Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
Разумееце цяпер... разумееце цяпер... чаму я не магу бачыць людзей... не выношу іх смеху... калі яны флір-
туюць і прагнуць збліжэння... Бо там, унізе... унізе, у труме, паміж цюкамі з чаем і паўднёвымі арэхамі, стаіць яе труна... Я не магу прабрацца туды, трум замкнёны... але я адчуваю гэта ўсёю сваёю істотаю, адчуваю кожную секунду... і тады, калі тут іграюць вальсы або танга... Гэта, вядома, глупства, бо на дне мора ляжаць мільёны мерцвякоў, пад кожнаю пядзяю зямлі, на якую мы ступаем нагою, гніе труп... і ўсё-такі я не магу, не магу вынесці, калі наладжваюць тут маскарады і гэтак пажадліва смяюцца. Я адчуваю, што нябожчыца тут, тут яна, і ведаю, чаго яна ад мяне хоча... я ведаю, на мне яшчэ ляжыць абавязак... яшчэ не канец... яе таямніца яшчэ не схавана канчаткова... Нябожчыца яшчэ не адпусціла мяне...
На сярэдняй палубе зашоргалі крокі, зашлёпалі мокрыя швабры — матросы пачалі сваю ранішнюю прыборку. Ен здрыгануўся, як чалавек, якога злавілі на месцы злачынства; на яго змучаным твары адлюстраваўся спалох. Ён падняўся і прамармытаў:
— Пайду... пайду ўжо.
Цяжка было глядзець на яго — вельмі непрыглядны быў позірк апухлых пустых вачэй, пачырванелых ад віскі ці ад слёз. Яго бянтэжыла маё спачуванне, я адчуваў ва ўсёй яго згорбленай фігуры сорам, пакутлівы сорам за шчырасць са мною ў гэтую доўгую ноч. Міжволі я сказаў:
— Можа, вы дазволіце мне зайсці ўдзень да вас у каюту?
Ен паглядзеў на мяне,— жорсткая, здзеклівая, цынічная ўсмешка скрывіла яго губы, з нейкаю злосцю выціскаў ён з сябе кожнае слова.
— Ага... ваш славуты абавязак дапамагаць... ага... Гэтым самым слоўцам вы і спакусілі мяне, прымусілі развязаць язык. Ну не, паночку, дзякуй. He думайце, што мне цяпер лягчэй, пасля таго як я перад вамі вывернуў наверх усе свае вантробы, аж да самых кішак. Жыццё сваё я скалечыў, і ніхто мне яго не паправіць... выйшла гэтак, што служба шаноўнаму галандскаму ўраду мне нічога не дала... Пенсія — цю-цю, як бяздомны сабака вяртаюся я ў Еўропу... Скуголю, як сабака, што ідзе за труною... Беспакарана нядоўга бягуць тыя, каго гоніць амок: рана ці позна іх збіваць з ног, і я спадзяюся, што канец ужо не за гарамі... He, дзякуй,
паночку, за ласкавае жаданне мяне наведаць... У мяне ўжо ёсць у каюце сябрукі... некалькі пляшак добрага старога віскі, яны мяне часам суцяшаюць, а потым яшчэ — мой даўні сябар, да якога я, на жаль, своечасова не звярнуўся,— мой слаўны браўнінг... ён, зрэшты, паможа лепей, чым усялякая балбатня... Прашу вас, не турбуйцеся... у чалавека заўсёды застаецца адзінае права — здохнуць, як яму хочацца... і без няпрошанай дапамогі.
Ен яшчэ раз насмешліва... нават задзірліва паглядзеў на мяне, але я адчуваў — гэта гаварыў адно сорам, бясконцы сорам. Потым ён уцягнуў галаву ў плечы, павярнуўся і, не развітваючыся, пайшоў неяк крыва, цягнучы ногі, па ўжо светлай палубе да кают. Болей я яго не бачыў. Дарэмна шукаў я яго ў наступныя дзве ночы на звычайным месцы. Ен знік, і я мог бы падумаць, што ўсё гэта сон ці галюцынацыя, каб маю ўвагу не прыцягнуў пасажыр з жалобнаю павязкаю на рукаве. Гэта быў багаты галандскі камерсант, і мне расказалі, што ён толькі што страціў жонку, якая памерла ад нейкай трапічнай хваробы. Я бачыў, як ён хадзіў узад і ўперад па палубе ў баку ад другіх, бачыў замкнёны, засмучаны выраз яго твару, і думка пра тое, што я ведаю яго патаемныя думкі, бянтэжыла мяне; я заўсёды збочваў з дарогі, калі сустракаўся з ім, бо нават позіркам баяўся выдаць, што ведаю пра яго лёс болей, чым ён сам.
