• Часопісы
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    Цяпер уявіце сабе мой стан: я спынілася за дваццаць ці трыццаць крокаў ад лаўкі, дзе нерухома ляжаў няшчасны юнак, які не ведаў, што яму рабіць; з аднаго боку, мяне поўніла жаданне дапамагчы, з другога — стрымлівала ўнаследаваная і прывітая выхаваннем боязь загаварыць на вуліцы з незнаёмым чалавекам. Газавыя ліхтары цьмяна мігцелі пад зацягнутым хмарамі небам; зрэдку мільгалі постаці прахожых; набліжалася поўнач, і я была амаль адна з гэтым змрочным ценем самазабойцы. Пяць, дзесяць разоў памыкалася я падысці да яго, але кожны раз мяне спыняў сорам ці, можа, тайны страх: бо тапелец нярэдка цягне за сабою вырата-
    вальніка, і ўвесь час я ўсведамляла недарэчнасць і камічнасць свайго становішча; але я не магла ні загаварыць, ні што-небудзь зрабіць, ні пакінуць яго. I, спадзяюся, вы паверыце мне, што, мабыць, цэлую гадзіну, бясконцую гадзіну, пакуль тысячы і тысячы ўсплёскаў нябачнага мора адмервалі час, я нерашуча тапталася на месцы, ашаломленая і загіпнатызаваная відовішчам поўнага вынішчэння чалавека.
    Але ў мяне не хапала мужнасці што-небудзь сказаць або зрабіць, і я прастаяла б гэтак паўночы або падпарадкавалася б голасу разважнасці і пайшла дадому — помніцца, я ўжо траха не адважылася пакінуць на волю лёсу няшчаснага,— як раптам умяшанне стыхійных сіл паклала канец маім хістанням: пачаўся дождж. Увесь вечар наганяла ветрам з мора цяжкія вясеннія хмары, паветра было душнае, лёгкімі, сэрцам адчувалася, што неба навісла зусім нізка,— і вось раптам упала кропля, а за ёю хлынуў падагнаны ветрам сапраўдны цяжкі лівень. Ратуючыся ад яго, я кінулася пад навес кіёска, але, нягледзячы на раскрыты парасон, віхор абліваў пырскамі маю сукенку, раз’юшана скакаў і круціўся. Кроплі шалёна стукалі аб зямлю, і халодны вадзяны пыл пападаў мне нават на твар і на рукі.
    Але — і гэта было так жахліва, што і цяпер, праз дваццаць гадоў, як успомню, сэрца сціскаецца,— няшчасны па-ранейшаму нерухома сядзеў на лаўцы пад праліўным дажджом. 3 усіх вадасцёкавых труб з булькатам бегла вада, з горада чуўся грукат экіпажаў, справа і злева мільгалі цёмныя постаці з паднятымі каўнярамі: усё жывое хавалася, бегла, ратавалася, шукала сховішча, і людзі і жывёлы баяліся разгулу стыхіі — толькі чорны чалавечы камяк на лаўцы не скрануўся з месца, не паварушыўся. Я ўжо гаварыла, што гэты чалавек меў магічную ўласцівасць выказваць кожнае сваё пачуццё рухам або жэстам, і нішто, нішто на свеце не магло з такою надзвычайнаю сілаю выказаць роспач, поўную адмову ад самога сябе, быццам ён ужо быў мёртвы жывым, як гэтая нерухомасць, гэтая нежывая, неадчувальная няўвага да ліўню, гэтая адсутнасць сілы падняцца і прайсці некалькі крокаў да сховішча, гэтая мёртвая абыякавасць да свайго быцця. Ніводзін скульптар, ніводзін паэт, ні Мікеланджэла, ні Дантэ не прымусілі мяне з такою сілаю адчуць апош-
    нюю роспач, апошнюю зямную пакуту, як гэты жывы чалавек, што апынуўся ва ўладзе буйнай стыхіі, занадта стомлены, каб зрабіць хоць якую спробу адгарадзіцца ад яе.
    Я не магла болей трываць. Я кінулася да яго праз халодныя патокі дажджу і страсянула гэты мокры камяк, што ляжаў на лаўцы: «Хадземце!» Калі я ўзяла яго за рукаў, штосьці мільганула ў яго мутных вачах, ён зрабіў слабы рух рукою, але не зразумеў мяне. «Хадземце!» — я тузанула за мокры рукаў ужо моцна і амаль сярдзіта. Тады ён павольна, неяк бязвольна падняўся з лаўкі. «Што вам трэба?» — спытаўся ён, і я не знайшла, што адказаць, бо і сама не ведала, куды яго адвесці, толькі б прэч адсюль, ад гэтага халоднага ліўня, ад гэтай бяссэнсавай, самагубнай позы гранічнай роспачы. Я не выпускала яго рукі і цягнула бязвольнае цела ўсё далей, да кіёска, дзе вузкі выступ даху хоць крыху абароніць нас ад шалёнага націску дажджу і ветру. Болей я нічога не думала, нічога не хацела. Толькі б дацягнуць гэтага чалавека пад дах, на сухое месца,— іншых думак не было.
