Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Навелы

Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
128.68 МБ
Такою была гэтая дзіўная чалавечая істота (назавём яе так, хоць менавіта чалавечыя рысы толькі цьмяна і прыглушана акрэсліваліся ў яе паводзінах), але, мабыць, толькі засланіўшыся шорамі і шчыльна замкнуўшы ўсе пачуцці, можна было вытрываць службу ў не менш дзіўным доме маладога барона Ф. Звычайна слугі вытрымлівалі напружаную атмасферу ў ім не даўжэй тэрміну, які належала працаваць па законе — ад заняцця пасады да звальнення пасля заканчэння вызначанага часу. Раздражнёны, узрушаны да істэрыкі тон зада-
вала гаспадыня. Гэтая пераспелая дачка багатага эсэнскага фабрыканта, якая пазнаёмілася на курорце з прыгожым маладым баронам (не вельмі радавітым і з пустою кішэняю), спешна ажаніла на сабе шмат малодшага за яе абаяльнага выглянцаванага шалапута-арыстакрата. Але ледзь мінуў мядовы месяц, як маладая ўжо мусіла прызнацца сабе, што мелі рацыю яе бацькі, якія хутчэй аддалі б перавагу больш саліднаму і дзелавому зяцю і таму былі супраць паспешнага шлюбу. Бо, не кажучы ўжо пра ўтоеныя даўгі, вельмі скора высветлілася, што муж хутка астыў і куды болей увагі звяртае на свае халасцяцкія забавы, чым на шлюбныя абавязкі; зусім нязлосны, нават дабрадушны, як і ўсе легкадумныя людзі, барон, аднак, не абцяжарваў сябе правіламі маралі, а да ўсякага разумнага змяшчэння капіталу гэты паўарыстакрат ставіўся з пагардаю, як да сведчання плебейскай вузкасці і скнарлівасці. Ен шукаў лёгкага жыцця, яна — трывалай, саліднай хатняй утульнасці, як у рэйнскіх мяшчан. Гэта абурала барона, а калі высветлілася, што, нягледзячы на яе багацце, любую больш-менш значную суму трэба выкленчваць у ашчаднай жонкі і да таго ж яна адмовілася выканаць яго самае моцнае жаданне — завесці скакавую канюшню, ён ужо не бачыў ніякіх падстаў лічыць сябе мужам гэтай нязграбнай касцістай жыхаркі паўночнай Германіі, чый гучны катэгарычны голас непрыемна рэзаў слых. Ен проста, як кажуць, даў ёй адстаўку і без грубасці, але вельмі рашуча аддаліў ад сябе абражаную жанчыну. Калі яна спрабавала папракаць яго, ён ветліва і, здавалася, нават спагадліва выслухоўваў яе, але варта было ёй скончыць сваю казань, як ён адмахваўся ад яе горкіх папрокаў, як ад цыгарэтнага дыму, і рабіў што хацеў. Гэтая бездакорная, амаль афіцыйная ветлівасць злавала расчараваную жанчыну болей, чым адкрытае супраціўленне. Супраць яго нязменна далікатнай, ніколі не грубай, проста-такі вытанчанай ласкавасці яна была бяссільная і таму спаганяла назапашаны гнеў на другіх: усю сваю — зрэшты, зусім зразумелую — злосць на бязвіннай чэлядзі. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: за два гады ў яе змянілася цэлых шаснаццаць служанак, прычым змене адной з іх папярэднічала знявага дзеяннем, і толькі з дапамогаю вельмі значнай кампенсацыі ўдалося ўладзіць непрыемную справу.
У гэтай сямейнай буры толькі адна Крэсчэнца, як рамізніцкі конь пад праліўным дажджом, захоўвала несакрушальны спакой. Яна ніколі не станавілася на чый-небудзь бок, не цікавілася ніякімі зменамі вакол сябе і, мусіць, не заўважала, што ў чужых істот, з якімі яна дзяліла чалядню, раз-пораз мяняліся імёны, колер валасоў, пах цела і звычкі. Сама яна ні з кім не гаварыла і не звяртала ніякай увагі на сярдзітае груканне дзвярамі, на перарваныя абеды, істэрычныя прыпадкі і непрытомнасць. Яна дзелавіта і раўнадушна хадзіла з кухні на рынак і з рынку назад на кухню; тое, што адбывалася па-за гэтым трывала абгароджаным колам, не цікавіла яе. Быццам мерныя ўзмахі нястомнага цэпа, адзін за другім бясконцаю чарадою праходзілі яе дні; так пражыла яна два гады ў вялікім горадзе, без ніякіх прыгод, і нічога не змянілася ў яе маленькім унутраным свеце, толькі пачак сініх крэдытак у скрыначцы патаўшчэў на цэлую цалю, і калі Крэсчэнца пад канец года, паслініўшы палец, пералічвала паперкі, яна бачыла, што ўжо недалёка да запаветнай тысячы крбн.
Але выпадак карыстаецца дыяментавым свердзелам, а лёс ведае мноства хітрасцей і нярэдка з самага неспадзяванага боку падступаецца да цвёрдакаменных, здавалася б, натур і трасе іх дашчэнту. Вонкавай зачэпкай для гэтага ў жыцці Крэсчэнцы паслужыла акалічнасць, амаль гэтак жа прыкметная, як і яна сама: пасля дзесяцігадовага прамежку ўлады разважылі, што зноў прыйшоў час правесці перапіс насельніцтва, і ва ўсе дамы разаслалі вельмі доўгія і складаныя анкеты, каб атрымаць дакладныя звесткі аб жыхарах. He разлічваючы на чытэльнасць почырку і веданне арфаграфіі сваіх слуг, барон палічыў за лепшае асабіста запоўніць усе графы і таму паклікаў у свой кабінет Крэсчэнцу. I вось калі яна, адказваючы на баронавы пытанні, назвала сваё імя, узрост і месца нараджэння, выявілася, што ён, заўзяты паляўнічы і сябар тамашняга памешчыка, часта біў казуль у гэтым глухім альпійскім кутку, і аднаго разу яго суправаджаў на паляванні цэлых два тыдні праваднік з яе роднае вёскі. А калі ў дадатак выявілася, што гэты самы праваднік даводзіцца Крэсчэнцы дзядзькам, а барон быў у дабрадушным настроі, то паміж імі з гэтай выпадковай нагоды завязалася доўгая размова, падчас якой яны зрабілі яшчэ адно дзіўнае ад-
крыццё, менавіта: у той самай гасцініцы, дзе Крэсчэнца працавала кухаркаю, барону аднаго разу падалі выдатна прыгатаваную аленіну; усё гэта, канечне, была драбяза, хоць і незвычайная з-за яе выпадковасці, але Крэсчэнцы, якая ўпершыню ўбачыла ў горадзе чалавека, знаёмага крыху з яе радзімаю, яна здалася проста цудам. Яна стаяла перад баронам уся чырвоная, усхвалявана-зацікаўленая, няўклюдна і задаволена адварочвалася, калі ён жартаваў з ёю і, пераймаючы цірольскую гаворку, пытаўся, ці ўмее яна спяваць з пералівамі, як у Ціролі, і да таго падобнае. Нарэшце ён развесяліўся ад сваіх забавак і, па вясковай звычцы, шлёпнуў яе па цвёрдым азадку і з усмешкаю сказаў на развітанне:
— Ну, ідзі, слаўная Чэнці, і вось табе яшчэ дзве кроны за тое, што ты з Цылерталя.
Зразумела, гэтае здарэнне само па сабе не было ні рамантычным, ні значным. Але на прытупленыя, быццам дрымотныя на дне душы пачуцці Крэсчэнцы пяцімінутная размова з баронам уздзейнічала як камень, кінуты ў балота: толькі паволі, ляніва ўзнікалі кругі на паверхні, павольна, вельмі павольна і цяжка разыходзіліся яны, пакуль не дакрануліся да краю свядомасці. Упершыню за апбшнія гады маўчання Крэсчэнца зноў пагаварыла шчыра з чалавекам, і звышнатуральным здаўся ёй збег акалічнасцей, што гэты першы чалавек, з якім яна пагаварыла, жыве вось тут у мураваным хаосе і ведае яе горы і нават аднаго разу пакаштаваў прыгатаваную ёю аленіну. Да таго ж гэты бесцырымонны пляскач па азадку, які, згодна з правіламі вясковага абыходжання, абазначае нешта накшталт лаканічнага запытання-заляцання да дзяўчыны. I хоць дзёрзкая думка, што гэты элегантны знатны пан папраўдзе можа звярнуцца да яе з падобным запытаннем, і не прыходзіла ёй у галаву, але яго фамільярны жэст разбудзіў у ёй нейкія цьмяныя летуценні.