У неапальскім порце здарыўся потым той загадкавы няшчасны выпадак, тлумачэння якому трэба, мне здаецца, шукаць у апавяданні незнаёмага. Большасць пасажыраў вечарам з’ехала на бераг — я сам падаўся ў оперу, а адтуль у залітую святлом кавярню на Віа Рома. Калі мы ў шлюпцы вярталіся на параход, мне кінулася ў вочы, што некалькі лодак з паходнямі і ацэтыленавымі ліхтарамі кружылі ў пошуках чагосьці вакол карабля, а наверсе ў цемры неяк таямніча расхаджвалі карабінеры і жандары. Я спытаўся ў аднаго з матросаў, што здарылася. Ен ухіліўся ад адказу, і было ясна, што камандзе загадана маўчаць; на другі дзень, калі параход спакойна і без ніякіх здарэнняў пайшоў далей, у Геную, на борце па-ранейшаму нічога нельга было даведацца, і толькі ў італьянскіх газетах я пазней прачытаў рамантычна ўпрыгожанае паведамленне пра тое,
што здарылася ў Неапалі. У тую ноч, пісалі газеты, у позні час, каб не турбаваць сумным відовішчам пасажыраў, з борта парахода спускалі ў лодку труну з астанкамі знатнай дамы з галандскіх калоній. Матросы, у прысутнасці мужа, спускалі труну па вераўчанай лесвіцы ўніз. У гэты момант нешта цяжкае ўпала з верхняй палубы і пацягнула з сабою ў ваду і труну, і матросаў, і нябожчыцынага мужа, які дапамагаў ім. Адна з газет сцвярджала, што гэта быў нейкі вар’ят, які кінуўся зверху на вераўчаную лесвіцу. Другая газета пераконвала, што лесвіца абарвалася сама ад празмернага цяжару; як бы там ні было, параходная кампанія прыняла, відавочна, усе захады, каб утоіць праўду. Спусцілі лодкі і з вялікаю цяжкасцю выратавалі матросаў і нябожчыцынага мужа, але свінцовая труна адразу ж пайшла на дно, і яе не знайшлі. Кароткая нататка, што ў порце прыбіла да берага труп невядомага мужчыны ва ўзросце каля сарака гадоў, якая ў гэты час з’явілася ў газетах, не прыцягнула да сябе ўвагі грамадскасці, бо, відаць, яна не мела дачынення да рамантычна апісанага здарэння; але перада мною, ледзь толькі я прачытаў гэтыя кароткія радкі, яшчэ раз, як прывід, выступіў з-за газетнага ліста сінявата-бледны твар з бліскучымі шкельцамі акуляраў.
ДВАЦЦАЦЬ ЧАТЫРЫ ГАДЗІНЫ
3 ЖЫЦЦЯ ЖАНЧЫНЫ
За дзесяць гадоў да вайны я адпачываў на Рыўеры, у невялічкім пансіёне, і вось там аднаго разу за сталом выбухнула гарачая спрэчка, якая пагражала скончыцца сапраўднай сваркай са злоснымі выпадамі і нават абразаю. Большасць людзей не вызначаецца багатай фантазіяй. Тое, што адбываецца дзесьці далёка, непасрздна не тычыцца іх, не кранае і іх пачуццяў; але варта нават нязначнаму здарэнню адбыцца ў іх на вачах, адчувальна блізка, як імі авалодвае азарт. У такіх выпадках людзі як бы кампенсуюць звычайную сваю абыякавасць неадпаведнай і празмернай гарачнасцю.
Гэтак было і ў нашай добрапрыстойнай кампаніі; за абедам мы вялі small talk1, мірна перакідваліся лёгкімі
1 Вольная размова (англ.).
жартамі, устаўшы з-за стала, адразу ж разыходзіліся ў розныя бакі: нямецкая пара выпраўлялася з фотаапаратам на прагулку, дабрадушны датчанін — да сваіх нудных вудачак, англійская лэдзі — да сваіх кніжак, муж і жонка італьянцы падаваліся ў Монтэ-Карла, а я гультаяваў, разлёгшыся ў плененым крэсле, або садзіўся за работу. Але на гэты раз мы счапіліся ў бурнай перапалцы, і калі хто-небудзь раптам ускокваў з месца, то не дзеля таго, каб ветліва развітацца, а ў гарачцы спрэчкі, якая, як я ўжо сказаў, стала пад канец вельмі бурнаю.