    I вось мы апынуліся побач на вузкай сухой палосцы; за спінаю ў нас былі зачыненыя аканіцы кіёска, над галавою — занадта малы навес, і несуцішны лівень абліваў халоднымі пырскамі наша адзенне і твары. Становішча рабілася невыносным. Я проста не магла болей стаяць побач з гэтым наскрозь прамоклым чужым чалавекам. Але, прыцягнуўшы яго сюды, я не магла і пакінуць яго без ніводнага слова на развітанне. Штосьці павінна было адбыцца, і я прымусіла сябе цвяроза зірнуць на ўсю гэтую справу. Лепш за ўсё, падумала я, завезці яго ў экіпажы дадому, а потым вярнуцца ў свой атэль; заўтра ён ужо сам знойдзе выйсце. I я спыталася ў чалавека, які нерухома стаяў побач са мною і пільна глядзеў у цемру:
    — Дзе вы жывяце?
    — У мяне няма кватэры... Я толькі ўвечары прыехаў з Ніцы... да мяне нельга...
    Апошнія словы я зразумела не адразу. Толькі пазней мне стала ясна, што ён прымаў мяне за... какотку, за адну з тых жанчын, якія гуртам бадзяюцца ўночы каля казіно, спадзеючыся вывудзіць грошы ў шчаслівага гульца або ў п’янага. Дый што мог ён яшчэ
    падумаць — бо толькі цяпер, калі я гэта вам расказваю, я адчуваю ўсю неверагоднасць і фантастычнасць майго становішча; сапраўды, бесцырымоннасць, з якою я адарвала яго ад лаўкі і пацягнула за сабою, зусім не адпавядала паводзінам прыстойнай жанчыны. Але пра гэта я тады не падумала; толькі пазней, занадта позна здагадалася пра яго жудасную памылку. Бо іначай я ніколі б не вымавіла тых слоў, якія маглі адно павялічыць непаразуменне. Я ж сказала:
    — Тады трэба наняць пакой у атэлі. Тут вам нельга заставацца. Вам трэба дзе-небудзь знайсці прытулак.
    Тут толькі я зразумела ягоную непрыемную мне памылку, бо ён нават не павярнуўся да мяне, а неяк насмешліва адказаў:
    — He, мне не трэба пакой, мне наогул нічога не трэба. He турбуйся, з мяне нічога не выціснеш. Ты звярнулася не ў адрас, у мяне няма грошай.
    Гэта было сказана з такою жахліваю абыякавасцю; гэты прамоклы, ушчэнт спустошаны чалавек стаяў як нежывы, бяссільна прыхіліўся да сцяны, і я не паспела нават дробязна, па-дурному пакрыўдзіцца, настолькі моцна я была ашаломлена. Мною авалодала пачуццё, якое ўзнікла ў першы момант, калі ён, хістаючыся, выйшаў з залы, і не пакідала ўсю апошнюю фантастычна недарэчную гадзіну: жывая істота, юная, дыхаючая, асуджаная на смерць, і я павінна выратаваць яе. Я падышла бліжэй.
    — He турбуйцеся за грошы, хадземце. Тут вам нельга заставацца, я як-небудзь уладкую вас. He турбуйцеся ні пра што. Толькі хадземце хутчэй.
    Ен павярнуў галаву — дождж глуха барабаніў навокал, і з вадасцёкавай рыны да нашых ног збягала вада,— і я зразумела, што ён упершыню спрабуе разглядзець мой твар у цемры. Ен паварушыўся, мусіць, паволі прачынаючыся ад свае летаргіі.
    — Ну, як хочаш,— здаўся ён нарэшце.— Мне ўсё роўна... Зрэшты, чаму б і не пайсці? Пойдзем.