I вось гэтая выпадковая размова паслужыла штуршком для таго, што ў глыбіні душы ў Крэсчэнцы пачаўся рух, які паступова, пласт за пластом, захапіў яе ўсю і нарэшце спачатку ледзь прыкметна, а потым усё выразней выклікаў новае нязведанае пачуццё — так бяздомны сабака раптам інстынктыўна з усіх двухногіх стварэнняў, што мітусяцца вакол яго, выбірае адно і
прызнае яго сваім гаспадаром; з гэтага часу ён бегае за тым, каго над ім паставіў лёс, добраахвотна падпарадкоўваевда яму, сустракае яго гучным брэхам, віляючы хвастом, і паслухмяна ходзіць за ім усюды па пятах. Тое ж адбылося і з Крэсчэнцай: у яе ўнутраны свет, надзейна абмежаваны дагэтуль толькі пяццю прывычнымі паняццямі — грошы, рынак, кухонная пліта, царква і ложак,— раптам уварвалася нешта новае, што ўладарна патрабавала сабе месца, а ўсё старое гвалтоўна адсоўвала ўбок. I як сяляне не любяць расставацца з дабром, якое аднаго разу папала ў іх цвёрдыя рукі, так і Крэсчэнца прагна ўхапілася за гэтае новае пачуццё і глыбока схавала яго на дне сваёй дрымотнай свядомасці. Між іншым, гэтае пераўтварэнне выявілася не адразу, дый першыя адзнакі былі мала прыкметныя; напрыклад, яна чыспіла вопратку і абутак барона з нейкім асаблівым, фанатычным стараннем, па-ранейшаму пакідаючы вопратку і абутак баранесы пад нагляд пакаёўкі; яе часта бачылі ў калідоры і панскіх пакоях; пачуўшы шчоўканне замка ў дзвярах, яна хуценька падавалася ў пярэднюю — узяць у барона паліто і палку. 3 падвоеным стараннем завіхалася яна на кухні і нават, з вялікімі намаганнямі, пытаючы невядомай ёй дарогі ў прахожых, дабралася да галоўнага рынку, каб дастаць на смажаніну кавалак аленіны. I яшчэ яна пачала ўважлівей сачыць за сваім вонкавым выглядам.
Прайшло каля двух тыдняў, перш чым паказаліся першыя расткі, якія пусціла ў яе ўнутраным свеце новае пачуццё. I патрабаваўся не адзін тыдзень на тое, каб поруч з ім вырасла яшчэ адно пачуццё, якое неўзабаве набыло выразную форму і афарбоўку. Гэтым другім пачуццём, якое служыла як бы дапаўненнем да першага, была спачатку падсвядомая, а потым паступова непрыкрытая, гарачая нянавісць да баронавай жонкі, да жанчыны, якая мела права жыць у яго доме, спаць і размаўляць з ім і тым не менш не плаціла яму за гэта такою адданаю пашанаю, якую адчувала да яго сама Крэсчэнца. Ці таму, што яна міжвольна пачала прыглядвацца да сваіх гаспадароў і стала аднаго разу сведкам сямейнай сцэны, у час якой яе кумір быў агідна зняважаны жонкаю, ці таму, што пагардліва-халоднае абыходжанне са слугамі надзьмутай паўночніцы было ўдвая нязносна Крэсчэнцы ў параўнанні з жартаўліваю
фамільярнасцю барона,— так ці інакш, але гаспадыня, якая нічога не падазравала, пастаянна натыкалася на нейкае ўпартае процідзеянне Крэсчэнцы, на яе калючую, дрэнна прыхаваную варожасць. Так, бараяесе прыходзілася сама мала два разы званіць, перш чым Крэсчэнца з наўмыснаю маруднасцю і яўнаю неахвотаю з’яўлялася па выкліку, пры гэтым яе энергічна прыўзнятыя плечы недвухсэнсава сведчылі аб гатоўнасці да рашучата адпору. Даручэнні і загады гаспадыні яна выслухоўвала ў панурым маўчанні, і баранеса ніколі не ведала, ці правільна Крэсчэнца зразумела яе; калі ж яна, на ўсякі выпадак, паўтарала свае словы, тая ў адказ толькі сярдзіта ківала галавою або пагардліва кідала: «Ды ўжо чула!» Або калі трэба было ўжо ісці ў тэатр і баранеса нервова насілася па пакоях, раптам прападаў патрэбны ключ, а праз паўгадзіны яго нечакана знаходзілі ў якім-небудзь кутку. Калі баранесе прасілі што-небудзь перадаць ці званілі па тэлефоне, Крэсчэнца заўсёды забывала паведаміць пра гэта; на роспыты і папрокі яна, не выказваючы ніякага шкадавання, толькі адказвала са злосцю: «А я забылася!» У вочы гаспадыні Крэсчэнца ніколі не глядзела — можа, баялася выдаць сваю нянавісць.