Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
I ўбачыў адразу, што ўсё марна, што толькі цуд можа выратаваць яе... Яна была скалечана няўмелаю, злачыннаю рукою і сплывала крывёю... а ў мяне ў гэтым гнюсным прытоне не было нічога, каб спыніць кроў, не
было нават чыстай вады... Усё, да чаго я дакранаўся, было бруднае...
— Трэба зараз жа ў бальніцу,— сказаў я. Але не паспеў я скончыць, як хворая сутаргавым намаганнем прыўзнялася на цыноўцы.
— He... не... лепш памерці... каб ніхто не даведаўся... ніхто не даведаўся... Дадому... дадому!..
Я зразумеў... толькі за сваю таямніцу, за свой гонар змагалася яна... не за жыццё... I я падпарадкаваўся... Бой прынёс насілкі... мы паклалі яе, знясіленую, у гарачцы... і як... труп панеслі праз начную цемру... дадому. He сталі адказваць на спалоханыя пытанні разгубленых слуг... як зладзеі, прайшлі ў яе пакой і замкнулі дзверы... А потым... потым пачалася барацьба, доўгая барацьба са смерцю...
Раптам у маё плячо сутаргава ўчапілася рука, і я ледзь не ўскрыкнуў ад спалоху і болю. Яго твар раптам нечакана наблізіўся да майго, я ўбачыў белыя ашчэраныя зубы і шкельцы акуляраў, якія зіхацел.і ў водбліску месячнага святла, быццам пара вялізных кашэчых вачэй. I ён ужо не гаварыў — ён крычаў у прыпадку нястрымнага гневу:
— Ці ведаеце вы, вы, чужы чалавек, які спакойна сядзіць тут у крэсле, падарожнічае па евеце, ці ведаеце вы, што гэта такое, калі памірае чалавек? Ці былі вы калі-небудзь пры гэтым, ці бачылі вы, як курчыцца цела, як пасінелыя пазногці ўпіваюцца ў пустату, як хрыпіць гартань, як кожны член супраціўляецца, кожны палец змагаецца з жахлівым прывідам, як вочы вылазяць з арбіт ад страху, які не выказаць словамі? Ці прыходзілася вам перажываць гэта, вам, гуляшчаму чалавеку, турысту, вам, які разважае пра абавязак дапамагаць блізкаму? Я часта бачыў усё гэта, назіраў як урач... Гэта былі для мяне клінічныя выпадкі, штосьці фактычнае... я, так сказаць, вывучаў гэта — але перажыў толькі адзін раз... Я разам з паміраючай перажываў гэта і паміраў разам з ёю ў тую ноч... у тую жахлівую ноч, калі сядзеў побач з ёю і мучыў свой мозг, спрабуючы знайсці, прыдумаць, вынайсці што-небудзь, каб спыніць кроў, якая ўсё лілася і лілася, зменшыць гарачку, якая спальвала гэтую жанчыну на маіх вачах... адвесці смерць, якая ўсё набліжалася і набліжа-
лася і якую я не мог адагнаць ад ложка. Ці разумееце вы, што гэта такое — быць урачом, ведаць усё пра ўсе хваробы, адчуваць на сабе абавязак дапамагчы, як вы гэтак разумна заўважылі, і ўсё-такі сядзець без усякай карысці побач з паміраючай, ведаць і быць бяссільным... ведаць толькі адно, толькі жахлівую праўду, што дапамагчы нельга... нават калі разрэзаць сабе ўсе вены... Бачыць, як бездапаможна сплывае крывёю любімае цела, як яго мучыць боль, лічыць пульс, часты і перарывісты... які затухае ў цябе пад пальцамі... быць урачом і не ведаць нічога, нічога, нічога... толькі сядзець і то мармытаць малітвы, як старэнькая бабулька, то гразіць кулаком нікчэмнаму богу, пра якога ты ведаеш, што яго няма... Ці разумееце вы гэта? Разумееце?.. Я... я толькі аднаго не разумею, як... як можна не памерці ў такія хвіліны... як можна спаць і прачнуцца раніцаю, чысціць зубы, завязваць гальштук... як можна жыць пасля таго, што я перажыў; адчуваць, што гэтае жывое дыханне, што гэты першы і адзіны чалавек, за якога я так змагаўся, якога хацеў утрымаць усімі сіламі сваёй душы, выслізгвае ад мяне кудысьці ў невядомае, выслізгвае ўсё хутчэй з кожнай хвілінай, і я нічога не знаходжу ў сваім запаленым мозгу, што магло б утрымаць гэтага чалавека...
