Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
1 Нікфмны метал (англ.).
Яна ўзнімае галаву, як наравісты конь. 3 гневам глядзіць на мяне.
— He, я не буду вас прасіць. Лепш загінуць!
Тут мною авалодвае гнеў, нястрымны, шалёны гнеў.
— Тады буду патрабаваць я, калі вы не хочаце прасіць. Я думаю, мне трэба выказацца больш ясна — вы ведаеце, чаго я ад вас хачу. Тады... тады я вам памагу.
Нейкі момант яна здзіўлена глядзела на мяне. По тым — о, я не магу, не магу выказаць, як жахліва гэта было,— твар яе раптоўна знерухомеў, а потым... потым яна нечакана зарагатала... з неапісальнаю пагардаю зарагатала мне ў твар... з пагардаю, якая знішчыла мяне... і разам з тым яшчэ болей ап’яніла... Гэта было падобна на выбух, раптоўны, раскацісты, магутны... Такая вялізная сіла адчувалася ў гэтым пагардлівым рогаце, што я... так, я гатовы быў упасці перад ёю ніцма і цалаваць ёй ногі. Гэта цягнулася ўсяго імгненне... нібы маланка абпаліла мяне... Раптам яна павярнулася і хуценька падалася да дзвярэй.
Я міжвольна кінуўся ўслед... хацеў папрасіць прабачэння... маліць яе... бо мая сіла была зламана канчаткова... але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала... не, загадала:
— Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною... Пашкадуеце!
У. той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.
Зноў паўза. Зноў маўчанне... Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. I нарэшце зноў яго голас:
— Дзверы з трэскам зачыніліся... але я стаяў нерухома на месцы... Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам... Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы... я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе... каб яе... не ведаю што... каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць... але толькі бегчы ўслед за ёю... за ёю... Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне быццам паралізавала электрычным токам... мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку... Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць... Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў...
Прайшло некалькі мінут, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі...
Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы... Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз... У яе няма другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі... Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі... і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед... Я павінен... я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль... Я павінен пагаварыць з ёю...
Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні... Але вось... на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя... Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна... Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі... Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу... яе бой... Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю...
Устаю з лаянкаю... міжвольна замахваюся кулаком, каб даць дурню кухталя, але ён адхінаецца... Атрасаю веласіпед, збіраюся зноў ускочыць на яго... Але нягоднік зноў тут, хапаецца за веласіпед і гаворыць на сваёй ламанай англійскай мове: «You remain here»'.
Вы не жылі ў тропіках... Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б’ю яго па твары... ён хістаецца, але ўсётакі не выпускае веласіпеда... Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху... але ён трымаецца за руль, трымаецца, па-д’ябальску моцна... «You remain here», — мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.
— Прэч, шэльма!
Ен глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б’ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць-я бачу, што
1 Вы застаняцеся тут (англ.).
яе ўжо не відаць — можа, яна паехала ўжо... Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласіпед зноў мой... Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца... у час барацьбы сагнулася спіца... Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе... нічога не атрымліваецца... Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок... I тады — не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба там, калі еўрапеец... але я ўжо не разумеў, што раблю... у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе... і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.
Абліваючыся потам, прымчаўся на станцыю... Маё першае пытанне было:
— Дзе аўтамабіль?..
— Толькі што паехаў...— Здзіўлена глядзелі на мяне людзі — я павінен быў здацца ім вар’ятам, калі прыбег увесь потны і брудны, яшчэ здалёку выкрыкваючы сваё пытанне... На дарозе за станцыяй я бачу клубы белага аўтамабільнага дыму... Ей удалося ўцячы... удалося, як, відаць, удаюцца ўсе яе цвёрдыя, бязлітасна цвёрдыя камеры.
Але ўцёкі ёй не памаглі... У тропіках няма таямніц паміж еўрапейцамі... усе ведаюць адзін аднаго, кожная драбяза вырастае ў падзею... Недарма прастаяў яе шафёр цэлую гадзіну каля ўрадавага бунгала... праз некалькі мінут я ўжо ведаю ўсё... Ведаю, хто яна... што жыве яна ў... ну, у галоўным горадзе правінцыі, за восем гадзін язды адсюль па чыгунцы... інто яна... ну, скажам, жонка буйнага камерсанта, страшэнна багатая, з добрай сям’і, англічанка... Ведаю, што яе муж ужо вось пяць месяцаў як у Амерыцы і ў бліжэйшыя дні вяртаецца сюды, каб забраць яе ў Еўропу...
А яна — і гзтая думка, як атрута, пячэ мяне,— яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў...
— Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам... можа, толькі, таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе... сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка... я страціў здольнасць валодаць сабою... хоць і ясна ўсведамляў,
як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе... я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад сабою толькі адну мэту... Зрэшты, пачакайце... я ўсётакі паспрабую растлумачыць вам... Ведаеце вы, што такое амок?
— Амок?.. Штосьці прыпамінаю... Гэта від ап’янення ў малайцаў...
— Гэта больш чым ап’яненне... гэта шаленства, яно падобна на сабачае... гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты... Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў — калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя,— але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы... Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца... Дык вось амок... так, амок — вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво... сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы... як я сядзеў у сваім пакоі... і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу... і бяжыць наперад, толькі наперад... сам не ведаючы куды... Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і выгляд крыві яшчэ болей узбуджае яго... Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер... і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ па сваім жахлівым шляху... Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок... пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!», «Амок!», і ўсё ўцякае... а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных... пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю...
Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома... гэта было страшэннае відовішча... але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні... Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз’юшана кінуўся я... услед за гэтаю жанчынаю... Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося... Праз дзесяць
мінут, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве... пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю... паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка... не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу... Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся... паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад... Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я паставіў ужо на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае...
Я імчаўся наперад на злом галавы... У шэсць гадзін вечара я прыехаў... у дзесяць мінут сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было... ведаеце... самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць... але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць... Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся... сказаў ветліва і холадна... пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.
Я выйшаў хістаючыся на вуліцу... Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар’яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне... толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-атэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі... Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне... я нарэшце заснуў... і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гзтай гонцы паміж жыццём і смерцю.
Прагучаў звон — два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў больш роўным голасам: