• Часопісы
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    ліся невялічкія хвалі. Яго схіленая галава міжволі падавалася ўсё болей наперад і наперад, здавалася, вось-вось і яе ўцягне ў кругаварот рулеткі; і толькі тут я зразумела, чаму так сутаргава сціснуты яго рукі: толькі гэтае процідзеянне, гэтая спазма ўтрымлівалі ў раўнавазе гатовае ўпасці цела.
    Ніколі, ніколі ў жыцці не сустракала я твару, на якім так адкрыта, аголена і бессаромна адлюстроўваліся б страсці гульца, і я не зводзіла з яго вачэй, прыкаваная, заварожаная яго ўтрапёнасцю, як ён сам — скокамі і кручэннямі шарыка. 3 гэтай хвіліны я нічога болей не заўважала навокал; усё здавалася мне бледным, цьмяным, расплывістым, шэрым у параўнанні з палымнеючым агнём гэтага твару; я забылася пра існаванне другіх людзей і добрую гадзіну назірала за гэтым чалавекам, за кожным яго жэстам. Вось у вачах яго ўспыхнула яркае святло, сціснутыя вузлом рукі разляцеліся, як ад выбуху, і дрыготкія пальцы прагна выцягнуліся — круп’е падсунуў да яго дваццаць залатых манет. У гэтую секунду твар яго раптам заззяў і адразу памаладзеў, маршчыны разгладзіліся, вочы заблішчалі, зведзенае сутаргаю цела лёгка і радасна выпрасталася; вольна, як коннік у сядле, сядзеў ён, святкуючы перамогу, пальцы гулліва і з любасцю перабіралі круглыя звонкія манеты, стукалі імі адна аб адну, вымушалі скакаць, меладычна звінець. Потым ён зноў неспакойна павярнуў галаву, абвёў зялёны стол позіркам маладога паляўнічага сабакі, які шукае след, і раптам рыўком шпурнуў усю кучку залатых манет на адзін квадрацік. I зноў гэтая насцярожанасць, гэтае напружанае чаканне. Зноў папаўзлі ад губ да носа дрыготкія ўдары хваляў, сутаргава сціснуліся рукі, твар юнака знік, схаваўся за выразам прагнага нецярпення, якое тут жа перайшло ў расчараванне: па-юнацку ўзбуджаны твар звяў, пабляк, пабялеў і пастарэў, позірк пацьмянеў і згас — і ўсё гэта ў адно кароткае імгненне, калі шарык упаў не на тую лічбу. Ен прайграў; некалькі секунд глядзеў перад сабою тупа, як бы нічога не разумеючы; але вось, быццам падагнаныя выкрыкам круп’е, пальцы зноў схапілі некалькі залатых манет. Аднак упэўненасці ўжо не было, ён кінуў манеты спачатку на адно поле, потым, перадумаўшы,— на другое, і калі шарык пачаў ужо рухацца, хутка, быццам ён падпарадкоўваўся раптоўнаму
    натхненню, дрыготкаю рукою шпурнуў яшчэ дзве скамячаныя паперкі на той самы квадрат.
    Гэтая захапляючая змена ўдач і няўдач працягвалася безупынна каля гадзіны, і ўсю гэтую гадзіну, затаіўшы дыханне, я ні на міг не адводзіла зачараванага позірку ад яго няспынна пераменлівага твару, на якім адлівалі і прылівалі, кіпелі ўсе пачуцці; я не зводзіла вачэй з гэтых магічных рук, кожны мускул якіх пластычна перадаваў уею крывую пад’ёму і спаду перажыванняў. Ніколі ў тэатры не ўглядвалася я так напружана ў твар акцёра, як у гэты твар, па якім, быццам святло і цені на ландшафце, прабягала, бесперапынна мянялася цэлая гама колераў і пачуццяў. Ніколі не была я так захоплена гульнёю, як гэтым адлюстраваным чужым хваляваннем; каб хто-небудзь сачыў за мною цяпер, ён прыпісаў бы мой пільны, нерухомы, напружаны позірк уздзеянню гіпнозу; і праўда, я была як бы ў поўным здранцвенні; я не магла адарвацца ад гэтага твару, і ўсё ў зале — агні, смех людзей — адчувала толькі цьмяна, як жоўтую смугу, сярод якой палымнеў гэты твар — агонь сярод агнёў. Я нічога не чула, нічога не адчувала, не заўважала, як тоўпіліся навокал людзі, як другія рукі раптоўна працягваліся, нібы шчупальцы, кідалі грошы ці заграбалі іх; я не заўважала шарыка, не чула голасу круп’е і разам з тым бачыла, нібы ў сне, усё, што адбывалася, па гэтых руках і па гэтым твары зусім выразна, павялічана, як ва ўвагнутым люстэрку, дзякуючы надзвычайнаму хваляванню гэтага чалавека; ці падаў шарык на чорнае або чырвонае, круціўся ён ці спыняўся, мне не трэба было глядзець на рулетку: усё — пройгрыш і выйгрыш, надзея і расчараванне — адбівалася з надзвычайнаю сілаю ў яго міміцы і жэстах.