I да таго ж яшчэ, каб падвоіць мае пакуты, яшчэ вось гэта... Калі я сядзеў каля яе ложка — я даў ёй морфію, каб зменшыць боль, і глядзеў, як яна ляжыць з гарачымі шчокамі, гарачая і бледная,— так... калі я так сядзеў, я ўвесь час адчуваў ззаду чыйсьці позірк, скіраваны на мяне з жудасным напружаннем... Гэта бой сядзеў там на дыбачках, на падлозе, і шаптаў нейкія малітвы... Калі нашы позіркі сустракаліся, я чытаў у яго вачах... не, я не магу вам апісаць... чытаў такую просьбу, такую ўдзячнасць, і ў гэтыя хвіліны ён працягваў да мяне рукі, быццам заклінаў мяне выратаваць яе, вы разумееце — да мяне, да мяне працягваў рукі, як да бога... да мяне... а я ведаў, што я бяссільны, ведаў, што ўсё прапала і што я тут гэтак жа патрэбны, як мурашка, якая поўзае па падлозе... Ах, гэты позірк, як ён мяне мучыў, гэтая фанатычная, сляпая вера ў маё майстэрства... Мне хацелася крыкнуць на яго, ударыць нагою, так балюча рабіў ён мне... і ўсё-такі я адчуваў, што мы абодва звязаны нашым каханнем да яе... і таямніцай... Як звер, які
прытаіўся для скачка, сядзеў ён, сціснуты ў клубок, за маёю спінаю... Варта мне было сказаць слова, як ён ускокваў з месца і, бясшумна ступаючы босымі нагамі, прыносіў патрэбнае, а потым, поўны надзеі, падаваў мне яго дрыготкімі рукамі, як быццам у гэтым была дапамога... выратаванне... Я ведаю, ён разрэзаў бы сабе вены, каб ёй дапамагчы... такою была гэтая жанчына, такую ўладу мела яна над людзьмі, а я... у мяне не было ўлады выратаваць кроплю яе крыві... О, гэтая ноч, гэтая жудасная, бясконцая ноч паміж жыццём і смерцю!
Пад раніцу яна яшчэ раз апрытомнела... расплюшчыла вочы... цяпер у іх не было ні пагарды, ні халоднасці... яны гарэлі вільготным, ліхаманкавым бляскам, і яна са здзіўленнем аглядвала пакой. Потым зірнула на мяне; здавалася, яна задумалася, намагалася ўспомніць, дзе бачыла мой твар... і раптам... я ўбачыў... яна ўспомніла... Нейкі спалох, абурэнне... штосьці... штосьці варожае, гнеўнае перакрывіла яе рысы... яна пачала варушыць рукамі, быццам хацела ўцякаць... прэч, прэч ад мяне... Я бачыў, што яна думае аб той... аб той гадзіне, калі я... Але потым яна прыйшла да памяці, спакойней зірнула на мяне, але дыхала цяжка... Я адчуваў, што яна хоча штосьці сказаць... зноў яе рукі заварушыліся... яна хацела прыўзняцца, але была занадта слабая... Я пачаў супакойваць, нахіліўся над ёю... тут яна паглядзела на мяне доўгім, пакутлівым позіркам... вусны ціха зварухнуліся... гэта згасалі яе апошнія гукі... Яна сказала:
— Ніхто не даведаецца?.. Ніхто?
— Ніхто,— адказаў я з усёю сілаю пераканаўчасці,— абяцаю вам.
Але ў яе ў вачах усё яшчэ быў непакой... Невыразна, з намаганнем яна ледзь-ледзь выціснула з гарачкавых вуснаў:
— Прысягніце мне... што ніхто не даведаецца... прысягніце!
Я падняў руку, як на прысягу. Яна глядзела на мяне... неперадавальным позіркам... ласкавым, цёплым, удзячным... так, сапраўды, сапраўды ўдзячным... яна хацела яшчэ штосьці сказаць, але ёй было занадта цяжка. Доўга ляжала яна, знясіленая, з заплюшчанымі вачамі. Потым пачалося жахлівае... жахлівае... яшчэ доўгую пакутлівую гадзіну змагалася яна; толькі пад раніцу настаў канец...
