. Граф з падкрэсленай годнасцю ўзяў жонку подручкі і адвёў убок, як бы аберагаючы ад нячыстага дотыку.
Таўстушка, уражаная, спынілася; потым сабрала ўсю сваю мужнасць, падышла да жонкі фабрыканта і збянтэжана пралепятала:
— Добры дзень, пані...
Тая толькі ледзь кіўнула галавой і кінула на яе позірк зганьбаванай дабрачыннасці. Усе прыкідваліся, што дужа заняты сваімі справамі, і трымаліся як мага далей ад Пампушкі, нібыта яна ў сваім прыполе прынесла нейкую заразу. Потым усе таропка падаліся ў карэту; Пампушка ўвайшла апошняя і моўчкі села на тое ж месца, якое займала на пачатку дарогі.
Яе, здавалася, болей не заўважалі, не пазнавалі; адно пані Люазо, з асуджэннем разглядваючы яе зводдаль, сказала мужу напаўголаса:
— Якое іпчасце, што я сяджу не побач з ёю!
Цяжкі дыліжанс калыхнуўся, і падарожжа ўзнавілася.
Спачатку ўсе маўчалі. Пампушка не адважвалася ўзняць вочы. Яна і гневалася на сваіх суседзяў, і адчувала сябе прыніжанай, што саступіла ім, што апаганіла сябе пацалункамі прусака, у абдымкі якога яе штурхнулі гэтыя крывадушнікі.
Неўзабаве графіня абярнулася да пані Карэ-Лямадон і абарвала гнятлівае маўчанне.
— Вы, здаецца, знаёмыя з паняю д’Этрэль?
— А як жа, гэта мая прыяцелька!
— Якая цудоўная жанчына!
— Проста чароўная! Вось ужо дзе вытанчаная натура, адукаваная, таленавітая! I дзівосна спявае, і малюе проста выдатна!
Фабрыкант субяседнічаў з графам, і скрозь бразгатанне шыбак часам чуліся словы: «купон — вэксаль — плацёж — у тэрмін».