    Але вось настала жахлівая хвіліна: тое, чаго ў глыбіні душы я ўвесь час няясна баялася, што мучыла мяне, як блізкая навальніца, раптам ударыла па маіх нацягнутых нервах. Зноў шарык з кароткім брынклівым стукам торкнуўся ў паглыбленне, зноў настала секундная паўза — сотня людзей затаіла дыханне, голас круп’е абвясціў «нуль», і яго спрытная лапатка ўжо зграбала звонкія манеты і шаматкія паперкі. I ў гэты момант моцна сціснутыя рукі зрабілі страшны рух; яны як бы ўскочылі, каб схапіць нешта, чаго не было, і зняможана апусціліся на стол. Потым яны раптам
    ажылі, зляцелі са стала, пачалі караскацца, як дзікія кошкі, па ўсім тулаве, наверх, уніз, направа, налева, ліхаманкава шнарылі па кішэнях — ці не завалялася дзе-небудзь забытая манета. Але кожны раз вярталіся яны пустыя, усё шалёней узнаўляючы бяссэнсавыя, дарэмныя пошукі, а рулетка ўжо зноў круцілася і гульня працягвалася. Звінелі манеты, перасоўваліся крэслы, і сотні нягучных разнастайных шумаў напаўнялі залу. Я дрыжала, ахопленая жахам: я перажывала ўсё так выразна, быццам гэта былі мае пальцы, што роспачна спрабавалі адшукаць у кішэнях і складках скамячанай адзежы хоць адну манету. I раптам чалавек, які сядзеў насупраць мяне, парывіста ўскочьіў, як нехта, каму млосць падступіла да горла і ён ускоквае, каб не задыхнуцца; крэсла за ім з грукатам паляцела на падлогу. Але ён не заўважыў гэтага, не бачыў людзей, якія спалохана і здзіўлена ўступалі яму дарогу, і, хістаючыся, пабрыў прэч ад стала.
    Убачыўшы гэта, я як акамянела. Я адразу ж зразумела, куды ідзе гэты чалавек: на смерць. Хто гэтак устае, не пойдзе ў гасцініцу, у рэстаран, да жанчыны, у купэ чыгуначнага вагона, да чаго-небудзь жывога, a проста кінецца ў бяздонне. Нават самыя зачарсцвелыя ў гэтым пекле павінны былі адчуць, што ў яго больш нічога няма — ні дома, ні ў банку, ні ў сваякоў, што ён рызыкнуў апошнім набыткам, што стаўкай было яго жыццё, і цяпер ён падаўся кудысьці, адкуль ужо не вернецца. Увесь час я баялася гэтага, з першага ж позірку чуццём зразумела, што тут на карту пастаўлена нешта болып важнае, чым выйгрыш або пройгрыш. I ўсё ж нібы чорная маланка асляпіла мяне, калі я ўбачыла, як жыццё раптам прапала ў яго вачах і смерць шэраю заслонаю прыкрыла толькі што такі жывы твар. I гэткаю вялікаю была сіла ўздзеяння яго выразных жэстаў, што, калі ён сарваўся з месца і, хістаючыся, пабрыў прэч, я міжволі ўчапілася за стол; я адчула ўсёю сваю істотаю няцвёрдасць яго хады, гэтак жа, як дагэтуль усімі нервамі, усімі фібрамі душы адчувала яго гульнёвы азарт. I штосьці штурхнула мяне; я мусіла ісці ўслед, ногі самі пайшлі, я нават не ўсведамляла, што раблю. He звяртаючы ні на каго ўвагі, не памятаючы сябе, я пабегла па калідоры да выхада.
    Ен стаяў каля гардэроба, служка падаваў яму па-
    літо. Але рукі не слухаліся яго, і служка асцярожна, як хвораму, памагаў яму папасці ў рукавы. Я бачыла, як ён машынальна палез у кішэню камізэлькі, каб даць на чай, але там было пуста. Тут ён, здавалася, раптам успомніў усё, збянтэжана прамармытаў некалькі слоў, зноў, як у зале, ірвануўся наперад і цяжка, нібы п’яны, пачаў спускацца па лесвіцы, а служка праводзіў яго спачатку пагардліваю, а потым дасведчанаю ўсмешкаю.
