Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Ён цікаваў за ёю, і яго агнёвыя вочы хутчэй выдавалі пажадлівасць, чым пяшчоту: ён не гэтак кахаў дзяўчыну, як жадаў яе. I рашуча, рэзкім рухам мужыка, які гатовы ўзяцца за работу, Жан сцягнуў з сябе кашулю.
Разалі скінула чаравікі і ўзялася за панчохі.
— Марш за полаг, пачакай там, пакуль я лягу,— сказала яна.
Яны ведаліся з маленства і былі на «ты».
Жан для прыліку заўпарціўся, потым, хітравата пасмейваючыся, пайшоў і схаваўся за полаг, аднак вытыркнуў галаву. Разалі рассмяялася і пачала засланяць яму вочы, Жан не даваўся — у любоўнай, жыццярадаснай забаве маладых не было і знаку сораму ці няёмкасці.
Урэшце Жан саступіў; Разалі ўмомант расшмаргнула завязку ў сваёй апошняй спадніцы — тая слізганула па клубах, зляцела да ступняў і колам прыпала да падлогі. Разалі не стала падымаць яе, толькі адкінула нагой убок і ў адной танюткай кашулі кульнулася ў ложак, спружыны якога тут жа азваліся рыпам пад яе цяжарам.
Каля ложка адразу з’явіўся Жан, таксама ўжо разуты і раздзеты, нахіліўся да жонкі і стаў шукаць яе вусны, а Разалі хавала твар у падушку, і раптам данёсся далёкі стрэл — ад лесу Рапэ, як падалося Жану.
Ён занепакоена выпрастаўся, з зашчымелым сэрцам падбег да акна і расчыніў аканіцы.
Сядзіба была заліта жоўтым ззяннем поўні. Толькі пад яблынямі ляжалі густыя плямы ценю. Воддаль залаціста свяцілася поле спелай пшаніцы.
Жан высунуўся з акна, выцікоўваючы кожны начны шолах, але тут аголеныя рукі абвілі яму шыю, і Разалі, адцягваючы мужа назад, прашаптала:
— Ды кінь ты, што табе да гэтага! Хадзем!..
Ён абярнуўся, абняў яе, скрозь далікатную тканіну адчуў усё яе трапяткое цела, лёгка падхапіў жонку на рукі і панёс на пасцель.
Але ў той момант, як ён паклаў яе на ложак — той угнуўся ад цяжару,— грымнуў другі стрэл, на гэты раз бліжэй.
— ...вашу маць! — вылаяўся ўз’юшаны Жан.— Яны думаюць, што я ўжо і не выйду з-за цябе?.. Ну, пачакайце ж, пачакайце!
Ён ліхаманкава абуўся, сарваў з цвіка стрэльбу, што заўжды вісела так, каб да яе лёгка было дацягнуцца, і, не зважаючы на роспач жонкі, якая хапала яго за калені і ўмольвала нікуды не хадзіць, адштурхнуў яе, рынуўся да акна і выскачыў у двор.
Мінула гадзіна, потым другая,— Разалі чакала... Пачало світаць, а муж усё не вяртаўся. Разалі дарэшты перапалохалася, кінулася клікаць людзей, расказала, што раз’ятраны Жан пабег лавіць браканьераў.
Найміты, вознікі, парабкі кінуліся шукаць гаспадара.
Яго знайшлі за дзве мілі ад фермы, прывязанага вяроўкамі да дрэва, ледзь жывога ад шаленства; стрэльба яго была пераламаная, порткі адзеты навыварат, на грудзях віселі тры забітыя зайцы і запіска:
«Як ідзеш на паляванне, дык забудзься пра каханне».
Мінуў час, і калі Жан прыгадваў сваю шлюбную ноч, то абавязкова дадаваў:
— Пацешыліся з мяне, што і казаць! Яны схапілі
мяне, як трусіка, падлы, і тут жа накінулі мяшок на галаву. Але хай адно пападуцца мне калі-небудзь, папомняць ужо мяне, папомняць!
Вось як жартуюць на вяселлях у Нармандскім краі.
ПЛЯЦЕЛЬШЧЫЦА КРЭСЛАЎ
Леону Эніку
Гэта было ў канцы абеду, які даваў маркіз дэ Бэртран з нагоды адкрыцця паляўнічага сезона. Вакол ярка асветленага стала, убранага садавіною і кветкамі, сядзелі адзінаццаць паляўнічых, восем маладых жанчын і мясцовы доктар.