Падзея, што гэтак разварушыла наш маленькі застольны гурток, сапраўды была надзвычайная. Пансіён, дзе жылі мы ўсемярых, рабіў уражанне прыватнай вілы — ах, які ж цудоўны від адкрываўся з нашых вокнаў на прыбярэжныя скалы! Але на самай жа справе ён быў толькі таннаю па цане часткаю вялікай гасцініцы ♦ Палас-атэль» і непасрэдна злучаўся з ёю садам, і таму мы, хоць і жылі асобна, былі ў пастаянных зносінах з насельнікамі атэля. Дык вось у гэтым атэлі наітярэдадні разыграўся вялікі скандал. На дзённым цягніку ў дванавдаць дваццаць (трэба дакладна вызначыць час, бо ён важны ў гэтым вынадку і іграе ролю ў нашай гарачай спрэчцы) прыехаў малады француз і заяяў пакой з відам на мора; ужо адно гэта сведчыла пра тое, што ён чалавек са сродкамі. Ен звярнуў на сябе ўвагу не толькі сваёю элегантнасцю, але перш за ўсё незвычайна прывабным абліччам; падоўжаны жаноцкі твар, шаўкавістыя светлыя вусы над пажадлівымі вуснамі, мяккія хвалістыя каштанавыя валасы з кучаравай пасмай, якая звісала на белы лоб, мяккі ласкавы позірк — усё ў ім было прыгожае нейкай мяккай ліслівай прыгажосцю; паводзіў ён сябе далікатна, але без усякай удаванасці і манернасці. Калі ён і нагадваў з першага позірку размаляваных васковых манекенаў, якія, з франтаватаю палкаю ў руцэ, горда красуюцца ў вітрынах модных магазінаў, увасабляючы ідэал мужчынскай прыгажосці, то блізка ўражанне фатаватасці рассейвалася, бо яго нязменна ветлівая ласкавасць (вельмі рэдкая з’ява!) была натуральная і як бы прыроджаная. Сціпла і сардэчна вітаў ён кожнага і было прыемна глядзець, як на кожным кроку проста і натуральна выяўляліся яго незвычайная элегантнасць і добрае выхаванне. Ен спяшаўся
падаць паліто даме, якая ішла да гардэроба, кожнаму дзіцяці знаходзіўся ў яго ласкавы позірк або жарт, быў ён далікатны ў абыходжанні, але без ніякай развязнасці; карацей кажучы, гэта быў, мусіць, адзін з тых шчасліўцаў, якім упэўненасць, што ўсіх зачароўвае іх ясны твар і юнацкае абаянне, надае яшчэ болыпую прывабнасць. На людзей у гадах і хваравітых — а іх тут было болыпасць — яго прысутнасць уздзейнічала дабратворна; сваёю свежасцю, жыццярадаснасцю, пераможнай юначай усмешкай, якая ўласціва надзвычайна прывабным людзям, ён адразу ж заваяваў агульную сімпатыю. Праз дзве гадзіны пасля прыезду ён ужо гуляў у тэніс з дочкамі тоўстага дабрадушнага фабрыканта з Ліёна — дванаццацігадовай Анет і трынаццацігадовай Бланш, а іх маці, кволая, элегантная, стрыманая мадам Анрыэт, з лёгкаю ўсмешкаю пазірала, як яе дочкігалапупкі несвядома какетнічаюць з маладым незнаёмцам. Увечары ён з гадзіну глядзеў, як мы гулялі ў шахматы, расказаў некалькі забаўных анекдотаў, доўга прагульваўся па тэрасе з мадам Анрыэт — муж яе, як заўсёды, гуляў у даміно са сваім сябрам, фабрыкантам з Намюра,— а позна ўвечары я застаў яго ў паўцёмнай канторы атэля за падазрона інтымнай гутаркай з сакратаркай. Назаўтра раніцаю ён суправаджаў датчаніна на рыбную лоўлю і выказаў пры гэтым надзвычайныя веды, потым доўга гутарыў з ліёнскім фабрыкантам аб палітыцы і, пэўна, таксама паказаў сябе цікавым субяседнікам, бо праз шум прыбою чуваць быў раскацісты рогат таўстуна фабрыканта. Пасля абеду — я наўмысна, дзеля яснасці, падрабязна расказваю, як ён бавіць час,— ён зноў праседзеў каля гадзіны з мадам Анрыэт у садзе, за чорнай кавай, а потым гуляў у тэніс з яе дочкамі, гутарыў у вестыбюлі атэля з нямецкай парай. А шостай гадзіне я пайшоў на вакзал адправіць ліст і там убачыў яго. Ен паспяшаўся мне насустрач і, як бы выбачліва, сказаў, што яго нечакана выклікалі, але праз два дні ён вернецца. За вячэраю яго папраўдзе не было, але толькі фізічна, бо за ўсімі столікамі толькі і гаварылі што пра яго, і ўсе расхвальвалі яго прыемную вясёлую натуру.