    Бачыць гэта было так страшна, што мне стала неяк сорамна сачыць за ім. Я міжволі адвярнулася, збянтэжаная тым, што, як у тэатры, назіраю за чужымі пакутамі, але тут падсвядомы страх падштурхнуў мяне. Я хутка апранулася і ўжо без усякай думкі, міжвольна, як аўтамат, пабегла ў цемру за гэтым чужым чалавекам.
    Місіс К. на момант спынілася. Яна нерухома сядзела насупраць мяне і гаварыла амаль без паўз, з уласцівымі ёй спакоем і паважнасцю; відаць, яна падрыхтавалася і старанна прыпомніла ход падзей. Цяпер яна ўпершыню запнулася, крыху памарудзіла і потым, перарваўшы свой расказ, звярнулася непасрэдна да мяне:
    — Я абяцала вам і самой сабе,— пачала яна не без хвалявання,— расказаць усё зусім шчыра. I цяпер я прашу вас аднесціся да мяне з поўным даверам і не шукаць у маіх учынках тайных матываў, якіх я зараз, можа, і не саромелася б, але якія тады мне і ў галаву не прыходзілі. Дык вось, паўтараю, калі я выбегла на вуліцу за гэтым гульцом, які страціў усякую надзею, я зусім не была закаханая ў яго і нават не думала пра яго як пра мужчыну, бо мне ўжо было за сорак, і пасля смерці мужа я ні разу не паглядзела на якога-небудзь мужчыну. 3 гэтым было скончана раз і назаўсёды; я павінна вам гэта сказаць, інакш вы не адчуеце ўсяго жаху таго, што потым адбылося. Праўда, мне цяжка было б вызначыць пачуццё, якое з такою сілаю цягнула мяне тады ўслед за гэтым няшчасным; тут была і цікаўнасць, але перш за ўсё я баялася чагосьці жахлівага, што я адчула з першай хвіліны — баялася нябачнай хмары, якая навісла над гэтым юнаком. Але такія адчуванні нельга раздзяляць і аналізаваць ужо таму, што яны вельмі раптоўна, вельмі ўладна апаноўваюць намі; відаць, мой парыў быў проста інстынктыўным жаданнем дапамагчы,— гэтак адцягваюць убок дзіця, якое бяжыць на-
    сустрач аўтамабілю. Ці ж растлумачыш, чаму людзі, якія не ўмеюць плаваць, кідаюцца з моста за тапельцам? Іх прымушае дзейнічаць неадольная сіла, гэтая сіла штурхае іх у ваду, не дае часу апамятацца і зразумець, як гэта недарэчна і небяспечна; і дакладна гэтак жа, не думаючы, не разумеючы сутнасці сваіх учынкаў, пайшла я тады за ім з гульнёвай залы ў калідор, а з яго цераз выхад на пляцоўку перад казіно.
    Я ўпэўнена, што і вы, дый усякі спагадлівы чалавек, міжволі паддаліся б гэтай трывожнай цікаўнасці, бо нельга сабе ўявіць больш жахлівага відовішча, чым гэты малады чалавек, якому было не болей дваццаці чатырох гадоў і які, хістаючыся, быццам п’яны, паволі, па-старэчы цягнуў непаслухмяныя ногі і плёўся па лесвіцы ўніз да пляцоўкі. Спусціўшыся ўніз, ён як мяшок упаў на лаўку. I зноў я здрыганулася, бо ясна бачыла — гэта кончаны чалавек. Гэтак падае толькі мёртвы ці той, у каго ўжо нішто болей не чапляецца за жыццё. Галава неяк бокам адкінулася за спінку, рукі як нежывыя павіслі ўздоўж тулава. I ў цьмяным святле ліхтароў яго можна было палічыць за чалавека, які паслаў сабе кулю ў лоб. I вось — не магу растлумачыць, як узнікла гэтае ўяўленне, але раптам яно паўстала перада мною ва ўсёй сваёй страшнай, амаль адчувальнай рэальнасці: я ўбачыла яго, самагубцу; я была цвёрда перакананая, што ў кішэні ён мае рэвальвер і што заўтра яго знойдуць на гэтай або на другой лаўцы мёртвага і акрываўленага. Бо ён упаў, як падае камень у бяздонне, няспынна, пакуль не дастане дна; я ніколі не думала, што адным рухам цела можна выказаць усю паўнату знясілення і роспачы.