Ен доўга маўчаў. Я заўважыў гэта толькі тады, калі ў цішыні з сярэдняй палубы пачуўся звон — адзін, два, тры моцныя ўдары — тры гадзіны. Месячнае святло пацямнела, але ў паветры ўжо дрыжала нейкая новая жаўцізна, і зрэдку далятаў, як брыз, лёгкі ветрык. Яшчэ паўгадзіны, гадзіна, і надыдзе дзень, і ўвесь гэты кашмар знікне ў яркім святле. Цяпер я выразней бачыў яго рысы, бо цень быў ужо не такі густы і чорны ў нашым кутку; ён зняў шапачку, і я ўбачыў голы чэрап і змучаны твар, які здаўся мне яшчэ болей жахлівым. Але вось бліскучыя шкельцы акуляраў зноў павярнуліся да мяне, ён выпрастаўся, і ў яго голасе загучалі рэзкія, з’едлівыя ноткі.
— I вось цяпер для яе настаў канец — але не для мяне. Я быў адзін з трупам — адзін у чужым доме, адзін у горадзе, які не церпіць таямніц, а я... я мусіў захоўваць таямніцу... Так, уявіце сабе маё становішча: жанчына з вышэйшых колаў калоніі, зусім здаровая, якая напярэдадні танцавала на балі ў губернатара, ляжыць мёртвая ў сваім ложку... Каля яе чужы ўрач, якога нібыта паклікаў яе слуга... ніхто ў доме не бачыў, калі і адкуль ён прыйшоў... Ноччу яе прынеслі на насілках і потым замкнулі дзверы... а раніцаю яна ўжо мёртвая... Тады толькі клічуць слуг, і ўвесь дом раптам напаўняецца крыкамі... Імгненна пра гэта даведваюцца суседзі, увесь горад... і толькі адзін чалавек можа ўсё гэта растлумачыць... гэта я, чужы чалавек, урач з далёкага паста... Прыемнае становішча, праўда?..
Я ведаў, што мяне чакае. На шчасце, побач са мною быў бой, надзейны слуга, які чытаў самае нязначнае жаданне ў маіх вачах; нават гэты жаўтаскуры паўдзікун разумеў, што барацьба тут яшчэ не скончана. Я сказаў яму толькі: «Пані жадае, каб ніхто не даведаўся, што адбылося». Ен паглядзеў мне ў вочы вільготным, адданым, але разам з тым рашучым позіркам: «Yes, sir»1. Болей ён нічога не сказаў. Але ён выцер з падлогі сляды крыві, прывёў усё ў поўны парадак — рашучасць, з якою ён гэта рабіў, вярнула самавалоданне і мне.
Ніколі ў жыцці не праяўляў я такой энергіі і ўжо, канечне, ніколі болей не праяўлю. Калі чалавек страціў
1 Так, сэр (англ.).
усё, то за апошняе ён змагаецца роспачна — і гэтым апошнім было яе завяшчанне, яе таямніца. Я зусім спакойна прымаў людзей, расказваў ім усім адну і тую ж гісторыю пра тое, як пасланы за ўрачом бой выпадкова сустрэў мяне па дарозе. Але ў той час, як я з прытворным спакоем расказваў усё гэта, я чакаў... чакаў рашучай мінуты... чакаў медыцынскага агляду цела, без чаго нельга было палажыць у труну яе — і разам з ёю яе таямніцу... He забудзьце, быў ужо чацвер, а ў суботу павінен быў прыехаць яе муж.
У дзевяць гадзін мне нарэшце сказалі, што прыйшоў гарадскі ўрач. Я пасылаў за ім — ён быў маім начальнікам і ў той жа час сапернікам,— той самы ўрач, аб якім яна гэтак пагардліва адзывалася і якому, відаць, была ўжо вядома мая просьба аб пераводзе. Я адчуў гэта, ледзь толькі ён зірнуў на мяне,— ён быў маім ворагам. Але менавіта гэта і давала мне сілы.
Ужо ў пярэднім пакоі ён спытаўся:
— Калі памерла пані?..— ён назваў яе прозвішча. — У шэсць гадзін раніцы.
— Калі яна паслала па вас?
— У адзінаццаць гадзін вечара.
— Вы ведалі, што я яе ўрач?
— Так, але марудзіць было нельга... а потым... нябожчыца пажадала, каб прыйшоў менавіта я. Яна забараніла клікаць другога ўрача.
Ен утаропіўся ў мяне; чырвань выступіла на яго бледным, крыху азызлым твары,— я адчуў, што яго гонар быў абражаны. Але мне толькі гэта і трэба было — я з усяе сілы імкнуўся да хуткай развязкі, бо ведаў, што доўга мае нервы не вытрымаюць. Ен хацеў адказаць, падпусціць шпільку, але перадумаў і зняважліва кінуў: