• Газеты, часопісы і г.д.
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    — Мне трэба ісці,— паспешна сказала я.— А вы заставайцеся тут і адзявайцеся. У дванаццаць гадзін мы сустрэнемся каля ўвахода ў казіно, тады я паклапачуся там аб далейшым.
    I, не чакаючы яго адказу, уцякла, каб толькі не бачыць гэтага пакоя; я ўцякала без аглядкі з гасцініцы, назвы якой не ведала, як не ведала імені чалавека, з якім я ў ёй правяла ноч.
    Місіс К. на хвіліну перапыніла свой расказ. Калі яна зноў загаварыла, у яе голасе ўжо не было пакутлівага напружання. Як павозка, якая з цяжкасцю паднялася на вяршыню гары і потым лёгка і хутка каціцца ўніз, так натуральна і вольна ліліся цяпер яе словы:
    — Я спяшалася ў свой атэль па вуліцах, залітых ранішнім сонцам; пасля ўчарашняга ліўню паветра было чыстае і лёгкае — і гэтак жа было ў мяне на душы. Прыгадайце, што я казала вам раней: пасля смерці мужа я адмовілася ад асабістага жыцця; дзецям не патрэбна была мая дапамога, сабе самой я была цяжарам, а ўсякае існаванне без пэўнай мэты — бессэнсоўнае. Цяпер упершыню мне выпала задача: я выратавала чалавека, вялізным намаганнем вырвала яго з небыцця. Заставалася пераадолець яшчэ некаторыя перашкоды, і мая мэта была б дасягнута. Дык вось — я дабегла да свайго атэля; парцье сустрэў мяне здзіўленым позіркам: я ж вярнулася дадому толькі ў дзевяць раніцаю;
    але мяне гэта ўжо не кранала, ні сорам, ні прыкрасць не прыгняталі мяне. Жаданне жыць, радаснае ўсведамленне, што я камусьці патрэбна, горача хвалявала кроў. У сябе ў пакоі я хутка пераадзелася, несвядома (я заўважыла гэта толькі пазней) зняла жалобнае, замяніла на больш светлае, пайшла ў банк па грошы, потым паспяшалася на вакзал, каб даведацца, калі адпраўляюцца цягнікі; з незвычайнай энергіяй зрабіла, акрамя таго, яшчэ некалькі патрэбных спраў. Заставалася толькі ажыццявіць ад’езд і канчаткова выратаваць падкінутага мне лёсам чалавека.
    Праўда, нялёгка было цяпер сустрэцца з ім, бо ўсё ўчарашняе адбылося ў цемры, у нейкім віхры, быццам нечакана сутыкнуліся два камяні, скінутыя вадаспадам; мы ледзь ведалі адно аднаго ў твар, я нават не была ўпэўнена, што незнаёмы мяне пазнае. Учора гэта была выпадковасць, ап’яненне, вар’яцтва двух разгубленых людзей, а сёння мне давядзецца расказаць яму болей пра сябе, чым учора, бо цяпер, у яркім, бязлітасным святле дня, я мусіла паўстаць перад ім такою, якою была,— жывою жанчынаю, у якой ёсць свае асаблівасці і свой твар.
    Але ўсё аказалася лягчэй, чым я думала. Ледзь толькі я ў дамоўлены час падышла да казіно, як нейкі малады чалавек ускочыў з лаўкі і паспяшаўся мне насустрач. Колькі радаснага здзіўлення, дзіцячай непасрэднасці было ў яго, як заўсёды, красамоўных рухах! Ен кінуўся да мяне, у яго вачах ззяла радасная і разам з тым пачцівая ўдзячнасць, і ён пакорліва апусціў вочы, улавіўшы маю збянтэжанасць ад яго прысутнасці. Так рэдка сустракаеш у людзей удзячнасць, і менавіта найбольш удзячныя не знаходзяць на яе слоў; яны няёмка маўчаць, саромеюцца свайго пачуцця і нярэдка паводзяць сябе нязграбна, калі спрабуюць схаваць гэта. Але гэты чалавек, якога бог, нібы таямнічы скульптар, надзяліў дарам пластычна, адчувальна і прыгожа выказваць душэўныя парывы, усёю сваёю істотаю выпраменьваў гарачую палкую ўдзячнасць. Ен нагнуўся над маёю рукою і ў глыбокай пашане схіліў далікатную хлапечую галаву; на імгненне ён знерухомеў, ледзь дакранаючыся вуснамі да маіх пальцаў, потым толькі зрабіў крок назад і спытаўся аб маім здароўі; у яго словах, у яго позірку было столькі сціплай пачцівасці, што ўжо праз
    некалькі хвілін усе мае трывогі развеяліся. I як бы адлюстроўваючы гэтае прасвятленне пачуццяў, усё навокал святкавала збаўленне ад злых чараў: мора, такое грознае ўчора, было цяпер ціхае і яснае, і кожны каменьчык пад лёгкім зыбам зіхацеў белізною; казіно, гэтае сапраўднае пекла, узнімала да чыстых, сталёвых нябёсаў свае маўрытанскія франтоны, а кіёск, пад павець якога загнаў нас учора хвосткі дождж, ператварыўся ў кветкавую лаўку, дзе ў маляўнічым беспарадку сярод зелені ляжалі кучы белых, чырвоных, стракатых кветак і бутонаў, якія прадавала маладая дзяўчына ў ярка-стракатай блузцы.