    Я раскрыла парасон, ён падышоў бліжэй і ўзяў мяне пад руку. Гэтая раптоўная фамільярнасць была мне непрыемная, яна нават спалохала мяне, сэрца сціснулася ад страху. Але я не асмелілася абарваць яго, бо калі б я цяпер адштурхнула яго, ён бы загінуў і ўсе мае намаганні прапалі б дарма. Мы прайшлі некалькі крокаў,
    якія аддзялялі нас ад казіно. Тут толькі я падумала: як жа мне быць з ім далей? Лепш за ўсё, хутка прыйшло мне ў галаву, завезці яго ў які-небудзь атэль і сунуць У руку грошы, каб ён мог пераначаваць і заўтра паехаць дадому; што будзе далей — я нават не думала. Да казіно раз-пораз пад’язджалі экіпажы, я паклікала адзін, і мы селі. Калі вазак спытаўся, куды ехаць, я спачатку не ведала, што адказаць. Я разумела, што майго прамоклага да ніткі спадарожніка не прымуць у дарагім атэлі, і была настолькі нявопытная ў такіх справах, што, не падумаўшы пра двухсэнсавасць становішча, крыкнула:
    — У якую-небудзь гасцініцу прасцей.
    Вазак, які ўвесь час быў пад дажджом, абыякава пагнаў коней. Мой сусед не гаварыў ні слова; колы грукаталі, і дождж шалёна барабаніў у шкло; зачыненая ў гэтай цеснай, падобнай на труну скрыні, я адчувала сябе так, быццам везла нябожчыка. Я старалася сабрацца з думкамі, знайсці словы, каб перарваць дзіўнае, цяжкае маўчанне, але мне нічога не прыходзіла ў галаву. Праз некалькі хвілін экіпаж спыніўся; я выйшла першая, і, пакуль мой спадарожнік машынальна, нібы спрасонку, зачыняў дзверцы, я расплацілася. Мы апынуліся каля пад’езда маленькай незнаёмай гасцініцы; вузенькая шкляная павець бараніла нас ад дажджу, які з шалёнаю ўпартасцю рваў і крэмзаў непраглядную цемру.
    Мой незнаёмы спадарожнік, нібы знясілены ад цяжару свайго цела, прыхінуўся да сцяны; вада капала з яго мокрага капелюша і змятай адзежы. Як тапелец, якога толькі што выцягнулі з вады і яшчэ не апрытомнілі, стаяў ён там, і каля ног утварыўся ручай вады, якая сцякала з яго. Ен нават не спрабаваў атрэсціся, зняць капялюш, з якога кроплі падалі на твар і на лоб. Ен стаяў, абыякавы да ўсяго, і я нават апісаць вам не магу, як уразіў мяне гэты надлом.
    Але цяпер трэба было нешта зрабіць. Я апусціла руку ў сумачку.
    — Вось вам сто франкаў,— сказала я,— вазьміце сабе пакой, а раніцаю едзьце назад у Ніцу.
    Ен здзіўлена паглядзеў на мяне.
    — Я назірала за вамі ў зале,— сказала я, заўважыўшы, што ён вагаецца.— Я ведаю, што вы ўсё прайгралі,
    і баюся, што вы збіраецеся зрабіць глупства. I зусім не сорамна прымаць дапамогу... Вось, вазьміце!
    Але ён адвёў маю руку з нечаканай сілай.
    — Ты малайчына,— сказаў ён,— але не кідай грошы на вецер. Мне ўжо нішто не паможа. Буду я спаць сёння ўначы ці не — гэта не мае значэння. Заўтра ўсё роўна канец. Мне ўжо не дапамагчы.
    — He, вы павінны ўзяць,— настойвала я.— Заўтра вы будзеце думаць інакш. А пакуль што падыміцеся наверх і добра выспіцеся. Удзень вам усё здасца ў іншым святле.
    Але калі я яшчэ раз працягнула яму грошы, ён амаль злосна адштурхнуў маю руку.
    — Пакінь,— паўтарыў ён глуха,— няма сэнсу. Лепш я зраблю гэта на вуліцы, чым крывёю пэцкаць людзям пакой. Сотня франкаў мяне не выратуе, дый тысяча таксама. Я ўсё роўна заўтра зноў пайшоў бы ў казіно гуляць, пакуль не спусціў бы ўсё. Навошта пачынаць спачатку? 3 мяне хопіць.
    Вы не можаце сабе ўявіць, як глыбока пранікаў мне ў душу яго глухі голас. Падумайце толькі: побач з вамі стаіць, дыхае, жыве прыгожы малады чалавек, і вы ведаеце, што, калі не напружыць усіх сіл, гэты юнак, які цяпер думае, гаворыць, дыхае, праз дзве гадзіны будзе трупам. I тут мяне ахапіла шалёнае, гарачае жаданне перамагчы гэтае бяссэнсавае супраціўленне. Я схапіла яго за руку: