• Часопісы
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    Але цяпер, калі я прымушаю сябе бязлітасна выбіраць з памяці мінулае, глядзець на яго як бы збоку, калі
    я сама запрасіла вас быць сведкам, я не маю права нічога ўтойваць, баязліва хаваць пачуцці, у якіх сорамна прызнавацца; цяпер у мяне няма сумненняў: тое, што мне тады прычыніла такі боль, было расчараванне... расчараванне... гэты юнак так пакорна выйшаў... без ніякай спробы ўтрымаць мяне, застацца са мною... ён так пакорліва і пачціва скарыўся маёй просьбе паехаць, замест таго каб сціснуць мяне ў абдымках... ён шанаваў мяне толькі як святую, якая сустрэлася на яго шляху... і не... не бачыў ува мне жанчыны.
    Гэта было расчараванне для мяне... расчараванне, у якім я не прызнавалася сабе ні тады, ні пазней, але жанчына ўсё разумее сэрцам, без слоў. Бо... цяпер я сябе болей не падманваю — калі б гэты чалавек абняў мяне ў той момант, паклікаў мяне, я пайшла б за ім на край свету, я абняславіла б сваё імя, імя сваіх дзяцей... занядбала б людскую думку і голас розуму, я ўцякла б з ім, як гэтая мадам Анрыэт з маладым французам, якога яна напярэдадні яшчэ не ведала... я не спыталася б, куды і ці надоўга, нават не кінула б развітальнага позірку на мінулае жыццё... я ахвяравала б дзеля гэтага чалавека сваімі грошамі, сваім добрым імем, сваёю маёмасцю, сваім гонарам... я пайшла б жабраваць, і, мусіць, няма такой нізасці, да якой ён не мог бы мяне схіліць. Усё, што людзі завуць сорамам і асцярожнасцю, я адкінула б прэч, калі б ён сказаў мне хоць слова, зрабіў хоць адзін крок да мяне, калі б ён паспрабаваў утрымаць мяне; у гэты момант ён меў поўную ўладу нада мною. Але... я ўжо гаварыла вам... гэты апанаваны дзіўным пачуццём чалавек болей не бачыў і мяне і жанчыны ўва мне... а з якою сілаю, з якою адданасцю рвалася я да яго, я адчула толькі тады, калі засталася адна, калі пачуццё, якое толькі што прамільгнула на яго ясным, сапраўды незямным твары, сціснула мне грудзі ўсім цяжарам нераздзеленага пачуцця. Я ледзь авалодала сабою, з яшчэ большай агідаю падумала пра свой візіт да сваякоў. Мне здавалася, што на галаве ў мяне цяжкі жалезны шлем, які сціскае лоб і сваім цяжарам прыгінае мяне да зямлі; калі я нарэшце пайшла ў атэль, дзе жылі сваякі, думкі ў мяне блыталіся, а ногі запляталіся. Я тупа сядзела сярод вясёлай балбатні і кожны раз палохалася, калі выпадкова паднімала вочы і бачыла іх нерухомыя твары, якія, у параўнанні з тым, нібы ажыў-
    леным гульнёю светаценю тварам, выглядалі як застылыя маскі. Мяне як бы абступілі нябожчыкі — такою нежывою здавалася мне гэтая кампанія; і калі я апускала цукар у кубак і рассеяна падтрымлівала гутарку, перада мною з кожным біццём сэрца паўставаў другі твар, назіраць за якім стала мне шчасцем і які я — страшна падумаць! — праз гадзіну-другую ўбачу апошні раз. Я, мусіць, міжволі ўздыхнула ці застагнала, бо стрыечная сястра майго мужа нахілілася да мяне: што са мною, ці здаровая я, такая бледная, нібы чымсьці прыгнечаная. Я адразу выкарыстала яе пытанне, сказала, што мяне мучыць мігрэнь, і папрасіла дазволу непрыкметна пайсці да сябе.
    Цяпер я зноў належала сабе; я паспяшалася ў свой атэль. I ледзь я засталася адна, як мяне зноў ахапіла пачуццё пустаты і пакінутасці і прачнулася — відаць, у сувязі з гэтым — туга па гэтым юнаку, з якім я сёння павінна была развітацца назаўсёды. Я мітусілася па пакоі, без патрэбы высоўвала шуфляды, змяніла сукенку, стужку; потым я стаяла перад люстэркам і дапытлівым позіркам разглядвала сябе: можа, у такім уборы я ўсё-такі змагу прыкаваць яго ўвагу. I раптам я зразумела, чаго хачу: пайсці на ўсё, толькі не адпускаць яго! На працягу адной важнай секунды гэтае жаданне стала рашэннем. Я збегала ўніз да парцье і паведаміла яму, што ад’язджаю вячэрнім цягніком. Трэба было спяшацца: я пазваніла пакаёўцы, каб яна памагла ўпакаваць рэчы — час падганяў; і пакуль мы з ёю паспешна, навыперадкі складвалі ў чамаданы сукенкі і ўсякую драбязу, я марыла аб тым, як буду праводзіць яго і ў апошні, самы апошні момант, калі ён падасць ужо мне руку на развітанне, раптам, на яго здзіўленне, увайду ў купэ, каб правесці з ім гэтую ноч, і яшчэ адну — столькі, колькі ён захоча. Я была ў нейкім чадзе захаплення; кідаючы сукенкі ў чамаданы, я, на здзіўленне пакаёўкі, гучна смяялася. Я цьмяна ўсведамляла, што ў галаве ў мяне ўсё пераблыталася. Калі слуга прыйшоў па багаж, я неўразумела зірнула на яго: цяжка было думаць аб такіх звычайных рэчах, калі я сябе не помніла ад хвалявання.
    Часу было мала: відаць, вось-вось праб’е сем гадзін, да адыходу цягніка заставалася ў лепшым выпадку дваццаць мінут; праўда, суцяшала я сябе, я іду не дзеля
    таго, каб развітацца, калі я надумала суправаджаць яго, суправаджаць да таго часу, пакуль яму гэта будзе пажадана. Слуга вынес чамаданы, а я пабегла да касы атэля, каб заплаціць па рахунку. Адміністратар ужо працягваў мне рэшту, я ўжо збіралася ісці, як раптам чыясьці рука ласкава дакранулася да майго пляча. Я здрыганулася. Гэта была мужава стрыечная сястра; устрьівожаная недамаганнем, якое я перад ёю разыграла, яна прыйшла наведаць мяне. У мяне пацямнела ў вачах. Я не магла прыняць яе: кожная секунда магла аказацца пагібельнай; але ветлівасць абавязвала мяне ўдзяліць ёй хоць крыху ўвагі.
    — Ты павінна легчы ў пасцель,— настойвала яна,— я ўпэўнена, што ў цябе гарачка.
    Мусіць, гэтак яно і было, бо ў скронях у мяне стукала, перад вачамі мільгалі сінія кругі — яшчэ крыху, і я магла б страціць прытомнасць. Я адмовілася легчы і падзякавала ёй за спагаду, хоць кожнае слова пякло, як агнём, і мне вельмі хацелася выштурхнуць яе вон разам з яе надакучлівымі клопатамі. Але няпрошаная госця ўсё не ішла і не ішла; яна прапанавала мне адэкалону, не паленавалася сама пацерці мне скроні, а я лічыла мінуты, думала аб ім, ламала галаву, як бы мне пазбавіцца ад гэтай пакутлівай спагады. I чым болей я хвалявалася, тым мацней рабілася яе трывога за мяне; нарэшце яна паспрабавала ледзь не сілаю прымусіць мяне падняцца ў нумар і легчы. Але раптам — сярод яе ўгавораў — я кінула позірк на гадзіннік, які вісеў у вестыбюлі: дваццаць восем мінут на восьмую, а ў сем трыццаць пяць адыходзіць цягнік. I рэзка, парывіста, з грубаю роспачнаю абыякавасцю я сунула стрыечнай мужавай сястры руку: «Бывай, мне трэба ісці» і, не звяртаючы ўвагі на яе неўразумелы позірк, стрымгалоў прабегла міма здзіўленых лакеяў, выскачыла на вуліцу, кінулася да вакзала. Па ўсхваляванай жэстыкуляцыі слугі, які чакаў мяне з багажом на пероне, я зразумела, што пазнюся. Я рванулася да бар’ера, але мяне спыніў кантралёр: я забылася ўзяць білет. I пакуль я адчайна ўгаворвала яго прапусціць мяне, цягнік крануўся з месца; дрыжучы ўсім целам, я напружана ўглядвалася, спадзеючыся злавіць у адным з акон хоць позірк, ці прывітанне, ці знак рукою. Але ў паспешным бегу цягніка я ўжо не магла распазнаць яго твар. Усё
    хутчэй каціліся вагоны, і праз хвіліну перад маімі невідушчымі вачамі не засталося нічога, акрамя чорнага дымнага воблака.
    Доўга я прастаяла, як скамянелая, бо слуга, відаць, некалькі разоў спрабаваў загаварыць са мною, перш чым адважыўся крануць мяне за руку. Тут толькі я ачнулася. Занесці рэчы назад у атэль? Прайшло мінуты дзве, пакуль я сабралася з думкамі; не, гэта немагчыма. Вярнуцца туды пасля недарэчнага, раптоўнага ад’езду — не, нізашто на свеце. Мне хацелася хутчэй застацца адной, і я загадала здаць рэчы ў камеру захавання. I толькі цяпер, у вакзальнай мітусні, у кругавароце мноства твараў, я паспрабавала абдумаць, цвяроза абдумаць, як пераадолець пачуццё гневу, тугі і роспачы, якое балюча душыла мяне, бо — павінна іірызнацца — думка, што я па сваёй віне прапусціла апошнюю сустрэчу, пякла мяне, як распаленым жалезам. Боль рабіўся ўсё больш нясцерпным, і я ледзь стрымлівалася, каб не закрычаць. Мусіць, толькі ў непаўторныя хвіліны жыцця ў людзей бываюць такія раптоўныя, як лавіна, імклівыя, як бура, выбухі пачуццяў, калі ўсе пражытыя гады, увесь цяжар нерастрачаных сіл адразу навальваецца на чалавека. Ніколі ні дагэтуль, ні пазней не адчувала я такога крушзння надзей, такой бяссільнай злосці, як У тую хвіліну, калі я адважылася на самы рызыкоўны крок, адважылася адным ударам разбурыць усё сваё зберажонае, назапашанае, наладжанае жыццё і раптам апынулася перад неадольнаю, бяссэнсаваю сцяною, аб якую бездапаможна білася маё пачуццё.
    Тое, што я рабіла потым, было, канечне, гэтак жа бяссэнсава; гэта было недарэчна, неразумна, мне нават сорамна пра гэта расказваць — але я абяцала сабе, абяцала вам нічога не ўтойваць: я... я хацела вярнуць яго сабе... гэта значыць, вярнуць тыя імгненні, якія правяла з ім... мяне нястрымна цягнула туды, дзе напярэдадні мы былі разам... да лаўкі, з якой я яго падняла, у гульнёвую залу, дзе я яго ўпершыню ўбачыла, і нават у той прытон, толькі б яшчэ раз усё перажыць зноў. А назаўтра я збіралася ўзяць экіпаж і паехаць па Карнішы, па той самай дарозе, каб кожнае слова, кожны жэст зноў паўсталі перада мною,— сапраўды, такою вялікаю, такою дзіцячаю была мая збянтэжанасць. Але падумайце,
    як маланкава зваліліся на мяне ўсе гэтыя падзеі,— я адчувала іх як адзін ашаламляльны ўдар. I цяпер, гэтак груба абуджаная ад свайго ап’янення, я хацела яшчэ раз, кропля за кропляю, упіцца мімалётна перажытым з дапамогаю таго магічнага самападману, які мы завём успамінам; канечне, такое жаданне не кожны зразумее. Можа, каб зразумець гэта, патрэбна палымянае сэрца.
    Дык вось, я перш за ўсё пайшла ў казіно, каб знайсці стол, за якім ён сядзеў, і там сярод другіх рук уявіць сабе яго рукі. Я ўвайшла ў залу. Я помніла, дзе ён сядзеў, калі я ўпершыню ўбачыла яго, за сталом злева, у другім пакоі. Мне гэтак выразна ўяўляўся кожны яго рух, што я з заплюшчанымі вачамі, вобмацкам знайшла б яго месца. Увайшоўшы ў залу, я накіравалася туды. I вось... калі я ў дзвярах зірнула на натоўп, са мною адбылося нешта дзіўнае... там, на тым жа месцы., дзе я яго сабе ўяўляла, там сядзеў... няўжо гэта ліхаманкавае трызненне, галюцынацыя?.. ён, сапраўды, ён... ён, дакладна такі, якім толькі што ўяўляла яго мая фантазія... дакладна такі, як учора, ён, бледны, як прывід, не зводзячы вачэй з шарыка... але гэта быў ён... канечне, ён...