Загаварылі пра каханне, і распачаліся гарачыя спрэчкі, вечныя спрэчкі на тэму: колькі разоў можна кахаць па-сапраўднаму, раз толькі ці многа разоў? Хто даваў прыклады людзей, у жыцці якіх было адно-адзінае каханне; хто тут жа прыгадваў іншыя выпадкі, калі палкая страсць спазнавалася неаднаразова. Большасць мужчын меркавала, што любоўная цяга, як хвароба, можа часта апаноўваць чалавека і здольная нават давесці яго да пагібелі, калі на яе шляху ўзнікае якая-небудзь перашкода. Хоць такі погляд на з’яву і не касаваўся, жанчыны, якія ў сваіх меркаваннях апіраліся болей на паэзію, чым на жыццёвы вопыт, сцвярджалі, што каханне сапраўднае, вялікае каханне пасылаецца смяротнаму толькі адзін раз, і сэрца, працятае ім, як маланкаю, так спустошваецца, руйнуецца, папялее, што ніякае іншае моцнае пачуццё, нават мара пра яго, ужо не могуць другі раз зарунець у чалавеку.
Маркіз, які зведаў багата любоўных прыгод, горача аспрэчваў такую думку:
— А я перакананы, што можна кахаць многа pa-
зоў, і кахаць моцна, усёю душою! Вы сцвярджаеце, што захапленне паўтарыцца не можа, і спасылаецеся на людзей, якія рукі налажылі на сябе праз каханне. А я ўпэўнены: каб яны не зрабілі гэтага глупства — самазабойства, якое збавіла іх магчымасці новага захаплення, яны ажылі б; яньі несумненна пакахалі б зноў, і каханне прыходзіла б яшчэ не раз да самай іхняй смерці! Закаханыя падобныя да п’яніц. Хто запіў — піць не перастане, хто кахаў — зноў кахаць будзе. Уся справа ў тэмпераменце, і толькі.
Каб вырашыць спрэчку, папрасілі доктара — пажылога лекара, былога парыжаніна, які жыў цяпер у вёсцы,— выказаць сваю думку.
Аднак нейкага пэўнага меркавання не мелася і ў доктара.
— Тут сапраўды, як слушна заўважыў маркіз, усё залежыць ад тэмпераменту. Асабіста мне вядомы толькі адзін прыклад, калі каханне не тухла цэлых пяцьдзесят пяць гадоў, яго абарвала толькі смерць.
Маркіза ажно запляскала ў ладкі:
— Вось гэта здорава! Можна толькі марыць пра такое каханне! Якая раскоша — пяцьдзесят пяць гадоў быць ахінутым такой апантанай, пранікнёнай любасцю! Які шчаслівы, пэўна, удзячны жыццю быў той чалавек, якога так моцна кахалі!
Доктар усміхнуўся.
— Сапраўды, мадам, вы не памыляецеся, кахалі мужчыну. Ды вы яго ведаеце — гэта пан Шукэ, наш аптэкар. А жанчына — жанчыну вам таксама даводзілася бачыць: гэта старая пляцельшчыца крэслаў, яна штогод завітвала ў замак. Зрэшты, раскажу вам усё падрабязна.
Захапленне паняў адразу атухла; іх расчараваныя тварыкі грэбліва паморшчыліся, як быццам на каханне здатныя былі толькі вытанчаныя, шляхетныя асобы, выклікаць цікавасць маглі толькі багатыя людзі.
Доктар прадаўжаў:
— Тры месяцы таму назад мяне паклікалі да гэтай старой жанчыны: яна памірала. Яна прыехала ў вёску літаральна за дзень да смерці; вам выпадала бачыць яе калымагу, у якой яна і ездзіла, і жыла, і якую цягнула нягеглая каняка, а вобак беглі дзве вялізныя чорныя псіны — яе сябры і ахова. Кюрэ быў ужо каля яе. Яна папрасіла нас быць яе душапрыказчыкамі, а каб мы лепей зразумелі сэнс яе апошняга жадання, яна расказала нам пра ўсё сваё жыццё. Я не чуў нічога дзіўнейшага і гаротнейшага.
Бацькі яе былі пляцельшчыкамі крэслаў — і бацька, і маці. Яна зроду не ведала іншага жытла, апроч гэтай буды.
Яна бадзялася з самага малку — акрытая лахманамі, вашывая, замурзаная. Сям’я прыпынялася каля рова на ўскрайку якога-небудзь селішча, каня адпрагалі і пускалі пасвіцца, сабака ўтыкаўся носам у лапы і драмаў, дзяўчынка кулялася ў траве, а бацька з маткай сядзелі ў засені прыдарожных вязаў і паднаўлялі старыя крэслы вяскоўцаў. У сваім вечным вандроўным побыце яны амаль не размаўлялі. Пры патрэбе вырашыць, каму з іх звыклым выкрыкам «Крэсльі пляцём, крэслы рамантуем!» пайсці па сяле, яны перакідваліся словам-другім, сядалі поруч альбо адно насупраць аднаго і браліся віць салому. Калі малая адыходзіла далёка ці загаворвала з якім-небудзь вулічным блазнюком, яе грозна аклікаў бацька:
— Ану, марш сюды, нягодніца!
I гэта былі адзіныя песты, якія ведала небарака.
Калі яна падрасла, бацькі сталі пасылаць яе збіраць заказы на рамонт. Тады ў яе сям-там завялося некалькі знаёмых падлеткаў; але цяпер ужо бацькі яе новых прыяцеляў раздражнёна гукалі сваіх дзяцей:
— Ану, марш сюды, шалапут! Хай толькі яшчэ раз пабачу цябе з якой галотаю!..
Нярэдка дзеці папускалі ў яе каменнем.
Здаралася, якая-небудзь пані кідала ёй мядзяк-другі — малая ашчадна берагла тыя грошы.
Аднойчы — было дзяўчынцы тады адзінаццаць гадоў,— праходзячы каля мясцовых могілак, яна наткнулася на расплаканага маленькага Шукэ: сябрук украў у яго два ліярды. Слёзы малога панічыка, аднаго з тых, якіх беднае ўяўленне абнядоленай жабрачкі малявала вечна ўсцешанымі і задаволенымі, страшэнна ўразілі дзеўчанятка. Яна падышла да хлопчыка, a калі даведалася прычыну яго гора, высыпала яму ў прыгаршчы ўсе свае назбіраныя грошы — сем су; малы не здзівіўся, узяў грошы, перастаў плакаць. У парыве шалёнай радасці дзяўчынка пацалавала хлапчука. А той настолькі засяроджана разглядваў грошы, што нават не звярнуў на гэта ўвагі. Бачачы, што ён яе не адпіхае, не адбіваецца, дзяўчынка яшчэ раз аберуч прытуліла яго да сябе, пацалавала і кінулася наўцёкі.
Што тварылася ў душы няшчаснай бадзяжкі? Чаму яна так прыкіпела да гэтага карапуза? Таму, што ахвяравала яму свой жабраваны скарб? Ці таму, што менавіта яму падарыла свой першы пяшчотны пацалунак? Каханне аднолькава таемна завалодвае і сэрцам дзіцяці, і сэрцам дарослага.
Прамінаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць ні таго кутка могілак, ні таго хлопчыка. У надзеі ўбачыцца з ім яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваіх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякім зручным выпадку, аблічвала іх то на рамонце крэслаў, то на куплі харчоў.
Другім разам, калі яна прыехала ў нашы мясціны, у яе ў кішэні мелася ажно два франкі, аднак ёй пашчасціла ўбачыць малепькага аптэкара толькі здалёк, у акне аптэкі, дзе ён — такі акуратненькі, чысценькі — сядзеў паміж барвовым шарам і слоікам з саліцёрам.
Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зіхоткіх крышталікаў, яна яшчэ мацней палюбіла яго.
Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, і калі яшчэ праз год яна выпадкова натрапіла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкі з сябрамі, яна кінулася да яго, сціснула ў абдымках і пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся і залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкі дваццаць сантымаў — сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелі ад неспадзяванкі.
Ён схаваў грошы ў кішэню і дазволіў дзеўчаняці лашчыць сябе столькі, колькі яна хацела.
Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, які ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункі. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкі, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты і прыніжэння, але той год быў кепскі), апошнім разам яна падарыла яму цэлы пяціфранковік — вялікую круглую манеціну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калі ўбачыў.