    Я запрасіла яго паабедаць са мною ў маленькім рэстаране, і там гэты незнаёмы юнак расказаў мне сваю трагічную гісторыю. Яна цалкам пацвердзіла ўсё тое, пра што я здагадвалася, калі ўпершыню ўбачыла яго дрыготкія, нервовыя рукі на зялёным стале. Ен паходзіў са старога арыстакратычнага роду аўстрыйскай Польшчы, бацькі рыхтавалі яго ў дыпламаты. Ен вучыўся ў Вене і месяц назад выдатна здаў свой першы экзамен. Каб адсвяткаваць гэты дзень, дзядзька, у якога жыў, высокапастаўлены афіцэр генеральнага штаба, павёз яго ў Пратэр, і яны разам пайшлі на іпадром. Дзядзьку пашанцавала ў гульні, ён угадаў тры разы запар; з тоўстым пачкам выйграных грошай яны адправіліся вячэраць у дарагі рэстаран. Назаўтра, як узнагароду за паспяхова здадзены экзамен, бацька прыслаў будучаму дыпламату грошай, столькі, колькі ён атрымліваў у месяц; за два дні да гэтага ён палічыў бы гэтую суму вялізнаю, але цяпер, пасля лёгкага выйгрышу, яна здалася яму не вартаю ўвагі і нязначнаю. Адразу ж пасля абеду ён зноў паехаў на скачкі, ставіў неабдумана і азартна, і, па капрызе шчасця, ці, дакладней, няшчасця, пасля апошняга заезду пакінуў Пратэр, патроіўшы атрыманую ад бацькі суму. I тут ім авалодаў азарт гульні; ён гуляў на іпадроме, у кавярнях, у клубах, і гэты азарт паглынаў яго час, сілы, нервы і перш за ўсё грошы. Ен не мог болей нічога думаць, страціў сон, а галоўнае, ужо не валодаў сабою; аднаго разу, уночы, вярнуўшыся дадому з клуба, дзе ўсё прайграў, ён, раздзяваючыся, знайшоў у кішэні яшчэ адну забытую скамечаную паперку. Ён не ўстаяў перад спакусаю, зноў адзеўся і блукаў па вуліцах, пакуль не знайшоў у Heft-
    кай кавярні некалькі гульцоў у даміно, з якімі і прасядзеў да світання. Аднаго разу яму дапамагла замужняя сястра, заплаціўшы даўгі ліхвярам, якія ахвотна пазычалі грошы спадчынніку вядомай арыстакратычнай фаміліі. Пасля гэтага яму спачатку шанцавала ў гульні, але потым шчасце няўмольна адвярнулася ад яго, і чым болей ён прайграваў, тым болып патрэбны быў рашучы выйгрыш, каб пакрыць пратэрмінаваныя абавязацельствы і расплаціцца з даўгамі гонару. Ен даўно заклаў свой гадзіннік, гарнітуры, і, нарэшце, адбылося самае жахлівае: ён украў з шафы ў старой цёткі вялікія жамчужныя завушніцы, якія яна рэдка насіла. Адну ён заклаў за значную суму і ў той жа вечар выйграў у чатыры разы болей. Але замест таго каб выкупіць завушніцу, ён рызыкнуў усім і прайграў. Крадзеж яшчэ не выявілі, і ён заклаў другую; тут яму раптам прыйшло ў галаву паехаць у Монтэ-Карла, каб здабыць жаданае багацце за гульнёвым сталом. Ен ужо прадаў чамадан, вопратку, парасон; у яго не заставалася нічога, акрамя рэвальвера з чатырма патронамі і маленькага крыжыка з каштоўнымі камянямі, які яму падарыла хросная маці, княгіня X., і з якім ён доўга не хацеў расставацца. Але і гэты крыж ён прадаў напярэдадні за пяцьдзесят франкаў, каб увечары апошні раз адчуць вострую асалоду ад гульні не на жыццё, а на смерць.
    Усё гэта ён расказваў мне з чароўнаю прастатою і натхненнем. I я слухала яго, уражаная, захопленая, усхваляваная; я і не думала абурацца, што чалавек, які сядзеў насупраць мяне, быў злодзей. Калі б учора мне, жанчыне з бездакорным мінулым, якая патрабавала ад свайго атачэння самага строгага выканання свецкіх умоўнасцей, хто-небудзь сказаў, што я буду па-сяброўску гутарыць з незнаёмым, які мог быць мне па ўзросце сынам і ў дадатак яшчэ ўкраў жамчужныя завушніцы,— я палічыла б яго за вар’ята. Але ў час расказу юнака я не адчувала нічога падобнага на жах,— ён гаварыў натуральна і пераканаўча, нібы апісваў хваробу, трызненне, а не прыкрае непаразуменне. I потым для таго, хто, падобна мне, перажыў мінулай ноччу нешта настолькі ашаламляльна-нечаканае, слова «немагчыма» страціла ўсякі сэнс. За гэтыя дзесяць гадзін я нязмерна болей даведалася аб жыцці, чым за сорак мірна пражытых гадоў.
    Але нешта іншае спалохала мяне ў час яго споведзі — ліхаманкавы бляск вачэй, калі ён расказваў пра гульнёвае захапленне, прычым, быццам ад электрычнага току, уздрыгвалі ўсе мускулы на яго твары. Ен хваляваўся ўжо ад аднаго ўспаміну аб перажытым, і яго выразны твар з жахліваю яснасцю адлюстроўваў пакутлівыя і пажадлівыя адценні гульні. Міжволі яго рукі, цудоўныя, з тонкімі пальцамі, нервовыя рукі, пачалі зноў, як за зялёным сталом, мітусіцца па абрусе, часам так, як драпежнікі, што палююць здабычу, a часам як зацкаваныя ахвяры; і калі ён гаварыў, я бачыла, што яны раптам пачыналі дрыжаць, курчыцца і сутаргава сціскацца, потым зноў узнімацца і зноў упівацца адна ў адну. А калі ён прызнаваўся ў крадзяжы каштоўнасцей, я міжволі здрыганулася,— маланкава падскочыўшы, яны зрабілі хуткі хапальны рух. Я бачыла, бачыла ўвачавідкі, як пальцы кінуліся на ўпрыгожанне і далонь быццам праглынула яго. I з невыказным жахам я зразумела, што гэты чалавек ушчэнт атручаны згубнай страсцю.
    Толькі гэта і жахнула мяне ў яго расказе — рабскае падпарадкаванне вар’яцкаму пачуццю маладога, чыстага сэрцам, ад прыроды бесклапотнага чалавека. I я палічыла за свой абавязак па-сяброўску ўгаварыць пасланага мне лёсам выхаванца зараз жа паехаць з МонтэКарла, дзе спакуса такая вялікая, і вярнуцца ў сваю сям’ю, пакуль там не заўважылі прапажы і яшчэ можна выратаваць яго кар’еру. Я паабяцала даць яму грошай на дарогу і на выкуп каштоўнасцей, але з умовай, што ён сёння ж паедзе адсюль і прысягне мне сваім гонарам болей ніколі не дакранацца да карт і наогул не гуляць у азартныя гульні.
    Ніколі не забуду, з якою спачатку пакорлівай, а потым усё болей прасветленай, гарачай удзячнасцю слухаў мяне гэты чужы, прапашчы чалавек, як ён нібы піў мае словы, калі я абяцала яму дапамогу; ён раптам працягнуў рукі над сталом і ўзяў мае рукі незабыўным, поўным глыбокай пашаны жэстам, як бы даючы свяшчэннае абяцанне. У яго светлых, звычайна крыху мутных вачах стаялі слёзы, ён дрыжаў усім целам ад хвалявання і шчасця. Колькі разоў я ўжо спрабавала апісаць вам яго незвычайна выразныя жэсты і міміку,— але гэтага яго позірку я не магу перадаць: у ім быў такі
    захоплены, такі незямны экстаз, які рэдка можна ўбачыць на чалавечым твары; яго можна параўнаць хіба з тым белым ценем, што часам мільгае пры абуджэнні,— быццам перад табою знікае твар анёла.